Прямая линия
ПРА ЎСЁ – ДАКЛАДНА І ШЧЫРА
На пытанні чытачоў «ЛН” адказвае намеснік старшыні райвыканкама Віктар Анатольевіч РАФАЛОВІЧ.
Фёдар Вайцяхоўскі, Кажан-Гарадок. Больш як 40 год адпрацаваў спачатку ў мясцовым калгасе, потым – у СВК «Гарадоцкі”. Апошнія 10 год быў малаказборшчыкам. Летась у ліпені ў сувязі з тым, што збіраць малако даручылі прадпрымальніку, пасаду скарацілі. Адначасова выключылі з членаў кааператыва. А я хачу аднавіць статус калгаснага пенсіянера, каб карыстацца зразумелымі льготамі пры выдзяленні сотак, сена, саломы, збожжа…
— Паспрабуем разабрацца, Фёдар Данілавіч у вашай справе.
Як паведаміла начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне І.М. Семянчэнка, Ф.Д. Вайцяхоўскі атрымлівае пенсію па ўзросту з улікам індывідуальнага каэфіцыента заробку 0,44596 і стажа работы 40 год 2 месяцы 22 дні ў былым калгасе «Маяк камунізму” (зараз – СВК «Гарадоцкі”). Згодна з працоўнай кніжкай, з 2001 па 2010 год ён працаваў малаказборшчыкам. З 11 ліпеня 2010 года звольнены ў сувязі са скарачэннем штату работнікаў. Як і іншым малаказборшчыкам, у гаспадарцы яму адразу ж прапанавалі работу ў паляводстве ці жывёлагадоўлі. Ад прапановы Ф.Д. Вайцяхоўскі адмовіўся і з 6 верасня 2010 года па 3 красавіка 2011-га ў адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 6.09.2006 г. № 1149 атрымліваў дапамогу па догляду за састарэлай 80-гадовай Н.Д. Даўгулевіч. У сувязі з тым, што з 10.06.2010 г. Ф.Д. Вайцяхоўскага звольнілі з СВК і выключылі з членаў кааператыва, на дату прызначэння пенсіі ён у сельгаскааператыве не працаваў і не быў яго членам, льготы, прадугледжаныя калектыўным дагаворам СВК «Гарадоцкі” для пенсіянераў кааператыва, на яго не распаўсюджваюцца.
(Фармальна ў выпадку з Ф.Д. Вайцяхоўскім усё правільна. Працаўнік выйшаў на заслужаны адпачынак, не з’яўляючыся членам сельгаскааператыву. Але ж перыяд гэты заняў усяго паўгода. І як быць з тымі чатырма дзесяткамі год, што аддадзены гаспадарцы? Магчыма, у дадзеным канкрэтным выпадку праўленне СВК «Гарадоцкі” перагледзіць строгі вердыкт і верне чалавеку заробленыя льготы? – Т.В.).
Вера Ярмольчык, Багданаўка. Раней працавала ў жывёлагадоўлі ў мясцовай гаспадарцы. Але потым у сувязі з хваробай (грып даў ускладненне ў выглядзе бранхіяльнай асмы) вымушана была звольніцца. Інваліднасці няма. У адраснай дапамозе адмовілі. Як жыць?
— Давайце трошкі падрабязней , Вера Васільеўна. Групу інваліднасці прызначае ўрачэбная кваліфікацыйная камісія толькі на падставе абгрунтаванага медыцынскага абследавання і заключэння.
— Я зараз еду па гэтаму пытанню ў Брэст. Магчыма, нешта праясніцца.
— Што датычыць адраснай дапамогі, то калі вам у ёй адмовілі, павінны былі таксама дакладна гэта абгрунтаваць. Зробім дадатковы запыт і высветлім, у чым справа.
— І яшчэ. Мяне пагражаюць выселіць са службовага жылля, бо належыць яно сельгаскааператыву, а я там не працую. Няўжо давядзецца ісці на вуліцу?
— Па закону – так. Але падумаем, як можна вам дапамагчы.
Ва ўпраўленні па працы занятасці і сацыяльнай абароне паведамілі, што ў студзені 2003 года В.В. Ярмольчык зарэгістравалася ў якасці беспрацоўнай. У 2005-ым атрымала субсідыю на арганізацыю прадпрымальніцкай дзейнасці і была знята з уліку. У 2010-ым паўторна зарэгістравалася ў якасці беспрацоўнай. Займацца прадпрымальніцтвам адмовілася, як і атрымаць іншую прафесію. У назначэнні дапамогі па беспрацоўю ёй было адмоўлена, бо з апошняга месца работы, дзе, дарэчы быў заключаны бестэрміновы працоўны дагавор, звольнілася па ўласным жаданні. Пазней жанчына брала ўдзел у грамадскіх работах, і дапамога па беспрацоўю ёй была прызначана. Адначасова В.В. Ярмольчык атрымала матэрыяльную дапамогу ў памеры 6 базавых велічынь.
У 2011 годзе Вера Васільеўна згадзілася працаваць, але толькі па месцы жыхарства. Аднак ад прапанаванай вакансіі «нарыхтоўшчык прадуктаў і сыравіны” ў в. Багданаўка , а таксама ад варыянта працаўладкавання сацыяльным работнікам адмовілася. У банку вакансій падыходзячую для сябе таксама не падабрала.
Крыху пазней ёй прапанавалі пастаянную работу ў якасці прыбіральшчыцы ў НВК «Палессе” і на дзяржаўным прадпрыемстве «Лунінецкае ПМС”. Гэта яе таксама не задаволіла. За адмову ад прапанаваных варыянтаў В.В. Ярмольчык у красавіку 2011 г. была знята з уліку і зарэгістравана ў якасці звярнуўшайся за садзейнічаннем у працаўладкаванні.
Што датычыць адраснай сацыяльнай дапамогі, то прааналізаваўшы матэрыяльнае і маёмаснае становішча В.В. Ярмольчык, камісія прыйшла да вываду, што жанчына не прымае актыўных дзеянняў для паляпшэння свайго становішча. Знаходзячыся ў працаздольным узросце, не выкарыстоўвае зямельны ўчастак для вядзення асабістай гаспадаркі, звольнілася па ўласнаму жаданню і па сённяшні дзень нідзе не працуе. У такіх выпадках заканадаўствам забаронена назначаць алрасную сацыяльную дапамогу.
Адначасова атрымалі адказ і ад старшыні праўлення СВК «Багданаўка” С.К. Мелюха, які пацвердзіў, што дом у Багданаўцы па адрасе вуліца Садовая,3 знаходзіцца на балансе сельгаскааператыва. В.В. Ярмольчык атрымала яго, калі працавала ў гаспадарцы. Паколькі з работы яна звольнілася па ўласным жаданні, то праўленне вымушана ставіць пытанне аб вызваленні службовага жылля. Магчыма, праблема не была б такой вострай, калі б Вера Васільеўна своечасова плаціла за карыстанне жыллём і камунальныя выгоды. Яна ж ігнаравала плацяжы нават тады, калі становішча не было такім бядотным. Накопленая вялікая запазычанасць з’яўляецца яшчэ адной падставай для таго, каб пачаць справу аб высяленні.
Добры дзень, Віктра Анатольевіч! Тэлефаную ад імя пенсіянераў вёскі Сінкевічы. Калі нарэшце ў нас уключаць на вуліцах святло?
— Старшыня сельвыканкама Галіна Васільеўна Стахаевіч запэўніла, што вулічныя ліхтары ў Сінкевічах будуць уключаны 1 кастрычніка 2011 года.
— Дзякуй!
Марына Бусько, Лунінец. Гадую дваіх дзетак, адно з якіх – інвалід. Ведаю, што нам штогод належыць пуцёўка на аздараўленне. Ці нельга ў выпадку яе невыкарыстання атрымаць кампенсацыю?
— Калі ўрачы пацвярджаюць, што вашаму дзіцяці можна выязджаць на аздараўленне, лепш усё-такі выкарыстаць гэтую магчымасць. Бясплатныя пуцёўкі дзеткам-інвалідам даюцца па меры прадастаўлення ўсіх неабходных дакументаў у аддзел па санаторна-курортнаму лячэнню. А вось што датычыць кампенсацыі, то вымушаны вас расчараваць: такія выплаты зараз не прадугледжаны.
(М.В. Бусько звярнулася на «Прамую лінію” і з пытаннем аб выдзяленні яе сям’і льготнага крэдыта на ўзвядзенне кватэры. Праблема патрабуе дадатковага вывучэння. Дэталёвы адказ Марына Валер’еўна атрымае ад дырэктара філіяла №121 ААТ «АСБ «Беларусбанк” А.В. Пукала. Адпаведнае даручэнне кіраўнік атрымаў – Т.В.).
Таццяна Аксёнава, Лунінец. Майму дзіцяці толькі два гады, стаім на чарзе на ўладкаванне ў дзіцячы садок. Але зараз такая праблема з гэтым! Як яна будзе вырашацца ў агляднай перспектыве?
— Думаю, што малыш ваш у садок трапіць. Сёлета адкрыты тры дадатковыя групы ў Лунінецкіх яслях-садах №№ 11 і 12. Паступова выводзяцца з дашкольных устаноў першыя класы. Акрамя гэтага, у будучым запланавана ўзвядзенне ў Лунінцы дзвюх новых дашкольных устаноў.
Аксана Рыхцер, Лунінец. Кажуць, што зараз існуе некалькі варыянтаў Дзяржаўнай праграмы комплекснага развіцця Прыпяцкага Палесся. Асабіста мяне вельмі цікавіць, ці не выключылі з яе прыбудову да СШ №1 у Лунінцы, куды, мяркую, праз пэўны час пойдзе мая дачушка?
— Спяшаюся вас заспакоіць, што ўсе пункты, якія датычаць нашага раёна, у Праграме захаваны. Распачата ўзвядзенне сярэдняй школы ў Вульцы 2, а на прыбудову да СШ №1 у Лунінцы рыхтуецца праектна-каштарысная дакументацыя. Яна практычна ўжо на выхадзе, значыць, неўзабаве пачнуцца работы па яе ўзвядзенню.
Віктар Анатольевіч, турбую вас ад імя бацькоў дзяцей з Кажан-Гарадка. Школа ў нас працуе ў дзве змены, дзеці вяртаюцца позна, а на вуліцах – ніводнага ўключанага ліхтара.
(З аналагічным пытаннем звярнуўся жыхар Дрэбска Уладзімір Грыневіч – Т.В.).
— Зразумеў ваша пытанне. З 1 кастрычніка 2011 года асвятленне на вуліцах вёсак сельсавета будзе ўключана.
Таццяна Сяргееўна, мікрараён Залессе ў Лунінцы. Ходзяць усё больш настойлівыя чуткі, што чыгуначную паліклініку перададуць гораду. Ці захавае яна сваё непасрэднае прызначэнне?
— Канчаткова пакуль гэтае пытанне не вырашана. Аднак, калі будзе прынята такое рашэнне, запэўніваю вас, што чыгуначная паліклініка застанецца толькі медыцынскім аб’ектам.
Іван Драніч, Лунінец. Жыву ў доме 47/1 па вуліцы Чырвоная. На якой падставе нам пасля 24.00 адключаюць падачу гарачай вады? Мы, законапаслухмяныя палацельшчыкі за карыстанне камунальнымі выгодамі, не згодны з гэтым. Тым больш, што пасля такіх адключэнняў з-за перападу тэмпературнага рэжыму не вытрымліваюць трубы, якія потым рамантуюць за наш кошт.
— Гарачая вада, паважаны Іван Нікіфаравіч, падаецца па загадзя зацверджанаму графіку штодня з 6.00 да 24.00 не толькі ў ваш, а і ва ўсе астатнія дамы горада. Звязана гэта з тым, што разбор гарачай вады ў начны час несувымяральны з затратамі на падачу яе ў жылыя дамы. Адпраўной кропкай у гэтым пытанні з’яўляецца менавіта энергазберажэнне. Аналагічная сітуацыя ў іншых райцэнтрах нашай краіны, якая не мае ў дастатковай колькасці ўласных энергарэсурсаў.
Віктар Анатольевіч, ці чыталі артыкул, надрукаваны ў недзяржаўнай газеце, дзе ставіцца пад сумненне правільнасць скасавання кантракту з былым дырэктарам дзіцячай-юнацкай школы алімпійскага рэзерву В.П. Жукоўскім?
— Чытаў. Ён выклікаў у мяне неадназначныя пачуцці. І не толькі таму, што многія факты падманныя ці проста падтасаваны. Мяркуйце самі. В.П. Жукоўскі працаваў дырэктарам ДЮСШ са студзеня 1995 года. Ніхто не аспрэчвае той факт, што ён – адукаваны і кампетэнтны спецыяліст. Пацвярджае гэта і ўручэнне ў 2009 годзе вышэйшай узнагароды раёна – Ганаровай граматы райвыканкама. У той год Валерыю Пятровічу споўнілася 60. Пасля гэтага яшчэ два гады ён узначальваў спартыўную школу. Аднак жыццё не стаіць на месцы. І гэта трэба разумець і прыняць. В.П. Жукоўскага своечасова папярэдзілі аб спыненні дзеяння кантракту. Аднак, улічваючы заслугі, а таксама тое, што на ўтрыманні знаходзяцца двое малалетніх дзяцей, з 1 верасня 2011 года з ім заключаны кантракт, як з трэнерам-выкладчыкам па лёгкай атлетыцы. Зараз у Валерыя Пятровіча – максімальная нагрузка, 36 гадзін (дзве стаўкі). Згодна з гэтым, будзе налічвацца заработная плата, якая па папярэдніх падліках складзе 2.697.900 рублёў, што на 512 тысяч больш, чым у дырэктара спартыўнай школы. І потым, я ўпэўнены, што не трацячы сілы на шматлікія гаспадарчыя клопаты па ўтрыманню школы, таленавіты трэнер зможа поўнасцю аддацца любімай справе – трэніроўцы спартыўна адораных дзетак Лунінеччыны. І выдатная фізічная форма, у якой ён знаходзіцца, будзе тут як нельга дарэчы.
Хацеў уладкаваць у Лунінецкі Дом састарэлых цётку, але яе не ўзялі, маўляў, ёсць дзеці, якія павінны клапаціцца. Але ж яны жывуць у іншым горадзе і рэдка прыязджаюць…
— Вам адмовілі правільна. Дзеці павінны клапаціцца пра сваіх бацькоў, дзе б ні жылі. Да таго ж, Дома сатарэлых у нашым горадзе няма. Што датычыць аддзялення кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўросту і інвалідаў, то прызначана яно для адзінокіх грамадзян, якія дасягнулі пенсійнага ўзросту, а таксама інвалідаў І і ІІ груп. Знаходзяцца ў ім састарэлыя людзі часова – да 6 месяцаў. Штомесяц бярэцца плата ў памеры 80 працэнтаў атрымліваемай пенсіі. Вядома ж, вывучаючы кожную асобную справу, у аддзяленні, перш за ўсё, кіруюцца чалавечым фактарам. Бываюць сітуацыі, калі дзеці, хоць і ёсць, насамрэч не могуць клапаціцца пра сваіх бацькоў, бо, скажам, самі хварэюць, знаходзяцца ў бездапаможным стане ці выяўляецца якая іншая слушная прычына. Тады старых забіраюць у аддзяленне. Але ў большасці выпадкаў усё-такі стараюцца кіравацца патрабаваннямі інструкцый. Тым больш, што месцаў ва ўстанове не так і шмат – 25. І яны ніколі не пустуюць.
(На «Прамую лінію” звярнулася таксама жыхарка в. Дрэбск В.І. Грыневіч. Яе пытанне патрабуе дадатковага вывучэння. Пасля гэтага жанчына атрымае дакладны адказ – Т.В.).
Падрыхтавала Таццяна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ.