Прямая линия
ДЗЯКУЙ ЗА НЕАБЫЯКАВАСЦЬ!
На пытанні чытачоў “ЛН” адказвае старшыня райвыканкама Васіль Міхайлавіч АГІЕВІЧ.
(Працяг. Пачатак у №№ 15,17).
Іван Горбат, Мікашэвічы. Добры дзень, Васіль Міхайлавіч! Тэлефаную вам ад імя жыхароў завулка Млынавы. У нас застарэлая праблема, якая, тым не менш, патрабуе неадкладнага вырашэння. Трыццаць год таму з дазволу тагачаснага пассавета мы за ўласныя грошы правялі вадаправод. Зараз камунікацыі пачалі даваць збой. Звярнуліся да спецыялістаў “Водаканала”, каб дапамаглі нам адрамантаваць, а яны адмовіліся: маўляў, вадаправод незаконны. Тады мы купілі новыя трубы і памянялі кожны да свайго падворка. Сёлета хацелі перадаць камунікацыі на баланс спецыялізаванай арганізацыі, але там адмаўляюцца прымаць. Ніякіх праваўстанаўліваючых папер, праектнай дакументацыі няма. У той час, ведаеце, многае так рабілася.
– Пытанне і сапраўды складанае. Кіраўнік “Водаканала” атрымае даручэнне разабрацца, як вам можна дапамагчы.
Як паведаміў дырэктар КУП ВКГ “Водаканал” А.Г. Радзіяновіч, для таго, каб перадаць водаправодныя сеткі на баланс спецыялізаванай арганізацыі, трэба прывесці іх у належны тэхнічны стан, мець тэхнічны пашпарт перадаваемага аб’екта і праектна-каштарысную дакументацыю. Больш дакладную інфармацыю можна атрымаць па тэлефоне 3-16-06.
Валянціна Філіновіч, Дзятлавічы. Наша манагадзетная сям’я жыве ў кватэры, якая належыць мясцоваму сельгаскааператыву. За намі замацаваны ўчастак 25 сотак, але каля дома столькі зямлі няма. Спрабавалі даведацца, колькі ж насамрэч займае наша сядзіба, ды ў сельвыканкаме такіх звестак не далі. І калі менш, то ці можна дадаткова атрымаць надзел у полі?
– Думаю, праблемы з гэтым не будзе. Заадно ўдакладнім, колькі на самой справе зямлі каля вашага дома.
Як паведаміў начальнік землеўпарадчай службы райвыканкама С.В. Чарненка, плошча прысядзібнага ўчастка сям’і В.М. Філіновіч складае 0,182 гектара, што адпавядае генеральнаму плану квартала жылой забудовы аграгарадка Дзятлавічы. Для атрымання дадатковага зямельнага ўчастка для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі Валянціне Міхайлаўне неабходна звярнуцца ў Дзятлавіцкі сельвыканкам з заявай.
Тэлефаную з Язвінак. У нашай вёсцы вельмі ржавая вада. Ці не плануецца абсталяваць станцыю абезжалезвання?
– Справа гэтая вельмі дорагакаштуючая. Сістэма водазабеспячэння Язвінак, якая складаецца з двюх артэзіянскіх свідравін і вадаправодных сетак працягласцю 2 кіламетры, раней належала аддзелу адукацыі. У 2005 годзе яе перадалі на баланс “Водаканала”. Стан камунікацый не задавальняе, таму і вада няякасная: утрыманне жалеза ў ёй перавышае дапушчальныя ўзроўні. Ведаем, што там наспела ўзвядзенне станцыі абезжалезвання. Патрэбна для гэтага каля 300 мільёнаў рублёў. Пакуль такіх грошай няма. Як толькі дазволіць фінансавае становішча, станцыя ў Язвінках паявіцца. Будзем спадзявацца, што адбудзецца гэта ў агляднай перспектыве.
Мікалай Германовіч, Дрэбск. У мяне да вас, Васіль Міхайлавіч, некалькі пытанняў. Першае датычыць лазні. Ці не плануецца яе ўзвядзенне ў нашай вёсцы?
– Скажу шчыра, пакуль не плануецца. Як паказвае практыка, лазні агульнага карыстання адыходзяць у мінулае. Сёння многія аматары лёгкага пару будуюць уласныя парыльні, у вясковых у дамах – даброты цывілізацыі, таму колькасць наведвальнікаў лазняў вельмі малая. У суседнім Кажан-Гарадку туды ходзяць у сярэднім 7 чалавек. А выдаткі на ўтрыманне гэтага аб’екта сацыяльнай інфраструктуры вельмі вялікія. Бюджэт проста не можа браць на сябе ўсе страты.
– Калі будзе наладжана нармальнае электразабеспячэнне вуліцы Чыгуначная ў вёсцы? Тут ужо ўсе апоры ліній электраперадачы ў аварыйным стане…
– У 2009 годзе з Лунінецкага раёна электрасетак у філіял РУП “Брэстэнерга” Пінскія электрасеткі паступіла прапанова аб вырабе праектна-каштарыснай дакументацыі на рэканструкцыю ліній электраперадач у вёсцы Дрэбск. Праектна-каштарысная дакументацыя на правядзенне гэтых работ на вуліцы Чыгуначная ўжо гатова. Канчатковае рашэнне аб пачатку рэканструкцыі ЛЭП і вырабе ПКД на астатнія вясковыя вуліцы пакуль не прынята і знаходзіцца ў кампетэнцыі філіяла Пінскія электрасеткі і РУП “Брэстэнерга”. Як толькі пытанне канчаткова вырашыцца, Лунінецкі раён электрасетак праінфармуе аб гэтым.
– Чаму ніякіх мерапрыемстваў не праводзіцца ў нашым клубе? Дрэбск – вялікая вёска і мае права на тое, каб тут было хоць якое культурнае жыццё. А то нават на Новы год ачаг культуры быў на замку. Моладзь даўно не бачыла дыскатэк. Ісці ў суседнія вёскі не заўсёды бяспечна. Ды і мы памятаем час, калі на дыскатэкі ў Дрэбск збіралася моладзь з навакольных вёсак. А то прыехалі студэнты на канікулы ( у мяне таксама сын вучыцца ў ВНУ), а вечарам адпачыць няма дзе. Няўжа і сапраўды піва па кустах піць?
Як паведаміла начальнік аддзела культуры Г.М. Баецкая, згодна з рашэннем райвыканкама ад 21.10.2010г. і на падставе “Тыпавых штатаў устаноў клубнага тыпу, навукова-метадычных і іншых культурна-асветніцкіх цэнтраў” ад 22.12.1995г. з мэтай пераабсталявання клубных устаноў ва ўстановы новага тыпу, узмацнення кантролю за захаванасцю, мэтавым і рацыянальным выкарыстаннем бюджэтных сродкаў Дрэбскі СДК пераўтвораны ў бібліятэку-клуб. Спецыфіка гэтай установы некалькі адрозніваецца ад спецыфікі традыцыйнага клуба. Асноўны від дзейнасці – бібліятэчнае абслугоўванне насельніцтва. Аднак выкарыстоўваюцца і клубныя формы работы: праводзяцца тэматычныя і літаратурныя вечары, дзіцячыя ранішнікі (у тым ліку і навагодні). Працуе клуб аматараў казкі “Буслік”. Зала Дома культуры не пустуе. Тут аформлены дзіцячы, краязнаўчы і этнаграфічны куткі, дзе праводзяцца мерапрыемствы, якія садзейнічаюць вывучэнню і захаванню мясцовых традыцый, звычаяў, абрадаў. Дыскатэка і танцавальныя вечары – далёка не адзіная форма правядзення вольнага часу. Загадчыца Людміла Карповіч стараецца разнастаіць вольны час насельніцтва з улікам попыту, забяспечыць неабходныя ўмовы для развіцця творчасці.
У глядзельнай зале праводзяцца выязныя канцэрты. Напрыклад, 15 студзеня 2011 года адбыўся выезд аўтаклуба – наладжаны канцэрт з удзелам фальклорнага гурта “Крынічанька” ГДК. Бібліятэка-клуб рэгулярна праводзіць сумесныя мерапрыемствы з вучнямі і педагогамі пачатковай школы і заўсёды гатова прадаставіць памяшканне для правядзення любых мерапрыемстваў.
– Непакоіць і перспектыва замацавання моладзі ў вёсцы. Гэта ж выдатна, што ствараюцца маладыя сем’і. Дрэнна толькі, што працаваць іх на зямлі не вучым. З цяжкасцю можна атрымаць надзел у сельсавеце ды і выдзяляюць усяго па 8 сотак на чалавека. Прысядзібныя ўчасткі таксама маглі б быць большымі.
Як растлумачыў старшыня Гарадоцкага сельвыканкама Д.С. Бірыла, такое абмежаванне вызначана калектыўным дагаворам СВК “Гарадоцкі”. Што датычыць прысядзібных участкаў, то пад індывідуальную забудову прадугледжана выдзяляць не менш як 0,25 гектара. За апошнія тры гады заяў на выдзяленне ўчасткаў пад забудову не паступала.
– Няма ў Дрэбску кафэ, дзе можна было б цывільна пасядзець і адпачыць. Прычым не толькі вяскоўцам, але і шматлікім прыезджым людзям, якія у сезон закупляюць бульбу, яблыкі, ягады… Ды і сямейныя мерапрыемствы добра было б праводзіць не дома.
– Не думаю, што мэтазгодна ствараць яшчэ адно піцейнае завядзенне ў Дрэбску. Што да мерапрыемстваў, то для іх правядзення можна выкарыстоўваць кафэ “Крыніца” ў Кажан-Гарадку.
Вас турбуюць з Азярніцы. Восенню, калі капалі бульбу, тагачасны старшыня мясцовага СВК абяцаў механізатарам у якасці прэміі прадаць па тоне бульбы па льготнай цане. Спачатку спадзяваліся, што слова стрымае восенню, потым дачакаліся вясны. Зараз кіраўніцтва памянялася і старыя дамоўленасці выконваць не збіраецца. Ці ж гэта правільна?
– Вядома ж, няправільна. Але і прымусіць новага кіраўніка выконваць вусныя нічым не падмацаваныя абяцанні свайго папярдніка ніхто не зможа. Упраўленне райсельгасхарчу атрымае даручэнне разабрацца і паспрабаваць вам дапамагчы, але пэўна абяцаць штосьці неапраўдана.
Рыгор Рыгоравіч, Мікашэвічы. Ведаю, што раней быў генеральны план забудовы нашага горада. Але апошнім часам складваецца ўражанне, што ўзвядзенне новых дамоў мае стыхійны характар. У цэнтры па вуліцы Францыска Скарыны ўзводзяцца дыхтоўныя катэджы, таму што гэта выгадна і зручна іх уладальнікам, а шаматпавярхоўкі чамусьці выносяць на ўскраіну горада.
– Генеральны план забудовы Мікашэвіч ёсць. Распрацаваны ён ДП “БелНДІгорадабудаўніцтва” ў 1999 годзе і ў 2005-ым зацверджаны рашэннем райвыканкама. Гэта дакумент, якога строга прытрымліваемся, і ў ім прадугледжаны ўсе мікрараёны як катэджнай, так і шматкватэрнай забудовы. Згодна з ім, будаўніцтва шматпавярховых дамоў вядзецца ў 4-ым мікрараёне. Зараз уведзена ў строй першая чарга. Далейшае будаўніцтва будзе весціся ў бок асноўных вуліц – Машэрава, Скарыны і Коласа. Што датычыць грамадскага цэнтра горада, то генпланам ён прадугледжаны ў раёне Палаца культуры РУВП “Граніт”. Далйшае фарміраванне яго будзе весціся пры наяўнасці заказчыкаў. Зусім нядаўна ў Мікашэвічах пабываў галоўны архітэктар вобласці Аляксандр Васільевіч Вайтэнка. Вызначана месца ўзвядзення гасцініцы, якая ўпрыгожыць горад. Будаўніцтва аб’ектаў з адступленнем ад генеральнага плана не вядзецца.
– Мікашэвічы – вялікі населены пункт. Усе мерапрыемствы да святаў тут ладзіць калектыў Палаца культуры. Але ж у райвыканкаме таксама ёсць работнікі, якія адказваюць за культурна-масавую работу сярод насельніцтва. Чаму яны не прыязджаюць да нас са сваімі калектывамі, не павучаць нашых, як трэба працаваць? А то іх работа засяроджана на правядзенні мерапрыемстваў у Лунінцы. Гэта ж няправільна. Няхай бы вы, Васіль Міхайлавіч, паправілі іх сваёй гаспадарскай рукой. Калі б культработнікі з Лунінца аб’ядналі намаганні з нашымі, то, магчыма, менш было б праблем з мікашэвіцкай моладдзю.
– Дазволю сабе не згадзіцца з вашым, Рыгор Рыгоравіч, меркаваннем. Лічу, што ў Палацы культуры РУВП “Граніт” працуюць кваліфікаваныя і таленавітыя людзі, якія дадуць фору любому работніку раённага аддзела культуры. У вас у Палацы шмат гурткоў, секцый, і работа іх бачна. Прычым не толькі на святах у Мікашэвічах, якія па праву можна лічыць лепшымі з усіх, што праводзяцца ў раёне. Мікашэвіцкія калектывы ахвотна ўдзельнічаюць практычна ва ўсіх мерапрыемствах у Лунінцы. І вялікі ім за гэта дзякуй!
Як удакладніла начальнік аддзела культуры райвыканкама Г.М. Баецкая, падведамасныя ўстановы культуры ўдзельнічаюць у мерапрыемствах, якія праводзяцца ў Мікашэвічах. Двойчы ў тыдзень ГДК ладзіць выязныя дыскатэкі і канцэртныя праграмы. Працуе аўтаклуб, якім дадзена больш як 50 канцэртаў, у тым ліку ў вёсках Мокрава, Сітніцкі Двор, Сітніца, Града. Акрамя гэтага, летась у Мікашэвічах у Палацы культуры РУВП “Граніт” былі праведзены сумесныя канцэртныя праграмы, прысвечаныя Дню пажылых, Дню работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці і справаздачны канцэрт “Беларусь – гэта мы”. Усяго летась ГДК арганізавана і праведзена 353 масавыя мерапрыемствы, 80 – на платнай аснове. Наведалі іх больш як 11 тысяч чалавек.
Тэлефаную з Мікашэвіч. Магчыма, праблема мая падасца вам дробязнай, але ж парадак трэба наводзіць, у тым ліку і ў прыватным гандлі. У магазіне, які належыць прыватнаму ўладальніку Д.С. Скоку, купіла сапсаваную каўбасу. Напісала ім у “Кнігу заўваг і прапаноў скаргу”, у адказ атрымала адпіску. Некандыцыйны прадукт забралі і грошы вярнулі, але крыўдна будзе, калі сітуацыя не зменіцца.
Як расказаў галоўны дзяржаўны санітарны ўрач А.С. Дубініч, работнікі РЦГіЭ наведалі названую гандлёвую кропку пад выглядам звычайных пакупнікоў. На той момант парушэнняў не заўважылі. Аднак пры правядзенні згодна з каардынацыйным планам чарговай праверкі, на работу ПГУП “ДЖИНторг» будзе звернута больш пільная ўвага. Адначасова захаванне санітарных нормаў і правіл тут застаецца пад кантролем службы.
Дзмітрый Паўлавіч, Бродніца. У нашай вёсцы да нядаўняга часу прадпрымальнік аказваў паслугі па размолу зерня. З нядаўняга часу работа прыватнага млына спынена. Чаму?
– Справа ў тым, што работа прыватнага млына адмоўным чынам уплывала на зніжэнне напружання ў электрычных сетках. Ад насельніцтва пайшлі скаргі. Работнікі раёна электрасетак правялі абследаванне і высветлілі, што млын і сапраўды ўплывае на якасць электразабеспячэння. Менавіта таму яго работа была спынена, а гаспадару прапанавана зрабіць асобны ўвод, што і было выканана. З 24 лютага работа прыватнага млына адноўлена.
Кацярына Мішчук, Мікашэвічы. Звяртаюся да вас, бо вырашыць праблему на мясцовым узроўні не атрымалася. Справа ў тым, што за нашым агародам знаходзяцца надзелы ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Многіх з іх ужо няма ў жывых, зямлёй карыстаюцца нашчадкі. Усё б нічога, але нам яны закрываюць праход да канавы, якая знаходзіцца непадалёк. Мая сям’я трымае гаспадарку – козы, гусі… А доступу да вады няма. Ці нельга навесці парадак у землекарыстанні?
Як растлумачыў начальнік землеўпарадчай службы райвыканкама С.В. Чарненка, надзел за сядзібай К.П. Мішчук рашэннем Мікашэвіцкага гарвыканкама выдзелены ў часовае карыстанне К.П.Лабуцінай – удаве ветэрана Вялікай Айчыннай вайны. Каля жылога дома ў яе толькі 2 соткі зямлі, таму, згодна з арт. 42 Кодэкса РБ “Аб зямлі”, яна мае права на дадатковы зямельны ўчастак для вядзення агародніцтва. Ён і быў прадастаўлены заяўляльніцы ў часовае карыстанне.
Тэлефаную ад імя жыхароў Заводскага мікрараёна. Ці нельга больш зручным зрабіць расклад руху гарадскога маршрута №4? У рабочыя дні ён ходзіць добра, а вось у выхадныя (а многія, у тым ліку чыгуначнікі, працуюць пазменна) да 9 гадзін не маюць магчымасці дабрацца ў цэнтр горада. Асабіста я жыву каля прыпыначнага пункта “Лясгас”.
Дырэктар аўтапарка №10 С.М. Кіндрук паведаміў, што ў рабочыя дні аўтобус па маршруце №4 з прыпыначнага пункта “Лясгас” адпраўляецца ў 8 гадзін 36 хвілін, у выхадныя – у 8 гадзін 27 хвілін.
Аляксандр Гопта, Лунінец. На Беразіне атрымалі участак пад індывідуальную забудову. Паставілі “каробку” дома, але далей справа застапарылася – не можам падвесці электрычнасць. Куды ні звярталіся (а ў такой сітуацыі яшчэ некалькі суседзяў), справа не вырашаецца.
Дырэктар КУП “ЛунінецрайУКБ” В.А. Бялко запэўніў, што на электразабеспячэнне вуліцы Беразіна ў Лунінцы ўжо выраблена праектна-каштарысная дакументацыя, атрымана станоўчае заключэнне пазаведамаснай дзяржаўнай экспертызы. На сённяшні дзень заключаны дагаворы падраду на будаўніцтва ліній электраперадач. Работы пачнуцца ў сакавіку-красавіку з наступленнем спрыяльных умоў надвор’я.
Тэлефаную ад імя групы рабочых міжрэгіянальнага драбільна-сартавальнага завода ў Мікашэвічах. Два месяцы нам не плацяць заработную плату. Многія ўжо звольніліся, але разлік атрымаць не могуць. Прадпрыемства прыватнае, яго ўладльніца Г.І. Крук. Адказ у яе адзін – няма грошай. Няўжо на такіх кіраўнікоў няма ўправы?
– У сувязі з тым, што ААТ “Міжрэгіянальны драбільна-сартавальны завод” зарэгістравана ў Мінску па адрасе Брэсцкая,42а, пак. 2, а на тэрыторыі нашага раёна знаходзіцца толькі вытворчы ўчастак,правесці праверку прадпрыемства немагчыма. Райвыканкам звяртаўся з запытам да заснавальнікаў таварыства. Задавольваючага адказу няма. Інфармацыя аб нявыплаце заробкаў накіравана ў Мінскае абласное ўпраўленне Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Аднак для больш хуткага вырашэння праблемы лепш за ўсё работнікам звярнуцца з заявай у суд.
Дмітрый Аляксандравіч, Лунінец. У адным з нумароў “СБ” намеснік старшыні райвыканкама А.Я. Цяльпук запэўніваў, што ў Лунінцы усе цэнтральныя вуліцы асвятляюцца так, як належыць. Але ж адрэзак вуліцы Чырвоная ад гастранома “Лунінецкі” да ўніверсама “Заходні” патанае ў цемры! І гэта ў густанаселеным мікрараёне!
Як паведаміў намеснік старшыні райвыканкама А.Я. Цяльпук, зараз вырашаецца пытанне аб перадачы названага ўчастка з баланса ААТ “Палессеэлектрамаш” на баланс КУШВП ЖКГ “Лунінецкая ЖКГ”. Пасля гэтага вулічнае асвятленне будзе нармалізавана.
(Праблема да поўнага вырашэння застаецца на кантролі “ЛН”- Т.В.)
З Багданаўкі турбуюць вас, Васіль Міхайлавіч. Дапамажыце паставіць на месца індывідуальнага прадпрымальніка Аксану Соладаву. Яна набрала ў людзей грошай на выраб шклопакетаў, а работы выконваць не спяшаецца.
– І які ж гэта гаспадар аддае грошы за тое, чаго няма? Атрымліваецца, вы самі паставілі сябе ў незразумелае становішча. Улічваючы тое, што ваша скарга не адзіная, ІП Соладавай накіравана афіцыйнае папярэджанне аб недапушчэнні падобных парушэнняў. Тэрмін выканання ўсіх абавязацельстваў па заключаных дамоўленасцях – 15 сакавіка гэтага года. У супраціўным выпадку вам давядзецца звяртацца ў суд.
Уладзімір Вабішчэвіч, Лунінец. Маю вышэйшую адукацыю інжынера-механіка і менеджэра, аднак працаўладкавацца ў Лунінцы не магу.
– Спецыяльнасці ў вас запатрабаваныя. Пакіньце, калі ласка, кантактны тэлефон, пастараемся вам дапамагчы.
– Тэлефануйце 2-25-37. Буду ўдзячны за дапамогу.
Спецыялісты райвыканкама дарэмна спрабавалі знайсці заяўляльніка па ўказаным нумары. Як высветлілася, гэта – тэлефон дзіцячай бібліятэкі.
Тэлефаную ад імя жыхароў 1-га Садовага завулка. З надыходам вясны вось ужо каторы год наш завулак патанае ў вадзе. Ці нельга зрабіць тут водапаніжэнне, падсыпаць, якімі іншымі мерамі яго добраўпарадкаваць?
– З наступленнем спрыяльных умоў надвор’я завулак будзе падсыпаны пясчана-гравійнай сумессю. Адпаведнае даручэнне камунальнікі атрымалі.
Юрый Богдан, Лунінец. У горадзе вядзе секцыю бокса індывідуальны прадпрымальнік. Ён мае дазвол, неабходныя дакументы. Але калі я павёў да яго дзевяцігадовага сына, то ён адмовіўся яго прыняць, маўляў, для заняткаў дзетак малодшага ўзросту патрэбен дадатковы час. Ці нельга яго выдзеліць для такой добрай справы?
– Згодна з усімі нарматыўнымі дакументамі, мінімальны ўзрост залічэння дзяцей у спецыялізаваныя вучэбна-спартыўныя ўстановы (секцыі) па боксу ажыццяўляецца з 10 год. Працягласць заняткаў для дзяцей малодшага школьнага ўзросту (6-10 год) – да 4 гадзін ў тыдзень (2 разы па 2 акадэмічныя гадзіны – 45 хвілін). У сувязі з тым, што індывідуальны прадпрымальнік ажыццяўляе сваю дзейнасць на платнай аснове і яму прадастаўлена спартыўная зала для заняткаў 3 разы ў тыдзень (аўторак і чацвер – з 18.00 да 19.30; суботу – з 14.00 да 16.00), то ён можа набраць яшчэ адну групу дзяцей і трэніраваць ва ўказаны час.
Вас турбуе балельшчык футбольнага клуба “Граніт”, былы ігрок каманды Дзмітрый Прышчык. Скажыце, калі мы перастанем утрымліваць “варагаў” і пачнем нарэшце гадаваць сваіх, мясцовых футбалістаў? У камандзе нікога з мясцовых ігракоў не засталося. А былі ж выдатныя кадры – Шчагрыковіч, Дзедзін, Ермаковіч… Столькі было таленавітай моладзі. Куды яна падзелася? У камандзе ўжо няма на каго глядзець. А “Граніт” на іх утрыманне пералічвае велізарныя грошы – летась 4,2 мільярда рублёў, – за якія ніхто не трымае справаздачы.
– Я за тое, каб захаваць футбольны клуб, умацаваць яго мясцовымі ігракамі. І зусім не падтрымліваю палітыку, калі ў камандзе знаходзяць прытулак тыя, хто не можа гуляць у іншых клубах. Але ж мы не ўправе пазбаўляць землякоў футбольнага відовішча. Менавіта з гэтай мэтай сёлета распачынаем рэканструкцыю стадыёна ў Мікашэвічах. Ён будзе не горшым, а, магчыма, лепшым, чым у Лунінцы. Падрастае выдатная змена. Глядзіце, якіх поспехаў летась дабіліся юныя футбалісты 1996 года нараджэння! Давайце мы паэтапна навядзем у камандзе парадак. Вядома ж, трэба, каб клуб трымаў справаздачу за тое, куды пайшлі грошы. Так павінна быць і так будзе.
На “Прамую лінію” з В.М. Агіевічам паступіла некалькі пісьмовых зваротаў. Адказы на іх будуць надрукаваны ў бліжэйшых нумарах “ЛН”. Падрыхтавала Таццяна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ.