Жыццё сярод кветак і ўспамінаў
Присяга

Жыццё сярод кветак і ўспамінаў

IMG_3098Невялікі домік стаіць на ўзгорку, таму погляд праз акно ахінае значную частку сталёвай магістралі і ці не паўгорада за ёй.

Перасягнуўшы 85-гадовы рубеж, Аркадзь ГЕЦ і нарадзіўся на Баханова, і цяпер мае такі ж адрас. Вось толькі вуліца з бацькоўскім домам, што захаваўся, у 1950-ыя змяніла назву на Мазырская, а пустка ўздоўж чыгункі забудавалася і пераняла найменне былога ўрочышча.

— А ведаеце, як раней тутэйшыя жыхары называлі гэту мясцовасць? Сахалін! Пры пракладцы рэек выбралі ўсю зямлю з наваколля, узгорак утварыўся. А паўсюдна было проста непераадольнае балота.

Яго продкі паходзілі з вёскі Сваротва Баранавіцкага павета. Бацька з маці, ажаніўшыся, прыехалі шукаць шчасця ў Лунінцы. У 1921-ым мары Сцяпана Ігнатавіча стаць чыгуначнікам разбіліся аб нежаданне ўлад прымаць на работу праваслаўных. Працавіты каваль не разгубіўся. Уладкаваў кузню, пабудаваў дом, выгадаваў шасцёра дзяцей, выхаваннем якіх займалася гаспадыня — Ксенія Лявонцьеўна.

— Бяссонныя ночы выклікаюць у памяці ўспаміны дзяцінства, — расказвае Аркадзь Сцяпанавіч. — Слова “вайна” з вуснаў дарослых чулі, яшчэ не ўсведамляючы ўсю небяспеку, што яно нясе. У верасні 1939-га пачуўся магутны гул матораў. “Рускія ідуць”, — узрадавана ўсміхаліся дарослыя. Хлапчукі, нарваўшы вялікія букеты вяргіняў, пабеглі ў напрамку Сасноўскіх хутароў, адкуль рухалася чырвоназоркавая тэхніка. Хіба ваенныя маглі меркаваць аб мірным настроі жыхароў? Пачулася кулямётная чарга. Потым немалады салдат закрычаў: “Хто невінаваты, лажыся!”. Хлопцы кінуліся тварам у гразь, раскідваючы навокал кветкі.

12-гадовы хлопчык, ён назаўжды запомніў пачатак акупацыі. Як прыехалі здаровыя вясёлыя салдаты ў шэрай форме. Як на Баханова спынілі свае машыны і кінуліся да калодзежаў, на хаду распранаючыся і не зважаючы на навакольных людзей. Як хаваліся ад сораму жанчыны ў сваіх хатах. Як немцы прадэманстравалі, што неарыйцы для іх — быццам жывёлы.

Месца, дзе насыпаны Курган Бессмяротнасці, у вайну называлі Бензінкай. Амаль штодня, прыкладна ў 15 гадзін, канвой вёў сюды прыгавораных да смерці. І нельга забыць ні крыкі няшчасных, ні погляды тых, хто ў думках развітаўся з жыццём яшчэ да гучання стрэлу.

— Убачыўшы вялікі натоўп людзей, што павольна дабіраўся да ўрочышча Бараўшчызна, з сябрам занялі назіральную пазіцыю. Бачылі, як немцы загадалі яўрэям скінуць адзенне, як прыкладамі аўтаматаў падганялі голых ахвяр да краю ямы, як стралялі ў патыліцу і спіхвалі ўніз. Калі ж заўважылі, што адбылася нейкая замінка ў адладжаным жудасным працэсе, не ведаючы яе прычыны, схапіліся і стрымгалоў паімчалі дамоў — як мага далей ад патэнцыяльнай небяспекі.

Мой суразмоўца быў малодшым з дзяцей. Але сям’я Гец шчаслівая на доўгажыхароў. На суседняй вуліцы жыве яго старэйшая сястра — Ксенія Калюпанава набліжаецца да 95-годдзя, у Роўна летась адзначыла 90-годдзе другая сястра — Раіса Трафімава. А вось зямны шлях трох братоў, на жаль, скончыўся значна раней. Двое — таксама жылі на Украіне. Тыя, хто застаўся ў Лунінцы, спраўдзілі мару бацькі. Ксенія працавала на станцыі, Лявонцій — слесарам-інструментальшчыкам у паравозным дэпо, Аркадзь больш за 40 год аддаў працы на Лунінецкім участку Баранавіцкай дыстанцыі сігналізацыі і сувязі.

Дарэчы, і лёс свой ён сустрэў у цягніку. Дзяўчынку з Сасноўскіх хутароў ведаў з маленства — баханоўскія хлопцы бегалі туды на возера купацца. Калі служыў у Дняпроўскай флатыліі ў Пінску, па-зямляцку наведваў сяброўку — студэнтку медыцынскага вучылішча. Потым яго служба працягвалася на Волзе. Калі вярнуўся дамоў і ўладкаваўся на работу, аднойчы ехаў з камандзіроўкі. У Люсіна села новая пасажырка, у якой пазнаў даўнюю знаёмую, — працавала тут фельчарам. Пакуль даехалі да Лунінца, зразумелі, што развітвацца надоўга зусім не хочацца. У 1954-ым згулялі вяселле. Праз год пасля залатога Вольга Васільеўна пайшла з жыцця.

Заўважыўшы пасумнеўшы позірк гаспадара, скіроўваю яго ўвагу на дыхтоўную мэблю: даўно не бачыла такіх трывалых табурэтак! Аркадзь Сцяпанавіч з гонарам адзначае, што вырабіў іх сам, як і шмат іншых рэчаў.

— Якое хобі?! — усміхаецца ён майму пытанню. — Сталярствам і іншымі рамёствамі трэба валодаць кожнаму мужчыне. Сам клаў падлогу. Бачыце, ніводнай шчылінкі. І гэтую канапу з люстэркам на спінцы сам змайстраваў.

Акуратнасць і любоў да парадку навідавоку ў доме, дзе ўсё проста і зручна, дастаткова неабходнага і няма лішняга. Па транзістары Аркадзь Сцяпанавіч слухае польскія радыёнавіны, па тэлебачанні — глядзіць каналы расійскія і беларускія. Гаворыць, што, толькі валодаючы рознабаковай інфармацыяй, робіць уласныя вывады аб сучасных падзеях.

Таццяна КАНАПАЦКАЯ.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть