Прямая линия

БУДЗЕМ ЗАВЯРШАЦЬ РАСПАЧАТАЕ ЛЕТАСЬ

На пытанні чытачоў адказвае намеснік старшыні
райвыканкама Аляксандр Якаўлевіч ЦЯЛЬПУК,

Ала Канапацкая, Лунінец. Добры дзень Аляксандр Якаўлевіч!
Скажыце, ці будуць сёлета завяршаць асфальтаванне вуліцы Сельская? Там застаўся
параўнаўча невялікі кавалак да перасячэння з вуліцай Гагарына…

— Добры дзень. Ведаю гэты адрэзак вуліцы. На жаль, з-за
недахопу фінансавых сродкаў асфальтаваць яго сёлета не плануецца. Але гэта не
значыць, што вуліца будзе недагледжанай. Зараз усе грунтовыя ці
гравійна-пясчаныя аўтамабільныя артэрыі мінімум 3-4 разы на год грэйдзіруюцца.
Акрамя таго, на названым участку ёсць каналізацыйны калодзеж, які прыкметна
ўзвышаецца над праезнай часткай. У бліжэйшы час работнікамі «Водаканала” будзе
выканана яго паніжэнне, а камунальнікі ўжо атрымалі даручэнне падтрымліваць
Сельскую ў нармальным стане.

Тэлефаную вам вось з якой нагоды. У Кажан-Гарадку на
завулку Ліпавы у маіх дзяцей ёсць дом. Яшчэ ў 2001 годзе яго падарыла  бабуля. Тады ж былі зроблены ўсе неабходныя
дакументы. У 2009-ым бабуля памерла. Адразу ж ўнук, мой сын, які да таго часу
стаў паўнагадовым, аформіў на сваё імя асабісты рахунак, своечасова ўносіў усе
плацяжы. Праўда, некалькі год адсутнічаў, бо вучыўся на дзённым аддзяленні акадэміі
ветэрынарнай медыцыны. Аднак нельга сказаць, што дом быў безгаспадарчым. У
студзені 2010 года мы падалі ўсе неабходныя дакументы ў сельвыканкам, бо
ведалі, што хутка пачнецца газіфікацыя вёскі. Адначасова зрабілі ў хаце
ацяпленне і падвялі ваду. Якім жа было здзіўленне, калі даведаліся, што ў
спісах на газіфікацыю дом не значыцца! Нам паабяцалі ўключыць будынак у нейкі
дадатковы спіс. Але чаму мае дзеці павінны цярпець з-за чыёйсці няўважлівасці?

— Згодны з вамі. Падыйдзіце ў райвыканкам з усімі неабходнымі
дакументамі. Думаю, у сітуацыі разбяромся і паспрабуем дапамагчы.

Раіса Рудая, Лунінец. Звяртаюся да вас ад імя жыхароў
вуліцы Міра. Знаходзіцца яна ў цэнтры горада, але стан яе жахлівы. Ці нельга
вуліцу заасфальтаваць?

— Не трэба так драматызаваць сітуацыю. Добра ведаю, у
якім стане вуліца Міра і дакладна магу сказаць, што ў горадзе нямала іншых,
выгляд якіх, на жаль, не лепшы. Увогуле, у Лунінцы 124 кіламетры вуліц і дарог.
З іх заасфальтаваны крыху больш як 66. Патрабуюць добраўпарадкавання не толькі
старыя, але і вуліцы ў мікрараёнах новай забудовы. Але ж з-за недахопу
фінансавых сродкаў сёлета ніводную з іх асфальтаваць не будзем. Перш за ўсё,
трэба завяршыць добраўпарадкаванне праспекта Машэрава, вуліц Калінковіча і
Паньковай, работы на якіх пачалі летась. Што датычыць вуліцы Міра, то па ёй
ходзіць у асноўным транспарт раённага вузла паштовай сувязі. Улічваючы гэта, у
мінулым годзе РУВПС было дадзена даручэнне выканаць магчымы рамонт вуліцы,
заасфальтаваўшы ўезд на ўласную тэрыторыю. Пытанне знаходзіцца на кантролі і з
парадку дня не знімаецца.

— Але ж на нашу вуліцу ў дождж сцякае вада з трох
суседніх. Мы спрабавалі шчабёнкай перагарадзіць для яе шлях, ды такой перашкоды
хапае звычайна ненадоўга. Ці нельга абсталяваць тут штучную няроўнасць, якая б
спыніла доступ вадзе? Акрамя таго, пасля святаў, якія праводзяцца на плошчы
Леніна, вуліца Міра ўяўляе сабой рассаднік антысанітарыі, бо ператвараецца ў
сметнік і туалет.

— Наконт штучнай няроўнасці зробім даручэнне
Дзяржаўтаінспекцыі і камунальнай службе. Яны ў бліжэйшы час вывучыць сітуацыю і
дадуць сваё заключэнне. Што датычыць правядзення агульнагарадскіх святаў у
цэнтры Лунінца, то ў райвыканкаме ёсць прапанова перанесці іх у іншае месца.
Яна зараз абмяроўваецца і пра канчатковае рашэнне паведамім дадаткова.

Сцепаніда Марза, Вялікія Чучавічы. Чаму ў нашай вёсцы
выключылі вулічнае асвятленне? Усё на руку лайдакам і злодзеям, якіх у нашай
вёсцы нямала. Нядаўна да суседкі спрабавалі залезці і толькі па шчаслівай
выпадковасці не трапілі ў дом, а так нарабілі б бяды. Думаю, калі б на вуліцы
было асвятленне, не кожны рызыкнуў бы лезці ў чужую хату. Было б дастаткова,
калі б уключалі яго ноччу з 23 да 4 гадзін.

— Асвятленне будзе тэрмінова адноўлена. Вялікія Чучавічы
маюць статус аграгарадка, дзе павінны захоўвацца ўсе сацыяльныя стандарты. У
тым ліку і па вулічнаму асвятленню.

Георгій Шмат. Калі будзе заасфальтавана вуліца Лінейная?

— У 2012 годзе асфальтаванне вуліцы Лінейная не
плануецца.

Сямён Навіцкі, Купаўцы. Чаму не працуе лазня ў нашай вёсцы.
Крыўдна, што прастойвае такі выдатны будынак, узведзены за чарнобыльскія грошы.
У вёсцы шмат старых людзей, якім не пад сілу дабірацца ў суседнія Дзятлавічы.
Для нас было б дастаткова, каб лазня працавала 1 раз у месяц.

— Думаю, так і будзе.

Мікалай Філонаў, Лунінец. Аляксандр Якаўлевіч, ведаю вас
як чэснага і добрага чалавека. Дапамажыце вырашыць праблему. На завулку
Бальнічны насупраць майго дома ўтварыўся сапраўдны пруд, хоць карпаў запускай.
Бруд трапляе ў калодзеж, вада там стала дрэннай. Ці нельга ўрэшце прывезці
некалікі машын адсеву ды пяску і засыпаць яміну?

— Мікалай Іванавіч, паправім сітуацыю. У бліжэйшы час
камунальная служба выканае ўсе неабходныя работы па падсыпцы і грэйдзіраванню,
а таксама будзе сачыць за тым, каб дрэнная сітуацыя не паўтаралася ў будучым.

Таццяна Канановіч, Азярніца. У нас на вуліцы
Краснавольская – невырашальная праблема. Лінія электраперадачы літаральна
«заблыталася” ў галінах дрэў. Зімой выпадае снег, галіны апускаюцца – мы без
электрычнасці. Каля азярніцкіх хутароў сітуацыя яшчэ горшая. Летам ледзь
падзьме ветрык – зноў святло прападае. Колькі ні тэлефанавалі ў раён
электрасетак – ніякага зруху. Няўжо нельга абрэзаць галіны і вызваліць правады?

— У бліжэйшы час усе неабходныя работы будуць выкананы і
электразабеспячэнне палепшыцца.

Ева Якубовіч, Кажан-Гарадок. Звярталася са сваёй
праблемай летась, але яна так і засталася нявырашанай. Справа ў тым, што
пражываю адна, а з мяне за вываз смецця бяруць за 2 чалавекі. Кіруюцца нейкім
ліпавым дагаворам, заключаным яшчэ ў 2007 годзе. Але там і подпіс не мой і
састаў сям’і няправільны: муж загінуў задоўга да таго, а дзеці раз’ехаліся.
Сапраўдны дагавор на вываз смецця заключаны мной 4 сакавіка 2009 года. Па ім і
аплочваю паслугу. Запазычанасць, якая ўтварылася па віне тагачаснага
сельвыканкама і камунальнікаў, аплачваць не збіраюся, хаця мне і пагражаюць
судом.

— Ева Пятроўна, вам ужо зроблены пераразлік, а
запазычанасць – спісана.

Падрыхтавала Таццяна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ. 

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть