Прямая линия
ДАПАМОГА ТЫМ, КАМУ ГОРШ ЗА ІНШЫХ…
3 снежня адзначаўся Дзень інвалідаў Рэспублікі Беларусь. Але не толькі людзі з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі прынялі ўдзел у дыялогу на «Прамой лініі”, якую правяла рэдакцыя «ЛН”. У межах сваёй кампетэнцыі на пытанні чытачоў адказалі начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Ірына Міхайлаўна СЕМЯНЧЭНКА, дырэктар ДУ «Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва” Тамара Нічыпараўна ПАТУРАЙ, намеснік галоўнага ўрача УАЗ «Лунінецкая цэнтральная раённая бальніца” Анатоль Іванавіч БАРАН.
САЦЫЯЛЬНАЯ АБАРОНА
Добры дзень! З Кажан-Гарадка звяртаецца Вольга Яцушкевіч. У мяне дзіця-інвалід. Яго захворванне не дазваляе адпачываць у санаторыі. Чаму нам не выдзяляюць кампенсацыі? Матэрыяльнае становішча вельмі складанае.
І.М. Семянчэнка: Паважаная Вольга Аляксееўна, па закону кампенсацыю за нявыкарыстаную пуцёўку атрымліваюць толькі ўдзельнікі і інваліды вайны. Вы можаце звярнуцца ва ўпраўленне з пісьмовай заявай аб выдзяленні матэрыяльнай дапамогі. Паспрабуем вышукаць магчымасць.
Жыхарка Дрэбска Наталля Бірыла. У мяне двое дзяцей-інвалідаў з захворваннем ДЦП. У складаных жыццёвых сітуацыях у Мінску людзі атрымліваюць сямейную дапамогу. Магу я на яе разлічваць?
І.М. Семянчэнка: Паважаная Наталля Фёдараўна, у заканадаўстве такога паняцця няма. Магчыма, сталічныя ўлады з бюджэту, – які значна большы, не ў прыклад раённаму, – могуць выдзяляць даплаты маламаёмным. Па рэспубліцы ж падтрымліваюцца маці, якія выхоўваюць дзяцей без удзелу бацькоў, у выглядзе дапамогі на дзяцей. Адрасная дапамога выдзяляецца тым, у каго даходы не перавышаюць бюджэту пражытачнага мінімуму, які цяпер роўны 283050 рублёў.
– Яшчэ пытанне. Пяць год стаю на чарзе на пуцёўку ў санаторый, але ніяк не выдзяляць.
Ад рэдакцыі. Як паведаміла галоўны спецыяліст аддзела па аздараўленню і санаторна-курортнаму лячэнню Галіна Рыгораўна Антонава, 5-гадовыя дзеці прызнаны інвалідамі адзін у 2007-ым, другі – у 2009-ым. Іх мама звярнулася з заявай 30 лістапада 2009 года. У студзені 2010 года была выдзелена пуцёўка на дзіця і асобу, якая яго суправаджае, у санаторый «Алеся”. Нашы спецыялісты папрасілі ў другім раёне яшчэ адну пуцёўку ў гэтую здраўніцу на гэты ж тэрмін і таксама на дзіця і суправаджаючага. Але мама адмовілася ад пуцёвак у зімовы перыяд. Летам жа выканаць заяўку вельмі складана: на працягу некалькіх год выдзяляюцца толькі па 2-3 пуцёўкі на дзяцей без суправаджэння дарослых.
Тэлефануе Таццяна Шчатко з вёскі Вялікія Чучавічы. Працавала ўсё жыццё, але пенсія вельмі малая. Пасля смерці мужа цяжка зводзіць канцы з канцамі. Нядаўна ўсім дабавілі пенсію, а мая засталася на ранейшым узроўні. Дапамажыце разабрацца.
І.М. Семянчэнка: Паважаная Таццяна Данілаўна! Ваш працоўны стаж складае 27 год 2 месяцы і 5 дзён пры індывідуальным каэфіцыенце 0,47241. Улічаны перыяды працы ў Чучавіцкім і Люшчанскім лесапунктах, калгасе імя Леніна і Чучавіцкім і Борскім лясніцтвах. З мэтай магчымага пераразліку пенсіі запатрабавалі ад вас даведкі па зарплаце за перыяд з мая 1979 па лістапад 1985 года. Але атрымалася, што індывідуальны каэфіцыент заробку пры гэтым атрымліваецца меншы, чым той, з якога цяпер выплачваецца пенсія. Пераразлік прывёў бы да памяншэння яе памеру. Пенсія вам налічваецца ў адпаведнасці з заканадаўствам і павялічыць яе памер няма законных падстаў.
З Бродніцы звяртаецца Мікалай Кузьміч. З 2004 года з’яўляюся інвалідам ІІ групы. У снежні споўніцца 60 год. Ці трэба мне пераафармляць пенсію?
І.М. Семянчэнка: Паважаны Мікалай Сяргеевіч! Наша задача – ажыццяўляць сацыяльную абарону, таму заўсёды імкнемся дзейнічаць у інтарэсах насельніцтва. Ва ўпраўленні ёсць ваша пенсійная справа. Спецыялісты вывучылі дакументы. Асобам, якія адначасова маюць права на розныя дзяржаўныя пенсіі (у вашым выпадку – пенсія па інваліднасці і па ўзросце пры дасягненні 60 год), па іх выбару прызначаецца адна пенсія. Устаноўлена, што памер пенсіі аднолькавы па вашым працоўным стажы, які складае 35 год 1 месяц і 1 дзень, і індывідуальным каэфіцыенце заробку 1,05473.
– Яшчэ адно пытанне. Жыву адзін. Ці магу разлічваць на адрасную сацыяльную дапамогу?
– Толькі ў тым выпадку, калі пенсія не перавышае бюджэт пражытачнага мінімуму, які на сёння роўны 283050 рублёў.
– У мяне памер пенсіі значна вышэйшы, але ўсё роўна на ўсе патрэбы недастаткова.
– Можаце звярнуцца ва ўпраўленне з пісьмовай заявай аб аказанні матэрыяльнай дапамогі.
Тэлефануе Ганна Гаргун з вёскі Вялікія Чучавічы. 20 год працавала санітаркай у бальніцы, яшчэ 20 год – медрэгістратарам. Але пенсія такая маленькая! Жанчыны, якія дня не працавалі на дзяржаву, маюць пенсіі такога ж памеру. Крыўдна…
І.М. Семянчэнка: Паважаная Ганна Станіславаўна! Пры працоўным стажы, які складае 36 год 7 месяцаў 8 дзён, маеце невысокі індывідуальны каэфіцыент заробку – 0,50860. Пенсія вызначаецца ў адпаведнасці з заканадаўствам. Спецыялісты зрабілі запыт у УАЗ «Лунінецкая цэнтральная раённая бальніца” аб прадастаўленні даведак аб заробку за перыяд са студзеня 1984 па красавік 2001 года. У выпадку павелічэння індывідуальнага каэфіцыента заробку вам будзе зроблены пераразлік, аб чым паведамім дадаткова. Вы можаце звярнуцца ва ўпраўленне з пісьмовай заявай аб выдзяленні матэрыяльнай дапамогі. Паспрабуем вышукаць магчымасць.
З Лунінца ветэран вайны і працы Настасся Пажарыцкая. Узрост – мне 88 год – і стан здароўя не дазваляюць удзельнічаць у грамадскіх мерапрыемствах. Але прадстаўнікі грамадскіх арганізацый больш актыўна маглі б наведваць сваіх падапечных. Маю на ўвазе раённы савет ветэранаў вайны і працы і раённую арганізацыю таварыства інвалідаў па зроку.
І.М. Семянчэнка: Паважаная Настасся Карнееўна, упэўнена, ваша пажаданне, выказанае праз газету, пачуюць кіраўнікі гэтых згуртаванняў. – Вам і вашым работнікам хачу шчыра падзякаваць за сацыяльны клопат, пастаянную ўвагу і вырашэнне надзённых пытанняў.
ДАПАМОГА НЯМОГЛЫМ
З Лунінца тэлефануе інвалід ІІ групы Людміла Аляксееўна Шынкарэнка. Ці сёлета можам разлічваць на гуманітарную дапамогу?
Т.Н. Патурай: На гэтым тыдні дастаўлена партыя гуманітарнага грузу, які будзе размяркоўвацца на падставе пашпарту і адпаведных дакументаў.
– Але ў мяне стары пашпарт. Не магу выйсці з дома, каб абмяняць дакументы…
– Патэлефануйце, калі вам зручна. Накіруем на дом фатографа і дапаможам у афармленні новага пашпарта, каб у вас не было перашкод у розных жыццёвых сітуацыях.
Тэлефаную з раёна, але не ўказвайце маё прозвішча ў газеце. Мая дачка працуе фельчарам. Раней яшчэ на паўстаўкі была аформлена сацыяльным работнікам, але цяпер ёй адмовілі ў гэтай пасадзе. Прашу аднавіць яе на ранейшым месцы. Унукі вучацца на платных аддзяленнях ВНУ, грошай не хапае.
Т.Н. Патурай: Вы ведаеце, што ваша дачка схавала факт смерці падапечнага і працягвала атрымліваць грошы за абслугоўванне. Але праўду нельга доўга ўтойваць, таму і адмовіліся ад паслуг несумленнага работніка. Усё ж вам грэх скардзіцца: ваша дачка мае пастаяннае месца працы. У аддаленай вёсцы многія сацыяльныя работнікі працуюць толькі на паўстаўкі і гэта – іх адзіная крыніца прыбытку. Вось каму трэба дапамагчы ў першую чаргу.
Не хачу называць сваё прозвішча. Абурана адносінамі да ветэрана вайны, аб жыццёвай сітуацыі якога паведаміла мясцовае недзяржаўнае выданне. Чаму ўлады не рэагуюць на сапраўдны крык душы?
Т.Н. Патурай: Гэты чалавек не першы год знаходзіцца на абслугоўванні цэнтра. Сацыяльныя работнікі абавязаны дапамагаць састарэлым адзінокім і выконваюць свае абавязкі адказна. У адрозненне ад аўтара артыкула, у якім прыведзены шэраг фактаў, што не адпавядаюць сапраўднасці. Але нават з нашага абвяржэння вырваны фразы з кантэксту і дадзены з тэндэнцыёзным каментарыем. Аўтар артыкула выканаў «сацыяльны заказ”. Няхай гэта будзе на яго сумленні.
– Але ж чалавеку больш як 80 год! Няўжо нельга пайсці насустрач і задаволіць патрэбу ў надомным абслугоўванні?
А.І. Баран: Узрост не з’яўляецца падставай для надомнага абслугоўвання. У раёне ёсць і 90-гадовыя жыхары, якія па стану здароўя не маюць права на пастаянны пабочны догляд.
МЕДЫЦЫНСКІ АСПЕКТ
Звяртаецца інвалід ІІ групы Вольга Уладзіміраўна Шэвялёва. Лунінчанка, але, упэўнена, маю прапанову падтрымаюць і жыхары раёна. Свайго транспарту не маю. Вельмі складана дабірацца ў Кажан-Гарадоцкую бальніцу, дзе мне неабходна рэгулярна праходзіць курс рэабілітацыі. Хутка адкрываецца новая раённая бальніца, куды паступова пераводзяць аддзяленні са старых будынкаў. Пажадана, каб пасля пераводу неўралагічнага аддзялення з будынка былой чыгуначнай бальніцы тут размясціўся рэабілітацыйны цэнтр. Сюды дабірацца было б вельмі зручна і гараджанам, і вяскоўцам.
Такую ж прапанову выказала лунінчанка Настасся Паўлаўна Кляўцэвіч.
А.І. Баран: Паважаныя землякі, галоўнае цяпер – адкрыць новую бальніцу. Потым будзем размяркоўваць выкарыстанне памяшканняў старой. Вашу прапанову абавязкова разгледзім і прымем усе меры, каб рэабілітацыя была больш зручная для пацыентаў.
Жыхарка Дрэбска Наталля Фёдараўна Бірыла. У мяне двое дзяцей-інвалідаў, якім для лячэння патрэбны картэксін, але нам яго не даюць бясплатна.
А.І. Баран: У пераліку медпрэпаратаў, на якія выпісваюцца льготныя рэцэпты, картэксін адстутнічае. Урач-неўролаг прапануе вам аналагічныя эфектыўныя лекавыя сродкі, якія выдзяляюцца бясплатна.
Мяне завуць Мікалай Іванавіч Сумарэвіч, жыву ў вёсцы Дварэц. У маёй дачкі, 11-класніцы, захворванне шчытападобнай залозы. Прашу адказаць: па першае, ці можа яна быць вызвалена ад урокаў фізкультуры; па-другое, якія абмежаванні чакаюць яе пры выбары прафесіі?
А.І. Баран: Ад урокаў фізкультуры школьнікі вызваляюцца толькі пасля хірургічнай аперацыі і то на два месяцы. Потым яны займаюцца ў групе лячэбнай фізкультуры, што карысна і вашай дачцы. Што датычыць другога пытання, то пасля заканчэння школы пры паступленні ў ВНУ дзеці, якія знаходзяцца на інваліднасці, на падставе гісторыі хваробы атрымаюць неабходныя рэкамендацыі ад медыка-рэабілітацыйна-экспертнай камісіі.
З Лунінца Наталля Іванаўна Цяльпук. Што рабіць, калі пры ўстанаўленні інваліднасці ІІ групы ідзе пагаршэнне здароўя, а пераасведчанне адбываецца толькі праз год?
А.І. Баран: Хвораму неабходна звярнуцца да ўрача, які яго лечыць, і атрымаць накіраванне на медыцынскую рэабілітацыйна-экспертную камісію, не чакаючы вызначанага тэрміну.
Жыву на Залессі, інвалід ІІ групы, пры друку прашу не ўказваць маё прозвішча. На медыцынскія прэпараты па льготнай цане ўрач выпісвае рэцэпт толькі на адзін месяц. Мне ж трэба прымаць лекі рэгулярна, значыць, штомесяц звяртацца ў паліклініку. Вельмі нязручна.
А.І. Баран: Нядаўна прынята пастанова Міністэрства аховы здароўя, згодна з якой хранічным хворым урач можа выпісваць рэцэпт на некалькі месяцаў.
Ад рэдакцыі: Адказы на шэраг пытанняў, якія былі адрасаваны на «Прамую лінію”, але не датычылі вызначанай тэмы, будуць апублікаваны ў чарговых нумарах «ЛН”.