Прямая линия
ШЧЫРА – АБ ЖАНОЧЫМ
Напярэдадні
Дня маці рэдакцыя “ЛН” запрасіла
да размовы з чытачамі ўрача
акушэр-гінеколага Наталлю
Паўлаўну ШУМСКУЮ.
Добры дзень, Наталля Паўлаўна! Дастаткова працяглы час змагаюся з бясплоддзем. Па гэтай прычыне вымушана перыядычна ездзіць у Брэст, каб здаваць аналізы на ўтрыманне жаночых гармонаў. Ці нельга гэтае абследаванне наладзіць у Лунінцы? Робяць жа ў нас аналізы на гармоны шчытападобнай залозы…
– Вымушана вас расчараваць, абследаванне, пра якое кажаце, праводзяць толькі ў Брэсце і нала-джваць яго ў Лунінцы не плануецца. Магчыма, тлумачыцца гэта тым, што хворых на бясплоддзе ў нас прыкметна менш, чым тых, хто пакутуе ад парушэнняў дзейнасці шчытападобнай залозы: Палеская зона здаўна лічыцца эндэмічнай па зобу.
– У такім выпадку ў мяне ёсць прапанова, каб да жанчын, якія змагаюцца з бясплоддзем, больш уважліва ставіліся ў Лунінецкай і Мікашэвіцкай паліклініках, дакладна тлумачылі, якіх спецыялістаў трэба прайсці на месцы перад тым, як ехаць у Брэст. А то іншы раз узнікаюць недарэчнасці, якія псуюць нервы і пацыентам, і, як вынік, – урачам.
– Што маеце на ўвазе?
– Спецыяльнае абследаванне ў акуліста займае ўтрая больш часу, чым звычайнае, і мне спатрэбілася браць тры талончыкі да гэтага ўрача. Мне ж гэтага ніхто своечасова не растлумачыў. Як і не сказалі, што перад паездкай у Брэст трэба не толькі ўдакладніць дзень, але і час візіту да ўрача. У выніку, прыехаўшы раніцай, змагла трапіць да доктара толькі ў канцы рабочага дня, што аўтаматычна парушыла планы своечасова дабрацца дадому.
– Прымаю вашы папрокі і лічу іх справядлівымі. Думаю, усё гэта бу-дзе аператыўна папраўлена.
Наталля Казанкова, Лунінец. Карыстаючыся выпадкам, выказваю глыбокую павагу да вас, Наталля Паўлаўна, за адданасць справе, якой прысвяцілі жыццё, інтэлігентнасць, абаянне, добрую ўсмешку. І, вядома ж, хачу задаць пытанне. Цікава, колькі вашы залатыя рукі прынялі за час работы малышоў?
– Спецыяльна не падлічвала, але, думаю, што колькасць іх вылічваецца тысячамі. Дзякуй вам, Наталля Іванаўна, за добрыя словы.
– Ці памятаюцца выпадкі складаных родаў, калі даводзілася выратоўваць і маму, і малыша?
– Яшчэ як памятаюцца. З імі ідзеш па жыцці, бо толькі ўрач ведае, колькі сіл і здароўя патрабуюць такія выпадкі. І як цудоўна, калі намаганні даюць жаданы плён, бо галоўная ўзнагарода для любога ўрача – паўнацэннае жыццё пацыентаў.
Тэлефаную з Вулькі 2. Ці можна запісацца да вас на прыём?
– Абсалютна не бачу ў гэтым праблем. Цяпер працую толькі ў жаночай кансультацыі ў паліклініцы, а таму звяртайцеся ў рэгістратуру і бярыце талон.
Алена Міхайлаўна, Лунінец. Скажыце, як можна трапіць на кансультацыю абласнога ці рэспубліканскага спецыяліста гінекалагічнага профілю?
– Калі пытанне сур’ёзнае, то ўрачы самі накіроўваюць пацыента ў Пінск ці Брэст. У Мінск пры неабходнасці ад-праўляем толькі цяжарных жанчын. Але пры жаданні вы можаце ў абласным цэнтры ці сталіцы абследавацца на платнай аснове. У гэтым выпадку накіраванне не патрэбна, а тэлефоны клінік можна ўзяць у рэгістратуры жаночай кансультацыі.
Добры дзень, Наталля Паўлаўна! Тэлефаную ад імя жанчын, якія працуюць на “Палессеэлектрамашы”. Колькі часу таму медыкі разам з раённай арганізацыяй “Беларускага саюза жанчын” праводзілі акцыю па абследаванню жанчын на рак малочнай залозы. Для гэтага з УЗІ-апаратам выязджалі ў сельсаветы, на прадпрыемствы. Скажыце, ці не плануецца працягваць гэтую карысную справу і што трэба для таго, каб акцыю правялі на нашым прадпрыемстве?
– Думаю, што асаблівых складанасцей тут быць не павінна. У пэўнай ступені залежыць гэта ад зацікаўленасці кіраўніцтва вашага прадпрыемства і яго жадання аказаць садзеянне ў правядзенні акцыі, бо ладзіцца ж яна ў рабочы час. Што датычыць медыкаў, то яны заўсёды ідуць насустрач імкненню пацыентаў своечасова выявіць каварную хваробу. Павінна сказаць, што ў апошні час у гэтым плане шмат зроблена. Жанчыны сталі больш пільнымі да стану здароўя і часцей звяртаюцца да ўрачоў. Свой плён дае і санасветработа. Многія з прадстаўніц цудоўнай паловы чалавецтва маюць навыкі самастойнага абследавання малочных залоз. Да таго ж, сёння ў паліклініцы можна прайсці абследаванне на маркёры ранняй дыягностыкі рака малочнай залозы і яечнікаў. Працэдура платная, але кошт упаўне прымальны. Прычым, гэтае абследаванне больш глыбокае і дакладнае.
– Яшчэ пытанне. Ведаю, што вы доўгі час загадвалі радзільным аддзяленнем раённай бальніцы. Апошнім часам ва ўсім свеце назіраецца тэндэнцыя “старэння” першых родаў. Заўважана, што жанчыны адважваюцца нарадзіць першае дзіця ў сярэднім у 27 год. А як у нас?
– Такая ж тэндэнцыя назіраецца і ў нас. Хіба толькі першыя роды крышку маладзейшыя – ва ўзросце ад 25 год. І гэта зразумела. Сем’і імкнуцца стаць на ногі, забяспечыць сабе і будучым дзецям нармальнае існаванне. Але, павінна сказаць, што па-ранейшаму сустракаюцца і роды ў непаўналетніх пацыентак, а таксама ў тых, каму за 40.
Наталля Паўлаўна, ці не валодаеце інфармацыяй, якая сёння сітуацыя па захворванню жанчын на рак малочнай залозы?
– На шчасце, такіх захворванняў больш не стала. А запушчаны выпадак за апошні час выяўлены, калі не памыляюся, толькі адзін.
– Скажыце, як засцерагчыся ад гэтай каварнай хваробы?
– Нічога новага я не скажу. Перш за ўсё, трэба захоўваць здаровы лад жыцця, не грэбаваць фізічнай культурай, правільна харчавацца і, галоўнае, пазбягаць непатрэбных стрэсаў. Як часта забывываем мы пра гэта на рабоце, даючы волю нервовым зрывам, а любы нават, здавалася б, самы нязначны стрэс, не кажучы пра трагедыю, можа стаць пускавым момантам для цяжкай хваробы.
Скажыце, калі ласка, ці ёсць у нас спецыяліст-мамолаг?
– Не, такая пасада не прадугледжана штатным раскладам. Урачы-мамолагі ёсць толькі ў буйных гарадах і спецыялізаваных клініках.
Пасля візіту да ўрача-гінеколага мне прызначылі УЗІ-абследаванне. Аднак трапіць на гэтую працэдуру адразу не змагла: ставяць у чаргу, якая расцягваецца ледзь не на месяц. Ці нельга паскорыць гэты працэс, у тым ліку і прадаставіўшы магчымасць прайсці УЗІ-абследаванне платна?
– На жаль, УЗІ-абследаванне органаў малога таза на платнай аснове ў нашай паліклініцы не нала-джана. Звязана гэта з недахопам спецыялістаў. Але зараз на работу з дэкрэтнага водпуску выйшла малады ўрач, змаглі наладзіць асобнае УЗІ-абследаванне цяжарных жанчын, што дазволіць крыху разгрузіць чаргу. Што датычыць платнага абследавання органаў малога таза, то прайсці яго можна ў Пінску ў былым цэнтры Волкава. Прымаюць нашых пацыентаў і ў Баранавіцкай паліклініцы. У жаночай кансультацыі ёсць тэлефоны і адрасы.
Наталля Паўлаўна, тэлефаную вам з Лунінца. Выдатна, што вы выйшлі на работу. Шчыра зычым вам здароўя!
– Дзякуй.
– Так хочацца, каб у паліклініцы знікла вастрыня з кадрамі ўрачоў-гінеколагаў…
– Думаю, так і будзе. Зараз на работу выйшла малады ўрач, яшчэ тры – у водпуску па догляду за дзецьмі. Мы таксама чакаем іх выхаду. Так што, сітуацыя павінна змяніцца да лепшага. Шкада, што ў свой час атрымаўся такі “прарыў”. Магчыма, звязаны ён з арыентацыяй на падрыхтоўку ўрачоў агульнай практыкі, гінеколагаў масава перасталі рыхтаваць. Цяпер гэта навёрстваецца. Вы ж зразумейце, што падрыхтаваць кваліфікаванага ўрача трэба сама мала 7 год. Але, паўтараю, ужо зараз адчуваем, што кадравая сітуацыя мяняецца да лепшага.
Добры дзень, Наталля Паўлаўна! Мяне цікавіць перспектыва ўладкаваць жонку ў платную палату. Ці ёсць такія ў радзільным аддзяленні раённай бальніцы?
– Такая палата ёсць. Яна пакуль толькі адна. Звязана гэта з медыцынскімі і санітарнымі патрабаваннямі, якія прадугледжваюць асобны ўваход, бо ў гэтую палату дазволена наведванне. Па камфортнасці знаходжання парадзіх яна амаль не адрозніваецца ад іншых: у новай бальніцы ўсе палаты забяспечваюць годныя ўмовы для пацыентак. Хіба толькі там ёсць асобны тэлевізар, халадзільнік , мікрахвалевая печка і набор посуду.
– А які кошт гэтай паслугі, і як стаць на чаргу?
– Кошт мяняецца, але зараз суткі знаходжання ў палаце павышанай камфортнасці – 29 тысяч 500 рублёў. Калі ў вашай жонкі будзе падыходзіць тэрмін родаў, патэлефануйце ў ра-дзільнае аддзяленне і запішыцеся на чаргу. А там – як пашанцуе. Калі на момант родаў палата будзе не занята – міласці просім. Калі ж занята – прабачайце… Нягледзячы ні на што, яна не пустуе.
Матэрыял падрыхтавала Таццяна Вайцяхоўская.