Прямая линия

ДАРОГІ І “СОТКІ”

найбольш турбуюць вяскоўцаў

На пытанні чытачоў падчас “Прамой лініі” адказвалі намеснік старшыні райвыканкама начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Сяргей Яўгенавіч БОЙКА і галоўны аграном райсельгасхарчу Аляксандр Іванавіч КРАЎЦОЎ. С.Я. БОЙКА зацверджаны на пасадзе 15 красавіка. Сваёй галоўнай задачай лічыць далейшае развіццё жывёлагадоўлі шляхам укаранення ў вытворчасць новых тэхналогій:

–Гэта дапаможа значна палепшыць якасць малака, і адпаведна ўмацаваць эканамічнае становішча гаспадарак. На сённяшні дзень 80 працэнтаў фінансавых пуступленняў сельгаспрадпрыемстваў раёна складае выручка ад рэалізацыі прадукцыі жывёлагадоўлі. Найбольш рэнтабельная – вытворчасць малака. Таму і стаіць задача штогод на 5 працэнтаў павялічваць пагалоўе кароў. І мы яе павінны абавязкова выконваць. На жаль, дагэтуль Лунінеччына па надоях малака ў разліку на карову знаходзіцца амаль што на апошнім месцы ў вобласці. Упэўнены, з паўсюдным уводам у строй новых фермаў, пры рацыянальным выкарыстанні кармавой базы і ўзмацненні працоўнай і тэхналагічнай дысцыпліны мы абавязкова навярстаем упушчанае і дасягнем вызначаных мэт. Наш народ – працавіты і сумленны, таму сённяшняму пакаленню працаўнікоў пад сілу адрадзіць былую славу Лунінеччыны-аграрнай.

Турбую ад імя жыхароў вёскі Бродкі. Летась у нас нарэшце адрамантавалі асфальтаваную дарогу па вуліцы Лахаўская. Аднак радаваліся яе добраўпарадкаванню нядоўга. Пасля зімы яна зноў пачала набываць свой першапачатковы непраезны выгляд. Няўжо нашым дарожнікам не пад сілу справіцца з ямінамі і калдобінамі?

– Як паведаміў начальнік ДРБУ-101 Аляксандр Трухноў, капітальны рамонт дарогі ў Бродках запланаваны на 3-ці квартал 2011 года. Новыя асфальтаваныя пакрыцці сёлета набудуць “гравійкі” ў напрамку Багданаўкі і Белага Возера. Менавіта на іх заняты асноўныя сродкі і сілы дарожнікаў.

Пражываю ў Градзе. Непадалёк ад дома разбіраюць збудаванні былых малочнатаварных фермаў. Скажыце, калі ласка, што будуць узводзіць на іх месцы?

– Гэтыя памяшканні належаць СП “Аграграніт”. Сваю актуальнасць яны страцілі ў сувязі з узвядзеннем новай МТФ на 720 галоў у Сітніцы. Будаваць на іх месцы што-небудзь іншае пакуль не плануецца.

Хацела таксама выказаць вялікую ўдзячнасць меліяратарам, якія выдатна выканалі сваю работу па аднаўленню ўрочышча Сухільна. Прыгожа тут стала. А вось дарогу ў напрамку рачнога порта Мікашэвічы моцна разбіла вялікагрузная тэхніка. Ці можна яе крыху падсыпаць?

– Начальнік ДРБУ-101 Аляксандр Трухноў запэўнівае, што парадак на вызначаным участку дарогі навядуць у маі. ,

Валянціна з Ракітна. СВК “Дварэцкі” штогод выдзяляе соткі для пасадкі бульбы. Ды толькі памеры ўчасткаў заўсёды розныя. Нават не ведаю на які магу прэтэндаваць. Дабіцца праўды на месцы не атрымліваецца. Магчыма, па той прычыне, што не з’яўляюся членам СВК. Але ж мой муж, цяпер нябожчык, увесь час працаваў у гаспадарцы. Зараз сама падымаю дваіх дзяцей.

–Згодна з калектыўным дагаворам, прынятым у сельгаскааператыве, не жанатым, а таксама асобам, якія не працуюць у гаспадарцы, але пражываюць на яе тэрыторыі, участкі пад пасадку бульбы выдзяляюцца ў памеры 10 сотак; на двух членаў сям’і, якія працуюць у СВК, даецца 30 сотак, на аднаго працуючага – 25; двум пенсіянерам гаспадаркі – 20 сотак, аднаму– 15. Ваш выпадак, падыходзіць хутчэй за ўсё пад катэгорыю асоб, якія не працуюць у гаспадарцы. Хаця, старшыня СВК “Дварэцкі” Васіль Яцукевіч не адмовіць вам у выдзяленні і 25 сотак, але пры ўмове, што прыйдзеце працаваць у СВК. Гаспадарцы вельмі патрэбны працоўныя рукі як у жывёлагадоўлі, так і ў паляводстве.

Кацярына Шумская. Пражываю ў Вялікіх Чучавічах. Як і раней, пасадзіла бульбу на ўчастку непадалёк ад малочнатаварнай фермы, аднак, старшыня гаспадаркі збіраецца яе пераараць. Маўляў, на гэтай пляцоўцы будзе створана сховішча для захоўвання кармоў для буйной рагатай жывёлы, ці пасеяны аднагадовыя травы.

–Выехаўшы на месца высветлілі, што аб сваім намеры старшыня СВК “Чучавічы” Сяргей Хадатчук паведаміў жыхарам вёскі задоўга да пасадкі бульбы. Усе, акрамя названай жанчыны, прыслухаліся да кіраўніка і адмовіліся ад самавольна захопленых участкаў. Ведаючы, што поле пад пасадку вы, паважаная Кацярына Анатольеўна, рыхтавалі яшчэ з восені, унеслі арганіку і паспелі пасадзіць бульбу, прынялі рашэнне яго пакуль не забіраць. Пасля вызначэння занятай плошчы зямлі, вам давядзецца заплаціць грошы, як за ўчастак, выдзелены пад соткі, згодна з расцэнкамі, прынятымі праўленнем СВК. Акрамя таго да 1 верасня вы павінны будзеце вызваліць поле. І, калі ласка, памятайце на далейшае, кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў абавязаны ісці насустрач вяскоўцам у плане развіцця асабістай дапаможнай гаспадаркі. Аднак, гэта не значыць, што зямлёй сельгаскааператыва кожны вясковец можа распараджацца самастойна. У першую чаргу неабходна ўлічваць агульныя інтарэсы калектыву і вытворчасці.

Калі ў Вялікіх Чучавічах нарэшце вырашыцца праблема з пашай для асабістай жывёлы. Яе выдзяляюць, але ў месцах не вельмі зручных для людзей.

 – На падворках жахыроў Чучавіцкага сельсавета ўтрымліваецца 311 кароў. Летась для іх было выдзелена 130 гектараў сенажацей і пашы, што складае 0,4 соткі на карову пры норме 0,8. Сёлета становішча павінна палепшыцца за кошт дадаткова выдзеленых плошчаў – 120 гектараў. Будзе працягвацца таксама работа па перазалужэнню пашы, размешчанай у 3-ох–4-ох кіламетрах ад населеных пунктаў.

Сцяпан Петрасюк, г. Лунінец. Для пенсіянераў ва ўрочышчы “Беразіна” выдзелілі ўчасткі для пасадкі бульбы. Аднак дабрацца да іх немагчыма. “Добрасумленна” перааралі не толькі само поле, але і дарогу ўздоўж канавы. Да майго ўчастка пад нумарам 126 немагчыма дайсці нават пешшу, не тое што падвезці бульбу.

–Ваша заўвага ўлічана. Працаўнікі СВК “Хваецкае”, якія займаліся падрыхтоўкай ўчасткаў, выправілі недапрацоўкі і зрабілі пад’езды.

Наша маладая сям’я атрымала домік, пабудаваны па Прэзідэнцкай праграме. Хочам, як і належыць вяскоўцам, займець сваю гаспадарку. Дзе можна набыць карову?

– Гаспадаркам Лунінеччыны рэкамендуецца прадаваць насельніцтву маладняк буйной рагатай жывёлы па цэнах у залежнасці ад прадуктыўнасці. Яны вагаюцца ў памерах 8-10 тысяч за кілаграм жывой вагі жывёліны.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть