Прямая линия
СВЯТЛО, ЦЯПЛО, ПАРАДАК І ВЕРА Ў ЗАЎТРАШНІ ДЗЕНЬ
(Заканчэнне. Пачатак у №71.)
На пытанні чытачоў «ЛН” адказвае старшыня райвыканкама Васіль Міхайлавіч АГІЕВІЧ.
Таццяна Капралава, Лунінец. Добры дзень, Васіль Міхайлавіч. Разумею, што капітальна адрамантаваць кватэру зараз складана, але хаця б па мінімуму што зрабілі. А то падлога дзіравая, трубы цякуць…
– Таццяна Рыгораўна, пастараемся вам дапамагчы. Капітальны рамонт не абяцаю, але ухіліць цечы і памяняць трубы там, дзе трэба, камунальнікі даручэнне атрымаюць.
Як паведаміў дырэктар КУШВП ЖКГ «Лунінецкая ЖКГ” В.М. Вакульчык, у кватэры Т.Р. Капралавай ухілены цечы ў ванным пакоі. Трубы халоднага водазабеспячэння заменены на поліпрапіленавыя.
Турбую вас ад імя жыхароў дома №105 па вуліцы Чырвоная ў Лунінцы. Падвальнае памяшканне пад’езда №1 пастаянна затоплена нечыстотамі. Звярталіся ў камунальную службу. Работнікі ЖЭСа памянялі трубы, але сітуацыя не змянілася.
– Думаю, вінаваціць камунальнікаў тут не трэба. Пасля вашых неаднаразовых зваротаў у доме і сапраўды памянялі трубаправод ад пад’езда да каналізацыйнага калодзежа. І спачатку ўсё было добра, але потым усё вярнулася на «кругі свая”. Камунальнікі перыядычна вымушаны прачышчаць забітую каналізацыю. Нядаўна гэта было зроблена ў чарговы раз. Зараз у падвале суха, але ці доўга так будзе? Спецыялісты камунальнай службы яшчэ раз правядуць растлумачальную гутарку. Ды толькі няўжо вы самі не здолееце заклікаць да парадку неахайных суседзяў, якія, выкідваючы смецце ў каналізацыю, шкодзяць сабе і іншым?
– Яшчэ пытанне. Чаму камунальнікі не прыбралі пасля рамонту разбітыя бетонныя глыбы і не аднавілі разбураную бетонную сцяжку?
– А вось гэта будзе зроблена да 1 кастрычніка 2012 года.
Скажыце, калі ласка, ці нельга аўтобусны прыпынак у Дрэбску перанесці крыху далей? Ён размешчаны непадалёк ад майго дома па вуліцы Чыгуначная,1 і прыносіць шмат нязручнасцей.
– У Дрэбск выехала спецыяльная камісія, каб высветліць, якія такія нязручнасці нясе вам аўтобусны прыпынак. На месцы ўпэўніліся, што ўваходу на двор і выхаду з яго прыпынак не перашкаджае. Да таго ж, месца размяшчэння ўзгаднялася з усімі зацікаўленымі бакамі. Пераносіць збудаванне па незадаволенасці аднаго асобна ўзятага чалавека лічу немэтазгодным. Тым больш, што ўзвядзенне новага прыпынку пацягне за сабой дадатковыя абсалютна не абгрунтаваныя затраты.
Пенсіянер з Лахвы Данцоў турбуе. Мяне цікавіць вось якое пытанне. Чаму мы, хто карыстаецца паслугамі кацельні на мясцовых відах паліва, і тыя, хто атрымлівае гарачую ваду і цяпло, дзякуючы імпартнаму прыроднаму газу, плацім за выгоды аднолькавую цану?
– Па-першае, трэба зазначыць, што цана гэтая для спажыўцоў далёкая ад рэальнай. Зараз 1 гігакалорыя каштуе для вас 53 тысячы 773 рублі, у той час як рэальныя затраты складаюць 308 тысяч 461 рубель. Плаціце толькі прыкладна 17 працэнтаў ад кошту. Дзяржава даціруе вам і іншым жыхарам больш як 254 тысячы рублёў за кожную гігакалорыю. Гэта значыць, бярэ на сябе асноўныя выдаткі, таму і ў праве ўстанаўліваць адзіны тарыф, зацверджаны Міністэрствам ЖКГ Рэспублікі Беларусь. Лічу гэта правільным і мэтазгодным.
Добры дзень, Васіль Міхайлавіч. Вас турбуюць жыхары інтэрната, што знаходзіцца па вуліцы Камсамольская,12 у Вульцы 1. Калі нарэшце нам зробяць абяцаны капітальны рамонт?
– Памятаю, што вы звярталіся на «Прамую лінію” летам, але і тады не абяцаў вам капітальнага рамонту будынка, бо ў планах ні на гэты, ні на будучы год інтэрнат не значыцца (справаздача з «Прамой лініі” надрукавана ў №51 «ЛН” за 13.07.2012 г. – Т.В.). Што-кольвечы ў вас зроблена. Далейшыя работы, у тым ліку рамонт даху і касметычны рамонт месцаў агульнага карыстання, будуць выкананы ў кастрычніку гэтага і на працягу ІІ квартала будучага года.
Тэлефаную ад імя жыхароў дома №105 па вуліцы Чырвоная ў Лунінцы.
– Праблемны ў вас дом, аказваецца. На працягу гадзіны другі званок адтуль. Слухаю вас.
– У нас і сапраўды штогод праблема – з ацяпленнем і гарачым водазабеспячэннем у кватэрах №№54 і 58.
– Спецыялісты абследавалі дом і ўстанавілі, што патрэбна замена цыркуляцыйнай помпы. Зараз у доме ўстаноўлена помпа большай магутнасці. Праблем быць не павінна. Аднак спецыялісты з камунальнай службы на працягу пэўнага часу будуць сачыць за тэмпературным рэжымам гарачай вады, а з пачаткам ацяпляльнага сезона – цепланосьбіта ў кватэрах.
Добры дзень, Васіль Міхайлавіч. Жывем у доме №117 па вуліцы Чырвоная ў райцэнтры. У нас пастаянна забіваецца каналізацыя ў падвале. Не сумняваюся, што немалая віна ў гэтым – жыхароў. Няхай бы камунальнікі пры чарговым выкліку прадэманстравалі прычыну нашых бедаў.
– У камунальнай службе растлумачылі, што раней у вас падобныя праблемы былі пастаяннымі, таму ўлетку вырашылі выканаць замену падвальнай каналізацыі. Калі ў чарговы раз прыехалі на выклік, то ў прысутнасці некаторых жыхароў выявілі, што сцёк забіты камунальнымі адходамі, якія выкідваюць людзі. Што загадаеце рабіць? Зразумейце, пакуль мы самі не станем больш культурнымі і цывілізаванымі, то так і будзем змагацца з паветранымі млынамі. Пачынаць трэба з сябе.
Пачаўся навучальны год, а на перакрыжаванні вуліц Пушкінская і Віленская ў Лунінцы ніяк не адрамантуюць асвятленне, хаця ліхтар ёсць.
– Ліхтар адрамантаваны, а заадно зроблена настройка рэжыму работы вулічнага асвятлення.
Скажыце, калі ласка, калі нарэшце паявіцца знак «Прыпыначны пункт аўтобуса” на вуліцы Смаленская каля старога радзільнага аддзялення і наладжана нармальнае асвятленне прыпынку?
– Названы знак камунальнікамі ўжо ўстаноўлены. Адначасова выканана замена ліхтара вулічнага асвятлення.
Пенсіянер Якаў Дунчык турбуе. Маю ў гаспадарцы старэнькі аўтамабіль «Жыгулі”. Наспеў рамонт рухавіка, але, здаецца, у нашым горадзе мне дапамагчы ніхто не здолее.
– Чаму так думаеце? У Лу-нінцы паслугі па рамонце і тэхнічнаму абслугоўванню транспартных сродкаў на пастаяннай аснове ажыццяўляюць 4 суб’екты гаспадарання – станцыя тэхнічнага абслугоўвання філіяла «Аўтабаза” райспажыўтаварыства (вул. Баханова,19, тэл. 2-39-45), ПТПУП «Газтэхнасервіс” (вул. Меліярацыйная,16б, тэл. 2-22-37), ПТПУП «КОЮССервіс” (АЗС-63, тэл. 8-029-978-09-09), ФГ «Чырэц” (вул. Лахаўская,4, тэл. 3-10-10).
– Яшчэ пытанне. Ці нельга наладзіць падтрыманне нармальнага ўзроўню вады ў вадаёме Баханова? Яго апошнім часам аблюбавалі аматары рыбнай лоўлі, але ўлетку давялося адмовіцца ад любімага адпачынку: вельмі мала вады. Магчыма, гэта залежыць ад праходнасці меліярацыйных каналаў у наваколлі? Кажуць, што сюды паступае нават вада з Чорнага возера.
– Летам увогуле быў нізкі ўзровень грунтовых вод, таму і ў каналах яе было мала. А Баханова папаўняецца з іх у асноўным за кошт грунтовых, а таксама талай і дажджавой вады, якая сыходзіць з ляснога масіву. З Чорным возерам праз меліярацыйныя каналы сажалкі абсалютна не звязаны. Як паведамілі з раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя, магчымасць штучнага папаўнення прудоў адсутнічае. Таму будзем задавольвацца тым, што ёсць.
Мікалай Якубовіч, Лунінец. На вуліцы Прыпяцкая пасля падключэння да выгод сацыяльнага дома каналізацыйны калодзеж уяўляе сабой вялікую яміну. Ці нельга яго прывесці ў нармальны выгляд, каб ён не пагражаў ні людзям, ні аўтамабілям?
– Дзякуй за тэлефанаванне. Каналізацыйны калодзеж прыведзены ў парадак.
Уладзімір Вабішчэвіч, Лунінец. Калі нарэшце нашы праваахоўныя органы пачнуць працаваць нармальна? Больш як 9 месяцаў ідзе расследаванне справы, узбуджанай па факту дарожна-транспартнага здарэння, у якім загінуў мой бацька. Зараз далі адказ, што следчыя дзеянні прыпынены. На якой падставе? І так усе тэрміны парушаны…
Як паведаміў часова выконваючы абавязкі начальніка раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Леанід Ванюк, крымінальная справа №11012140702, узбуджаная па факту атрымання цялесных пакалечанняў Р.І. Вабішчэвічам, спынена на падставе п.2 ч.1 арт. 29 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь у сувязі з адсутнасцю ў дзеяннях В.В. Паўлюкаўца саставу злачынства. Папярэдняе расследаванне па названай справе спынена на падставе п.1 ч.1. арт. 29 КПК РБ у сувязі з адсутнасцю грамадска- небяспечнага дзеяння. Такое рашэнне прынята на падставе праведзенага папярэдняга расследавання па крымінальнай справе, а таксама заключэння камісійнай судова-медыцынскай экспертызы, праведзенай спецыялістамі Галоўнага ўпраўлення медыцынскіх судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь. Па выніках экспертызы цялесныя пакалечанні ў выглядзе пераломаў Вабішчэвіч Р.І. атрымаў у выніку падзення і ўдару аб асфальт. Гэтыя траўмы адносяцца да катэгорыі менш цяжкіх. Кровазліянне, ад якога пацярпелы памёр, адбылося ў выніку ўзроставых змяненняў.
Вольга Лобан, Лахва. Ці не плануецца заасфальтаваць вуліцу Рыбгасная?
– У Лахвенскім сельсавеце ў плане добраўпарадкавання за апошні час зроблена нямала. Што датычыць Рыбгаснай, то асфальтаваць яе па прычыне недахопу грошай пакуль не плануецца. Аднак гэта не значыць, што яе выгляд сапсуюць вялікія яміны. Перыядычна па меры неабходнасці работнікі ДРБУ-101 будуць рабіць грэйдзіраванне і прафіліраванне, каб па вуліцы можна было і людзям хадзіць, і аўтамабілям ездзіць.
Сцяпан Нефідовіч, Любань. Калі і дзе будзе ўстаноўлены помнік Якубу Коласу, які знаходзіўся каля гасцініцы?
– Думаю, што ён застанецца на звычным месцы каля гасцініцы і будзе ўстаноўлены пасля завяршэння рэканструкцыі будынка метраў на 5 на поўдзень ад ранейшага месцазнаходжання.
Тэлефаную па просьбе жыхаркі вуліцы Пушкінская, 41 Вольгі Міхайлаўны Вярэніч. Яна пажылая, вельмі хворая жанчына. Дзяцей няма. Дом – сапраўдная развалюха. З ёй разам жыве гэткі ж пажылы чалавек. Няхай бы перасялілі іх у хоць якую кватэру манеўранага фонду. Вунь па завулку Кароткаму, 6 у такой кватэры на працягу 6 год жывуць маладыя здаровыя людзі. Яны пагарэльцы, але жыллё сваё аднавіць не імкнуцца. У доме, які пацярпеў ад пажару, іх маці свае пакоі адрамантавала і жыве. А яны лайдакуюць, п’юць, хоць і маюць дваіх дзетак…
– Спецыялісты жыллёва-камунальнага аддзела пад’едуць на Пушкінскую і возьмуць заяву з неабходнымі дакументамі. Названы жылы дом будзе абследаваны. У выпадку прызнання не прыгодным для жылля, В.М. Вярэніч будзе прынята на ўлік маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў і зможа спадзявацца на атрыманне жылога памяшкання сацыяльнага карыстання. Што датычыць кватэры манеўранага фонду па названым вамі адрасе, то там і сапраўды жывуць пагарэльцы. Выкінуць іх на вуліцу з дзецьмі права не маем, але і цярпець іх бязладдзя ніхто не будзе. Дагавор найму заканчваецца ў красавіку 2013 года і працягнуты больш не будзе.
Пачыталі ў прэсе, што зараз ідзе абмеркаванне новых тарыфаў на электрычную энергію і ўвядзення дыферэнцыраванай аплаты за яе. Як можна выказаць сваю думку наконт дзяржаўнай тарыфнай палітыкі?
– Выказацца можна ў рэжыме on-line на афіцыйных інтэрнет-сайтах: Міністэрства энергетыкі РБ–http://www.minenergo.gov.by, «Бел-энерга” – http://www. energo. by, РУП «Брэстэнерга” – http://www.brestenergo. by, абл- выканкама – http://brest-region.by. Акрамя гэтага, на названых афіцыйных сайтах ёсць графікі правядзення «Прамых тэлефонных ліній” з указаннем тэлефонаў. Тэлефанаваць можна і ў Лунінецкі раён электрасетак 2-53-48. Ёсць таксама «гарачая лінія” ў Мінску, якая дзейнічае з панядзелка па пятніцу з 8.30 да 12.30 і з 13.30 да 17.30 па тэлефоне 8-(017)-218-29-96.
Падрыхтавала Таццяна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ.