ПРОФІЛІ – РОЗНЫЯ, ПАТРАБАВАННІ – АДНОЛЬКАВЫЯ
Общество

ПРОФІЛІ – РОЗНЫЯ, ПАТРАБАВАННІ – АДНОЛЬКАВЫЯ

Засяродзіць увагу адказных асоб на новых тэндэнцыях у галіне бяспекі працы, расказаць аб прычынах вытворчага траўматызму, падзяліцца вопытам работы па стварэнню спрыяльных умоў для дзейнасці чалавека – такія задачы стаялі перад удзельнікамі раённага Дня аховы працы, які адбыўся на гэтым тыдні.
Работа па захаванню бяспекі працы праводзіцца вялікая. Пры гэтым кожны кіраўнік выкарыстоўвае свой падыход з улікам патрабаванняў і фінансавых магчымасцей. Аднак, на асобных прадпрыемствах ёсць шэраг, якія з’яўляюцца следствам неэфектыўнага або фармальнага кантролю за выкананнем патрабаванняў бяспекі працы з боку службовых асоб. На гэта, адкрываючы мерапрыемства, звярнуў увагу старшыня райвыканкама Аляксандр Пачко.
ДЗЯРЖАЎНАЕ ПРАДПРЫЕМСТВА “СІНКЕВІЦКІ”
На мехдвары гаспадаркі ўдзельнікаў семінара сустракаў дырэктар Віктар Дзеніскавец. Яшчэ перад уваходам на тэрыторыю позірк упаў на работнікаў прадпрыемства, якія не паспелі прыладзіць расцяжку на будынку дыспетчарскай і праводзілі работы з парушэннем тэхнікі бяспекі на вачах прыбыўшай дэлегацыі, на што звярнулі швагу многія госці.
Кіраўнік прадпрыемства расказаў, што ў іх калектыве 218 чалавек, у тым ліку 22 механізатары і 17 вадзіцеляў. Калі Віктар Васільевіч зазначыў, што да нядаўняга часу на мехдвары меліся бытавыя выгоды для працаўнікоў, усе падумалі, што ён агаварыўся. Аднак, як высветлілася ў ходзе агляду тэрыторыі і памяшканняў, тут сапраўды поўным ходам ідзе рамонт у раздзявальнях, санвузле, душавых, пакоі прыёму ежы, і пакуль работнікі толькі мараць пра тое, што яны зноў будуць функцыянаваць. Старшыня райвыканкама А.М. Пачко выказаў спадзяванні, што пачатыя работы – важны крок у паляпшэнні ўмоў працы і спыняцца нельга, трэба давесці справу да ладу ў бліжэйшы час.
У класе па ахове працы ёсць наглядная агітацыя і стэнды. Тут жа прадугледжана магчымасць дэманстраваць відэафільмы па вызначанай тэматыцы. Заказаць іх можна ў кінатэатры “Кастрычнік”. Гэта інфармацыя прагучала для ўсіх удзельнікаў семінара, каб яны актыўней карысталіся сучаснымі навучальнымі формамі.
На тэрыторыі мехдвара была арганізавана невялікая выстава, на якой было прадстаўленна спецаддзенне. Яго пашывам займаецца камбінат бытавога абслугоўвання, які з’яўляецца падраздзяленнем Лунінецкай ЖКГ. Тут можна было азнаёміцца з узорамі прадукцыі і прэйскурантам цэн. Поўным ходам ідзе нарыхтоўка кармоў, наперадзе – уборачная. Як павінна быць абсталявана тэхніка, якія меры бяспекі засцерагуць ад пажару і няшчсных выпадкаў? На гэта звярнуў увагу старшы інжынер РАНС Віктар Чарнавокі.
ААТ “СПЕЦЖАЛЕЗАБЕТОН”
Бетон звычайна асацыіруецца з шэрым колерам. Але мікашэвіцкае прадпрыемства прымушае думаць інакш. Па-першае, прылягаючая тэрыторыя патанае ў кветках. А яшчэ тут наладжаны выпуск рознакаляровай тратуарнай пліткі. Аб выпускаемай прадукцыі, прадпрыемстве і калектыве расказаў дырэктар ААТ “Спецжалезабетон” Васіль Басевіч.
Знаёмства з вытворчасцю пачалося з класа і кабінета аховы працы. Інжынер па ахове працы Вольга Бурык расказала, што з 354 работнікаў 282 працуюць са шкоднымі і (або) небяспечнымі ўмовамі. На ўзбраенні знаходзіцца 23 маставыя краны, газавая кацельня, паравыя водагрэйныя ўстаноўкі, эксплуатацыя якіх патрабуе ад работнікаў прафесіяналізму, уважлівасці і адказнасці. Таму на пастаяннай аснове тут праводзяцца навучанне, перападрыхтоўка, інструктажы, праверка ведаў. Летась павысілі кываліфікацыю па пытаннях аховы працы 27 работнікаў. Толькі за першыя тры месяцы на мерапрыемствы па ахове працы выдаткавана 24 тысячы рублёў з запланаваных на год 102,5 тысячы.
Ацаніць складанасці ўмоў працы, асабліва моцную вібрацыю і гул, удзельнікі семінара змаглі падчас экскурсіі па цэхах. А вось, што датычыць захавання чысціні паветра, то госці былі прыемна здзіўлены, калі па заканчэнні знаёмства з прадпрыемствам, не ўбачылі пылу на сваім абутку.
СТАА “ЕЎРАШЧЭБЕНЬ”
Невялікае прадпрыества, дырэктар якога Анатоль Бяспалаў, можна назваць рукавом “Граніта”. Невялікай вытворчасці, на якой задзейнічаны 31 чалавек, складана канкурыраваць з гігантам прамысловасці, але “Еўрашчэбень” знайшоў сваю нішу на рынку і паспяхова ажыццяўляе дзейнасць з 2013 года. Прадукцыя прадпрыемства карыстаецца поспехам у еўрапейскіх краінах. Так, у хуткім часе ўзлётная паласа Вільнюскага аэрапорта будзе мець беларускі “падмурак” з маркай “Еўрашчэбень”.
Што датычыць стварэння бяспечных і палепшаных умоў працы, то Анатоль Сяргеевіч заўважыў, што зараз працягваюцца вонкавыя будаўнічыя работы на бытавым корпусе, які пачалі ўжо эксплуатаваць.
БУ-63
Яшчэ ў пачатку семінара старшыня райвыканкама Аляксандр Пачко папярэдзіў, што акрамя прадпрыемстваў, якія прадугледжана наведаць па праграме, заедзем і на пазапланавае. Ім аказалася БУ-63.
Тое, што тут не чакалі гасцей было бачна. Не ўсюды панаваў парадак. Паглядзець клас па ахове працы і бытавы корпус так і не ўдалося. У начальніка не было ключоў, а работнікі знаходзіліся на абедзеным перапынку. Застаецца толькі здагадвацца, аб тым, што хаваюць будаўнікі за “сям’ю пячаткамі”…
РВУП “УНІФОРМ”
Камапактныя памяшканні невялікага вытворчага прадпрыемства, якое спецыялізуецца на пашыве спецадзення, уразілі ўтульнасцю і многафункцыянальнасцю. Улічваючы, што заснавальнікам з’яўляецца Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь, у захаванні бяспечных умоў працы не даводзіцца сумнявацца. Гэта ўбачылі і ўдзельнікі семінара, назіраючы за рабатой працаўніц. Зацікавала і прадукцыя “Уніформа”, якая вызначаецца надзейнасцю, якасцю і прыемнымі цэнамі.
РУВП “ГРАНІТ”
– Сёння мы выпускаем больш як 21 мільён тон нярудных матэрыялаў, – пачаў расповяд аб прадпрыемстве яго кіраўнік Эдуард Гаўрылковіч, калі аўтобус з удзельнікамі семінара накіроўваўся да агляднай пляцоўкі кар’ера. – Але гэта не мяжа. Працягваем нарошчваць аб’ёмы вытворчасці, пашыраць наменклатуру выпускаемай прадукцыі, паляпшаць яе якасць.
Тэхналагічны працэс пачынаецца ў кар’еры “Мікашэвічы”, які ўражвае сваім размахам:1,7 кіламетра – у шырыню, 2,7 – у даўжыню і 135 метраў – у глыбіню. Нельга не захапіцца цудоўнай панарамай, назіраючы за вялікагрузнымі БелАЗамі, якія па серпанціне спускаюцца да “гранітнага” сэрца. Не так даўно на прадпрыемстве паявіліся 2 новыя аўтамабілі, грузападымальнасцю 90 тон.
На “Граніце” надаюць асаблівую ўвагу распрацоўцы і рэалізацыі мерапрыемстваў па ахове працы. Як расказаў намеснік галоўнага інжынера па ахове працы і прамысловай бяспецы Аляксандр Заруцкі, летась на гэтыя мэты зрасходвана 455 тысяч рублёў, на гэты год запланавана амаль у 4 разы больш. У адпаведнасці з планам падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі, навучанне прайшлі 405 чалавек. Кабінет аховы працы абсталяваны 5 камп’ютарамі, нагляднай агітацыяй, стэндамі, тэматычнымі часопісамі і іншым. Усё гэта вельмі важна, калі ўлічыць, што на прадпрыемстве з 2486 работнікаў 1657 працуюць у шкодных умовах. Пералічваць усе станоўчыя моманты, якія створаны на “Граніце” для дзейнасці работнікаў, не хапіла б газетнай старонкі. Але дастаткова зазірнуць у пакой прыёму ежы ў электрацэху, і многае стане зразумелым. Тут не толькі сучасная мэбля і так званы “еўрарамонт”, але нават камін, выйграны электрыкамі падчас аднаго з конкурсаў, плазмены тэлевізар, які прэзентаваў генеральны дырэктар са свайго кабінета.
У актавай зале РУВП “Граніт” адбылося пленарнае пасяджэнне, а таксама падведзены вынікі раённага конкурсу на лепшую арганізацыю работы па ахове працы. Аб ім – у наступным нумары “ЛН”.
Алена ДАНІЛОВІЧ.

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть