Присяга

Жменя роднай зямлі –

апошняя пашана салдату арміі Андэрса, які не дажыў да прызнання свайго ўдзелу ў змаганні з фашызмам…
Сёлета Беларусь адзначае 70-годдзе вызвалення ад фашызму. Заслужана будуць ушаноўвацца ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. Настаўніца Багданаўскай СШ Вера Ільючык палічыла сваім абавязкам расказаць пра аднавяскоўца, які таксама набліжаў Перамогу, але пры жыцці бязлітасны лёс наканаваў яму забыццё і пакуты.
У пачатку ХХ стагоддзя ў сям’і Іосіфа і Дамінікі Савічаў нараджаліся пераважна дочкі. У 1907-ым Бог даў адзінага сына. Антону толькі споўнілася 10 год, як памёр бацька. Шмат клопатаў лягло на плечы падлетка, які дапамагаў маці па гаспадарцы і няньчыў дзвюх маленькіх сястрычак. Перажылі ваеннае ліхалецце. “Пры Польшчы” юнак навучыўся бандарству. Яго бочкі, вёдры, цэбры карысталіся попытам у вяскоўцаў.
Стварыўшы матэрыяльны падмурак, 29-гадовы Антон ажаніўся з малодшай на 9 год Марыяй Ільючык. 1937-ы адзначаны і горам, і шчасцем у маладой сям’і: памёр бацька жонкі, Міхаіл Рафаілавіч, і нарадзіўся першынец Саві-чаў – Павел. І далей працягвалася быццё, афарбаванае рознымі колерамі. Памерла маці Антона, таму апякунства над сёстрамі стала яго дадатковым сямейным абавязкам. Добрасумленна працуючы, гаспадар здолеў пабудаваць уласны дом.
Нядоўгім было мірнае жыццё. У 1939-ым, з пачаткам вайны, якую потым назавуць Другой сусветнай, Антона мабілізавалі ў Войска Польскае. Пасля разгрому разам з іншымі аднапалчанамі трапіў у палон. З львоўскай турмы беларуса ў форме польскага “жалнэжа” выслалі ў Сібір.
Калі Германія напала на нашу Радзіму, па дамоўленасці з саюзніцай-Англіяй польскім грамадзянам, якія знаходзіліся ў зняволенні на тэрыторыі СССР, аб’явілі амністыю. Ім было прапанавана ўступаць у польскую армію пад камандаваннем генерала Андэрса. Антон Савіч таксама стаў у вайсковы строй, вырашыўшы працягваць змаганне з фашыстамі.
Баявы шлях “андэрсаўцаў” добра вядомы – Іран, Турцыя, Сірыя, Італія. У якіх з гэтых краін давялося пабываць нашаму земляку? Дакладна невядома. Пазней расказваў родным, як у пустыні нясцерпна спякотна было днём і невыносна холадна, нават у палатках, – ноччу. Як даводзілася есці фінікі, а ён пакутаваў ад прагі бульбы.
У ваенных змаганнях Антон Савіч быў тройчы паранены, адзін раз – вельмі цяжка – у лёгкія. На ўсё жыццё ў целе засталіся асколкі. Нават не марыў, што выжыве! Толькі адно трывожыла: калі загіне, родныя ніколі не даведаюцца, дзе яго магіла. Бачыў іх у трывожных снах, сціскаў у абдымках… Але, відавочна, шчаслівым абярэгам стала для салдата любоў жонкі і сына.
І вось – Перамога! Да 1946-га 2-гі Польскі корпус, які ведаем пад назвай армія Андэрса, яшчэ заставаўся ў Італіі. Пасля накіраваны ў Вялікабрытанію, там і быў распушчаны. Большасць ваеннаслужачых засталіся ў эміграцыі.
Для Антона Савіча не было пытання, што выбраць: родную зямлю ці чужыну. Раз і назаўсёды ён вырашыў, што не дазволіць сыну, каб рос сіратой, як у свой час давялося самому. І хаця восем год не меў звестак аб родных, вельмі спадзяваўся, што яго сям’і пашчасціла ўцалець…
У вялікае свята Нараджэння Багародзіцы – 21 верасня 1947 года – салдат вярнуўся ў Багданаўку. Не пазнаў роднае паселішча, што сустрэла разбурэннямі і папялішчамі. Як вядома, карнікі спалілі вёску ў маі 1944-га. З горыччу даведаўся, што маці яго жонкі, 70-гадовая Еўдакія Ільючык, разам з чатырма ўнукамі сталі ахвярамі фашызму… Але засталіся жывымі жонка і сын. Марыя і Паўлік выратаваліся ў партызанах. Па меры магчымасці жанчына дапамагала “лясным мсціўцам” – мыла бялізну, ездзіла на млын з зернем і прывозіла муку, з якой пякла хлеб, іншы раз здабывала соль. Страху нацярпелася, што і пасля вайны шмат год не магла спаць спакойна…
Цяпер сон маці і сына быў у надзейных руках абаронцы Радзімы. Яму ж самому не давалі спакою ўлады. Даў падпіску аб “невыдаванні” свайго знахо-джання ў арміі Андэрса, але ўсё роўна штотыдзень выклікалі ў Пінск (да гэтага раёна тады адносілася Багданаўка): дзе быў, што рабіў, з кім з-за мяжы падтрымліваеш сувязь? Антон Савіч не мог задаволіць цікаўнасць ні “людзей у пагонах”, ні пільных суседзяў, таму што быў засяроджаны на гаспадарскіх клопатах. З дапамогай братоў жонкі пабудаваў новы дом, набыў карову і пару валоў. Вярнуўся да свайго рамяства. Вырабляў бочкі, хатні посуд, вазіў на продаж у Лагішын і райцэнтр. Дзякуючы працавітасці гаспадара, не ведала нястачы павялічаная сям’я, у якой нарадзіліся яшчэ двое дзяцей.
У ноч на 1-ае красавіка 1951-га ў новы дом увайшлі ўзброеныя салдаты. Прымусілі Антона сесці на лаўку пасярод пакоя, зачыталі загад аб высяленні, прымусілі падпісаць паперу. Ад страху 13-гадовы Павел затаіўся на печы – яго сцягнулі, абшукалі. Жонцы страціць прытомнасць не дазволілі малышы – крыкам заходзіліся 3-гадовая Жэнька і 1,5-гадавалы Сцёпка. Пазней Марыя як скрозь сон прыгадвала, што адзін з салдат дапамог ёй сабраць нейкія рэчы, загарнуць у коўдру малых, як яна з дзецьмі зазірнула ў хлеў, каб развітацца з каровай і цялём. Ніхто з суседзяў нічога не чуў і не бачыў. Хаця, напэўна, не ўсе былі ў невядомасці… Родны брат Марыі, Аляксей, які жыў на той жа вуліцы, раніцай убачыў, як аднавяскоўцы разбіраюць з апусцелага дома “канфіскаваныя” пажыткі, і здагадаўся, што здарылася непапраўнае…
На двух вазах сям’ю давезлі да Пагост-Загарод-скага. На наступны дзень Савічаў разам з іншымі “ворагамі народа” пагрузілі ў таварнякі. У адным вагоне цясніліся дзясяткі сем’яў. Сядзелі на “сухім пайку”, хто што прыхапіў з дому. Толькі на вялікіх прыпынках давалі нейкую баланду. Праз два тыдні дабра-ліся да Сібіры.
“Спецперасяленцаў” вызначылі ў Іркуцкую вобласць. Па чыгунцы давезлі ў горад Чаромхава. Познім вечарам на грузавіках даставілі ў пасёлак Кірзавод (скарочанае слова “кірпічны” – тут выраблялі цэглу). Жанчын накіравалі ў лазню, а мужчын і дзяцей пад вартай развялі па бараках. Іх стаяла па 6-7 (кожны – на 25 “кватэр”: пакой з куханькай) на дзвюх вуліцах.
Не прывыкаць было працаваць Антону, але ў суровыя 50-градусныя маразы паўраспранутым і паўгалодным – надзвычай цяжка. Замест грошай часта расплачваліся аблігацыямі. Не раз адчайваўся: чым на наступны дзень карміць дзяцей? Жыццё ж брала сваё (а, можа, ратавала?) і ў самых невыносных умовах. І хаця зімой 1954-га памёр 5-гадовы Сцёпка, да радасці бацькоў і старэйшага Паўла падрастала Тоня, за якой паявіліся Зоя і Валодзя.
У канцы 1950-ых былыя “андэрсаўцы” былі рэабілітаваны – без вяртання канфіскаванай маёмасці. Як ні марылі Савічы аб роднай Беларусі, на далёкі пераезд з маленькімі дзецьмі ў іх не было сродкаў. Да таго часу Павел ажаніўся, у Антона Іосіфавіча і Марыі Міхайлаўны паявіўся ўнук. Ужо вольным грамадзянам трэба было асталёўвацца на месцы былога зняволення.
Яны працягвалі працаваць на заводзе па вырабу цэглы. Палепшыць дабрабыт дапамагло сялянскае ўменне. Узаралі навакольную пустку, садзілі бульбу, буракі, капусту, даглядалі жывёлу. Сям’я мацавалася ўзаемаразуменнем мужа і жонкі, якія збераглі сваю любоў і дарылі яе дзецям і навакольным.
Выпрабаванні скарацілі лёс чалавека. І ўсё ж у 1961-ым Антон Іосіфавіч разам з 5-гадовым Валодзем наведалі родных у Багданаўцы. Старэйшы – быццам развітацца. Не дажыўшы да 60-ці, А.І. Савіч памёр…
Лісты і невялікія пасылкі з далёкай радзімы былі промнем святла для Марыі Міхайлаўны і яе дзяцей. 19-гадовых дачок яна паспрабавала накіраваць у Беларусь, але хутка яны, сумуючы па маме і братах, вярну-ліся ў Сібір.
У 1978-ым і Марыя Міхайлаўна адважылася на далёкую вандроўку. У той час яна не дабілася справядлівасці ў адносінах дома і маёмасці. Суцяшала адчуванне сям’і. Выгадаваўшы шасцёра дзяцей, была адзначана медалём мацярынства. Паспела парадавацца 16-ці ўнукам, 11 праўнукам, тром прапраўнукам. На 91-ым годзе завяршыўся шматпакутны, але годны зямны шлях беларускі, якая разам з мужам знайшла вечны спакой у далёкай Сібіры.
1 студзеня 1993 года ў незалежнай Беларусі быў прыняты новы Закон “Аб ветэранах”, якімі прызнава-ліся і тыя грамадзяне, “хто ўдзельнічаў у баявых дзеяннях супраць фашысцкай Германіі на тэрыторыі замежных краін у складзе нацыянальных армій”. Заслужанай пашаны не дачакаліся многія салдаты, але іх дзеці і ўнукі атрымалі магчымасць ганарыцца продкамі-пераможцамі.
Уладзімір, малодшы сын Антона і Марыі, у савецкі час двойчы наведваў ра-дзіму бацькоў. Разбурэнне вялікай краіны 30 год не дазваляла злучыцца родным хаця б на кароткі час гасцявання. У жніўні 2012-га ён прыехаў у Багданаўку з сынам, якога ў гонар дзядулі назвалі Антонам. Узяў жменю зямлі з былой сядзібы, дзе пачыналася шчасце Савічаў, каб пасыпаць яе на магілы бацькоў і заўчасна памершых братоў і пляменнікаў…
Таццяна КАНАПАЦКАЯ.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть