Прямая линия

ЛЕПШАЯ УЗНАГАРОДА – УДЗЯЧНАСЦЬ

На пытанні чытачоў “ЛН” адказвае намеснік старшыні райвыканкама Віктар Анатольевіч РАФАЛОВІЧ.

Добры дзень! Ці звярталі ўвагу, якія чэргі апошнім часам утвараюцца каля банкаматаў? Няўжо праўда, што будзе ўведзеена абмежаванне выдачы наяўнасці не больш як па 60 000 рублёў у адны рукі?

– Ніякіх абмежаванняў няма. Наяўнасці хапае. Думаю, грошы сталі асабліва запатрабаванымі ў тым ліку і ў сувязі з пакупніцкім “бумам”. Работнікам банкаў даводзіцца тройчы на дзень запраўляць банкаматы, таму здараюцца невялікія замінкі. Калі людзі зразумеюць, што грошай хопіць усім, праблема вырашыцца сама сабою. Няварта паддавацца паніцы. Красамоўны прыклад апошняга часу – надуманая праблема з соллю, якую ці не за адзін дзень змялі з паліц магазінаў. Зараз соль ёсць у кожнай гандлёвай кропцы ў неабмежаванай колькасці. Цана на яе не павялічылася. Перад тым асаблівай папулярнасцю карысталіся цукар і алеі. Сёння іх без праблем можна купіць у любым магазіне.

Вас турбуюць з Мікашэвіч. Скажыце, ці можна даведацца, колькі сродкаў запланавана сёлета на добраўпарадкаванне нашага горада? Яго выгляд не задавальняе жыхароў.

– Бюджэтам прадугледжана накіраваць на добраўпарадкаванне горада Мікашэвічы каля 2 мільярдаў рублёў. Сродкі гэтыя будуць асвоены ў найбольш спрыяльны для правядзення рамонтных работ летні час. Увогуле ў гэтай пяцігодцы сацыяльнае аблічча Мікашэвіч павінна змяніцца. Да 2013 года непадалёк ад дзіцячай кансультацыі на вуліцы Францыска Скарыны запланавана ўзвядзенне новай лазні на 56 месцаў. Яе будаўніцтва будзе каштаваць 1,5 мільярда рублёў. На вуліцы Будаўнікоў выбрана месца для новай трохпавярховай гасцініцы, кошт якой ацэньваецца сёння ў 12 мільярдаў рублёў. Увод вельмі патрэбнага гораду аб’екта запланаваны на 2014 год. Разам з рэканструкцыяй стадыёна, якая ўжо распачата, будзе працягвацца і добраўпарадкаванне вуліц горада.

Віктар Анатольевіч, у чарговы раз вымушаны турбаваць вас з нагоды работы Дрэбскага клуба. Дакладней сказаць, адсутнасці такой работы. Дасылалі пісьмо ў “Лунінецкія навіны”, але яго чамусьці не надрукавалі…

– Вы ж на старонках газеты атрымалі адказ за маім подпісам на гэты ліст.

– Так, але сітуацыя ў Дрэбску не мяняецца. Вёска вялікая, перспектыўная, моладзь тут застаецца. Маладыя сем’і будуюць дамы, нават старое жыллё купляюць і рамантуюць, каб застацца на малой радзіме. Немалаважную ролю ў гэтым адыгрывае магчымасць змястоўна адпачываць. Але раптам рэарганізавалі Дом культуры ў бібліятэку-клуб, і ўсё заглохла. Бібліятэкар ніколі не будзе весці на належным узроўні клубную работу. Мы са шкадаваннем успамінаем старую загадчыцу ўстановы. Яна працавала ў клубе не маючы адукацыі, але была культработнікам ад Бога.

– Такія работнікі ёсць і зараз. Яны – на вагу золата. Было б цудоўна, калі б мясцовыя юнакі і дзяўчаты паступалі вучыцца ў культасветустановы, каб потым яны вярнуцца на радзіму. Мы з задавальненнем іх прымем. Кадраў у нас не хапае. Другі месяц застаецца вакантнай пасада дырэктара СДК ў Кажан-Гарадку, доўгі час няма кіраўніка ў аналагічнай установе ў Сельгастэхніцы… Таксама населеныя пункты не горшыя.

– Не ўпэўнена, што маладыя спецыялісты затрымаюцца надоўга пры ўмовах работы, якія сёння створаны ў аддзеле культуры. Там жа такія памеры платных паслуг даводзяць, што ніводзін не вытрымае. Хіба са свае кішэні плаціць?

– Ніхто зараз вялікіх планаў па платных паслугах установам культуры не даводзіць. Аднак працаваць трэба. Людзей заахвочваць наведваць праводзімыя мерапрыемствы. Проста так заработную плату ніхто плаціць не будзе. Што датычыць Дрэбскай бібліятэкі-клуб, то разбярэмся з работай, якая там праводзіцца. Але лепш давайце пачакаем жніўня, калі ў раён прыедуць маладыя спецыялісты. Магчыма нешта прыдумаем і для вашай вёскі.

Скажыце, калі ласка, ці будзе ўрачыстае адкрыццё Лядовай арэны?

– Лядовая арэна працуе з 7 мая. І аматараў там адпачыць нямала. Спартыўны аб’ект не пустуе, і гэта выдатна. Зараз вырашаецца пытанне, каб у першы год не закрываць арэну на летні час, як гэта прадугледжана пэўнымі патрабаваннямі. Што датычыць урачыстага адкрыцця, то нам асабліва рыхтавацца да яго не трэба. Той, хто быў у лунінецкай Лядовай арэне і мае магчымасць параўнаць яе з іншымі аналагічнымі ўстановамі рэспублікі, не можа не заўважыць, наколькі яна пераўзыходзіць іх у плане мастацкага афармлення і па якасці будаўнічых работ. Усё выканана бездакорна. Магчыма, наспее правядзенне ў Лунінцы якога-небудзь хакейнага матча. Будзе выдатна, калі зможам лунінчанам паказаць сапраўдны хакей. Да яго і можна будзе прымеркаваць цырымонію адкрыцця. Адначасова хачу звярнуць увагу на іншы бок справы. Нам, на жаль, яшчэ трэба вучыцца берагчы тое, што займелі. Як прыкра бачыць, што на вельмі прыгожай тэрыторыі каля спартыўнага аб’екта дзе-нідзе ўжо зламаны лаўкі. Не заўсёды беражліва адносяцца наведвальнікі да канькоў, якія бяруць напракат. У многіх не хапае цярпення расшнураваць чаравікі, і яны проста рвуць іх “па-жывому”. Раённыя ўлады паклапаціліся пра тое, каб за кошт бюджэту набыць якасны спартыўны інвентар, карыстаючыся якім можна было б адчуць сапраўдную асалоду ад адпачынку, дык давайце ж і мы не будзем яго псаваць.

– І яшчэ пытанне. Ці праўда, што ўвядзенне ў строй плавальнага бабасейна ў Лунінцы перанесена на нявызначаны тэрмін?

– Няпраўда. Басейн запланавана ўвесці ў строй у 2012 годзе. Да яго ўзвядзення будаўнікі ставяцца не менш адказна, чым да Лядовай арэны. Магу сказаць, што выкарыстоўваецца тут шмат натуральных матэрыялаў, якія не толькі больш экалагічна чыстыя, але і маюць лепшы эстэтычны выгляд. Упэўнены, што новы спартыўны аб’ект стане выдатным упрыгожаннем горада.

Ларыса Каховіч, Лунінец. Працую старшай медыцынскай сястрой чыгуначнай паліклінікі. Наш калектыў папярэдзілі, што да канца года медустанова будзе ліквідавана, а матэрыяльную базу перададуць цэнтральнай раённай бальніцы. Не сумняваюся, што пры сённяшнім кадравым дэфіцыце ўсе ўрачы будуць запатрабаваны, а вось медсёстры рызыкуюць трапіць у лік беспрацоўных. Між тым, лічу, што адмаўляцца ад напрацаванага вопыту няварта. Рацыянальна было б зрабіць нашу паліклініку, як у Лідзе ці Баранавічах, філіялам цэнтральнай. Яна магла б працягваць абслугоўваць чыгуначнікаў і жыхароў Залесся, якім цяжка дабрацца праз мост у раённую паліклініку.

– Вырашэнне ўсіх падобных пытанняў знаходзіцца ў вядзенні абласнога ўпраўлення аховы здароўя. Загаду аб закрыцці чыгуначнай паліклінікі пакуль няма, хаця сітуацыя вывучаецца. Раённай бальніцай у абласное ўпраўленне накіраваны звесткі аб наяўнасці ўсіх вакантных месцаў. Адначасова агучана і прапанова зрабіць чыгуначную паліклініку філіялам цэнтральнай раённай. Упэўнены, што ўсе магчымыя варыянты будуць улічаны і дэталёва разгледжаны. Рэарганізацыя, якой бы яна ні была, мае на мэце зрабіць лепш, а не горш. У дадзенай сітуацыі – не толькі пацыентам, але і работнікам чыгуначнай паліклінікі.

Віктар Анатольевіч, вас турбуюць жыхары Вулькі 2. Хвалюемся за лёс Дзяржаўнай праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця і комплекснага выкарыстання прыродных рэсурсаў Прыпяцкага Палесся на 2010-2015 гады. Многія яе пункты непасрэдна закранаюць наш раён. Але ходзяць чуткі, што праграму перагледзелі і па многіх пазіцыях скарацілі. Між тым, адным з пунктаў дакумента з’яўляецца будаўніцтва ў нашай вёсцы доўгачаканай новай школы.

– Бацькам вучняў, якія жывуць у Вульцы 2, зрэшты, як і іншым жыхарам нашага раёна, хвалявацца пакуль няварта. Практычна ўсе пункты, якія датычаць Лунінеччыны, у ёй захаваны. Дзе-нідзе толькі перагледжаны тэрмін рэалізацыі. Узвядзенне школы ў Вульцы 2 пачата. Зараз ідуць земляныя работы, закладваецца фундамент, выводзіцца так званы “нулявы цыкл”. Будзем спадзявацца, што як і плануецца, у 2013 годзе новая школа прыме сваіх вучняў.

Тэлефаную з Лунінца. Скажые, ці вырашаны лёс старога бальнічнага гарадка? Ведаючы, якія цяжкасці з забеспячэннем жыллём медыкаў, магчыма, мэтазгодным было б рэканструяваць хаця б адзін з будынкаў у інтэрнат ці маласямейку для маладых спецыялістаў?

– Канчатковага рашэння пакуль няма. Адназначна магу сказаць, што рэканструяваць пад жыллё будынкі старога бальнічнага гарадка не плануецца. Яны будуць выкарыстаны па прамому прызначэнню. У прыватнасці, запланавана размясціць там медыцынскі архіў. Магчыма, давядзецца ў адным з памяшканняў наладжваць стацыянарную работу прызыўной камісіі. Ёсць прапанова перавесці туды дзённы стацыянар, прыкметна павялічыўшы колькасць ложкаў і наладзіўшы работу ў дзве змены. Абмяркоўваюцца іншыя планы. Аднак першапачаткова ў кожным з будынкаў старога бальнічнага гарадка трэба зрабіць касметычны рамонт. Вось з гэтага і пачнем.

У “Лунінецкіх навінах” было паведамленне пра тое, што да 2015 года ў сувязі з малой напаўняльнасцю класаў плануецца закрыць Цнянскую базавую школу. Але сёння ў навучальнай установе ўпэўнена гавораць пра тое, што зроблена гэта будзе нашмат раней. Быццам сёлетні навучальны год – апошні для Цнянскай БШ? І ці праўда, што разам з ёй будуць закрываць Перуноўскую базавую школу?

– Пытанне застаецца пакуль адкрытым. Асабіста я супраць таго, каб закрываць школы, але іншы раз рэчаіснасць ставіць нас перад дылемай. Мяркуйце самі. Сёння ў Перунова навучаецца 28 школьнікаў. У той жа час, працуе ў навучальнай установе 21 чалавек. Летась на ўтрыманне школы зрасходавана 326 мільёнаў рублёў, сёлета гэты паказчык наблізіцца да 430 мільёнаў. Акрамя гэтага, наспела неабходнасць капітальна рамантаваць ацяпленне, мяняць кацёл, які не вытрымаў гідраўлічных выпрабаванняў. Згодны, што гэта не зусім тая сітуацыя, калі трэба лічыць грошы, але ёсць і іншыя пераканаўчыя факты. З-за адсутнасці дзяцей сёлета тут не набралі першы клас. Спецыялісты вывучылі песрпектыву напаўняльнасці класаў высветлілі, што на будучы год першакласнікам стане 1 дзіця, у 2012-ым – 3, столькі ж – у 2013-ым. У наступныя два гады – ніводзін з малышоў не прыйдзе ў першы клас Перуноўскай школы. Прыкладна такая ж сітуацыя і ў Цне. Тут сёння вучыцца 33 дзіцяці, працуе ў школе 26 чалавек. З-за адсутнасці дзяцей няма трэцяга класа. Перспектыва напаўняльнасці таксама не радуе. Сёлета ў верасні першакласнікамі стануць 2 малышы, на наступны годы – 4, столькі ж – у 2013-ым і 2015, трое дзетак прыйдуць у школу ў 2014 годзе.

– У выпадку, калі будзе прынята рашэнне аб закрыцці школ, што будзе з дзеткамі і настаўнікамі?

– Ніводзін з настаўнікаў без работы не застанецца. З Перунова дзяцей школьным аўтобусам можна падвозіць у Рэдзігераўскую школу, са Цны – у Дварэцкую. Паўтараю, што ўлады не маюць намеру прымаць непапулярныя рашэнні. Сітуацыя вывучаецца. Да таго ж, кожны з нас добра памятае мудрасць пра тое, што, калі хочаш знішчыць вёску, – закрый у ёй школу. Але сёння мы нярэдка сутыкаемся з сітуацыяй, калі спачатку пачынае выміраць вёска, і толькі потым даводзіцца ў ёй закрываць школу.

Добры дзень! Тэлефаную, мабыць ад імя многіх пажылых і хворых людзей, якія жывуць у вёсках. Ці нельга работу машын “хуткай дапамогі” наладзіць такім чынам, каб яны дастаўлялі хворага да ўрача ў горад на кансультацыю ці ў стацыянар?

– Калі сітуацыя экстранная, то хворы абавязкова дастаўляецца ў бальніцу машынай “хуткай дапамогі”. Гэта нават не абмяркоўваецца. Іншая справа, калі чалавека накіроўваюць на планавую кансультацыю ці ў стацыянар. Калі гэта адзінокі, нямоглы інвалід, то ўрачы заўсёды пойдуць яму насустрач. Ведаю выпадкі, калі такіх людзей не толькі дастаўлялі ў стацыянар, але і падвозілі машынай “хуткай дапамогі” пасля лячэння дадому. Калі ж у чалавека хвароба не патрабуе экстраннага ўмяшальніцтва ўрачоў, да таго ж, ёсць блізкія родзічы, якія могуць паклапаціцца пра тое, каб даставіць на кансультацыю ці лячэнне, то нічога дрэннага не будзе ў тым, што яны гэта зробяць. Словам, у кожным прыватным выпадку варта падыходзіць індывідуальна. Зразумела, што абавязаць машыны “хуткай дапамогі” працаваць у якасці таксі мы не можам, але і пакідаць чалавека бездапаможным урачы не будуць.

Вас турбуюць з Цны. Чаму на могілках у нашай вёсцы ніяк не зрэжуць 9 старых дрэў?

– Работа гэтая на Цнянскіх могілках практычна завершана. Старыя аварыйныя дрэвы практычна ўсе зрэзаны. Засталіся 9 тых, да якіх немагчыма падагнаць транспарт. Грузне і правальваецца спецыяльная аўтавышка, з дапамогай якой спілоўваюцца дрэвы. Спрабавалі вырашыць пытанне з дапамогай супрацоўнікаў раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, таксама пакуль безвынікова. Там жа праблемы яшчэ і ў тым, каб не закрануць магілы. Будзем думаць, што можна зрабіць.

Кацярына Мікуліч, Кажан-Гарадок. Хачу выказаць сардэчную падзяку старшыні сельвыканкама Дзям’яну Бірыла і работнікам аддзела па надзвычайных сітуацыях на чале з Мікалаем Арашкевічам за своечасовую дапамогу. Звярнулася да іх з просьбай зрэзаць старыя дрэвы. Усё было выканана хутка і бездакорна. Неаднойчы даводзілася звяртацца і ў равыканкам з рознымі праблемамі. Ніводную з іх не пакінулі без увагі.

– Дзякуй і вам за добрыя словы. Яны – цудоўная ўзнагарода за працу.

Падрыхтавала Таццяна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть