Прямая линия

І Ў КРЭДЫТАЎ БЫВАЮЦЬ КАНІКУЛЫ

На пытанні чытачоў “ЛН” адказваюць дырэктар ЦБУ 119 ААТ “АСБ “Беларусбанк” філіяла №121 у г. Лунінцы Аляксандр ПУКАЛА і начальнік аддзела ЖКГ райвыканкама Сяргей АЛЯШКЕВІЧ.
Добры дзень, Аляксандр Васільевіч! Вас турбуюць з “Лунінецкай архітэктуры”. Прыкладна на 100 мільёнаў рублёў выканалі мы праектных работ для мнагадзетных сем’яў, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, аднак аплаты за зробленае не атрымалі.
Пукала. Зараз, згодна з аб’-ёмамі фінансавання і будаўніцтва, у нас ідзе крэдытаванне ўзвядзення дамоў, якія ўво-дзяцца ў строй у 2012 годзе. Спісы складзены ў адпаведнасці з чарговасцю і ўзгадняліся спачатку ў райвыканкаме, потым – у аблвыканкаме. На сучасны момант узгадняюцца спісы на будучы год. Калі мнагадзетныя сем’і, для якіх рабілі праекты дамоў, у іх ёсць, то выдзяленне сродкаў у будучым годзе, трэба спадзявацца, пачнецца. У тым ліку і на аплату праектных работ.
– А ці нельга, каб крэдытаванне для аплаты праектных работ вялося асобна?
– Нельга. Усе работы па будаўніцтву жылля, у тым ліку і праектныя, фінансуюцца разам.
З Любачына тэлефаную. У мяне пытанне да Сяргея Антонавіча. Нашай мнагадзетнай сям’і выдзелілі ўчастак пад будаўніцтва дома. Потым яго чамусьці забралі, а з выдзяленнем новага не спяшаюцца. У выніку не можам атрымаць крэдыт і пабудаваць дом.
Аляшкевіч. З гэтым пытаннем вам трэба звярнуцца ў Дварэцкі сельвыканкам, які займаецца выдзяленнем участкаў. Пакуль не вырашыце пытанне з участкам, нельга будзе прэтэндаваць і на льготны крэдыт. Са свайго боку пацікавімся, чаму забралі ў вас раней вы-дзелены ўчастак, і прыспешым, каб далі новы.
Тэлефануем з Кажан-Гарадка. Мы хацелі б узяць ільготны крэдыт на пакупку жылля, бо сям’я мнагадзетная.
Аляшкевіч. Вам трэба ўлічыць, што дом, які жадаеце набыць, павінен быць не старым, адпавядаць усім спажывецкім якасцям, поўнасцю падыходзіць па плошчы. Калі яна меншая, чым патрэбна, то вы ўправе напісаць заяву, што згодны ў выпадку пакупкі быць выключанымі з чаргі маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Разлічваць зможаце на суму, у якую дом ацэніць бюро па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельнаму кадастру. Ацэначныя дакументы камерцыйных структур законнай сілы не маюць.
– Справа ў тым, што гэта – калгасны дом, у якім мы жывем зараз. Мы проста хацелі б яго выкупіць.
– У такім выпадку, хутчэй за ўсё, на льготны крэдыт вы права не маеце, бо сям’я не значыцца ў спісе тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Вы ж забяспечаны домам. І калі ён – уласнасць гаспадаркі, то і купляць яго будзеце на агульных умовах. Тым не менш, раю звярнуцца да юрысконсульта банка, каб прадугледзець усе магчымыя нюансы.
Добры дзень, Сяргей Антонавіч! У ЖБСК “Алімп” у Мікашэвічах пабудавалі кватэру. На ўзвядзенне яе выкарысталі льготны крэдыт. Зараз, як маладая сям’я, хацелі б атрымаць субсідыю на пагашэнне гэтага крэдыту. Куды звяртацца і якія для гэтага патрэбны дакументы?
Аляшкевіч. З даведкамі аб даходах за апошнія 12 месяцаў, рэгістрацыйным пасведчаннем на кватэру і пашпартамі прыедзьце ў райвыканкам, кабінет 212. Там спецыялісты растлумачаць, як дзейнічаць далей.
– Дзякуй.
Бурцава Наталля, Мікашэвічы. Якімі льготамі на ўзвядзенне ці пакупку жылля карыстаецца маладая сям’я і ці захаваюцца яны на наступны год?
Аляшкевіч. Паколькі вы жывяце ў населеным пункце з колькасцю жыхароў менш як 20 тысяч, то можаце разлічваць на льготны крэдыт на 20 год пад 3 працэнты гадавых. Прычым, наяўнасць дзяцей неабавязкова. Што датычыць наступнага года, то пакуль ніякіх змяненняў у заканадаўчыя акты, якія рэгламентуюць ільготнае крэдытаванне, не плануецца.
Наша сям’я мнагадзетная. Мяркуем, што на наступны год прыступім да ўзвядзення ўласнага дома з выкарыстаннем ільготнага крэдыту. Але ж нам настойліва рэкамендуюць заключыць дагавор падраду з якой-небудзь будаўнічай арганізацыяй. Мы ж планавалі ўзводзіць дом гаспадарчым спосабам, бо спадзяёмся, што так будзе танней. Што параіце?
Пукала. І сапраўды, як паказвае практыка, тыя, хто ўзводзіць дом з дапамогай “шабашнікаў”, магчыма, і зэканомяць працэнтаў 10-15. Аднак зараз мы настойліва рэкамендуем забудоўшчыкам карыстацца паслугамі будаўнічых арганізацый. Па-першае, здаюць яны дом пад ключ з захаваннем усіх тэхналагічных патрабаванняў у сярэднім за 8 месяцаў. Гарантыя на якасць усіх работ – два гады. Камісія, якая прымае дом, падыходзіць да гэтай справы дастаткова прынцыпова, а значыць, агрэхаў – мінімум. Што датычыць фінансавання, то і тут забудоўшчык выйграе, бо аплата ідзе па факту і без прамаруджвання. Нават калі здараецца невялікая затрымка, то будаўнікі з арганізацый не спыняюць работ. Выконваюць іх строга па праекту. А значыць, будучы навасёл пазбегне непажаданасцей, якія могуць выклікаць самавольна ўнесеныя змяненні. За іх пагражае штраф, а каб узаконіць – патрэбны  дадатковыя выдаткі.  
Аляшкевіч. Больш таго, зараз мы дастаткова шчыльна працуем з архітэктурай у тым плане, каб праекціроўшчыкі прапаноўвалі патэнцыяльным забудоўшчыкам так званы сярэднеспажывецкі праект без непатрэбных дорагакаштуючых лішкаў. Вядома, кожны хацеў бы мець ва ўсіх пакоях падлогу з падагрэвам, дубовыя дзверы, пазалочаныя ручкі… Калі ласка, але  – пасля ўводу дома і за ўласныя грошы. Дзяржава ж прапаноўвае добрае асобнае жыллё з наборам агульнапрынятых зручнасцей. Менавіта таму зараз створаны каардынацыйны савет, які разам з упраўленнем капітальнага будаўніцтва сочыць, каб кошт квадратнага метра ўзводзімых катэджаў не выходзіў за межы сярэднеспажывецкага ўзроўню. Будаваць будзем у межах выдзеленых сродкаў. 
Скажыце, калі ласка, ці адноўлена крэдытнае фінансаванне завяршэння рэканструкцый жылля і газіфікацыі?
Пукала. Ліміты на год выбраны, але зараз стала вядома, што выдзелены дадатковыя  асігнаванні. Трэба спадзявацца, што распачатыя сёлета работы па рэканструкцыі, а таксама па газіфікацыі жылля, будуць пра-крэдытаваны для іх завяршэння.
Дому ў вёсцы 30 год. Наспела неабходнасць мяняць вокны і рамантаваць дах. Ці магу разлічваць на льготны крэдыт для правядзення рэканструкцыі?
Аляшкевіч. Вы жывяце і працуеце ў тым жа населеным пункце?
– Так.
– Можаце разлічваць на крэдыт у памеры да 30 базавых велічынь на 10 год пад 3 працэнты гадавых. Ёсць пералік работ, якія можна выканаць за гэтыя грошы, – замяніць вокны і дзверы, адрамантаваць дах, падлогу…
– А бацька-пенсіянер можа атрымаць такі крэдыт?
– На жаль, не. Такі крэдыт даецца працуючым грамадзянам. Але калі разам з бацькам жыве працаздольны, скажам, сын, які працуе ў гэтай жа мясцовасці, то крэдыт на рамонт бацькоўскага дома можа аформіць ён. Выйсце ў любым выпадку ёсць.
Скажыце, калі ласка, а хто можа прэтэндаваць на льготны крэдыт па-за чаргі?
Аляшкевіч. Мнагадзетныя сем’і; сем’і, у якіх выхоўваюцца дзеці-інваліды, а таксама інваліды дзяцінства І і ІІ груп; грамадзяне, якія перанеслі прамянёвую хваробу, інваліды пасля аварыі на ЧАЭС; тыя, чый дом ці кватэра прызнаны не прыгоднымі для пражывання. А яшчэ – тыя, хто больш як 10 год пражыў у інтэрнаце ці здымным жыллі (па дагаворах паднайму дзяржаўнага ці дагаворах найму прыватнага жылля) пры ўмове, што ў іх няма ва ўласнасці жылля (у тым ліку і далявой) на ўсёй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Па-за чаргі могуць атрымаць ільготны крэдыт і працаздольныя члены сям’і наймальніка, якія пражываюць па тэрміновых (да 10 год) дагаворах найму сацыяльнага і службовага жылля.
Пукала. А ўвогуле льготныя крэдыты, згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 06.01.2012 №13   “Аб некаторых пытаннях прадастаўлення грамадзянам дзяржаўнай падтрымкі пры будаўніцтве (рэканструкцыі) ці набыцці жылых памяшканняў”, прадастаўляюцца па спісах, складзеных з захаваннем чарговасці маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў і зацверджаных адпаведна раённымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, мясцовымі адміністрацыямі, Міністэрствам абароны, Міністэрствам унутраных спраў, Следчым камітэтам, Міністэрствам па надзвычайных сітуацыях, Камітэтам дзяржаўнай бяспекі, Дзяржаўным пагранічным камітэтам, Службай бяспекі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Аператыўна-аналітычным цэнтрам пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнай інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, Камітэтам дзяржаўнага кантролю.
Па пытаннях уключэння ў спісы на атрыманне льготнага крэдыту трэба звяртацца па месцы пастаноўкі на ўлік маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў.
Знаходжуся ў водпуску па догляду за дзіцём ва ўзросце да трох год. Як атрымаць адтэрміноўку пагашэння запазыкі па крэдыту?
Пукала. Для гэтага трэба звярнуцца ва ўстанову банка па месцы заключэння крэдытнага дагавору. З сабой мець дакумент, які засведчвае асобу; заяву на прадастаўленне адтэрміноўкі; дакумент (копію ці выпіску з загада), які пацвярджае знаходжанне аднаго з бацькоў у водпуску па догляду за дзіцём; пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці. Акрамя гэтага, трэба пісьмовая згода на адтэрміноўку паручыцеляў. Яе можна засведчыць подпісамі на заяве аб адтэрміноўцы, дадатковым пагадненні ці ўласнаручнай заявай паручыцеляў. Адтэрміноўка дзейнічае з дня заключэння дадатковага пагаднення па крэдытнаму дагавору да дня заканчэння водпуску па догляду за дзіцём.
Чым можна растлумачыць сёлетняе значнае павелічэнне кошту 1 квадратнага метра жылля?
Аляшкевіч. Рост напрамую звязаны з павелічэннем кошту энерганосьбітаў, паліва, будаўнічых матэрыялаў, вырабаў і канструкцый, індэксаў змянення кошту будаўніча-мантажных работ, па якіх ажыццяўляецца пераразлік базісных каштарысных цэн у сучасныя. Звязана падаражанне і з перабоямі ў ільготным крэдытаванні, якія назіраліся летась. Толькі некаторыя з забудоўшчыкаў рызыкнулі працягнуць работы з выкарыстаннем дадатковых камерцыйных крэдытаў ці за кошт уласных сродкаў. Асноўная частка грамадзян палічыла за лепшае чакаць аднаўлення крэдытавання. Дарэчы, праблемныя пытанні, звязаныя з ростам кошту 1 квадратнага метра жылля ў 2011 годзе, разглядаюцца ў індывідуальным парадку. Пры гэтым па асобных пытаннях нават ствараюцца камісіі з удзелам спецыялістаў райвыканкама, якія сочаць за парадкам заключэння і выканання дагавораў на будаўніцтва.
Што можа прапанаваць банк маладым спецыялістам?
Пукала. Згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 27.11.2000 №631 “Аб дадатковых мерах па павышэнню заработнай платы і прадастаўленню льготных крэдытаў асобным катэгорыям грамадзян” выпускнікам дзяржаўных вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў і ўстаноў спажывецкай кааперацыі, забяспечваючых атрыманне вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, прыступіўшым да работы па размеркаванню не па месцы жыхарства бацькоў ці ў раёнах, якія пацярпелі ад катастрофы на ЧАЭС, на працягу двух год пасля заканчэння навучальных устаноў даюцца льготныя крэдыты на набыццё тавараў айчыннай вытворчасці. Маюцца на ўвазе дамашняя маёмасць і тавары першай неабходнасці. Сума крэдыту – 15-кратны памер бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва, зацверджанага на дату выдачы крэдыту. Даецца ён на 5 год з уплатай 25 працэнтаў стаўкі рэфінансавання Нацыянальнага банка РБ. Спісы крэдытаатрымальнікаў зацвярджаюцца раённымі выканаўчымі і распарадчымі органамі. Для атрымання фінансавай падтрымкі дзяржавы трэба звяртацца ў адміністрацыю па месцы работы для накіравання хадайніцтва аб уключэнні ў спісы льготнага крэдытавання.
Падрыхтавала Таццяна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ.
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть