Прозвішча паважанай дынастыі
Общество

Прозвішча паважанай дынастыі

Ковко МД

Прозвішча паважанай дынастыі носіць Марыя Данілаўна КОЎКА, якую днямі віншавалі з 90-годдзем.

Сярод першапраходцаў нашай станцыі быў бацька яе мужа, які асталяваўся ў Лунінцы ў пачатку ХХ стагоддзя. Чыгуначнікамі ў другім пакаленні сталі трое сыноў Фёдара Коўкі.

Канстанцін быў кандуктарам, потым – слесарам паравознага дэпо. На прадпрыемстве працавала і яго жонка.

Таленавітым мастаком-самавучкам запомнілі Яўгена. Таксама, як і брат, ён уладкаваўся слесарам паравознага дэпо. Захапленне праславіла і работніка, і калектыў. Яго творы ўдзельнічалі ў шматлікіх рэспубліканскіх і міжнародных выставах, адзначаліся дыпломамі. Дагэтуль наш цэх №4 прыцягвае ўвагу сапраўды мастацкімі шэдэўрамі, якія адлюстравалі лунінецкія краявіды. Такую прыгожую памяць пакінуў пра сябе творца…

Мікалай закончыў школу ФЗН і перад вайной таксама працаваў слесарам. У гады Вялікай Айчыннай суправаджаў саставы па прыфрантавых чыгунках. Вярнуўшыся ў родны горад, быў слесарам, дэфектаскапістам, памочнікам і машыністам крана. З асаблівым пачуццём адзначу, што на працягу 25-годдзя – з 1959-га па 1984-ы – узначальваў прафкам нашага прадпрыемства. Актыўны ўдзельнік мастацкай самадзейнасці, спяваў у народным хоры, меў шэраг узнагарод і ганаровых званняў.

Яго жонка – цяперашняя юбілярка. Марыя Данілаўна працоўную дзейнасць пачала 16-гадовай дзяўчынай у эвакуацыі на станцыі Джусалы Ташкенцкай чыгункі. Пасля вызвалення раёна, у ліпені 1944-га, была накіравана ў Лунінец. Працавала расцэншчыкам, пашпартыстам аддзела кадраў, старшым нарадчыкам лакаматыўных брыгад. Амаль 40 год аддала нашаму прадпрыемству!

Упэўненасці ў дакладным выбары жыццёвага шляху дадаюць прадстаўнікі трэцяга пакалення дынастыі – два сыны Мікалая Фёдаравіча і Марыі Данілаўны, а таксама муж пляменніцы.

Пачаўшы строгальшчыкам, Валерый Коўка быў майстрам вытворчага навучання, 20 год як машыніст кіраваў саставамі. Яго жонка ў лакаматыўным дэпо працавала бухгалтарам. На жаль, цяпер ён жыве толькі ў памяці родных… Аляксандр таксама звязаў жыццё з чыгункай. Быў токарам механічнага цэха, слесарам па рамонту цеплавозаў на базе запасу лакаматываў. Цяжкая хвароба прыкавала яго да ложка, але любоў і клопат родных дапамагаюць пераадольваць немач. Зяць Я.Ф. Коўкі закончыў чыгуначнае вучылішча. Адслужыўшы армію, прайшоў працоўны шлях ад качагара да машыніста цеплавоза.

Чацвёртае пакаленне чыгуначнікаў – праўнукі Фёдара, унукі Мікалая, дзеці Валерыя Коўкаў. Дзмітрый працуе памочнікам машыніста цеплавоза ў лакаматыўным дэпо, Наталля – старшы прыёмаздатчык станцыі Лунінец.

Як у кожнага, жыццё Марыі Данілаўны расквечана рознымі фарбамі. Але ўласцівая пакаленню ветэранаў жыццяздольнасць дапамагае бачыць наўкола больш пазітыву і не зважаць на праблемныя дробязі. Дастаткова падстаў ганарыцца як мінуўшчынай чыгуначнай дынастыі, так і яе будучыняй. У цяперашні дзень юбілярка таксама не сумуе. Даглядае невялікі палісад перад домам, што зі-хаціць рознакаляровымі кветкамі. З задавальненнем прымае ў госці былых паплечнікаў, з якімі разам аднаўлялі пасляваенную чыгунку, спрыялі яе развіццю і стабілізацыі. Далучыўшыся да сямейнага кола, з 90-годдзем Марыю Данілаўну павіталі прадстаўнікі адміністрацыі, пярвічнай арганізацыі ветэранаў вайны і працы, грамадскіх арганізацый прадпрыемства, прачула адзначыўшы: прозвішча Коўка – адно з асноваствараючых цаглінак у падмурку лунінецкай чыгункі.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть