Прямая линия
Слухаем, абмяркоўваем, вырашаем…
На пытанні чытачоў «ЛН” адказвае старшыня райвыканкама Васіль Міхайлавіч АГІЕВІЧ.
Добры дзень, Васіль Міхайлавіч! Вас турбуе жыхар Люшчы Яўген Хілюўчыц. Па нашаму населенаму пункту ходзяць чуткі, што прынята рашэнне разбурыць мясцовы клуб. Ці праўда гэта?
– Люшчанскі клуб знаходзіц-ца на балансе ААТ «Лунінецлес”. І толькі гаспадар, у дадзеным выпадку канцэрн «Беллесбумпрам”, управе вырашаць яго лёс. Як паведаміла генеральны дырэктар ААТ «Лунінецлес” А.В. Шумайлава, рашэнне аб зносе будынка клуба 1952 года пабудовы, сапраўды прынята.
– Але ж у такім выпадку Люшча наогул застанецца без культурных мерапрыемстваў. Дагэтуль яны зрэдку праводзіліся…
– «Зрэдку” і «абы-як” – такая работа задаволіць не можа. Калі гэта ўстанова культуры, то яна павінна працаваць у адпаведнасці з усімі патрабаваннямі. А для гэтага, перш-наперш, яе трэба прывесці ў належны выгляд і стан. Будынак стары, аварыйны і ўкладваць у яго сродкі немэтазгодна. А раёну ён у такім выглядзе непатрэбен. Між тым, без святаў і арганізаванага культурнага адпачынку жыхары Люшчы не застануцца. У будынку мясцовай яслі-сад-базавай школы будзе адкрыта бібліятэка-клуб.
– А ці плануецца рамонт у мясцовым дзіцячым садзе?
– У Люшчанскай яслі-сад-базавай школе здолелі памяняць сантэхніку і адрамантаваць дваровую каналізацыю. У 2014 го-дзе плануем прадоўжыць рамонт сантэхнічных збудаванняў і выканаць у памяшканнях касметычны рамонт.
– Яшчэ адно набалелае пытанне – стан каналаў, якія пастаянна топяць Люшчу.
– У 2010 годзе пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь зацверджана Дзяржаўная праграма «Інжынерныя водагаспадарчыя мерапрыемствы па абароне населеных пунктаў і сельскагаспадарчых земляў ад паводак у найбольш паводканебяспечных раёнах Палесся на 2011-2015 гг.”. У пераліку аб’ектаў пад п.30 значыцца «Інжынерныя мерапрыемствы па абароне ад паводкі сельскагаспадарчых земляў аб’екта «Люшча” і в. Люшча”. Ахопяць яны прыкладна 620 гектараў, у тым ліку 21 гектар земляў населенага пункта.
– Прасіў бы таксама звярнуць увагу на стан мясцовых вуліц і дарог…
– Іх рамонтнае прафіляванне праводзіцца прыкладна 1 раз у месяц ці, пры неабходнасці, часцей. Як і штогод, пры наступленні спрыяльных умоў надвор’я будзе выкананы ямкавы рамонт. Асфальтаванне вуліц у Люшчы праграмай 2013 года не прадугледжана.
Мікалай Цірычык, Велута. Чаму адмянілі ранішні маршрут «Лунінец–Велута”? Цяпер праблематычна дабрацца ў горад у тую ж паліклініку, напрыклад. На Чучавіцкі аўтобус, які ідзе а палове дзявятай, не заўсёды можна ўціснуцца. А вялікіх аўтобусаў на гэты маршрут чамусьці не даюць. Ці нельга аднавіць закрыты маршрут ці хаця б даць дадатковы ў пятніцу раніцай?
– Як паведамілі ў аўтапарку, на маршруце «Лунінец–Чучавічы” задзейнічаны аўтобусы найбольшай умяшчальнасці. Разам з тым, аналіз работы гэтага накірунку паказвае, што пасажырапаток тут не такі і насычаны, загрузка аўтобусаў далёка не поў-ная. Разам з тым, пры існуючай стратнасці пасажырскіх перавозак і з улікам наяўнасці транспарту, адкрываць дадатковыя маршруты не толькі на гэтым, але і іншых напрамках пакуль не плануецца.
