Прямая линия

У 2,5 раза знізілася захворваемасць

на вострыя рэспіраторныя вірусныя інфекцыі і грып пасля правядзення прышчэпак у сезоне 2010-2011 гг. Вакцынацыя працягваецца да сярэдніны лістапада – засцеражыце сябе і сваіх блізкіх!

На пытанні чытачоў «ЛН” адказвалі раённы педыятр Валянціна Іванаўна ТРУХАНОВІЧ і загадчыца эпідэміялагічнага аддела РЦГіЭ Галіна Мікалаеўна КАНАПАЦКАЯ.

– Для каго небяспечны грып?

– Для кожнага, таму што ў час сезоннага ўздыму захворваемасці грыпам гінуць і здаровыя людзі. Аднак, найбольшую пагрозу грып і яго ўскладненні ўяўляюць для так званых «груп рызыкі”.

– Хто да іх адносіцца?

– Звычайна выдзяляюцца дзве. Група высокай рызыкі наступстваў грыпу – гэта дзеці да трох год і дарослыя з хранічнымі захворваннямі, асобы з імунадэфіцытам і старэйшыя за 65 год, цяжарныя. Другая – група высокай рызыкі ўзнікнення грыпу, да яе адносяцца дзеці 3-6 год, школьнікі 6-16 год, асобы з устаноў з кругласутачным знаходжаннем дзяцей і дарослых, медыкі, а таксама работнікі ўстаноў адукацыі, сферы бытавога абслугоўвання, грамадскага харчавання, транспарта.

– Колькі жыхароў раёна прынялі ўдзел у вакцынацыі летась?

– У 2010-ым супраць грыпу былі прышчэплены 19160 чалавек, з іх 6829 дарослых і 12331 дзіця. Гэта дазволіла знізіць у 2,5 раза захворваемасць на вострыя рэспіраторныя вірусныя інфекцыі і грып. Плануем, што сёлета колькасць прышчэпленых будзе павялічана.

– На добраахвотнай аснове ці прымусова?

– Усё больш людзей разумеюць, што прафілактычныя прышчэпкі – самы эфектыўны і эканамічны сродак абароны ад інфекцыйных захворванняў, у тым ліку і ад грыпу. Кожны чалавек, які валодае дастатковай інфармацыяй, можа свядома зрабіць свой выбар: прышчэплівацца ці не. Ва ўсялякім выпадку, гэты выбар не будзе выпадковым.

– Якой вакцынай прышчэпліваюць у раёне?

– Выкарыстоўваем два віды вакцын: расійскі «Грыпол” і кітайскі «Флюваксін”. Яны не ўтрымліваюць жывых вірусаў, таму не выклікаюць грыпападобных рэакцый пасля прышчэпкі. Гэтыя вакцыны трохвалентныя, гэта значыць утрымліваюць антыгены трох штамаў вірусаў, у тым ліку і высокапатагенны падвід, так званы свінны грып.

– Чаму ў калектыве рэкамендуецца прышчэпліваць 40 працэнтаў працуючых?

– Пры гэтым дасягаюцца дзве асноўныя мэты. Першая – індывідуальная абарона прышчэпленага чалавека. Другая – фарміраванне калектыўнага імунітэту сярод працуючых. Ён дае дадатковую ступень абароны прышчэпленым, зніжае цяжкасць працякання захворвання і змяншае верагоднасць яго ў тых членаў калектыву, якія не прайшлі вакцынацыю. Чым больш прышчэпленых, а значыць абароненых ад грыпу, тым ніжэй верагоднасць заносу і распаўсюджання вірусу сярод працуючых у калектыве. Безумоўна, максімальнага эфекту ад вакцынацыі супраць грыпу, як і пры іншых інфекцыях, можна дасягнуць, калі прышчэплены больш як 95 працэнтаў працуючых.

– Ці можна вакцынавацца, калі я перанесла прастуду, а кашаль застаўся?

– Не рэкамендуецца прышчэплівацца ў перыяд вострага захворвання. Рэшткавыя з’явы не лічацца супрацьпаказаннямі. У любым выпадку ваш стан перад прышчэпкай ацэніць урач, які і прыме канчатковае рашэнне.

– Ці можна прышчэпліваць дзіця, каля яно больш як 4 разы ў год хварэе на прастуду?

– Не толькі можна, але і трэба. Менавіта такое дзіця найбольш падвержана ўскладненням, якія развіваюцца пасля перанесенага грыпу.

– Ці можна рабіць прышчэпку, калі ёсць хранічнае захворванне сэрца?

– Можна і трэба. Хранічныя захворванні з’яўляюцца не супрацьпаказаннем, а паказаннем да правядзення прышчэпкі супраць грыпу.

– Усе пераконваюць у неабходнасці прышчэпак супраць грыпу. Няўжо недастатковая прафілактыка лекавымі прэпаратамі?

– Яна можа быць рэкамендавана ў наступных выпадках: як дадатак да позняй вакцынацыі, на перыяд выпрацоўкі антыцел; для дзяцей, якія вакцынуюцца ўпершыню, – прыём лекаў паказаны на працягу 6 тыдняў пасля прышчэпкі; для асоб з імунадэфіцытам, у якіх на вакцынацыю можа выпрацавацца недастатковы імунны адказ; для асоб, якім вакцынацыя супрацьпаказана; для пажылых людзей, для якіх эфектыўнасць вакцынацыі зніжаецца да 70 працэнтаў; для невакцынаваных асоб, якія знаходзяцца ў кантакце з захварэўшымі сваякамі і суседзямі.

– Што можна выкарыстаць у якасці прафілактычных процігрыпозных лекавых прэпаратаў?

– Прымяняйце антыгрыпін, амантадзін, рэмантадзін, арбідол. Не мае супрацьпаказанняў аксалінавая мазь, паказана як для дарослых, так і для дзяцей: 1-2 разы ў дзень трэба змазваюць насавую поласць на працягу 20-25 дзён.

– Якія парэкамендуеце вітаміны?

– Для павышэння супраціўляемасці арганізму інфекцыі прымайце прэпараты, якія садзейнічаюць павышэнню імунітэту. Гэта вітаміны С, А і групы В, якія ўтрымліваюцца ў комплексах «Гексавіт”, «Рэвіт”, «Дэкамевіт”, «Ундэвіт”, сіроп з пладоў шыпоўніка, адаптагены расліннага паходжання – настойка араліі, экстракт элеутеракока, настойка і экстрат жэньшэня. Карысныя антыаксідантныя комплексы, якія ўтрымліваюць сутачную фізіялагічную норму вітамінаў.

– У прафілактычных мэтах можна прымаць гамеапатычныя прэпараты ці сродкі народнай медыцыны?

– Безумоўна! Акрамя медыкаментозных сродкаў, пажаданы базісныя аздараўленчыя мерапрыемствы: загартоўванне, прафілактычнае ультрафіялетавае апраменьванне, вітамінізацыя харчавання.

– Магчыма, паявіліся новыя рэкамендацыі па папярэджванню распаўсюджання рэспіраторных хвароб?

– Яны старыя, але не лішнім будзе нагадаць звычайныя меры паўсядзённай гігіены. У час кашалю ці чыхання прыкрывайце нос і рот папяровай сурвэткай, якую пасля выкарыстання выкідвайце ў сметнік. Старанна і часта мыйце рукі вадой з мылам, асабліва пасля кашалю ці чыхання. Не датыкайцеся да вачэй, носу ці роту – інфекцыя перадаецца менавіта такім чынам. Імкніцеся пазбягаць блізкага кантакту з захварэўшымі людзьмі. Калі вы захварэлі, неабходна застацца дома на працягу 7 дзён пасля выяўлення сімптомаў, каб не распаўсюджваць вірус. Наогул у эпідэмічны перыяд пазбягайце месцаў скаплення людзей.

Падрыхтавала Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара.

Ад рэдакцыі. Намеснік галоўнага ўрача ЦРБ Анатоль Іванавіч БАРАН па паважальных прычынах не ўдзельнічаў у «Прамой лініі”. На пытанні, якія былі яму адрасаваны, пазней адказаў заяўляльнікам асабіста.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть