Прямая линия
ПРАБЛЕМЫ ВЫРАШАЕМ РАЗАМ
На пытанні чытачоў «ЛН” адказвае старшыня райвыканкама Васіль Міхайлавіч АГІЕВІЧ.
Добры дзень, Васіль Міхайлавіч! Вас турбуе Алена Данілоўская, маці траіх дзяцей з Дрэбска. Сёлета быў падворны абход, і нам вынеслі папярэджанне, што грубку трэба рамантаваць, інакш аштрафуюць. А мы яе тры гады назад толькі зрабілі. Мабыць, гэта – агрэхі пячніка. Выправіць іх у нас проста грошай не хопіць, бо трэба будзе пачынаць усё спачатку. Да таго ж, пераробіш грубку –шпалеры пераклей, падлогу фарбуй па-новаму…
— Камісіяй будзе праведзена абследаванне матэрыяльна-бытавых умоў у вашай сям’і. Калі будзе вынесена заключэнне, што вы маеце патрэбу ў дапамозе, пастараемся дапамагчы.
Як паведаміла намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Т.У. Кіпцэвіч, 4 ліпеня праведзена абследаванне матэрыяльна-бытавых умоў пражывання сям’і А.Ф. Данілоўскай. Выяўлена, што сям’я пражывае ва ўласным цагляным доме 2001 г. пабудовы, жылая плошча – 61 квадратны метр. У доме ёсць уся неабходная бытавая тэхніка і мэбля. Жылое памяшканне ацяпляецца трыма грубкамі, адна з якіх знаходзіцца ў аварыйным стане.
Матэрыяльна-бытавое становішча сям’і добрае. Сям’я поўная. Па словах суседзяў, муж А.Ф. Данілоўскай ездзіць на заробкі. Улічваючы усё вышэй сказанае, камісія вынесла вердыкт, што ўхіліць няспраўнасці пячнога ацяплення сям’я можа ўласнымі сіламі і ў аказанні матэрыяльнай дапамогі для правядзення рамонту грубкі патрэбы не мае.
Звяртаюся ад імя жыхароў шматпакутнай вуліцы Чэхава ў Лунінцы. Дапамажыце з рамонтам!
— Ёсць праектна-каштарысная дакументацыя на капітальны рамонт вуліцы Чэхава. Яна – адна з першых у чарзе на асфальтаванне. Да выканання гэтых работ прыступім пасля таго, як разлічымся за зробленае пасля зімы і завершым добраўпарадкаванне вуліц Калінковіча і Паньковай.
Сяргей Гнедзька, машыніст з 40-гадовым стажам. Мяне, як і многіх чыгуначнікаў, хвалюе лёс ведамаснай паліклінікі. Мы лічым, што закрываць яе ні ў якім разе нельга. Няхай яна працуе, абслугоўвае жыхароў Залесся. Раённая паліклініка перагружана, да ўрача-спецыяліста цяжка трапіць. Усе ведаюць сумны лёс чыгуначнай бальніцы, якая сёння бяздзейнічае, і будынак памалу разбураецца. Нельга дапусціць, каб такая ж доля напаткала паліклініку.
— Міністэрства транспарту і камунікацый звярнулася да нас з просьбай узяць на баланс ведамасную паліклініку, але канчатковае рашэнне не прынята. Пакуль паліклініка падпарадкоўваецца свайму ведамству, і толькі яно можа прымаць рашэнне аб яе закрыцці ці перапрафіляванні.
Мікалай Наварыч, Лунін. Вялікая да вас просьба, Васіль Міхайлавіч. Непадалёк ад нашых дамоў знаходзіцца штучны вадаём, які ўтварыўся пасля таго, як калгас здабываў там сапрапель. Зараз у яго па канаве з балота сцякае вада, якая потым трапляе на нашы прысядзібныя ўчасткі, у падвалы. Мы звярталіся неаднойчы ў сельвыканкам, але там адгаворваюцца. А тут усяго і трэба, што канаву пачысціць, каб яна прапускала ваду.
— Разбяромся, чым можна дапамагчы.
Як паведаміла в.а. старшыні Лунінскага сельвыканкама Л.А. Савіловіч, праблема вывучалася спецыялістамі ўпраўлення райсельгасхарчу. Устаноўлена, што сапраўды ў час ліўневых дажджоў сядзібы на вуліцы Садовая трапляюць у зону падтаплення. На жаль, сёлета выканаць работы па расчыстцы меліярацыйнага канала не ўяўляецца магчымым з-за недахопу фінансавання. Зараз вышукваюцца новыя шляхі вырашэння праблемы, не выключана, што з прыцягненнем сродкаў жыхароў.
— Яшчэ просьба. Вуліца Садовая знаходзіцца ў вельмі дрэнным стане. Ці нельга яе хоць крыху падладзіць, каб людзі ногі не ламалі.
Як паведаміў галоўны інжынер ДРБУ-101 Г.А. Вярэніч, у чэрвені 2011 года вул. Садовая ў Луніне падсыпана сумессю з адсева і шчэбеня. У далейшым яе добраўпарадкаванне будзе магчыма толькі пры наяўнасці фінансавання. Адначасова атрымана абяцанне ўнесці Садовую ў рэзерв на планавае добраўпарадкаванне.
Георгій Шмат, Лунінец. Скажыце, калі ласка, хто будзе падкашваць вуліцу Лінейную уздоўж чыгуначных пуцей?
— Гэтыя работы будзе выконваць ПЧ-19. Ёсць дакладаная дамоўленасць з кіраўніком гэтай арганізацыі.
Тэлефаную вам ад імя даярак МТФ №3 СВК «Азярніца”. У маі ўсё малако з нашай фермы ішло вышэйшым гатункам, толькі пару дзён давалі першагатунковае. А нам заработнай платы налічылі толькі па 400-500 тысяч, хаця павінны былі мець удвая больш. У сярэднім па 30 працэнтаў заробкаў знялі невядома за што. І ніхто нічога толкам не растлумачыў.
— Калі не здолелі растлумачыць у гаспадарцы, гэта зробяць спецыялісты райсельгасхарчу.
Як паведаміў начальнік упраўлення райсельгасхарчу С.Я. Бойка, з 1 мая 2011 года рашэннем №5 праўлення СВК «Азярніца” аплата працы аператараў машыннага даення была пераведзена на новыя расцэнкі летне-пашавага перыяду, якія крыху меншыя за зімовыя. Аднак з дакументам работніц ніхто своечасова не азнаёміў, а заработную плату налічылі па-новаму. Гэта – памылка кіраўніцтва. Менавіта таму за май заработная плата будзе выплачана ў поўным аб’ёме (даплату людзі атрымаюць у ліпені), а пачынаючы з чэрвеня, заробкі будуць налічвацца ў адпаведнасці з расцэнкамі на летне-пашавы перыяд.
Добры дзень, Васіль Міхайлавіч! Турбуюць пенсіянеры з Краснай Волі. Ці нельга арганізаваць выезд да нас у вёску ўрачоў, якія б дапамаглі з пратэзіраваннем зубоў? Раней такое практыкавалі.
— Не ведаю, ці магчыма гэта зараз, але пастараемся высветліць.
Як растлумачыў загадчык стаматалагічнай паліклінікі Я.А. Мурко, раней у распараджэнні лунінецкіх урачоў была перасоўная стаматалагічная амбулаторыя. Спецыяльны аўтобус курсіраваў па вёсках, дзе ўрачы-артапеды аказвалі людзям паслугі па пратэзіраванню зубоў. Такая «стаматпаліклініка на колах” была адзінай у вобласці. На жаль, некалькі год таму яна сапсавалася і спыніла сваё існаванне. З таго часу за артапедычнымі паслугамі жыхарам вёсак трэба ехаць у Лунінец ці Мікашэвічы. Папярэдне варта патэлефанаваць 2-57-52 – у Лунінец і 2-88-45 – у Мікашэвічы.
Уладзімір Дубойскі, Лунінец. Ці будзе паром праз Прыпяць, які злучыць Лунінецкі і Столінскі раёны?
— Зараз заказана праектна-каштарысная дакументацыя на 20-тонны паром. Як толькі паперы будуць гатовы, пачнуцца работы па ўзвядзенню парома.
Іван Нікалаевіч, Любань. Месяц назад заказаў шыфер у мясцовым магазіне райспажыўтаварыства. На той час каштаваў ён па 22 тысячы рублёў ліст. Зараз прывязлі яго, але значна даражэйшы – па 33 тысячы рублёў. І цяпер грошай не хапае. Я не ўзяў, а прадаўцы пакрыўдзіліся.
— Думаю, што цану на шыфер падняў завод-вытворца. У любым выпадку, сітуацыю выстветлім. Паколькі вы з жонкай – пенсіянеры, то напішыце заяву на матэрыяльную дапамогу. Пастараемся дапамагчы.
Як паведаміў старшыня праўлення райспажыўтаварыства М.А. Сумар, заяўку на шыфер І.І. Нікалаевіч зрабіў 11.05.2011 года. На той момант цана на лісты асбеста-цэментныя і сапраўды была 22 000 рублёў. Заказ быў выкананы 11 чэрвеня 2011 года. За гэты час ААТ «Краснасельскбудматэрыялы” на 50 працэнтаў павялічыла адпускную цану на сваю прадукцыю. Віны райспажыўтаварыства ў гэтай сітуацыі няма, бо ўсе рознічныя цэны фарміруюцца адпаведна з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.
Тэлефаную ад імя пенсіянераў вёскі Бастынь. Звярніце ўвагу на наша старэчае жыццё вось з якой нагоды. Ёсць у нас у вёсцы аптэка, але нядаўна аптэкарка пайшла ў водпуск. Я пра гэта не ведала, паўтара кіламетра тэпала за лякарствамі, аднак замест іх прачытала аб’яву, што медустанова закрыта да 12 ліпеня, а бліжэйшая знаходзіцца ў Лунінцы. У Лунінец многім з нас не дабрацца па прычыне ўзросту. Хіба нельга знайсці каго на замену ці наладзіць продаж самых запатрабаваных лякарстваў у амбулаторыі? Да таго ж загадчыца аптэкі – пенсіянерка. Няўжа няма маладых спецыялістаў на гэтую пасаду?
Як паведаміла загадачыца Лунінецкай цэнтральнай раённай аптэкі №68 Г.А. Рацык, аптэка ў в. Бастынь мае трэцюю катэгорыю. Згодна са штатнымі нарматывамі, тут прадугледжаны адзін спецыяліст з фармацэўтычнай адукацыяй – загадчык аптэкі. У адпаведнасці з працоўным заканадаўствам, ёй прадастаўлена 14 дзён чарговага працоўнага водпуску, у сувязі з чым да 12 ліпеня аптэка закрыта. У гэты перыяд жыхары Бастыні могуць набыць лякарствы на бліжэйшых ФАПах і ў амбулаторыях (в. Люшча, Велута, Дзятлавічы і ст. Дзятлавічы), а таксама ў ЦРА №68 г. Лунінца. Інваліды і ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны з в. Бастынь могуць заказаць лекі па тэлефоне 2-27-68 ці 3-38-47 з наступнай дастаўкай на дом. У дадатак да сказанага зазначу, што ў сувязі з тым, што спецыялістаў з фармацэўтычнай адукацыяй у раёне не хапае, тут вымушаны запрашаць на работу фармацэўтаў і правізараў пенсійнага ўзросту. Загадчыца аптэкі №69 в. Бастынь Людміла Сяргееўна Поткас працуе тут з ліпеня 1972 года – 39 год. За гэты час скарагаў ад насельніцтва на яе работу не паступала. Тым неменш, 13 ліпеня 2011 года ў аптэцы в. Бастынь загадчыцай Лунінецкай ЦРА №68 будзе праведзены прыём насельніцтва па пытаннях забеспячэння лекамі.
Уладзімір Мікалаевіч, Лунінец. На нашай вуліцы Давыдава насупраць дома №1 адрэзак, працягласцю метраў 100, пасыпаны адсевам. У сухое надвор’е гэта прыносіць людзям шмат нязручнасцей – пыл, бруд… Ці нельга заасфальтаваць участак дарогі?
— Сёлета адназначна не.
— У нас і двор на нармальны не падобны – даўно наспела добраўпарадкаванне. Нават няма дарожак каля пад’ездаў.
— Не магу абяцаць, што ў бліжэйшы час вашу просьбу выканаем. Але кіраўнік камунальнай службы атрымае адпаведнае даручэнне, каб высветліць усе нюансы праблемы.
Як паведаміў дырэктар КУШВП ЖКГ «Лунінецкая ЖКГ” В.М. Вакульчык, добраўпарадкаванне дваровай тэрыторыі каля дома №1 па вуліцы Давыдава, а таксама асфальтаванне праезнай часткі ад сталовай «Райаграсервіса” да названага дома будзе выконвацца паралельна з капітальным рамонтам дома, якія запланаваны на 2014-2015 гг.
Ева Герасімовіч, Лунінец. Шмат год спрабую з дапамогай камунальнікаў вырашыць набалелую праблему. Нягледзячы на тое, што дом №1 на плошчы Леніна адрамантаваны, тут з пачаткам непагадзі працякае дах. Выклікаю рамонтнікаў, яны нешта робяць, але не надоўга. Няўжо нельга адзін раз якасна зрабіць рамонт, каб не прыносіць людзям столькі турбот?
Як паведаміў дырэктар КУШВП ЖКГ «Лунінецкая ЖКГ” В.М. Вакульчык, пры моцным парывістым ветры на гэтым доме прыўзнімаюцца кровельныя лісты і вада трапляе пад дах. Работы па ўхіленню недахопаў будуць выкананы да 10 ліпеня 2011 года.