З Мікашэвіч турбуюць. Дапамажыце паставіць кропку у спрэчках за мяжу паміж нашым жылым домам па вуліцы 17 Верасня, 2 і суседнім па Чыгуначнай, 21. У гарвыканкаме нашы звароты чамусьці пакідаюць без увагі. Застаецца хіба звяртацца ў суд.
– Гэта ваша права. Але, заўважце, што і там не будуць разглядаць іск, калі не прадаставіце адпаведных дакументаў – дзяржаўнага акта на зямлю і пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі стварэння зямельнага ўчастка. А іх, паведамілі ў землеўпарадкавальнай службе, у вас няма. Пасля іх вырабу трэба ўсё-такі па ўсіх правілах звярнуцца ў гарвыканкам, які і павінен прыняць меры па забеспячэнню аднаўлення парушаных правоў, калі гэта будзе ўстаноўлена.
Добры дзень! З Велуты тэлефаную. Скажыце, ці нельга пасадзейнічаць, каб далі аўтобус, якім можна было б дабрацца з дызель-цягніка з Бастыні да Велуты. Рэйсавы аўтобус у гэтым напрамку ходзіць у панядзелак, сераду і суботу. А зручней было б, каб у пятніцу: менавіта ў гэты дзень на выхадныя дадому шмат студэнтаў ездзяць.
– Пасажырапаток у суботу не менш напружаны, чым у пятніцу, а таму ўносіць змяненні, якія таксама выклічуць незадаволенасць пэўнай часткі жыхароў, не зусім мэтазгодна. Тым больш, што з Бастыні ў Велуту ўвечары можна дабрацца на маршруце «Лунінец–Чучавічы”, што адпраўляецца з райцэнтра ў 17-25. Але ж узнятую вамі праблему не пакінем без увагі. Пасля дасканалага аналізу сітуацыі прымем канчатковае рашэнне.
– А калі будзе наладжана належнае асвятленне вуліц нашай вёскі? Асабліва вуліцы Заброддзе, дзе гарыць усяго адзін ліхтар. Між тым, па ёй ходзяць школьнікі.
– Старшыня сельвыканкама атрымае адпаведнае даручэнне.
Ужо на наступны дзень (22.12.2012г. – рэд.) па заяўцы старшыні Бастынскага сельвыканкама Ф.М. Рашэцкага спецыялістамі раёна электрасетак было адрамантавана асвятленне на вуліцах Булічы, Заброддзе і Перавязаніца. Дадаткова ўстаноўлены 1 ліхтар на вуліцы Булічы (47 дамоў, 6 ліхтароў), і 1 – на Заброддзі (11 дамоў, 3 ліхтары). На вуліцы Перавязаніца па вечарах гараць 2 ліхтары на 14 дамоў.
Звярталася ў розныя інстанцыі з просьбай пусціць аўтобус праз Ракітна. Ці не дапаможаце вырашыць гэтую праблему?
– Вы павінны зразумець, што у першую чаргу аўтобусныя маршруты ладзяцца там, дзе няма чыгункі. Праз Ракітна праходзяць сталёвыя магістралі, тут ёсць прыпыначны пункт, на якім 6 разоў у дзень у кожным напрамку спыняюцца цягнікі. Згодна з патрабаваннямі сацыяльных стандартаў, транспартнае абслугоўванне гэтай вёскі выконваецца на 100 працэнтаў.
Раіса Сахвон, Лунін. Васіль Міхайлавіч, у нас добрая раёнка, выпісваю яе шмат год, і людзі там працуюць разумныя і тактоўныя. Але чаму, як некаторыя іншыя выданні, яны не зробяць ільготу на падпіску для інвалідаў?
– Значыць, не такая багатая наша раённая газета.
– Тады няхай бы выдаткі на гэтыя мэты ўзяў на сябе райвыканкам?
– Гэта будзе не зусім пра-вільна: кожны павінен жыць па сродках. Тым больш, што «Лунінецкія навіны” інвалідаў без увагі не пакідаюць: усе аб’явы, віншаванні, падзякі, спачуванні на старонках раёнкі ад гэтай катэгорыі грамадзян друкуюцца бясплатна.
Ірына Бярозка, Лунінец. Удзячны за тое, што ў райцэнтры адкрылі выдатны спартыўны аб’ект – плавальны басейн «Дэльфін”. Вось толькі праблематычна нам з Сельгастэхнікі туды дабірацца. Ці нельга з гэтай нагоды адкрыць новы гарадскі маршрут, які б звязаў нашу ўскраіну з заводскім мікрараёнам?
– На жаль, у аўтапарку №10 не хапае рухомага саставу для таго, каб адкрыць новы маршрут. У Лунінцы ўжо ёсць свая ўсталяваўшаяся сетка руху гарадскіх аўтобусаў, і любое змяненне ў графіку, вядома ж выкліча нараканні іншых пасажыраў. Але ж горад наш параўнаўча невялікі. Да прыпынку «Універсам” з пасёлка Сельгастэхніка можна даехаць на гарадскіх аўтобусах №№ 1, 2, 5. Калі няма жадання пехатой прайсці да «Дэльфіна”, можна перасесці на маршруты №№ 4 і 6. Падрабязны расклад руху гарадскіх аўтобусаў, каб вы маглі дакладна па часе вызначыцца з паездкай, будзе надрукаваны ў «Лунінецкіх навінах” у бліжэйшых нумарах.
Ніна Сахвон, Сінкевічы. Калі адрамантуюць правадное радыё на Кулакевіча, 6, дзе жыве мой сын?
Як паведаміў начальнік РВЭС І.А. Шурпік, лінія радыёфікацыі на вуліцы Кулакевіча была дэманціравана пры выкананні работ па рэканструкцыі лініі электраперадачы. Спецыялісты РВЭС выехалі па ўказаным адрасе, аднак гаспадар дома на правядзенне работ па аднаўленню праваднога радыё згоды не даў, напісаўшы заяву на зняцце радыёкропкі.
Рыгор Шуляк, Лунінец. Добра, што зрабілі два дадатковыя аўтобусныя прыпынкі насупраць Дома Саветаў і магазіна «Хатні”. Ці плануецца іх абсталяваць належным чынам?
– Справа ў тым, што прыпынкі насамрэч прыстасаваныя. У гэтых месцах проста няма магчымасці устанавіць навес: ён будзе перашкаджаць руху пешаходаў. Ды і сапсуе выгляд вуліцы. Таму давядзецца задавольвацца тым, што ёсць.
Васіль Макаед, Азярніца. Паважаны Васіль Міхайлавіч, растлумачце, чаму паліва не падаражала, пенсіі не павялічыліся, а за вываз смецця пачалі браць замест ранейшых 2800 рублёў – 5200?
– Як растлумачыў дырэктар жыллёва-камунальнай гаспадаркі В.М. Вакульчык, на Лунінеччыне дзейнічае тарыф, зацверджаны аблвыканкамам у кастрычніку 2012 года. Згодна з ім, на 1 чалавека гэты тарыф – 2 540 рублёў. У сувязі з тым, што ў вашым доме прапісана 2 чалавекі, сума аплаты за вываз адходаў складае 5 080 рублёў.
Мікалай Аляшкевіч, Лунінец. Звяртаюся да вас па просьбе жыхароў дома па вуліцы Прыпяцкая,13 у Лунінцы, якія спадзяюцца, што на доме будзе абсталяваны двухскатны дах.
– Згодна з актам абследавання, дах на названым доме знаходзіцца ў здавальняючым стане, а таму капітальны рамонт яго не запланаваны.
Падрыхтавала Таццяна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ.
Слухаем,но ничего не вырашаем.