Прямая линия
ВЯЛІКІЯ КЛОПАТЫ МАЛОГА ГОРАДА
5 красавіка ў рэдакцыі “ЛН” прайшла чарговая “Прамая лінія” . На пытанні чытачоў “ЛН” адказвае намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Якаўлевіч ЦЯЛЬПУК.
Валяр’ян Данілавіч Шэпялевіч, Лунінец. Добры дзень, Аляксандр Якаўлевіч. Тэлефаную ад імя членаў гаражнага кааператыва “Вялікі”, якія чакаюць аднаўлення падачы электрычнасці ў гаражны масіў. Калі нарэшце будзе вырашана гэтая набалелая праблема?
– Ніхто “драконаўскіх метадаў” да людзей, прымушаючы іх уступаць у кааператыў, прымяняць не будзе. Мы вывучылі вопыт іншых райцэнтраў нашай вобласці і ў бліжэйшы час паспрабуем сітуацыю вярнуць у нармальнае рэчышча з тым, каб, перш за ўсё, было зручна не Пінскім электрасеткам, на абслугоўванні якіх знаходзіцца гаражны масіў, а ўладальнікам гаражоў. Думаю, на працягу другога квартала бягучага года пытанне па падключэнне электрычнасці будзе вырашана.
– Гаражны масіў пасля зімы ўяўляе сабою адну вялікую смеццезвалку. Няўжо дарэмна плацім грошы за вываз адходаў? І ці нельга даведацца, якая норма вывазу цвёрдых камунальных адходаў з тэрыторыі кааператыва?
– Норма гэтая невялікая – усяго 2,3 кубічных метра на год. Але гэта не значыць, што гаражны масіў стане рассаднікам антысанітарыі. Дырэктар КУШВП ЖКГ “Лунінецкая ЖКГ” Васіль Мікалаевіч Вакульчык ужо атрымаў даручэнне да заканчэння месячніка па добраўпарадкаванню ( да 15 красавіка – Т.В.) за сродкі, прызначаныя на ўтрыманне аб’ектаў добраўпарадкавання, навесці парадак на тэрыторыі гаражоў. Адначасова хачу звярнуцца да ўладальнікаў асабістага транспарту быць больш свядомымі і не вывозіць сюды бытавое смецце з кватэр і дамоў. У большасці выпадкаў прычынай антысанітарыі, якая выклікае абгурнатаваную незадаволенасць многіх, з’яўляюцца самі людзі.
Жыву ў Лунінцы на завулку Ламаносава, 22. Насупраць нашага і суседняга дамоў утварылася велізарная яміна. Пасля лажджу немагчыма прайсці.
– Вам няварта хвалявацца. Райвыканкамам прынята рашэнне да 15 красавіка 2011 года па магчымасці выканаць на вуліцах райцэнтра ўсе работы па ліквідацыі непажаданых паслязімовых наступстваў. Для больш хуткага вырашэння праблемы трэба патэлефанаваць 115 у дыспетчарскую службу ЖКГ.
Добры дзень, Аляксандр Якаўлевіч! Вас турбуе жыхарка Лунінца. Чаму, скажыце, дагэтуль пасля зімы ў горадзе не абазначаны “зебрай” пешаходныя пераходы?
– Усе пешаходныя пераходы ў Лунінцы абазначаны,перш за ўсё, адпаведным дарожным знакам, выкананне патрабаванняў якога для вадзіцеляў – няўхільныя. Што датычыць дарожнай разметкі, то наносіцца яна пры пэўным тэмпературным рэжыме і больш спрыяльных умовах надвор’я. Сёлета яна будзе абноўлена да 23 красавіка.
Георгій Шмат, Лунінец. Скажыце, калі ласка, чаму работнікі ПМК-19 пасля таго, як пры перавозцы забрудзяць нашу вуліцу растворам, не жадаюць яе пачысціць?
– Вуліца Лінейная, як і ўсе іншыя ў горадзе, мае гаспадара. За парадак на ёй адказваюць камунальнікі. Лунінецкай ЖКГ на ўтрыманне дарожна-вулічнай сеткі і іншых аб’ектаў добраўпарадкавання выдзяляюцца пэўныя сродкі, якія стараемся эфектыўна расходаваць. Дапускаю, што падчас перавозак будаўнічых матэрыялаў дарожнае палатно Лінейнай застаецца засмечаным, але агрэхі камунальнікі стараюцца своечасова ліквідаваць. Іншы раз частку расходаў даводзіцца ўскладваць на віноўнікаў непарадку. Ведаю, што літаральна ўчора (4 красавіка 2011 г. – Т.В.) вуліца прыбрана.
– Яшчэ пытанне. Чаму так блізка ад растучых дрэў ставяць агароджу ўздоўж чыгункі?
– Агароджа чыгуначнікамі ўстанаўліваецца для таго, каб гэты ўчастак вуліцы зрабіць бяспечным для пешаходаў і адначасова зменшыць шумавую нагрузку на жылыя дамы, якія размешчаны непадалёк. Гэтая работа знаходзіцца ў стадыі завяршэння. Але перш чым яе распачаць, усе нюансы, у тым ліку і вызначэнне мяжы агароджы, былі ўзгоднены з архітэктурнай службай Лунінца. Усе патрабаванні і нарматывы захаваны.
– Чаму за нашай вуліцай не замацаваны пастаянны дворнік? На працягу зімы для таго, каб пачысцілі тратуар, трэба было тэлефанаваць у камунальную службу і выказваць свае прэтэнзіі.
– Мы ўдзячны за неабыякавасць і разумеем, што дзякуючы вашай, Георгій Аляксеевіч, грамадзянскай пазіцыі, названыя аб’екты знаходзяца ў стане, які сёння нараканняў не выклікае.
– Вось і пешаходны пераход на Савецкай спачатку абсталявалі не там, дзе трэба. І толькі пасля “Прамой лініі” з пракурорам яго аператыўна перанеслі.
– Яшчэ раз дзякуй вашай энергіі і няўрымслівасці. Адначасова нагадаю, што зараз у раёне ідзе месячнік па добраўпарадкаванню. Спадзяюся, што вы, як старшы па дому, не застанецеся ўбаку ад гэтай важнай справы.
– У нашым доме жывуць пенсіянеры па 70-80 год. Якой работы ад іх можна чакаць? Вось учора трактар чысціў вуліцу і зямлю згарнуў да абочыны…
– А мы і не чакаем. Такім людзям заўсёды прыйдзем на дапамогу.
Леанід Цераш, Лунінец. Калі асушаць канаву на вуліцы Грамадзянская? Яна – сапраўдная бяда для прыватных сядзіб.
– Сёлета будуць працягвацца работы па абароне паўднёва-ўсходняй часткі Лунінца ад паводкі. Праектам прадугледжана ачыстка Лунінецкага канала і яго прытокаў. Частка работ ужо выканана, астатнія плануем завяршыць да восені гэтага года. Пасля таго, як будзе прыведзены ў парадак канал у раёне чыгуначнага маста, сітуацыя нарамалізуецца.
Надзея Бірыла, пенсіянерка, Кажан-Гарадок. Не так даўно купіла дом, які трэба рамантаваць. Хацела б выкарыставаць на рэканструкцыю чэкі “Жыллё”, але мне растлумачылі, што для гэтага патрэбна заказаць праектна-каштарысную дакументацыю, якая абыдзецца мне ў 5-7 мільёнаў рублёў. Сума завоблачная.
– Вы хочаце ўдакладніць, ці правільна вам вызначылі суму?
– Хачу, каб вы мне дапамаглі праіндэксіраваць чэкі “Жыллё”, каб потым можна было іх выкарыстаць на рэканструкцыю дома.
– Ёсць нарматыўна-прававая база, якую ні райвыканкам, ні хто іншы змяніць не можа. Закон трэба выконваць. Усе нюансы выкарыстання вамі чэкаў “Жыллё” ужо высветлены і растлумачаны вам у ходзе асабістага прыёму. Што датычыць кошту праектна-каштарыснай дакументацыі, то , як паведаміў начальнік архітэтуры Мікалай Мікалаевіч Макарэвіч, складзе яна ў межах 1 мільёна рублёў. Папрашу вас прыйсці на асабісты прём, дзе і ўдакладнім нюансы праблемы і прымальныя шляхі яе вырашэння.
Тэлефаную па просьбе прадпрымальнікаў. Скажыце, калі ласка, калі будзе завершана рэканструкцыя рынка?
– Усе работы праводзіць райспажыўтаварыства за ўласны кошт. Сёлета будзе завершана асфальтаванне і добраўпарадкаванне тэрыторыі. З-за пэўных фінансавых цяжкасцей абсталяванне рынка крытымі павільёнамі запланавана на будучы год.
Тэлефаную па даручэнню жыхаркі Кажан-Гарадка Евы Якубовіч. З 2009 года ёй налічваюць за вываз смецця падвойную суму, хаця прапісаны ў доме толькі адзін чалавек. Зараз утварылася пэўная запазычанасць. Ці нельга аднавіць справядлівасць і зрабіць пераразлік?
– Для гэтага з заявай і даведкай з сельсавета аб саставе сям’і трэба звярнуцца ў камунальную службу. Пасля гэтага будзе зроблены пераразлік.
Каля будынка КБА ў Лунінцы ўстанавілі дзіцячую горку. Ператварыць пустку ў пляцоўку для адпачынку дзетвары – добрая задумка, але яна марудна ператвараецца ў жыццё. Каля горкі нават няма абавязковага атрыбута – пясочніцы. Ды і сама тэрыторыя застаеца нядобраўпарадкаванай. Нярэдка гэтае месца выбіраюць для распіцця спіртных напіткаў людзі сумніўных паводзін. Ці нельга навесці парадак?
– Дырэктар КУШВП ЖКГ “Лунінецкая ЖКГ” В.М. Вакульчык ужо атрымаў адпаведнае даручэнне. Заадно папросім уіраўніцтва РАУС, каб больш пільную ўвагу звярнула на гэтае месца і яго наведвальнікаў патрульна-паставая служба.
У ходзе мінулай “Прамой лініі” са старшынёй райвыканкама Васілём Міхайлавічам Агіевічам звярталіся з просьбай падрамантаваць мост праз Цну на вуліцы Цнянская ў Кажан-Гарадку. Калі будзе праведзены рамонт?
– Як запэўніў начальнік ДРБУ-101 Аляксандр Мікалаевіч Трухноў, рамонтныя работы тут будуць выкананы на працягу красавіка гэтага года. Як разумееце самі, асабліва спяшацца пакуль можа і няварта. Вясна яшчэ не зусім трывала заявіла пра сябе цяплом, а ямкавы рамонт лепш рабіць у цёплае, сухое надвор’е. Словам, хвалявацца няварта, мост будзе адрамантаваны.
Добры дзень, Аляксандр Якаўлевіч! Вас турбуюць жыхары вёскі Вялікія Чучавічы. Летась па нашай вуліцы Меліярацыйнай спецыялісты “Водаканала” пракладвалі водаправод. Справа, безумоўна, добрая, але работнікі ў такі выгляд прывялі вуліцу, якая раней мела нядрэннае гравійнае пакрыццё, што зараз па ёй ні праехаць, ні прайсці нельга.
– Толькі што мы размаўлялі з дырэктарам КУП ВКГ “Водаканал” Аляксандрам Георгіевічам Радзіяновічам. Вуліца ў бліжэйшы час будзе прыведзена ў першапачатковы выгляд.
Мікалай Курыловіч, Багданаўка. Людзі мы з жонкай пажылыя, здароўе дрэннае. Усё жыццё працавалі ў калгасе, інваліднасці не маем. Дзяцей у нас няма. Між тым, дом, у якім жывем, патрабуе рамонту. Самі мы яго не адолеем. Ці нельга чым дапамагчы?
– Паступім наступным чынам, Мікалай Іванавіч. Даручым упраўленню па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва правесці абследаванне вашых сацыяльна-бытавых умоў. І пасля іх заключэння прымем канчатковае рашэнне, чым і як вам можна дапамагчы.
(Працяг будзе).
Падрыхтавала Таццяна Вайцяхоўская.