Прямая линия
ЧЫГУНКА – ЗОНА АСАБЛІВАЙ УВАГІ
Праваахоўная тэматыка заўсёды цікавіць чытачоў раёнкі. Аб гэтым сведчыла «Прамая лінія” з супрацоўнікамі аддзялення транспартнай міліцыі. На пытанні адказвалі начальнік аддзялення Алег КЛЯЦКО, начальнікі лінейных пунктаў міліцыі станцый Мікашэвічы і Гарынь Андрэй ГНЕДЗЬКА і Віталь МАЦЮХ, інспектар па справах непаўналетніх Віталь КАЛУЖА.
– Тэлефануе лунінчанін Сяргей Папоў. Часта даводзіцца ездзіць ва Украіну. Чаму ў дызель-цягніку Баранавічы – Удрыцк украінскія пагранічнікі бяруць з беларускіх грамадзян па 2 тысячы рублёў. Чаму нашы праваахоўнікі нас не абараняюць?
А.А. КЛЯЦКО: На жаль, на тэрыторыі Украіны нашы паўнамоцтвы не дзейнічаюць. Аднак аб незаконных дзеяннях паведамім у адпаведныя органы суседняй краіны.
– І яшчэ адно пытанне. Колькі гарэлкі можна правозіць праз мяжу?
В.М. МАЦЮХ: Увозіць можна не больш як 3 літры. У пуці следавання па тэрыторыі Беларусі грамадзянін можа захоўваць да 5 літраў спіртаўтрымліваючай прадукцыі.
– Я жыву ў Лобчы. Да дому ехаў дызель-цягніком. Выйшаў у тамбур і закурыў. На мяне склалі пратакол. Ці законна гэта?
А.А. КЛЯЦКО: Курэнне ў тамбуры забаронена. За гэта прадугледжана адміністрацыйная адказнасць і пагражае штраф да 4 базавых велічынь.
– Так гэта было падчас стаянкі і дзверы былі адчынены!
– Але ж вы знаходзіліся ў дызель-цягніку, значыць, меры прыняты на законнай падставе.
– Маё прозвішча Пракаповіч, жыву ў Мікашэвічах. Часта даводзіцца назіраць, як грамадзяне «оптам” скупаюць сметанковае масла і згушчонку для вывазу за мяжу. У якой колькасці можна правозіць названыя прадукты харчавання?
В.М. МАЦЮХ: Канкрэтных абмежаванняў на вываз масла і малака няма.
– Тэлефануе Вера Антонаўна з Лунінца. Жыву непадалёку ад вакзала, таму цікава давецца, ці шмат учыняецца злачынстваў на чыгунцы?
А.А. КЛЯЦКО: У зоне абслугоўвання нашага аддзялення знаходзяцца 4 раёны – Жыткавіцкі, Ганцавіцкі, Столінскі і Лунінецкі. Гэта 11 станцый, 10 чыгуначных вакзалаў і 20 прыпыначных пунктаў. Штат невялікі – 18 чалавек. Аднак, за мінулы год выкананы вялікі аб’ём работы. Узбуджана 23 крымінальныя справы, у тым ліку 16 – па лініі крымінальнага вышыку, выяўлена 7 фактаў захоўвання наркотыкаў.
– Хто часцей трапляе ў лік ахвяр?
А.А. ГНЕДЗЬКА: Сярод выяўленых злачынстваў найбольш распаўсюджанымі з’яўляюцца дробныя крадзяжы. У лік пацярпелых трапляюць як нецвярозыя грамадзяне, так і тыя, хто не вельмі клапоціцца аб захаванні ўласнай маёмасці, давяраючы багаж незнаёмым асобам. Нядаўна праездам у Лунінцы аказаўся ўраджэнец Гродна. Звязаўся з раней асуджанымі мясцовымі жыхарамі, з якімі разам распіваў спіртныя напіткі. Працверазеў толькі ў Баранавічах, дзе заўважыў, што ў яго зніклі 200 еўра і мабільны тэлефон. Злачынцаў устанавілі ў кароткі тэрмін. Вось яшчэ адзін прыклад: на чыгуначным вакзале зараз вядзецца рамонт. Індывідуальны прадпрымальнік, задзейнічаны на выкананні аддзелачных работ пакінуў без нагляду на кароткі час «балгарку”. Гэтым скарыстаўся мужчына, які раней парушаў закон. Украдзены інструмент прадаў за бутэльку. Па гарачых слядах злачынца затрыманы.
– Алена Кацуба, жыву ў Дзятлавічах. Летам у раённай газеце чытала, што пад коламі цягніка аказаўся непаўналетні з Мікашэвіч. Ці шмат ў 2010 годзе адбылося падобных трагедый?
А.А. КЛЯЦКО: На жаль, летась на абслугоўваемым участку зарэгістравана 8 выпадкаў траўміравання людзей, што ў два разы больш, чым у папярэднім годзе. Загінулі 6 чалавек, у тым ліку двое падлеткаў. Па кожным факце праводзіліся праверкі. Для таго, каб пазбегнуць няшчасных выпадкаў на чыгунцы рэгулярна праводзіцца прафілактычная работа. Аднак, грамадзяне часта пераходзяць пуці ў забароненых месцах. На парушальнікаў складзена 114 адміністрацыйных пратаколаў. Як ні сумна канстатаваць, але ў іх ліку двое работнікаў чыгункі.
– І яшчэ адно пытанне. Раней дзеці часта любілі гуляць паблізу чыгуначных пуцей, клалі на рэльсы капейкі, а потым хваліліся адзін перад адным расплюшчанымі манетамі. А як цяпер?
В.А. КАЛУЖА: Зараз дзеці больш праводзяць часу за камп’ютарамі, але і каля чыгункі знаходзяць забаву. Сёлета на рэйках станцыі Мікашэвічы расклалі шчэбень. Аднак, устанавіць асоб, якія ўчынілі правапарушэнне, так і не ўдалося. Да таго ж, дзеці любяць ездзіць на чыгуначным транспарце без дазволу дарослых. Так, двойчы на працягу года ў Лунінцы затрымлівалі 12-гадовага жыхара Пінска, вучня Малоткавіцкай школы-інтэрната.
– У нашым родным горадзе праводзіць вячэрні адпачынак амаль няма дзе. Калі закрываюцца бары, дыскатэкі, уся моладзь накіроўваецца, як вядома, на вакзал. Тут працягвае весяліцца, распіваць піва і гарэлку. Няўжо работнікі міліцыі гэта не бачаць?
А.А. КЛЯЦКО: Праблему ведаем. Будзем вырашаць пытанне аб абмежаванні часу продажу спіртных напіткаў.
Падрыхтавала Алена ДАНІЛОВІЧ.