Прямая линия
ПЕРАКРЫЖАВЕННЕ ЖЫЦЦЁВЫХ ПРАБЛЕМ
акрэсліла чарговая “Прамая лінія”, праведзеная ў рэдакцыі “ЛН”. На пытанні чытачоў адказваў намеснік старшыні райвыканкама Віктар РАФАЛОВІЧ.
Добры дзень, Віктар Анатольевіч. Вас турбуе Марыя Заверач, настаўніца, якую
пасля закрыцця Перуноўскай школы перасялілі ў Дрэбск. Скажыце, ці належыць мне кампенсацыя за гаспадарчыя пабудовы, якія за ўласныя сродкі ўзводзіла каля былой кватэры ў Перунова?
– Кватэра была службовай. Праваўстанаўліваючых дакументаў на пабудовы няма, значыць, ніякая кампенсацыя вам не прадугле-джана.
– Тады дапамажыце займець каля новага жылля хоць які-небудзь хлеўчык для захоўвання гаспадарчага інвентару.
– Спецыялісты аддзела адукацыі выедуць на месца і паглядзяць, чым можна дапамагчы.
Як паведаміла начальнік аддзела адукацыі В.І. Верас, у тэрмін да 5 чэрвеня 2012 года будзе абсталявана памяшканне, каб М.К. Заверач магла захоўваць гаспадарчы інвентар.
Георгій Шмат, Лунінец. У пачатку мая на нашай вуліцы Лінейная быў зроблены ямкавы рамонт, але якасць яго не вытрымлівае ніякай крытыкі.
– Георгій Аляксеевіч, у мяне крышку іншая сфера адказнасці, але дадзім даручэнне, каб аб’ёмы і якасць выканання работ там праверылі.
– Яшчэ пытанне. Паблізу ад вуліцы Лінейная на вуліцу Калініна ёсць пешаходны пераход праз чыгунку. Ён паламаны, нядоўга і пакалечыцца.
– Спецыялісты дыстанцыі пуці да канца мая гэтага года пераход адрамантуюць.
– Віктар Анатольевіч, ці нельга прасачыць, як фіксуюцца заяўкі ад жыхароў у дыспетчарскай камунальнай службы? Часта здараецца, што заяўкі не выконваюцца, а тлумачэнне адно: вы да нас не звярталіся.
– Георгій Аляксеевіч, дзякуй за падказку, абавязкова звернем увагу на работу дыспетчараў службы “115”. Там будзе наведзены парадак.
Мікалай Лемяшэўскі, Вулька 1. У доме не працуе радыё, а нам, адзінокім пенсіянерам, без яго ніяк. Звяртаўся ў вузел электрасувязі, але спецыялісты адтуль не спяшаюцца дапамагчы.
– Мікалай Пятровіч, радыё-кропка ў вашым доме бу-дзе працаваць у самы бліжэйшы час.
Як паведаміў начальнік РВЭС І.А. Шурпік, радыё-кропка ў доме М.П. Лемяшэўскага па вул. Кастрычніц-кая, 162 у в. Вулька 1 працуе.
Мікалай Філонаў, Лунінец. Чаму ніяк не могуць навесці парадак на нашым завулку Бальнічны?
– Усе неабходныя работы па падсыпцы і грэйдзіраванню завулка перыядычна выконваюцца. Зараз ён у нармальным стане. Вядома, у ідэале ўсе такія вуліцы трэба было б заасфальтаваць, але зрабіць гэта пакуль не хапае сродкаў. Магу толькі запэўніць, што і надалей камунальная служба будзе сачыць за станам названага і іншых завулкаў і вуліц з пясчана-гравійным пакрыццём.
Кацярына Самчук, Лунінец. Выхоўваю дзіця-інваліда. Часта гуляем каля Лядовай арэны і ўзводзімага плавальнага басейна. Прыгожы будынак, але чамусьці мы нідзе не ўбачылі пандусаў для заезду інвалідаў. Ці будуць яны ў плавальным басейне? (з такім жа пытаннем звярнулася яшчэ адна жыхарка райцэнтра – Т.В.).
– Разумею ваша хваляванне і ўпэўнены, што пандусы ў такіх установах павінны быць абавязкова.
Дырэктар КУП “Лунінецкае раённае ўпраўленне капітальнага будаўніцтва” В.А. Бялко растлумачыў, што пытанне абсталявання пандусаў у будынку плавальнага басейна знаходзіцца ў стадыі распрацоўкі.
– Яшчэ пытанне да вас, Віктар Анатольевіч. Каля нашага дома 179/2 па вуліцы Чырвоная пасля дажджу на пешаходнай дарожцы заўсёды вялікая лужына, якая дастаўляе шмат нязручнасцей жыхарам. Хутчэй за ўсё, у гэтым месцы прасела глеба. Камунальная служба адмаўляецца нам дапамагчы.
– Дом, Кацярына Сяргееўна, кааператыўны і не знаходзіцца на балансе ЖКГ, а таму ўсе падобныя пытанні вырашае кіраўніцтва ЖБК. Яны ведаюць алгарытм дзеянняў і змогуць разабрацца з праблемай.
Ніна Іванаўна, пасёлак Сельгастэхніка. Да нядаўняга часу ў нас быў аптэчны кіёск, дзе мы набывалі лекі першай неабходнасці. Аднак яго закрылі. Хачу даведацца, па якой прычыне гэта зроблена і ці хутка будзе ў нас аптэка?
– Наколькі ведаю, “Лунінецкія навіны” ўжо давалі тлумачэнне па гэтай праблеме. Нагадаю яшчэ раз. Да нядаўняга часу Баранавіцкае аддзяленне чыгункі арандавала памяшканне пад аптэку ў прыватным доме жыхара Сельгастэхнікі І.І. Рудовіча. Закрыта аптэка па прычыне неадпавядання памяшкання патрабаванням ліцэнзійных умоў. Зараз заключаны дагавор на арэнду памяшкання пад аптэку пятай катэгорыі з ААТ “Лунінецкі райаграсервіс”. Тут ужо зроблены рамонт, заказана новае абсталяванне. Адкрыццё аптэкі запланавана на ліпень 2012 года.
Тэлефаную ад імя чытачоў “Лунінецкіх навін”. Чаму газета перастала друкаваць кінаафішу, што было вельмі зручным для наведвальнікаў кінатэатра “Кастрычнік”?
– Мы разбяромся з гэтым пытаннем.
Як паведаміла дырэктар установы К.П. Сумар, уся бяда ў недахопе сродкаў. КУП “Лунінецкая раённая кінавідэасетка” адчувае фінансавыя цяжкасці і вымушана эканоміць, у тым ліку і на рэкламе.
Ад рэдакцыі. Эканоміць КУП “Лунінецкая раённая кінавідэасетка” не толькі на рэкламе, але і на магчымасці жыхароў раёна планаваць свой адпачынак. Улічваючы тое, што месцаў для, так бы мовіць, інтэлектуальнага правядзення часу ў горадзе не так і шмат, праблема набывае зразумелую актуальнасць з наступленнем летніх канікул у навучальных установах. Да таго ж, прапанова чытаць “аб’явы на слупах” у ХХІ стагоддзі выглядае не інакш, як здзек.
Тэлефаную з Мікашэвіч і вельмі спадзяюся, што вы дапаможаце атрымаць слушнае тлумачэнне. Майго суседа даглядае яго пазашлюбны сын. Дакументальна бацькоўства не пацверджана, але адносіны ў іх добрыя. У знак удзячнасці стары завяшчаў маладзейшаму дом. Аднак ёсць пагроза, што завяшчанне можа быць абскарджана: у суседа ёсць родны брат і пляменнікі. Ці магчыма, што дом у выпадку смерці суседа адыдзе ім?
– У такіх справах лепш звярнуцца да натарыуса, што і зробім.
Як растлумачыла загадчык дзяржаўнай натарыяльнай канторы раёна Л.Р. Сцепанюк, згодна з п.1 арт. 1064 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь, абавязковую долю ў спадчыне маюць непаўналетнія ці непрацаздольныя дзеці спадчынадаўцы, а таксама яго непрацаздольныя муж ці жонка і бацькі. Яны, незалежна ад завяшчання, маюць права на не менш як палову долі, якая належала б ім па закону. Як бачыце, брат і пляменнікі ў гэты пералік не ўваходзяць, а значыць, абскардзіць завяшчанне не змогуць.
Вольга Грыцкевіч, Лунінец. Выхоўваю дзіця-інваліда. Урач назначыў яму жамчужныя ванны. Выдатна, што зараз гэтую паслугу аказваюць на базе нашай новай раённай бальніцы. Хачу даведацца, ці можам гэтую працэдуру атрымліваць бясплатна? Грошы не такія і вялікія, але, зразумейце, наняць машыну і тых, хто дапаможа дзіця данесці да водалячэбніцы, таксама патрабуе выдаткаў…
– Зразумеў ваша пытанне. Адрасуем яго спецыялістам цэнтральнай раённай бальніцы.
Як паведаміў галоўны ўрач УАЗ “Лунінецкая цэнтральная раённая бальніца” М.П. Кочык, усе пытанні, звязаныя з лячэннем дзіцяці-інваліда вырашае ўрач індывідуальна з улікам усіх паказанняў і супрацьпаказанняў. І тут вызначальную ролю адыгрывае дыягназ, а не ступень інваліднасці. Што датычыць платы, то яна і насамрэч пакуль не такая і значная – 10200 рублёў за працэдуру. Да таго ж, водалячэбніца абсталявана за пазабюджэтныя сродкі і першапачаткова арыентавана на аказанне платных медыцынскіх паслуг.
Добры дзень, Віктар Анатольевіч! Ці нельга даведацца, калі адрамантуюць дарогу, што вядзе ад аўтамабільнага моста ст. Сітніца да цэнтра в. Града?
– Частковы рамонт асфальтабетоннага пакрыцця названага ўчастка дарогі ўжо выкананы. Завяршыць яго плануецца ў пачатку чэрвеня 2012 года.
– Дзякуй!
Падрыхтавала Таццяна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ.