Прямая линия

З ВЕРАЙ У ЛЕПШАЕ

На пытанні чытачоў «ЛН” адказвае старшыня райвыканкама Васіль Міхайлавіч АГІЕВІЧ.

Зінаіда Бушыла, Лунінец. Добры дзень, Васіль Міхайлавіч! Дапамажыце, калі ласка вырашыць праблему. Жывем у доме №117а па вуліцы Чырвоная. Па суседству з нашай кватэрай 73 знаходзіцца дыспетчарскі пульт кіравання ліфтамі – установа з кругласутачным рэжымам работы. Мяжуе яна са спальняй, а сценкі настолькі тонкія, што чуваць не толькі галасы, але і работу абсталявання. Асабліва ўначы. Іншы раз даводзіцца выслухоўваць не зусім цывільную гамонку. Звярталіся ў камунальную службу, там дагэтуль абяцаюць разабрацца ў праблеме, але ні разу нават не прыехалі, каб упэўніцца, наколькі невыносныя ўмовы нашага пражывання.

— Пастараемся разабрацца ў вашай праблеме, Зінаіда Станіславаўна і абавязкова дапамагчы.

— Дзякуй вам. З надыходзячымі святамі!

— І вас таксама!

Як паведаміў дырэктар КУШВП ЖКГ «Лунінецкая ЖКГ” Васіль Вакульчык, пасля абследавання спецыялістамі жыллёва-эксплуатацыйнай службы вырашана дыспетчарскую перанесці ў іншае месца – суседні больш аддалены пакой (з 26.12.2011 г. дыспетчарская знаходзіцца ў іншым памяшканні – рэд.). У бліжэйшы час будзе зроблены рамонт напольнага пакрыцця, што выключыць магчымасць вібрацыі, а таксама будзе праведзена цеплагукаізаляцыя сцяны, якая мяжуе з кватэрай З.С. Бушыла.

Надзея Гаджала, Лунінец. Нядаўна ў доме па вуліцы Чырвонаармейская,8 завершаны капітальны рамонт. Аднак недаробак тут вельмі шмат. Нават чатыры драўляныя прыступкі пакінулі вышчарбленымі. Да таго ж, у пярэдадзень выдатных святаў пазбаўлены магчымасці глядзець тэлевізар і слухаць радыё.

— Дом наведае спецыяльная камісія, якая вызначыць усе агрэхі правядзенага капрамонту. Грошы дзяржава затраціла вялікія, і марнаваць іх ніхто не дазволіць. З вывадамі камісіі азнаёмім пазней, а вось далучыць вас да тэлецывілізацыі пастараемся да свята. Як стала вядома, яшчэ да Новага года работнікамі жыллёва-эксплуатацыйнай службы выкананы работы па ўстаноўцы на доме калектыўнай антэны, мантажу ўнутрыдамавых сетак і настройцы тэлепраграм. Да 15 студзеня 2012 года сувязісты абяцалі аднавіць работу радыёкропак. Да гэтага ж тэрміну будаўнікамі СПМК-33 будзе заменена драўляная падлога на лесвічнай пляцоўцы. Алена Каліноўская, Лунінец. Калі будзе капітальна адрамантаваны наш дом па вуліцы Савецкая,13? Дом у цэнтры горада, праблем – вельмі шмат. — Ваш дом уключаны ў тытульны спіс капітальнага рамонту жыллёвага фонду на 2012 год. Цяпер усё залежыць ад фінансавання. Сітуацыя дастаткова складаная, але губляць надзеі няварта. Пры наяўнасці фінансавых сродкаў работы можна будзе пачаць ужо ў маі 2012 года. Людміла Юрцэвіч, Лунінец. Добры дзень, Васіль Міхайлавіч. Дапамажыце прагрэйдзіраваць нашу вуліцу Гарадзецкага. Калі падмарожвае, то яшчэ можна прайсці, але зіма самі бачыце якая. Адначасова добра было б звярнуць увагу на асвятленне… — Камунальнікі атрымаюць адпаведнае даручэнне. Як паведаміў дырэктар КУШВП ЖКГ «Лунінецкая ЖКГ” Васіль Вакульчык, 28 снежня 2011 года вуліца Гарадзецкага прагрэйдзіравана. Адначасова праведзена рэвізія вулічнага асвятлення не толькі на названай, але і на вуліцах Маставая і Міцкевіча. Тут сапраўды каля 50 працэнтаў ліхтароў перагарэлі. Пакуль камунальнікі не маюць сродкаў набыць дорагакаштуючыя лямпы, але пры першай магчымасці рамонт асвятлення будзе выкананы. Тэлефаную вам з Міжлесся. Трымаем на падворку тры каровы, штодня прадаем дзяржаве па 15 літраў малака 5-6-працэнтнай тлустасці. Аднак штогод адчуваем праблемы з нарыхтоўкай сена. Раней удавалася назапасіць яго на шматлікіх меліярацыйных каналах, але пасля таго, як зямлю аддалі фермерам, яны нагой не даюць там ступіць. Разумею, што зараз не зусім час гаварыць пра нарыхтоўку сена, але ж у нашай мясцовай гаспадарцы нават саломы нельга дабіцца выпісаць. Колькі ні звярталіся – адмаўляюць. — Удзячны вам за тое, што так рупліва працуеце на зямлі, трымаеце гаспадарку, клапоціцеся пра ўласны дабрабыт і дабрабыт дзяржавы. Дырэктар КУП «Міжлесскае” Васіль Коваль атрымае адпаведнае даручэнне, а вы, звярніцеся да яго з афіцыйнай заявай. Упэўнены, што праблема з саломай будзе вырашана станоўча. Са святам вас надыходзячым, задроўя, дабрабыту! — Дзякуй! І вас – таксама. Васіль Міхайлавіч, ад імя пенсіянераў вёскі Манасеева вам тэлефануе Надзея Каскавецкая. Улетку пазбавілі нас радыё. Яшчэ месяцы два мы грошы за яго плацілі, а потым і іх перасталі браць. А нам без радыё вельмі дрэнна! — Надзея Пятроўна, абяцаю – дапаможам. Як паведаміў начальнік раённага вузла электрасувязі Ігар Шурпік, работа радыёкропак у Манасеева адноўлена 3 студзеня 2012 года. Турбуе вас Ева Грыб з Лобчы. Гаварыць буду ад імя пенсіянераў былога калгаса імя Фрунзе, які некалі далучылі да малочнага завода. Хацела б даведацца, чым мы адрозніваемся ад тых, хто пайшоў на заслужаны адпачынак з філіяла «Лобчанскае”? Мы гэтак жа працавалі на фермах і палях, але сёння пра нас ніхто не ўспамінае. На Дзень пажылых людзей усе віншаванні атрымліваюць, падарункі, а пра нас заўсёды забываюць. Лічым гэта несправядлівым. — Згодны з вамі, Ева Гаўрылаўна. Высветлім, чым можна дапамагчы. В.а. дыркэтара ААТ «Лунінецкі малочны завод” Аляксандр Бондар растлумачыў, што згодна з калектыўным дагаворам прадпрыемства і палажэннем аб савеце ветэранаў, былымі работнікамі, якія маюць права на матэрыяльную дапамогу, лічацца тыя, хто да моманту дасягнення пенсійнага ўзросту знаходзіўся ў працоўных адносінах з ААТ «Лунінецкі малочны завод”. Магчыма, гэта не зусім справяліва ў дачыненні да іншых, у першую чаргу, калгасных пенсіянераў. Таму пры прыняцці новага праекта калектыўнага дагавору пытанне ўключэння іх у лік заводскіх пенсіянераў будзе вынесена на разгляд працоўнага калектыву. Жывем на вуліцы Давыдава,17. У нашым доме – даўняя праблема. У вуглавых кватэрах некаторыя пакоі не ацяпляюцца. Кажуць, ціску не хапае. Можа і так, але ацяпляльную сістэму ўжо гады 4 не прамывалі. — У бліжэйшы час да вас наведаюцца спецыялісты з камунальнай службы. Як запэўніў дырэктар КУШВП ЖКГ «Лунінецкая ЖКГ” Васіль Вакульчык, 26 снежня 2011 года камунальнікі пабывалі ў названым доме. Былі выкананы работы па ліквідацыі паветраных пробак у сістэме ацяплення, а сама яна – прамыта. Прэтэнзій да тэмпературнага рэжыму ў жыхароў няма. Добры дзень Васіль Міхайлавіч! Ці нельга дакладна даведацца, якія аб’екты будуць узведзены ў 2012 годзе? — Перш за ўсё, будзем працягваць распачатыя работы. У 2012-м мяркуем увесці ў строй плавальны басейн. Па графіку будзе ісці рэканструкцыя гасцініцы. Адначасова распачнецца рэканструкцыя СШ №1. Дакладней сказаць, гэта будзе зусім новая школа, якая стане ўпрыгожаннем цэнтра Лунінца. Ведаю, што многія з жыхароў як нашага, так і суседняй Століншчыны з нецярпеннем чакаюць парома праз Прыпяць, які злучыць два раёны. Паром будзе. Неабходнае абсталяванне заказана на Пінскім сударамонтным заводзе і ўжо практычна аплочана. У межах магчымага будзем узводзіць новае жыллё ў Лунінцы і Мікашэвічах, добраўпарадкоўваць вуліцы гарадоў і вёсак. Па вялікаму рахунку, усё залежыць ад фінансавых магчымасцей, а дакладней кажучы, ад таго, як будзем працаваць. Будзе паступальна развівацца эканоміка, больш будзе ў нас магчымасцей для ажыццяўлення планаў. Леанід Арашкевіч. Жывем на вуліцы Новая ў Дрэбску. У нашых дамах асабліва вечарам пастаянна адчуваюцца перапады напружання. Існуе рэальная пагроза для дорагакаштуючай бытавой тэхнікі, якой карыстацца нарамальна проста не можам. Даўно наспела неабходнасць рэканструяваць электрычныя сеткі, але куды ні звярталіся, нідзе не атрымалі дакладнага адказуна пытанне: калі будзем атрымліваць электрычнасць у нармальным рэжыме? — Згодны з вамі, Леанід Данілавіч, што ў ХХІ стагоддзі ў час тэхнічнага прагрэсу такіх праблем быць не павінна. Пастараемся дапамагчы. Начальнік раёна электрасетак Леанід Алешка запэўніў, што ў першым квартале 2012 года плануецца рэканструкцыя сетак электразабеспячэння на некаторых вуліцах у Дрэбску. У іх лік уваходзіць і вуліца Новая. Пасля завяршэння работ напружанне ў дамах будзе нармальным. Людміла Грычык, Лунінец. Калі ў Лунінцы ў магазінах да святаў будуць скідкі на тавары, як у іншых цывілізаваных гарадах? — Ведаю, што такія акцыі праводзяцца. У прыватнасці, са скідкамі перад Новым годам прадаваў сваю прадукцыю малочны завод. На рынку падзешавелі мандарыны і некаторыя іншыя фрукты. Свае паслугі прапаноўвае прыватны дыскаунтэр на Прывакзальнай плошчы. Але ж асабіста я ўсе гэтыя рэчы лічу, вобразна кажучы, казкамі Дзеда Мароза. Ніводзін з вытворцаў ці гандляроў не адмовіцца ад дадатковага прыбытку, асабліва напярэдадні святаў, калі продаж актывізуецца. Як эканаміст, ведаю, што любыя скідкі загадзя закладзены ў цану тавара. Давайце гэта разумець. У першую чаргу, такія акцыі – звычайная рэклама. Уладзімір Вабішчэвіч, Лунінец. 9 лістапада 2011 года літаральна каля дома, дзе жыў, мой бацька быў збіты машынай, пасля чаго трапіў у бальніцу, дзе праз 10 дзён памёр. Больш як месяц праваахоўнікі нічога не рабілі для таго, каб знайсці зламысніка. І толькі пасля маіх настойлівых зваротаў 14 снежня была ўзбуджана крымінальная справа. Доўгі час матэрыял ляжаў пад сукном у следчых, і мне давялося звярнуцца ў УУС аблвыканкама, генеральную пракуратуру, каб злачынства не засталося беспакараным. Вадзіцель жа ўцёк з месца ДТЗ. — Калі ўсё так, як расказваеце, то гэта недаравальна. Вы звярнуліся з заявай у пракуратуру раёна? — Так. — Зробім запыт, каб высветліць, як там адрэагавалі на такія факты. В.а. пракурора раёна, саветнік юстыцыі Андрэй Лукашэвіч паведаміў, што пракуратурай разгледжана заява аб неналежным выкананні супрацоўнікамі РАУС службовых абавязкаў пры правядзенні расследавання ДТЗ каля магазіна «Вега” па вуліцы Чырвоная ў Лунінцы. Устаноўлена, што за перыяд з моманту дастаўлення Р.І. Вабішчэвіча ў прыёмны пакой ЦРБ 9.11.2011 г. і да сённяшняга часу праведзены пэўны комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на высвятленне ўсіх абставін здарэння. Адначасова выяўлена, што работа гэтая выконвалася не ў поўнай меры. Не праведзены шэраг праверачных дзеянняў, не ўстаноўлены і не апытаны магчымыя сведкі. Менавіта таму пракуратурай рёна начальніку РАУС накіраваны канкрэтныя ўказанні аб выпраўленні памылак. Справа знаходзіцца на кантролі ў пракуратуры раёна. Разам з тым, лічым, што падстаў для прыняцця мер пракурорскага рэагавання няма. Пры нязгодзе з такім вердыктам У.Р. Вабішчэвіч мае права абскардзіць яго пракурору вобласці ці звярнуцца ў суд. Марыя Пятровіч, манагадзетная мама з Дубаўкі. Каля магазіна ў нас дагэтуль палохае людзей нежылы будынак. Там нярэдка збіраюцца падазроныя асобы, часта ладзяць небяспечныя гульні дзеці. Абяцалі, што будыніна будзе знесена, але дагэтуль нічога не зроблена. — Дзякуй, Марыя Уладзміраўна, што патэлефанавалі. Работы па разборцы ўказанага будынка будуць завершаны да 15 сакавіка 2012 года сіламі работнікаў філіяла «Лобчанскае” ААТ «Лунінецкі малочны завод”. — Яшчэ пытанне да вас, Васіль Міхайлавіч. Ці адновіць сваю работу басейн у нашай школе? Шкада, што прападае такі выдатны спартыўны аб’ект. — Разумею і падтрымліваю вашу занепакоенасць лёсам басейна. Як дакладна разумею і тое, што першапачаткова ўзводзіць яго ў такім параўнаўча невялікім населеным пункце было памылкай. Цяпер на рэканструкцыю патрэбна прыкладна 5 мільярдаў рублёў. Гэта немалыя грошы, і іх, вядома ж, накіруем на больш неадкладныя патрэбы. У тым ліку – завяршэнне будаўніцтва басейна ў Лунінцы. Работы па капітальнаму рамонту басейна ў Дубаўцы будуць распачаты пры больш спрыяльных фінансавых магчымасцях. Кацярына Даўгавечная, Кажан-Гарадок. Скажыце, Васіль Міхайлавіч, чаму ў нас можна незаконна вывозіць людзей на работу ў Абхазію, каб яны там гінулі? Гэтак жа, як нядаўна загінуў мой сын. Чаму асобным дазволена ісці на такое злачынства? Гэта трэба спыніць, магчыма ўдасца выратаваць іншых дзяцей. — Глыбока спачуваю вам, Кацярына Рыгораўна. Ведаю, што вашай справай займаецца абласная пракуратура. Расследуюць яе і расійскія праваахоўнікі. Паверце, ніхто лепш, чым спецыялісты, не разбяруцца ва ўсіх абставінах гэтага трагічнага здарэння. І ніякія сувязі тут не дапамогуць. Давайце пачакаем завяршэння следства. Яшчэ раз прыміце мае спачуванні. Ганна Соц, сельгаскааператыў «Вулькаўскі світанак”. Васіль Міхйлавіч, на маю думку, у нашай гаспадарцы зніжэнне пагалоўя буйной рагатай жывёлы адбываецца з-за парушэння тэхналогіі асемянення. Пакрываецца толькі прыкладна трэцяя частка кароў, астатнія зашлакоўваюцца. У выніку – няякаснае малако і мяса. — Вы ўзнялі шматгранную праблему. Часта бываю ў вашай гаспадарцы, але ў бліжэйшы час наведаю яе зноў. Разбяромся, у чым справа. — Дзякуй. Будзем чакаць вас. Каля Кажан-Гарадоцкай СШ абсталявалі так называемыя «ляжачыя паліцэйскія”. Дапамажыце прывесці іх да неабходных стандартаў, а то вадзіцелям даводзіцца не пераязджаць іх, а пераскокваць. — Начальнік ДРБУ-101 Аляксандр Трухноў запэўнівае, што штучныя няроўнасці ў Кажан-Гарадку абсталяваны па правілах у адпаведнасці з усімі патрабаваннямі. Іх прызначэнне – прымусіць вадзіцеля максімальна знізіць хуткасць. Упэўнены, што ў гэтым выпадку вы будзе няроўнасці пераязджаць, а не перскокваць. Васіль Шмат, Лунінец. Будую дом па вуліцы Ціхая, 37. Усе работы выконваю, як у старажытнасці. Справа ў тым, што на вуліцы дагэтуль няма электрычнасці. Усе хаджэнні па інстанцыях выніку не даюць. Адказ адзін – няма грошай. — Па заказу КУП «ЛунінецрайУКБ” распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя на будаўніцтва лініі электразабеспячэння раёна жылой забудовы па вуліцах Ціхая – Гогаля. Ужо ёсць станоўчае экспертнае заключэнне. Выкананне работ будзе магчымым пасля аднаўлення фінансавання аб’ектаў інжынернай інфраструктуры кварталаў жылой забудовы, прыпыненае пісьмамі аблвыканкама ад 30 чэрвеня і 18 ліпеня мінулага года. Скажыце, калі заасфальтуюць вуліцу Ільіна ў пасёлку Сельгастэхніка? — Магу сказаць пэўна, што сёлета гэтыя работы не плануюцца. Як будзе далей, сказаць пакуль цяжка. — Калі нарэшце паявіцца нармальнае асвятленне на вуліцы Давыдава? Як паведаміў дырэктар КУШВП ЖКГ «Лунінецкая ЖКГ” Васіль Вакульчык, перагарэўшыя лямпы будуць заменены, як толькі ў ЖКГ паявіцца фінансавая магчымасць набыць новыя. — Чаму нельга заасфальтаваць дарогу праз лес, злучыць вуліцу Лясную, з Давыдава і пусціць па гэтаму маршруту гарадскі аўтобус? — Сёння добраўпарадкавання патрабуюць многія цэнтральныя і перыферыйныя вуліцы ў гарадах і вёсках. А таму асфальтаваць лясныя дарогі, якім бы зручным гэта не падалося асобным людзям, лічу неразумным.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть