Лунінчанка Надзея Малашчыцкая знайшла магілу дзядзькі ў мемарыяле «Цытадэль»
Присяга

Лунінчанка Надзея Малашчыцкая знайшла магілу дзядзькі ў мемарыяле «Цытадэль»

Па-рознаму складваюцца людскія лёсы. Многія з тых, што апаліла вайна, па-ранейшаму для родных пакрыты заслонай невядомасці. А бывае і так, што, пахаваныя на чужыне, астанкі салдат Вялікай Айчыннай хоць і дагледжаны клапатлівай рукой, так і не зведалі горычы родных слёз, пралітых над іх апошнім зямным прытулкам.

Іван Юрашкевіч нарадзіўся ў Вічыне ў 1925 годзе. Пасля вызвалення Беларусі ад фашысцкай навалы трапіў на фронт. Прызвалі іх разам са старэйшым братам Яфімам. Абодва амаль адразу апынуліся ў гарачым Познаньскім катле. Але паваяваць давялося нядоўга. Варожыя кулі дагналі іх у адзін з  перадвясенніх дзён 45-га, калі да перамогі заставаліся нават не месяцы – тыдні…

Яфім трапіў у шпіталь, а Івану жудасны лёс наканаваў назаўжды застацца 20-гадовым. Ён практычна нічога не зведаў у жыцці. Не паспеў парадавацца юначым вёснам, пракласці першую баразну па роднай цёплай зямлі. Не паспеў абзавесціся сям’ёй, пакінуўшы след у нашчадках. Засталася толькі ўдзячная памяць.

Так здарылася, што старэйшы брат, які застаўся жывым, вярнуўся на Лунінеччыну, дзе пражыў усё жыццё. Увесь час беражліва захоўваў ён у сэрцы ўспаміны пра ваеннае ліхалецце і тое, якую дарагую цану іх ды многія іншыя сем’і заплацілі за такую жаданую перамогу. Дзецям расказваў, што загінуў іх дзядзька пад Познанню, узнагароджаны медалём “За адвагу” і вельмі прасіў знайсці яго магілу. Вось толькі пабываць на ёй самому так і не выпала…

Гэты святы абавязак сёлета выканала дачка былога франтавіка, пляменніца загінуўшага каля Познані ўраджэнца Вічына Івана Юрашкевіча лунінчанка Надзея Яфімаўна Малашчыцкая. Дарэчы, пра магілы салдат Вялікай Айчыннай вайны (насуперак стаўшым нярэдкімі ў апошні час паведамленням пра выпадкі вандалізму ў адносінах да помнікаў і месцаў пахаванняў загінуўшых вызваліцеляў свету ад «карычневай чумы») у Познані клапоцяцца. На месцы кровапралітных баёў насыпаны вялікі курган. Нечым ён нагадвае Курган Славы пад Мінскам. Гэткія ж крутыя прыступкі, кожны крок па якіх аддаецца гулкім хваляваннем у сэрцы.

– Не выказаць словамі пачуццё, з якім ступала на зямлю Познаньскага мемарыяла, – расказвае Надзея Яфімаўна. – Дзядзькі свайго я, зразумела, ніколі не бачыла. Нават фотаздымкаў не захавалася. Ведаю яго толькі па расказах таты Яфіма Віктаравіча Юрашкевіча. А палягло там нашых салдат нямала. Пахаваны яны на тэрыторыі мемарыяла “Цытадэль”. Калі ўбачыла шматлікія пліты, зразумела, што шукаць родную магілу буду цэлы дзень. На шчасце, побач са мной у той момант былі муж і дачка. Лічу глыбока сімвалічным, што менавіта яна, Ірынка, не толькі праз сусветнае павуцінне змагла дакладна вызначыць месца пахавання, але і першай убачыла магілу брата свайго дзядулі. Вы б чулі, колькі было трывожнай радасці ў яе голасе… Разам мы прасыпалі на зямлю побач з плітой жменьку пяску з роднай зямлі беларускага Палесся…

Надзея Яфімаўна і зараз не хавае хвалявання, расказваючы пра паездку ў Познань. Яна пераканана, што пра салдат Вялікай Айчыннай абавязкова трэба расказваць маладому пакаленню, якое пра жахі  былой вайны ведае толькі з парой не зусім дасканалых сучасных фільмаў і кніг. А яшчэ ўзгадала жанчына пра тое, што бачыла на шэрых плітах нямала прозвішчаў, характэрных для нашых мясцін. Найчасцей чамусьці сустракалася “Грудзько”. Нярэдкімі былі і пліты з надпісам “Невядомы”. Не выключана, што пад імі таксама знайшлі апошняе супакаенне астанкі каго-небудзь з нашых землякоў…

Семдзесят два гады прайшло з таго часу, як прагрымелі залпы  Вялікай Перамогі, але вайна па-ранейшаму настойліва стукае ў нашы сэрцы. Нярэдка – такімі шчымлівымі ўспамінамі, якія навеяў расказ лунінчанкі.

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть