АДКРЫТЫ ДЫЯЛОГ З ЧЫТАЧАМІ
падчас «Прамой лініі” ў рэдакцыі газеты вёў старшыня
райвыканкама Васіль АГІЕВІЧ.
Ніна Сапон. Летась звярталіся да вас на «прамую лінію”. Адразу ж наша просьба
была выканана – у нас памянялі электрычныя слупы на вуліцы. Аднак, абрэзалі
правады радыё. Дрэнна, што ў доме няма радыёкропкі. Да таго ж, грошы за
карыстанне плацім дагэтуль.
— Абавязкова разбяромся. І зробім усё магчымае, каб радыё
зноў «загаварыла” ў вашым доме.
Як паведаміў начальнік РВЭС Ігар Шурпік, аднаўленне
праваднога радыёвяшчання на вуліцы Партызанская ў Сінкевічах не запланавана ў
сувязі з вялікімі матэрыяльнымі затратамі. Пытанне з радыё будзе вырашана пры
дапамозе ўстаноўкі эфірных прыёмнікаў на працягу мая 2012 года.
— І яшчэ адно пытанне. У лютым памёр муж, але дагэтуль
плачу за вываз мусара.
— Прадстаўнікі камунальнай службы правераць усё на месцы.
І, калі ёсць іх памылка, абавязкова выправяць яе.
Як паведаміў дырэктар КУШВП ЖКГ «Мікашэвіцкая ЖКГ” Андрэй
Сержпутоўскі, пераразлік за люты зроблены, з сакавіка налічэнне платы за збор,
вываз і абясшкоджванне цвёрдых бытавых адходаў вядзецца на двух чалавек, якія
зарэгістраваны па названым адрасе.
— Жыву ў доме, які ў свой час перааформіла на сына. Хацелі
стаць на паляпшэнне жыллёвых умоў – адмовілі…
— А сын дзе жыве?
— У кватэры разам з жонкай і сынам. У дом ніхто не хоча
ісці, стары ён.
— Калі плошчы на кожнага пражываючага дастаткова, то
адмовілі правільна.
Умовы пражывання пасля «прамой лініі” праверылі
спецыялісты ДУ «Лунінецкі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання”.
Агульны стан – добры.
— Людміла Данілкіна, Лунінец. Больш як 10 год у нашым
доме 105 па вуліцы Чырвоная ў Лунінцы існуе праблема з каналізацыяй. Двойчы ў
тыдзень сантэхнікаў выклікаем. Дапамажыце, калі ласка, выправіць становішча.
— Дам даручэнне камунальнай службе ў самы кароткі час
зноў наведаць ваш дом. Свае недапрацоўкі абавязкова выправяць, галоўнае, каб
жыльцы не шкодзілі.
Як паведаміў дырэктар КУШВП ЖКГ «Лунінецкая ЖКГ” Васіль
Вакульчык, перыядычнае спыненне падвальнай бытавой каналізацыі адбываецца па
прычыне парушэння правілаў карыстання ёй жыхарамі дома. Штораз пры прачыстках
работнікі ЖЭСа дастаюць шмат бытавога смецця. Цяпер сістэма працуе, а
падвальнае памяшканне прыведзена ў належны санітарны стан.
— Таццяна Барысаўна з Лунінца. Муж працуе ў
«Райаграсервісе” на пагрузчыку. Як можна пражыць на зарплату ў 780 тысяч
рублёў?
— Ёсць значныя нараканні на работу мехатрада, пастаўлена
задача кіраўніку змяніць падыход да працы і больш якасна аказваць паслугі.
Паколькі забяспечанасць многіх гаспадарак ужо сёння дазваляе абыходзіцца без
дапамогі гараджан. А зарплату абавязкова правераць.
Як адзначыў дырэктар ААТ «Лунінецкі райаграсервіс” Барыс
Грыневіч, заработная плата трактарыста-машыніста, жонка якога тэлефанавала на
«прамую лінію”, за люты склала 818552 рублі. З улікам здзельнай аплаты працы на
памер паўплывала невыкананне нормы выпрацоўкі, а таксама 5 дзён рамонту
замацаванага пагрузчыка і 1 дзень водпуска без захавання заработнай платы.
— У Лунінцы вельмі шмат варон. Чаму не абрэзваюць кроны
дрэў.
— Згодна з Законам Рэспублікі Беларусь распаўсюджванне і
колькасць птушак, якія пагаршаюць санітарны і эстэтычны стан населеных пунктаў,
жылых, вытворчых, культурна-бытавых і іншых пабудоў, альбо перашкаджаюць спакою
жыхароў населеных пунктаў, дазволена рэгуляваць шляхам разбурэння ў перыяд з 16
кастрычніка па 15 красавіка гнёздаў птушак, размешчаных на насаджэннях у
населеных пунктах, жылых, вытворчых, культурна-бытавых і іншых пабудовах. ЖКГ
выконвае гэтыя работы па заяўках грамадзян. Да таго ж кроны дрэў падрэзалі яшчэ
з восені, часткова падправілі вясной.
— Куды зніклі прыбіральні грамадскага карыстання?
Паставілі б спецыяльныя біяпрыбіральні…
— На балансе ЖКГ на сённяшні дзень знаходзяцца
прыбіральні, размешчаныя на тэрыторыі зоны адпачынку «Баханова”, на могілках і
ў двары ЖЭС па вуліцы Савецкая, 37. Яшчэ ёсць прыбіральня па вуліцы Паркавая
(на тэрыторыі стадыёна «Палессе”) і платная ў раёне чыгуначнага вакзала. Падчас
масавых гарадскіх мерапрыемстваў устанаўліваем дадатковыя біяпрыбіральні.
— Пастаянна мігае святло, спрацоўвае абарона газавага
катла. Сбірала грошы на выгоду, а цяпер немагчыма ёй карыстацца.
— Магчыма ў кагосьці з суседзяў незарэгістраваны зварачны
апарат. Дам даручэнне разабрацца прадстаўнікам раёна электрасетак.
Як паведаміў начальнік РЭС Леанід Алешка, у ліпені і
лістападзе мінулага года жыхары вуліцы Палеская звярталіся з аналагічным
пытаннем. Персаналам раёна электрасетак сумесна з інспекцыяй «Энерганагляду” ў
адным дамоў па завулку Мокры выяўлена ўключэнне зварачнага трансфарматара
магутнасцю 8 кВт ў бытавую сетку дома. Складзены два акта і выдадзены
папярэджанні аб забароне выкарыстання апарата.
— Жыхары вуліцы Кузюбердзіна ў Лунінцы. Чаму камунальнікі
не могуць прагрэйдзіраваць нармальна. Палову вуліцы нармальна, іншая частка –
як атрымалася: яміны, выбоіны…
— Выправім становішча. Калі неабходна, работнікі ЖКГ
зробяць падсыпку.
Як паведаміў начальнік КУШВП ЖКГ «Лунінецкая ЖКГ” Васіль
Вакульчык работнікамі ўчастка добраўпарадкавання выкананы дадатковыя работы па
грэйдзіраванню вуліцы Кузюбердзіна.
— Васіль Цяльпук. Штораніцы іду на работу праз плошчу
Леніна. Ноччу там збіраецца моладзь, пасля застаецца вельмі шмат смецця. Шкада
дворніка…
— На плошчы вядуць патруляванне супрацоўнікі РАУС. З устанаўленнем больш цёплага надвор’я больш
пільную ўвагу яны будуць надаваць правядзенню вольнага часу моладзі каля
фантана.
— Можа наогул закрыць стаянку каля музея?
— Не думаю, што гэта правільнае выйсце. Яе ж спецыяльна
для людзей абсталёўвалі. Да прыкладу ў выхадныя дні, а часта і днём у рабочыя
там наогул няма вольнага месца.
— А яшчэ хвалюе стан тратуараў у горадзе – у прыватнасці,
на вуліцах Лісовіча і Меліярацыйнай.
— Аднаўленне тратуара на вуліцы Лісовіча выканана. Цяпер
маем праектна-каштарысную дакументацыю на добраўпарадкаванне шасці вуліц
горада, аднак з-за недахопу бюджэтных сродкаў работы выконваюцца не так хутка,
як хацелася б. Пры фінансавай магчымасці паспрабуем уключыць тратуар па вуліцы
Меліярацыйная ў план на будучы год.
— У нас у Дубаўцы, у вёсцы, а не пасёлку перасяленцаў,
усе электрычныя слупы старыя. Калі іх
нарэшце заменяць? Яшчэ хацелася б, каб хоць зрэдку былі ліхтары.
— Тут неабходна заключэнне спецыялістаў, яны зробяць яго
пасля выезду на месца.
Як паведаміў начальнік РЭС Леанід Алешка, выкананы рамонт
аўтаматыкі вулічнага асвятлення і ліхтароў, абследаваны стан апор ліній
электраперадачы. Да 1 ліпеня будзе выкананы падтрымліваючы рамонт электрасетак
у вёсцы Дубаўка.
— Таццяна Захаранка, Мікашэвічы. Жыву ў доме 19 па вуліцы
Першамайская. Кватэра на апошнім паверсе, пачаў працякаць дах. Работнікі ЖКГ
склалі акт. Аднак работы дагэтуль не пачалі. А хочацца прыбрацца ў кватэры, а
то нават сорамна ў госці каго паклікаць.
— Работы па бягучаму рамонту даха над вашай кватэрай
запланаваны на май месяц.
— Кацярына Даўгавечная, Кажан-Гарадок. Майго сына
незаконна вывезлі на работу ў Абхазію. Ён там загінуў. Чаму асобным былым
работнікам міліцыі, дзякуючы сувязям, дазволена ісці на такое злачынства?
— Глыбока спачуваю
вам, Кацярына Рыгораўна. Ніхто лепш, чым спецыялісты, не разбярэцца ва ўсіх
абставінах трагічнага здарэння. Давайце пачакаем завяршэння следства.