Прямая линия

АБ ПРАЦЫ, ПЕНСІЯХ І ДАПАМОГАХ…

Напярэдадні прафесійнага свята на пытанні чытачоў “ЛН” адказвала начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Ірына Міхайлаўна СЕМЯНЧЭНКА.          
 Аб працы 

Тэлефаную з Міжлесся. Так склалася, што звольнілася з гаспадаркі па ўласным жаданні.   Цяпер хачу ўладкавацца даяркай, але мяне не прымаюць на работу, хаця  ў наяўнасці ёсць свабодныя месцы. Дапамажыце.
– Звернемся да кіраўніцтва КУП “Міжлескае”. 
Ад рэдакцыі. Як паведаміў дырэктар Васіль Коваль, сапраўды жанчына працавала ў гаспадарцы, але пакінула яе ў вельмі складаны час. Права наймальніка – адмовіць патэнцыяльнаму работніку, які раней зарэкамендаваў сябе з дрэннага боку. Тым больш, што цяпер вакансіі на ферме запоўнены.
Адкажыце, калі ласка,  у якім памеры выплачваецца дапамога па беспрацоўю?
– З дня рэгістрацыі можаце атрымліваць: за першыя 13 тыдняў – у памеры 70 працэнтаў і наступны такі ж перыяд – 50 працэнтаў сярэдняй заработнай платы (даходу) па апошнім месцы работы. Гэта сума павінна складаць не менш як 1 базавую велічыню і не больш – як 2 пры ўмове, што беспрацоўны на працягу 12 месяцаў, якія папярэднічалі рэгістрацыі, меў аплачваемую работу (даход) мінімум 12 каляндарных тыдняў поўнага рабочага дня. Калі – менш ці мелі вялікі перапынак у рабоце (больш як год) пры наяўнасці стажу не менш за адзін год, лічбы дапамогі складаюць адпаведна 100 і 75 працэнтаў базавай велічыні.
– Гэта пытанне не датычыць мяне – турбуюся пра сына, які толькі што вярнуўся з арміі.
– Беспрацоўныя, якія ўпершыню шукаюць работу ці мелі працяглы перапынак, пры наяўнасці стажу не менш як адзін год атрымліваюць 85 і 70 працэнтаў базавай велічыні.
Як можна атрымаць субсідыю для арганізацыі прыватнага бізнесу?
– Перавага на садзейнічанне даецца беспрацоўным, якія ў сувязі са становішчам на рынку працы не маюць магчымасці атрымаць падыходзячую работу, а ствараюць від прадпрымальніцкай дзейнасці, што з’яўляецца найбольш значным для нашага рэгіёна. Гэта вызначаюць органы выканаўчай улады. Субсідыя выдзяляецца беспрацоўным, якія дасягнулі 18-гадовага ўзросту і не маюць парушэнняў, вызначаных заканадаўствам, калі яны на працягу месяца з дня рэгістрацыі не змаглі працаўладкавацца на падыхо-дзячую работу ці па нашаму накіраванню прайшлі прафесійную падрыхтоўку, перападрыхтоўку, павышэнне кваліфікацыі.  
 Аб сацыяльнай дапамозе
Турбуе інвалід ІІІ групы. Якая працягласць для мяне асноўнага працоўнага водпуску?
– 30 каляндарных дзён.
У друку была інфармацыя, што з 1 студзеня 2013-га ўступаюць у сілу нормы новага Закона “Аб дзяржаўных дапамогах сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей”. Кажуць, што будуць прызначацца дапамогі  і на дзяцей, старэйшых за 3 гады.
– Гэта датычыць толькі асобных сем’яў: дзе выхоўваецца дзіця-інвалід ці ВІЧ-інфіцыраванае дзіця, – ва ўзросце да 18-ці год; калі бацька ці айчым з’яўляецца ваеннаслужачым тэрміновай службы; калі бацькі ў поўнай сям’і ці адзін з іх – у няпоўнай – з’яўляюцца інвалідамі І ці ІІ групы.
Хто мае права на бясплатную дапамогу сацыяльных работнікаў?
– Аддзяленне сацыяльнай дапамогі на даму нашага тэрытарыяльнага цэнтра бясплатна прадастаўляе сацыяльнае абслугоўванне ці сацыяльныя паслугі малазабяспечаным адзінокім грамадзянам і такой жа катэгорыі людзей, калі яны пражываюць адзінока і не маюць на тэрыторыі нашай краіны працаздольных асоб, якія абавязаны па закону ўтрымліваць іх.
– А калі дзеці пражываюць у той жа вёсцы, што і я?
– Тады вы цалкам аплачваеце сацыяльнае абслугоўванне.
– Але ж па старасці я зусім нямоглая…
– Для непрацаздольных грамадзян прадугледжана частковая аплата сацыяльных паслуг.
           Аб пенсіі
Звяртаюся з Лунінца. Да 20 сакавіка 1999-га тут і працаваў. З 2 красавіка таго ж года па 25 снежня 2010-га быў на заробках у Расіі. Цяпер мне спаўняецца              60 год. Ці будзе ўключаны “замежны” перыяд работы  ў стаж?
– Не. З 1 снежня 2012-га ўступіў у сілу закон аб змяненнях і дапаўненнях у пенсійнае забеспячэнне. Пры прызначэнні ці пераразліку пенсій пасля 30 лістапада 2012-га перыяды работы (іншай дзейнасці), што мелі месца пасля 30 чэрвеня 1998-га ў дзяржавах, з якімі Рэспубліка Беларусь мае дагаворы ў сферы пенсійнага забеспячэння (Расія, Украіна, Малдова, Літва, Арменія, Кыргызстан, Таджыкістан, Туркменістан, Узбекістан, Казахстан), не ўключаюцца ў стаж для налічэння памеру пенсіі. Пенсія за гэты перыяд можа быць прызначана вам Пенсійным Фондам Расійскай Федэрацыі.
Тэлефаную з Мікашэвіч. Працавала з 1 сакавіка 1979-га па 11 лістапада 2012-га. У гэты ж дзень звярнулася  за прызначэннем пенсіі па ўзросту. Мой сын нарадзіўся 20 мая 1989-га. З 12 чэрвеня таго ж года па 20 лістапада 1991-га знаходзілася ў водпуску па догляду за дзіцём. Баюся, каб гэты час не выключылі з перыяду, з якога выбіраецца заробак для вылічэння пенсіі.
– Не хвалюйцеся. Вас абараняе Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №136 “Аб мерах па ўдасканаленню пенсійнага забеспячэння грамадзян”, які ўступіў у сілу з 1 кастрычніка 2012-га. Замест заробку, які адсутнічаў, цяпер у разлік прымаецца 40 працэнтаў сярэдняй заработнай платы работнікаў у рэспубліцы за адпаведныя перыяды.
Па шэрагу абставін не паспеў абмяняць пасведчанне пацярпеўшага  ад катастрофы на ЧАЭС. Людзі кажуць, што з-за гэтага з новага года не будзе выплачвацца пенсія.
– Не зусім так. Выплата пенсіі ці надбавак да пенсіі будзе прыпынена, калі да 15 студзеня 2013-га не прадаставіце ва ўпраўленне пасведчанне новага ўзору. Аднаўленне выплат будзе рабіцца толькі пасля выканання гэтай умовы. Звяртаем вашу ўвагу, што для абмену пасведчання ў новым годзе вам неабходна будзе прадастаўляць дадатковыя дакументы.
Падрыхтавала Таццяна КАНАПАЦКАЯ. 
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть