Прямая линия
НА ІНШЫХ СПАДЗЯВАЙСЯ, ДЫ І САМ НЕ СТАРАЙСЯ
На пытанні чытачоў «ЛН” адказвае намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Якаўлевіч ЦЯЛЬПУК.
Сямён Навіцкі, Купаўцы. Добры дзень, Аляксандр Якаўлевіч! Звяртаюся да вас ад імя аматараў лёгкага пару. Месяцы тры таму па невядомай прычыне закрылі нашу лазню. А яна вельмі нам патрэбна. Гэта ж не толькі санітарыя, але і здароўе. Мы ўжо не спадзяемся, што лазня будзе працаваць штотыдня і згодны на тое, каб можна было яе наведаць хаця б раз у месяц…
— Вядома ж, лазня ў Купаўцах будзе. Хаця б па той прычыне, што названы населены пункт адносіцца да зоны з перыядычным радыяцыйным кантролем, а сам аб’ект пабудаваны за чарнобыльскія сродкі. Іншая справа, што паслугі лазні для камунальнікаў застаюцца стратнымі. А ў малых населеных пунктах, дзе наведвальнікаў няшмат, яны ніякім чынам не могуць акупіцца. Менавіта таму ідзем на скарачэнне часу работы лазняў. Так робім не толькі ў вёсках, але і ў райцэнтры. Мяркуем, што ў Купаўцах лазня, як вы і прапаноўваеце, Сямён Лявонцьевіч, будзе працаваць адзін раз у месяц. У бліжэйшы час там будуць ухілены непаладкі, якія сталі прычынай закрыцця, і вы здолееце папарыцца.
Не першы раз звяртаюся з праблемай аднаўлення падачы электрычнасці ў гаражны кааператыў «Вялікі”. У мінулы раз абяцалі, што святло паявіцца ў канцы другога квартала гэтага года, але дагэтуль нічога не змянілася.
— Для таго, каб у гаражны кааператыў «Вялікі” была адноўлена падача электрычнасці, патрэбна добрая воля членаў кааператыва і яго новага праўлення. Кожнаму з уладальнікаў гаражоў неабходна ў энергазабяспечваючай арганізацыі ўзяць тэхнічныя ўмовы і дакладна іх выканаць. Так што, ўсё залежыць, перш за ўсё, ад вас, паважаныя спажыўцы-аўтаўладальнікі.
Георгій ШМАТ, Лунінец. Трэба навесці парадак на вуліцы Лінейная. У мінулы раз пасля звароту ў рэдакцыю вуліцы пачысцілі, але зараз яна зноў у непрыглядным стане. Няўжо нельга гэтую работу выконваць рэгулярна і трэба кожны раз звяртацца ў інстанцыі?
— Камунальная служба атрымае адпаведнае даручэнне і вуліцу будуць чысціць рэгулярна.
— Яшчэ адна праблема – сабакі. Адзін з іх пастаянна нападае на людзей, а Лінейная дастаткова ажыўленая вуліца.
— У ЖКГ таксама ёсць адпаведная служба, яе спецыялісты зоймуцца і гэтым. Разам хачу звярнуцца да вас, Георгій Аляксеевіч, як да старшага па дому, з просьбай актывізаваць работу па падтрыманню парадку на дваровай тэрыторыі. Зараз ідзе месячнік добраўпарадкавання, і кожны жыхар павінен паўдзельнічаць у гэтай высакароднай справе, імкнуцца зрабіць яшчэ больш прыгожымі мясціны, дзе жывем. Спадзяемся і на зацікаўлены ўдзел жыхароў вуліцы Лінейная. Як кажуць у народзе, на іншых спадзявайся, ды і сам не паддавайся.
Аляксей Аляшкевіч, Лунінец. Нядаўна мяне ледзь не збіў аўтамабіль на крутым павароце ў канцы вуліцы Гагарына. Там ёсць ліхтар, але ён не гарыць! Не асвятляюцца таксама вуліцы Суворава і Кутузава.
— Сёння мы павінны жыць па сродках. І хоць раскашаваць не даводзіцца, стараемся, каб найбольш ажыўленыя месцы, пешаходныя пераходы былі асветлены. Вуліцы, якія назвалі, будуць дадаткова абследаваны, сітуацыю па магчымасці выправім. Што датычыць ліхтара на павароце ў канцы Гагарына, то ён ужо адрамантаваны. Адначасова павінен заўважыць, што бяспека на дарогах залежыць не толькі ад асвятлення. Трэба быць дастаткова асцярожнымі і вадзіцелям, і пешаходам, асабліва ў цёмны час сутак. Не грэбуйце флікерамі. Можа стацца так, што святлоадбіючы элемент выратуе вам жыццё.
Мяне завуць Марыя Пятроўна. Жыву ў Лунінцы. Хачу звярнуцца з прапановай. Паміж былым малаказаводскім домам па вуліцы Чапаева і ліцэем, калі рухацца ў бок Сельгастэхнікі, ёсць аўтобусны прыпынак. Гады два таму тут заасфальтавалі пляцоўку, ды так і пакінулі. Між тым на прыпынку нярэдка чакаюць аўтобуса пажылыя людзі, якія дабіраюцца дадому пасля службы ў царкве. Як добра было б ім пасядзець на лаўцы. Але яе няма. Як і няма дзе ў час непагадзі схавацца ад дажджу.
— Прымаю вашу заўвагу, Марыя Пятроўна. Лаўка ў бліжэйшы час на аўтобусным прыпынку будзе ўстаноўлена. А на наступны год пастараемся абсталяваць гэтае месца, як належыць, навесам. Крыўдна толькі, што на многіх іншых прыпынках вандалы паздзіралі профільнае пакрыццё, паламалі лаўкі.
— Нават не ведаю, як растлумачыць такія дзікунскія паводзіны. Хачу праз газету звярнуцца да гэтых нявыхаваных прадстаўнікоў маладога пакалення: вы ганьбіце не толькі сябе, але і сваіх бацькоў, настаўнікаў, якія, пэўна ж, не адобрылі б такіх непрыгожых учынкаў. Каму лепш ад таго, што нейкі варвар на прыпынку каля каледжа раскурочыў расклад руху аўтобусаў і цяпер нельга дакладна ўбачыць, калі чакаць транспарт? Ці навучымся шанаваць і берагчы старнні іншых?
— Мабыць, Марыя Пятроўна, трэба аб’яднаць намаганні ў справе папярэджання такіх крыўдных учынкаў. Здароўя вам! Як паведаміў дырэктар КУШВП ЖКГ «Лунінецкая ЖКГ” В.М. Вакульчык, лаўка на пазначаным прыпынку ўстаноўлена.
Раіса Бусловіч, Лунінец. Наш дом размешчаны па вуліцы Смаленская,4. У свой час яго капітальна адрамантавалі, але ўвесь выгляд псуе дзіравая агароджа. У доме – 4 прыватызаваныя кватэры, аднак ніхто з жыхароў не зацікаўлены ў тым, каб абнавіць плот. Ці нельга гэта зрабіць за кошт дзяржавы?
— Кватэры прватызаваныя, а значыць, пра агароджу вам давядзецца клапаціцца самім. Цяпер нескладана знайсці арганізацыю, якая за грошы ў кароткі тэрмін выканае гэтыя работы. Ёсць і іншае выйсце – на еўрапейскі манер пакінуць будынак без звычнага абрамлення ад вуліцы. Вы – гаспадары, вырашайце самі, як лепш.
— Скажыце, а куды звярнуцца, каб памяняць кватэру на меншую?
— Рыэлтарскага агенцтва ў нашым горадзе няма, таму вам варта, перш наперш, даць аб’яву ў газету. Такім чынам паступаюць многія з тых, хто хоча прадаць ці памяняць кватэру. Варыянты знаходзяцца.
Вольга Шэвялёва, Лунінец. Не так даўно каля дома 106 па вуліцы Чырвоная праводзілі рамонт інжынерных сетак. Паклалі новыя трубы, засыпалі, але каля дзіцячага сада №12 зямля прасела, і ўтварыліся тры вялікія яміны. Колькі ні звярталіся ў камунальную службу, ніякага рэагавання. Ды толькі так і да бяды нядоўга. Няўжа варта яе чакаць?
— Дзякуй, Вольга Уладзіміраўна за падказку. Камунальная служба ўжо атрымала адпаведнае даручэнне. Парадак будзе неадкладна наведзены.
Аляксандр Якаўлевіч, вас турбуюць з Луніна. Стаю ў чарзе на атрыманне сацыяльнага жылля. Ведаю, што зараз здаецца новы дом, дзе 10 кватэр выдзяляюцца пад такія патрэбы. Ці траплю я ў лік навасёлаў?
— Дакладны адказ можаце атрымаць па тэлефоне 2-24-65 у начальніка аддзела Сяргея Антонавіча Аляшкевіча.
Марыя Каховіч, Алена Молчан, Лунінец. Нашы кватэры знаходзяцца ў дамах №№ 117 і 117а. Штовечара тут у 23 гадзіны знікае гарачая вада, а ў 4 гадзіны раніцы, калі большасць людзей яшчэ спяць, паяўляецца. Ці нельга рабіць гэта на гадзіну пазней?
— У нашым горадзе, як і па краіне ў цэлым, гарачая вада адключаецца на ноч – з 24.00 да 6.00. Такі графік лічыцца найбольш зручным і эфектыўным. Чаму ў вашых дамах вада знікае раней пазначанага тэрміну, належыць разабрацца. Магчыма, адбыўся збой аўтаматыкі, якая адказвае за рэгуляванне падачы гарачай вады. Калі гэта так, то сітуацыя будзе неадкладна выпраўлена.
Матэрыял падрыхтавала Таццяна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ.