Прямая линия

“ПІЛАТАЖ” – НА ПЛОШЧЫ І ЦЕМРА – У ВЁСКАХ

На пытанні чытачоў “ЛН” адказвае начальнік раённага аддзела ўнутраных спраў Уладзімір Уладзіміравіч РЫБАК.

З Мікашэвіч турбуюць вас, Уладзімір Уладзіміравіч. Не ведаю, да каго звяртацца і што рабіць. З мужам шлюб не скасаваны, жывем у адным доме. Жывем – умоўна сказаць. Ён злоўжывае спіртным, часта ідзе з дому і вяртаецца толькі для таго, каб наздзекавацца з мяне, пабіць, абразіць. Іншы раз прыходзіць, калі мяне няма дома. Пасля гэтага з кватэры знікаюць рэчы. Учора прыходзіў і забраў практычна ўсе прадукты з халадзільніка. Звярталася ў міліцыю. Мужа накіравалі на лячэнне ў Пінскі наркадыспансер. Але праз 10 дзён выпісалі. І цяпер здзекі сталі яшчэ больш жорсткімі. Апошні раз заяву ў міліцыю пісала 5 верасня гэтага года. Пакуль ніякіх мер да яго не прынялі.

– Зараз да вас прыедзе супрацоўнік мясцовага аддзялення міліцыі. Напішыце заяву аб учарашнім крадзяжы і адначасова яшчэ адну – з просьбай змясціць мужа ў лячэбна-працоўны прафілакторый. З вашых слоў бачна, што падставы для гэтага ёсць. Суд разгледзіць заяву і прыме справядлівае рашэнне. Дарэчы, сёлета ў ЛПП ўжо адпраўлена 14 аматараў спіртнога. Да канца года, думаю, туды накіруем яшчэ чалавек 10. Гэта прыкладна ўдвая больш, чым летась. Справядлівасці дзеля варта заўважыць, што лячэбная функцыя такіх устаноў эфектыўная далёка не для ўсіх наведвальнікаў, але ж ізаляцыя на паўтара года ад сям’і такасама мае сэнс. Асабліва ў выпадках падобных вашаму.

Добры дзень, Уладзімір Уладзіміравіч. Звяртаўся да вас на асабісты прыём, але пакуль зрухаў у маёй справе не назіраю. Сужыцель жонкі, з якой скасавалі шлюб, па-ранейшаму стараецца сапсаваць мне жыццё, робячы дробныя паскудствы.

– Памятаю вашу справу. Зараз праводзіцца праверка па вашай заяве і афіцыйны адказ абавязкова атрымаеце. І ўсё ж хачу параіць афіцыйна падзяліць маёмасць, у тым ліку і дом, паставіць агароджу, займець уласныя месцы агульнага карыстання. Тады і праблем будзе менш.

З Лунінца вас турбуюць. Скажыце, калі ласка, які зыход нашумеўшай справы ў дачыненні да аднаго з чыноўнікаў райвыканкама? І ці шмат сёлета было спраў карупцыйнай накіраванасці?

– Справа ў дачыненні да былога першага намесніка старшыні райвыканкама разгледжана ў судовым пасяджэнні. Вынесены абвінаваўчы прыгавор. Зараз у вышэйстаячую інстанцыю накіравана касацыйная скарга. Варта пачакаць вынікаў яе разгляду. Што датычыць агульнай колькасці спраў карупцыйнай накіраванасці, то сёлета такіх 3. Быў яшчэ шэраг матэрыялаў, дзе можна было б угледзець састаў злачынства, але яны спынены па той прычыне, што нанесены ўрон поўнасцю вернуты. Адначасова вінаватым давялося заплаціць немалыя штрафныя санкцыі.

Тамара Раманчук, Лунінец. Апошнім часам прыціх пошук прапаўшых дзетак са Цны. Справа прыпынена?

– Абсалютна не. Пошукавыя работы працягваюцца. Адпрацаваны ўсе магчымыя версіі знікнення дзяцей, у тым ліку і версія крадзяжу. Зроблены адпаведныя запыты ў суседнія краіны, праведзены следчая работа з цыганскай дыяспарай. Яе вынікі дазволілі выключыць гэты накірунак. Адначасова праведзена каласальная работа з работнікамі пагранпераходаў, вывучана вялікая колькасць відэаматэрыялаў з пунктаў пропуску. Можна пэўна сцвярджаць, што незаўважанымі дзяцей правезці праз мяжу практычна немагчыма. Усё больш настойліва схіляемся да таго, што хлопчыкі патанулі ў рацэ Цна. Летам запрашалі лепшых вадалазаў з усёй краіны, але праведзеныя пошукавыя работы вынікаў, на жаль, не далі: вялікая захламленасць і глеістасць русла ракі не дазволілі плённа яго абследаваць. Падобны выпадак адбыўся ў Віцебскай вобласці. Там аднаго з хлапчукоў вадалаз знайшоў проста выпадкова, нагой зачапіўшы за лямку школьнага ранца. Менавіта такім чынам і ўдалося выцягнуць цела з глею. Відавочна, нешта падобнае можна чакаць і ў нашым выпадку.

На мінулым тыдні , праязджаючы па дарозе ад Мікашэвіч да Лунінца, у ноч з 9 на 10 верасня сталі міжвольнымі сведкамі наступстваў ДТЗ непадалёк ад Сінкевіч. На дарозе ляжаў непрытомны мужчына, а побач стаялі два аўтамабілі. Што з гэтым чалавекам? І ці шмат сёлета на нашых дарогах ДТЗ з цяжкімі наступствамі?

– На жаль, мужчына, ураджэнец суседняга Жыткавіцкага раёна, загінуў пад коламі аўтамабіля. Усе нюансы здарэння выстветліць следства. Аднак даводзіцца канстатаваць, што гэта – восьмы загінуўшы ў ДТЗ на тэрыторыі нашага раёна. Лічба ўдвая большая за леташнюю. Пэўны час на дарогах было зацішша, але напрыканцы паўгоддзя захліснула хваля аварый з цяжкімі наступствамі. Прычым два з іх учынілі п’яныя вадзіцелі. Асабліва неспакойным выдаўся жнівень. Пагоршылі статыстыку скутэрысты: адно здарэнне з іх удзелам закончылася гібеллю чалавека, у выніку другога – вадзіцель скутэра атрымаў цяжкія цялесныя пакалечанні. Свядома акцэнтую ўвагу на тым, што сёння аматары язды на скутэрах лічацца менавіта вадзіцелямі і ў выпадку парушэння Правілаў дарожнага руху адказваюць па такіх жа артыкулах заканадаўства. Больш таго, сёння для таго, каб пракаціцца за рулём мапеда трэба вадзіцельскае пасведчанне, а яно прадугледжвае абавязковае і дасканалае веданне ПДД. Пэўная растлумачальная работа праводзілася інспектарамі ДАІ ў ходзе рэгістрацыі двухколых транспартных сродкаў. Думаю, яна таксама дасць плён. Пакуль жа заклікаю ўсіх удзельнікаў дарожнага руху быць акуратнымі і абачлівымі. Здарэні, падобныя сінкевіцкаму, непатрэбны нікому.

Уладзімір Уладзіміравіч, як думаеце, ці ўплывае на колькасць злачынстваў адсутнасць асвятлення на вуліцах вёсак раёна?

– Ускосна, вядома ж, уплывае.

– Тады што робіцца супрацоўнікамі РАУС, каб выправіць сітуацыю?

– Наладзіць асвятленне мы не можам, гэтым займаюцца спецыялізаваныя арганізацыі. Але перыядычна праводзім абследаванне вясковых вуліц, выяўляем найбольш праблемныя і выносім прадстаўленне ў райвыканкам. Абавязкова сочым за тым, каб было належнае рэагаванне, асабліва з боку арганізацый, якія адказваюць за стан вулічных ліхтароў. У бліжэйшы час правядзем чарговае абследаванне асвятлення вёсак Лунінеччыны. Аб выяўленых агрэхах паведамім раённым уладам. Будзем спадзявацца, што недахопы будуць выпраўлены. Тым больш, што наступае найбольш цёмны час года – восень.

Алена Вярэніч, Лунінец. Жыву на Залессі. Доўгі час на перакрыжаванні вуліц Гомельская і Лясная знак “Уступі дарогу” быў вывернуты ў адваротны бок. Відаць, нейкі зламыснік “пажартаваў”. Хто павінен сачыць за станам дарожных знакаў?

– Ёсць спецыялізаваная дарожна-эксплуатацыйная служба, якая займаецца вырабам, рамонтам і ўстаноўкай знакаў. За станам іх сочаць работнікі камунальнай службы, ДЭУ-101 і, вядома ж, дзяржаўтаінспектары. У выпадку выяўлення тых ці іншых агрэхаў прымаюцца ўсе меры для іх выпраўлення. Шкада, што ў выпадку, пра які расказалі, доўгі час ніхто не заўважаў памылкі. Верагодна, і самім жыхарам трэба быць больш настойлівымі і пры выяўленні падобных парушэнняў тэлефанаваць у вышэй пазначаныя службы.

– Тады яшчэ пытанне. На плошчы імя Леніна ў Лунінцы на стаянцы для аўтамабіляў штовечар можна назіраць сапраўдны парад дарагіх аўто. Шумныя кампаніі там нярэдка прама на капоце распіваюць спіртныя напіткі, лаюцца. Назіраць усё гэта прыкра. Няўжа падобнага не заўважаюць праваахоўнікі?

– За распіццё спіртных напіткаў у грамадскіх месцах прадугледжана дастаткова строгае пакаранне, і яно прымяняецца вельмі актыўна. У непасрэднай блізкасці ад плошчы Леніна пралягае маршрут патрульна-паставой службы. Яе супрацоўнікі атрымаюць даручэнне больш пільна паназіраць за паводзінамі моладзі ў вячэрні час каля фантана.

– Тады адначасова няхай звернуць увагу і на тых, хто на матацыклах, а то і на аўтамабілях выпісвае фігуры “вышэйшага пілатажу” на самой плошчы. Там дагэтуль бачны чорныя сляды ад колаў. Між тым, знака, які б забараняў выезд на плошчу няма. Тумбы з кветкамі для такіх ліхачоў не вялікая перашкода. Колькі часу таму з боку вуліцы Чырвоная стаяў такі знак, але аднойчы яго чамусьці знялі. Лічу, што варта было б аднавіць забарону для ліхачоў.

– Прымаем вашу прапанову і выйдзем са сваёй на адпаведныя службы.

Сын пасля вучобы служыць у арміі, неўзабаве вернецца дадому. Работу знайсці зараз не так і проста. Магчыма, у міліцыі ёсць вакантныя месцы? Як трапіць у РАУС на службу?

– На сённяшні дзень у аддзеле ёсць вакансіі на пасадах малодшага і сярэдняга начальніцкага саставу. Чакаем участковых упаўнаважаных, інспектараў ІСН і ДАІ, дазнавацеля, аператыўнага работніка… На пасады малодшага начальніцкага саставу запрашаем юнакоў ва ўзросце да 25 год, маючых сярэднюю, прафесіянальна-тэхнічную ці сярэднюю спецыяльную адукацыю і прайшоўшых тэрміновую ваенную службу. На пасады сярэдняга начальніцкага саставу узроставае абмежаванне – 30 год. Больш строгія патрабаванні і да адукацыі. Яна павінна быць сярэдняй спецыяльнай (юрыдычнай) ці вышэйшай. Не абавязкова служба ва Ўзброеных Сілах, хаця ахвотна бяром на работу афіцэраў запасу. Дастатакова жорсткі адбор па стану здароўя. Трэба, каб яно было не проста добрае – выдатнае. Зразумела, што чалавек павінен не мець нараканняў маральнага плану, псіхалагічна адпавядаць няпростай рабоце праваахоўніка. У нас, на жаль, нямала выпадкаў, калі юнакі, прымераўшы на сябе мундзір, пазней проста не вытрымліваюць цяжкасцей міліцэйскай работы. Пра такіх не шкадуем. Тым больш, што ў аддзеле нямала прыкладаў па-сапраўднаму адданага служэння грамадству і Радзіме. Іх паказваюць участковыя ўпаўнаважаныя Мікалай Грыцкевіч і Віктар Курак. Шмат год працуе ў крымінальным вышуку Іван Гаргун. Радуюць маладыя спецыялісты, сярод якіх ёсць і дзяўчаты. Пасля міліцэйскай акадэміі атрымала накіраванне ў крымінальны вышук РАУС Таццяна Лічэўская, узор прафесіяналізму паказвае дазнавацель Ганна Санковіч – дачка загінуўшага пры выкананні службовых абавязкаў ўчастковага Мікалая Гарадзецкага. Так што, калі ваш сын вырашыў прысвяціць сябе міліцэйскай рабоце, прыклад будзе з каго браць. Звяртайцеся ў наш аддзел кадраў, дзе атрымаеце ўсю дакладную інфармацыю.

Матэрыял падрыхтавала Таццяна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть