Прямая линия

ВЫРАШЭННЮ РЭАЛЬНЫХ ПРАБЛЕМ

садзейнічае дыялог чытачоў «ЛН” з прадстаўнікамі ўлады.

Падчас чарговай «Прамой лініі” на тэлефанаванні адказваў старшыня райвыканкама Васіль АГІЕВІЧ. (Працяг. Пачатак у №94).

– Вас турбуе з Язвінак Любоў Несцераўна Гардзіевіч. Жыву я ў доме №133 па вуліцы Леніна. Неаднаразова звярталіся мы на «прамую лінію”, у СВК «Дварэцкі”. Але рамонта ніякага. Просім дапамагчы, каб нам адрамантавалі дом. Усе кватэры – непрыватызаваныя.

– На жаль, выканаць рамонт цяпер наўрад ці ўяўляецца магчымым з-за ўмоў надвор’я. Неабходна планаваць работы на наступны год.

Як паведаміў старшыня праўлення СВК «Дварэцкі” В.І. Яцукевіч «для выканання патрабуемых работ неабходны значныя фінансавыя сродкі. На бліжэйшым сходзе ўпаўнаважаных будзе вынесена пытанне аб бязвыплатнай перадачы дома яго жыхарам”.

– Добры дзень. Мікалай Фёдаравіч Канапацкі. У нас дом на вуліцы Калінковіча, 3. Год таму жонка напісала заяву на падключэнне газу. Праект зрабілі толькі ў гэтым годзе. А тры месяцы таму заплацілі за падключэнне. Сам капаў, трубу пракладваў… Аднак, дагэтуль без выгод блакітнага паліва.

– Дам даручэнне разабрацца ў вашай сітуацыі.

Як паведаміў дырэктар РВУ «Лунінецрайгаз” В.І. Сыцэвіч: «згодна з дагаворам падраду, а таксама для ўдзешаўлення земляныя работы выконваюцца заказчыкам. Газавы ўвод зманціраваны, але прыямак не раскапаны. Акрамя таго, жылы дом не ўведзены ў эксплуатацыю, таму падача газу да яго прыёму немагчыма. Гэта вызначана пратаколам нарады аблвыканкама ад 8.06.2010 №22-44/37”.

– Рыгор Іванавіч Карповіч. Язвінкі, Леніна, 133.

– Тэлефанавалі сёння па вашаму дому.

– У мяне і іншых праблем хапае. Газ падвялі і кінулі. Не падключаюць. Кажуць, неабходна нейкая даведка і параметры дома не адпавядаюць.

Як паведаміў дырэктар РВУ «Лунінецрайгаз” В.І. Сыцэвіч: «перш за ўсё жыхары павінны прадставіць акты праверкі вентыляцыйных каналаў (работы гэтыя выконваюць прадстаўнікі добраахвотнага пажарнага таварыства). Акрамя таго, для пуска газавых катлоў неабходна мяняць унутраную сістэму ацяплення дома на пакватэрную, а таксама адрамантаваць дымавыя каналы). Гэтыя работы выконваюцца жыхарамі за ўласныя сродкі, уключаючы кошт матэрыялаў”.

– І яшчэ адно пытанне. 25 год адпрацаваў у калгасе, потым яшчэ 7 год на дапаможнай гаспадарцы цяперашняга «Палессеэлектрамаша”. Цяпер мне кажуць, быццам я не калгасны пенсіянер. Ніхто і размаўляць не хоча, а соткі – у апошнюю чаргу выдзяляюць.

– Цяпер ставіцца задача, каб усе, хто жыве на тэрыторыі гаспадаркі, былі ў аднолькавых умовах. Жадаю вам здароўя.

– Валерый Мікалаевіч Клімаў. Інвалід І групы. Жыву ў Вічыне на вуліцы Цэнтральная. У нас у доме два інваліда. Прыслалі квітанцыю на вываз бытавых адходаў, а мы не карыстаемся гэтай паслугай. Да кантэйнера амаль паўкіламетра.

– А машына да вас не пад’язджае?

– Не. Абяцалі, што будзе спыняцца, але вадзіцелі праязджаюць міма.

Як паведаміў дырэктар КУШВП ЖКХ «Лунінецкая ЖКГ” В.М. Вакульчык «дагавор на вываз адходаў заключаны з сынам В.М. Клімава. Ён – інвалід ІІІ групы і права на льготы не мае. Тым больш, карыстаецца паслугамі, аднак іх своечасова не аплочвае. Запазычанасць на 1 снежня склала 21 тысячу рублёў. Збор смецця ў вёсцы з кантэйнераў ажыцяўляецца спецыяльным транспартам, які не разлічаны на прыпынкі ля дамоў”.

– Добры дзень. Таццяна Міхайлаўна Канановіч. Жыву ў Азярніцы на вуліцы Краснавольская. На ёй ніколі няма святла. Ніхто дапамагчы не можа.

– Скажыце, калі ласка, а ліхтары вісяць на слупах?

– Не. Іх тут ніколі не вешалі. А у нас шмат дзяцей-школьнікаў, а яшчэ вуліца звязвае Азярніцу і Боркі.

Як паведаміў начальнік РЭС Л.Р. Алешка, «вуліца Краснавольская электрыфікавана. Апошнія некалькі дзён зафіксаваны перабоі з напружаннем. Аднак праблема будзе знята ў самы бліжэйшы час”.

– Тэлефаную з вуліцы Гастэлы ў райцэнтры. Соф’я Фёдараўна Некрашэвіч. Вось у нас на Беразіне вядзецца забудова, а ніякага магазіна, хаця б невялічкага няма.

– У нас плануецца развіццё ўсёй Беразіны. Там прадугледжваецца капітальная забудова, паявяцца шматкватэрныя і індывідуальныя дамы. У самай бліжэйшай перспектыве будзе падцягнута і інфраструктура. Разбяромся, дзе магчыма паставіць гандлёвы аб’ект, каб вам далёка не хадзіць.

– І другое пытанне. Вельмі далёка гарадская лазня знаходзіцца. Як дабрацца да яе? Адзін раз па кругу пройдзе аўтобус, але і да яго з ківенькай дайсці патрэбна. Ці магчыма пусціць рэйс па нашай вуліцы Гастэлы?

– Трэба вывучыць сітуацыю. Дзякуй вялікі вам за тэлефанаванне.

Як паведаміў дырэктар філіяла «Аўтамабільны парк №10 г. Лунінца” С.М. Кіндрук, «на жаль, адкрыццё новага маршрута немагчыма, паколькі вуліца не адпавядае патрабаванням стандарта «Дарогі аўтамабільныя і вуліцы”. Бліжэйшыя прыпынкі размешчаны на вуліцах Чырвоная і Гагарына”.

– Міхаіл Анісімавіч Емельяновіч. У нас у Лунінцы няма гадзіннікавага майстра. Прыязджае з Пінска, але гарантыі ніякай не дае. Шмат хто незадаволены яе работай.

– Індывідуальны прадпрымальнік Н.М. Курловіч, якая жыве ў Ляхавічах, пісьмова папярэджана аб выкананні Правілаў бытавога абслугоўвання насельніцтва. Гэта пытанне будзе знаходзіцца на пастаянным кантролі ў аддзеле эканомікі райвыканкаме.

– І яшчэ. Нашаму дому №117а, ужо 28 год. Калі павінен быць зроблены капітальны рамонт?

– Тэхнічны стан канструкцыйных элементаў дома і яго інжынерных сетак задавальняючы. У бліжэйшыя шэсць год капітальны рамонт не плануецца, паколькі ёсць больш старыя пабудовы ў горадзе і раёне, работы на якіх неабходна выканаць у першую чаргу.

– Марыя Мікалаеўна Каратыш. 4 гады таму купілі дом па вуліцы Сялянская, хачам зрабіць рэканструкцыю. Аднак, адказу няма. А так хочацца ванну, туалет, кухню. Ды і сам дом акультурыць – цэглай ці сайдынгам.

– Ваш дом знаходзіцца ў зоне шматкватэрнай забудовы. Больш дэталёвы адказ можа даць галоўны архітэктар горада.

Як паведаміў, галоўны архітэктар горада К.С. Навіцкі «зварот па пытанню пераводу вуліцы Сялянская з зоны шматкватэрнай забудовы ў катэджную не атрымаў падтрымкі. Цяпер рыхтуем рашэнне, якое дазволіла б выконваць рэканструкцыі. Адразу пасля яго прыняцця будзем разглядаць заявы грамадзян”.

– Вас турбуюць са станцыі Дзятлавічы. Вуліца Чыгуначная. У мінулым годзе гарэлі 2 лямпачкі, а ў гэтым – няма нічога.

– Сітуацыя будзе выпраўлена ў бліжэйшыя некалькі дзён, пасля аднаўлення лічыльніка ўліку на вулічнае асятленне каля дома №4 па вуліцы Чыгуначная.

– Добры дзень. У Мікашэвічах каля інтэрната «Спецжалезабетона” дзве вялікія ямы. Ці можна іх засыпаць? І другое пытанне. Хто можа праясніць сітуацыю з недабудаваным будынкам насупраць Палаца культуры?

– Наконт ям, зараз не самы лепшы час іх засыпаць, таму рамонт будзе выкананы ў красавіку-маі 2011 года. Пытанне з будынкам хвалюе ўсіх. Гаспадар – прыватная асоба. Як вы ведаеце, у бліжэйшых планах – будаўніцтва ў Мікашэвічах гасцініцы. Прадстаўнікі з Мінска, якія хочуць гэтым займацца, зацікавіліся «доўгабудам”. Магчыма, штосьці вырашыцца. Але ў любым выпадку сітуацыю трымаем на кантролі і будзем яе вырашаць.

– Вас турбуюць жыхары дома 43 па вуліцы Чырвоная. Да дажынак у нас рабілі капітальны рамонт дома. Мы прасілі, каб нам адрамантавалі крышы хлеўчыкаў, якія мы выкарыстоўваем як слепы.

– На жаль, у адпаведнасці з правіламі карыстання жылымі памяшканнямі, рамонт хлявоў і іншых гаспадарчых пабудоў выконваецца ўласнікамі ці наймальнікамі жылля за ўсласны кошт.

Як паведаміў дырэктар КУШВП ЖКХ «Лунінецкая ЖКГ” В.М. Вакульчык, «жыхары, якім неабходна выканаць рамонтныя работы хлеўчыкаў, могуць звяртацца ў аварыйную службу ЖКГ па тэлефоне 115 для афармлення заказ-дагавора. Пры наступленні спрыяльных умоў работы будуць выкананы”.

Показать больше

Похожие статьи

Прямая линия

ВЫРАШЭННЮ РЭАЛЬНЫХ ПРАБЛЕМ

садзейнічае дыялог чытачоў «ЛН” з прадстаўнікамі ўлады.

Падчас чарговай «Прамой лініі” на тэлефанаванні адказваў старшыня райвыканкама Васіль АГІЕВІЧ.

– Дзень добры Васіль Міхайлавіч! Вас турбуе Валер’ян Данілавіч Шэпялевіч. З 1985 года ў гаражным кааператыве «Вялікі”. Хвалюе адно пытанне – калі нарэшце нам падключаць святло? Старшыня кааператыва кажа, што гэта адбудзецца толькі ў тым выпадку, калі ўсе напішуць заявы. Але ёсць тыя, хто не жадае.

– Сяргей Іванавіч Гнедзька. Лунінец. Паважаны Васіль Міхайлавіч. Можа вы чым-небудзь дапаможаце з нашым гаражным кааператывым.

 – Вам неабходна звяртацца непасрэдна да старшыні вашага гаражнага кааператыва. Менавіта ён вырашае пытанне электразабеспячэння ад існуючых сетак пасля допуска электраўстановак энерганаглядам.

Звязвайцеся са старшынёй кааператыва. Падключэнне вядзецца і будзе працягвацца па меры напісання заяў. Каб для ўласнікаў гаражоў быў стымул.

– Добры дзень. У нас у Бастыні аграгарадок будзе. Наша вуліца Чыгуначная знаходзіцца не ў цэнтры. Ці можна яе падсыпаць і паставіць агароджы па льготным кошце?

 – Работы па ўзвядзенню аграгарадка кантралюе старшыня сельвыканкама.

Як паведаміў старшыня Бастынскага сельсавета Ф.М. Рашэцкі, у сувязі з неспрыяльнымі ўмовамі надвор’я работы па падсыпцы і грэйдзіраванню вуліцы будуць выкананы пры станоўчых паказчыках тэрмометра.

– Вас турбуе жыхар вёскі Велута. Ці можна маршрут аўтобуса «Лунінец-Бастынь”, які адпраўляецца ў 17.25 з райцэнтра, працягнуць да Велуты?

– Гэта пытанне паднімалася раней. Паколькі рэйс стратны, а з Бастыні да Велуты ездзіць не больш як 2-3 чалавекі, то пускаць яго нямэтазгодна. Аднак паспрабуем вам дапамагчы.

Як паведаміў дырэктар філіяла «Аўтамабільны парк №10 г. Лунінца” С.М. Кіндрук, з мэтай вывучэння пасажырапатока аўтобусны маршрут «Лунінец-Бастынь” з 1 па 10 снежня будзе працягнуты да Велуты.

– Добры дзень, паважаны Васіль Міхайлавіч. Двое маіх дзяцей маюць намер пабудаваць дамы. Сын, дзякуй Богу, пачаў. А вось у дачкі не атрымліваецца. Не магу зразумець, чаму ў нас добрыя ўчасткі рэалізуюцца на аўкцыёнах?

– У вас няправільная інфармацыя. Аўкцыёны цяпер не праводзяцца. Ды і праблем з зямельнымі ўчасткамі ў Лунінцы на сённяшні дзень няма. Нядаўна 28 чалавек атрымалі іх пры ўездзе ў горад. У бліжэйшы час будаўніцтва будзе развівацца ў бок Беразіны. Там хутка паявіцца шмат участкаў.

– Аднак, шэраг участкаў па-ранейшаму пустуюць… Напрыклад, па вул. Усходняя, 4 ці Беразіна, 5.

Сітуацыю тлумачыць начальнік землеўпарадкавальнай службы С.В. Чарненка: «Участак па вул. Усходняя, 4 зарэгістраваны за Г.Г. Мігалевіч. Там ёсць падмурак, які зарэгістраваны ў агенцтве па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельнаму кадастру на праве ўласнасці. Уласнік можа працягваць будаўніцтва ці прадаць маёмасць. У адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам грамадзяне могуць ажыццяўляць паміж сабой куплю-продаж незавершанай пабудовы. Згодна з Кодэксам аб зямлі пры такіх здзелках да пакупніка пераходзяць правы і на ўчастак.

Іншая справа па вул. Беразіна, 5. Участак там атрымала В.М. Бусько. 8.10.2010 грамадзянцы накіравана прадпісанне аб асваенні зямельнага ўчастка ў адпаведнасці з мэтавым прызначэннем. У выпадку невыканання патрабаванняў участак будзе адабраны і ўключаны ў пералік для далейшага прадастаўлення грамадзянам, якія стаяць на ўліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Ён штомесячна абнаўляецца і размяшчаецца на інфармацыйных стэндах райвыканкама і на сайце ў Інтэрнэце www.brest-region.by.

– Дзень добры. Тэлефануе вам ветэран вайны Мікалай Апанасавіч Ярмаковіч з Азярніцы. – Як ваша здароўе?

– Усё нармальна. Паважаны Васіль Міхайлавіч запрашаю вас, як старшыню райвыканкама, разам са старшынямі райспажыўтаварыства і сельгаскааператыва сустрэцца каля вясковага магазіна.

– З чаго раптам такая прапанова? Здаецца, заўсёды аператыўна вырашаем вашы праблемы. Якое пытанне ўзнікла на гэты раз?

– Каля магазіна ў Азярніцы вялікія яміны. Няўжо нельга знайсці магчымасць засыпаць іх?

– Вялікі дзякуй, што падказваеце. Добраўпарадкаванне тэрыторыі будзе праведзена ў другім квартале 2011 года, калі наступіць больш спрыяльны час.

–Мікалай Валянцінавіч Гец. Язвінкі, вуліца Лазнева. Усе дарогі ў нашай вёсцы добрыя. А на нашай вуліцы як толькі дождж пойдзе – ні праехаць, ні прайсці. У сельвыканкаме кажуць грошай няма. Разумею, што цяпер не самы час выконваць работы, ці можна запланаваць іх?

– Работы па падсыпцы вядуцца тут пастаянна. Вось і апошні раз дарожнікі працавалі ў лістападзе. Чарговую падсыпку выканаюць вясной, калі ўсталюецца добрае надвор’е.

(Працяг будзе).

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть