Аб рабоце праваднога радыё і не толькі
Прямая линия

Аб рабоце праваднога радыё і не толькі

огиевич

 

На пытанні чытачоў «ЛН», зададзеныя ў ходзе «Прамой лініі», адказвае старшыня раённага выканаўчага камітэта Васіль АГІЕВІЧ.

Сцяпан Каховіч, Лунінец. Жыву ў Сельгастэхніцы па вуліцы Давыдава,1. Непадалёк ад нашага дома – раскапаная цеплатраса. Трубы не закрыты плітамі… Камунальнікі спасылаюцца на работнікаў аддзела адукацыі, якія рамантавалі цепласеткі, што вядуць да дзіцячага сада; работнікі аддзела адукацыі – на камунальнікаў…
– Дзякуй за тэлефанаванне, непаладкі будуць ухілены.
Як стала вядома, цеплатраса прыведзена ў належны выгляд.
– Яшчэ пытанне. На нашым доме ўлетку абяцалі адрамантаваць дах, электраправодку ў пад’ездзе і перакрыцці над вокнамі, але дагэтуль нічога не зроблена. Нагадвалі дырэктару камунальнай гаспадаркі пра яго абяцанні, але ён нас не чуе.
– Пасля тэлефанавання да вас выедуць спецыялісты камунгаса і аператыўна выканаюць усе належныя работы.
Як паведаміў дырэктар КУШВП ЖКГ В.М. Вакульчык, 28 снежня 2013 года работнікі жыллёва-эксплуатацыйнай гаспадаркі замянілі свяцільні ў пад’ездзе і неабходнае электраабсталяванне на першым паверсе. Падрамантаваны дах. Узмоцнены перакрыцці над дзевяццю вокнамі. Чатыры аконныя праёмы, што засталіся, будуць адрамантаваны ў бліжэйшы час.
– Яшчэ адна праблема – не працуе радыё. Правады абарвалі камунальнікі, калі рамантавалі дах.
– Справа ў тым, што ў раёне вядзецца работа па згортванню праваднога радыё. Таму работнікі раённага вузла электрасувязі і не спяшаюцца рамантаваць няспраўнасці, прапаноўваючы ўзамен прыёмнікі эфірнага вяшчання, якія можна набыць у РВЭС у растэрміноўку. Праўда, тут варта адзначыць некаторую няўзгодненасць дзеянняў двух міністэрстваў – сувязі і інфармацыі. Першае распрацавала план ліквідацыі праваднога радыё і прыступіла да яго ажыццяўлення, другое – выступіла з прапановай спыніць гэтыя работы, бо знішчаецца адладжаная сістэма апавяшчэння насельніцтва ў выпадку надзвычайных сітуацый. Адрасавалі пытанне нашым сенатару Таццяне Дзмітрыеўне Удавенка і парламентарыю Валянціне Ігнатаўне Верас з тым, каб яны праз дэпутацкія каналы высветлілі канчатковую пазіцыю абедзвюх структур. Пасля таго, як атрымаем адказ, абавязкова надрукуем яго на старонках “ЛН”.
Марыя Мардухай, Мікашэвічы. Жыву па вуліцы Маякоўскага, 20. Дапамажыце разабрацца ў непаразуменнях з суседам, які парушае нормы пражывання. Агароджа ўпіраецца ў мой хлеў, сцёкі трапляюць у пабудову, дзе захоўваю дровы…
– Зразумеў, Марыя Міхайлаўна. У бліжэйшы час да вас выедзе спецыяльная камісія, якая вызначыць, ці парушаны ў вас межы ўчастка.
Як стала вядома, праваўстанаўліваючыя дакументы ёсць на абодва зямельныя ўчасткі пры домаўладаннях па вуліцы Маякоўскага, 18 і 20 у г. Мікашэвічы. Мяжа паміж участкамі праходзіць па агароджы з бетанаваных пліт, драўлянай агароджы, сцяне гаспадарчай пабудовы і металічнай сетцы. Шляхам вымярэнняў устаноўлена, што памеры зямельных участкаў адпавядаюць указаным у праваўстанаўліваючых дакументах. Парушэнняў правілаў землекарыстання не выяўлена. Аднак для канчатковага вырашэння межавых спрэчак уладальнікі сядзіб могуць звярнуцца з заявай у арганізацыю па землеўпарадкаванню (Пінскі філіял УП “Праектны інстытут Брэстгіпразем” па адрасе: г. Пінск, вул. Канарэева,10) аб выкананні работ па аднаўленню на мясцовасці межаў зямельнага ўчастка.
Васіль Міхайлавіч, вас турбуюць жыхары вуліцы Ільіна ў райцэнтры. Каля нашых дамоў №№37, 38, 40 стаіць кантэйнер для смецця. Сюды бытавыя адходы носяць жыхары з усёй акругі. Камунальнікі не паспяваюць чысціць ёмістасці, таму наваколле заўсёды забруджана. Ці нельга паставіць кантэйнер большых памераў або ўключыць нашы вуліцы ў маршрут смеццезборачнай машыны?
– Да канца студзеня 2014 года камунальнай службай будзе распрацаваны маршрут руху спецыялізаванага аўтатранспарту па збору цвёрдых бытавых адходаў на вуліцах Багушэвіча, Ільіна і Давыдава. Графік руху апублікуем на старонках “ЛН”.
Чаму нашы вуліцы Машэрава, Гарадзецкага, Рабінавая і іншыя ў новым мікрараёне забудовы Баханова аказаліся адрэзанымі ад выгод цывілізацыі? Маю на ўвазе інтэрнэт і інтэрактыўнае тэлебачанне ZALA. Справа ў тым, што ў мікрараёне адсутнічае тэлефонная сувязь, без якой карыстацца названымі паслугамі праблематычна, калі ўвогуле магчыма.
– Як стала вядома, пракладка кабельных ліній сувязі ў названым мікрараёне ўключана ў план капітальнага будаўніцтва Брэсцкага філіяла РУП “Белтэлекам” на 2015 год.
З Мікашэвіч вас турбуюць, Васіль Міхайлавіч. На вуліцы Сялянская пракладвалі газа- і водаправоды. Пасля гэтых работ вуліца набыла жудасны выгляд. Звярнуліся да старшыні гарвыканкама Анатоля Давыдовіча з просьбай падсыпаць і прагрэйдзіраваць Сялянскую, каб па ёй можна было праехаць і прайсці. І вось нам падсыпалі… Прывезлі нейкае смецце – рэшткі поліэтыленавай плёнкі, карані дрэў, мешкавіна, пустыя бутэлькі. Пазней замест адсеву ўсё засыпалі пяском з глінай.
З гэтым і грэйдзер не здолеў справіцца… А Давыдовіч усім рапартуе, што неабходныя работы выкананы.
– Паглядзім якасць гэтых работ. Разам вы павінны зразумець, што зіма – не вельмі спрыяльны час для любога віду рамонту, у тым ліку і дарожнага…
– Дык нам жа “падсыпку” зрабілі яшчэ ў кастрычніку…
– Разбяромся з выездам на месца. Парадак будзе наведзены.
Алена Канановіч, Сінкевічы. Чаму ў нас не працуе радыё? (На гэты конт было адразу некалькі тэлефанаванняў з Сінкевіч, дзе напярэдадні Новага года сувязісты адключылі правадное радыё. Застаецца толькі здзіўляцца “аператыўнасці” спецыялістаў РВЭС, якія да святаў зрабілі такі “падарунак” вяскоўцам. Тым не менш, праблему будзем трымаць на кантролі да атрымання адказаў ад сенатара, парламентарыя і з Міністэрства інфармацыі і Міністэрства сувязі і інфарматызацыі – Т.В.).
– Яшчэ пытанне. З ім варта было б ісці ў сельвыканкам, але рабіць гэта безвынікова: колькі ні звярталіся – праблемы не вырашаюцца. А вырашаць іх трэба. Нас, напрыклад, не задавальняе стан вуліцы Яроцкага. Недагледжанасць, бруд, смецце… Я разумею, што гэта ў большасці выпадкаў справа рук людзей, якія тут жывуць. Шкада, што многім трэба тлумачыць правілы пражывання. А толькі, калі слоў яны не чуюць, чаму не прымяніць да іх іншыя меры? Але ж у нас не спяшаюцца гэта рабіць ні сельская ўлада, ні ўчастковы. Акрамя гэтага, патрабуе падсыпкі выезд да чыгуначнага пераезда. Старшыня сельвыканкама ў адказ на нашы скаргі прапаноўвае хадзіць іншай, больш доўгай дарогай. Ну, што сказаць: дажыве да нашых год (а мы – людзі састарэлага ўзросту), то няхай ходзіць наўкола…
– Згодны з вамі, Алена Васільеўна. Але ж і вы са свайго боку маглі б тлумачыць аднавяскоўцам, што парушэнне нормаў санітарнага пражывання – непавага ў тым ліку і да землякоў. Дадзім даручэнне старшыні сельвыканкама, каб больш пільна ставілася да зваротаў жыхароў. Што да падсыпкі дарогі да чыгуначнага пераезда, то пастараемся зрабіць гэта ў больш спрыяльны вясенне-летні час.
Скажыце, калі ласка, ці праўда, што непадалёк ад Лахвы на месцы, дзе размяшчалася былая воінская часць, будзе абсталяваны палігон для цвёрдых бытавых адходаў?
– Будаўніцтва аб’екта “Міні-па-лігон у в. Лахва Лунінецкага раёна” пачата восенню 2013 года згодна з праектна-каштарыснай дакументацыяй, зацверджанай рашэннем райвыканкама. ПКД прайшла дзяржаўную пазаведамасную экспертызу і ўзгоднена з усімі зацікаўленымі службамі. Вядзецца будаўніцтва за кошт сродкаў абласнога бюджэту. Перад яго пачаткам быў атрыманы дазвол у інспекцыі Дэпартамента кантролю і нагляду за будаўніцтвам па Брэсцкай вобласці. Тэхнічны нагляд ажыццяўляе ўпраўленне капітальнага будаўніцтва. Участак быў выбраны спецыяльнай камісіяй яшчэ ў 2011 годзе.
Ларыса Парубочая, Рэдзігерава. Жывем у двухпавярховым доме па вуліцы Цэнтральная, 39. У кватэры №4 холадна. А яшчэ ж на вуліцы не было сапраўдных маразоў…
– Спецыялісты камунальнай службы выедуць на месца і паглядзяць, у чым там справа.
Як паведаміў дырэктар КУШВП ЖКГ “Мікашэвіцкая ЖКГ” Мірон Літвіновіч, спецыялістамі прадпрыемства быў зроблены замер тэмпературы паветра ў кватэры №4 дома №39 па вуліцы Цэнтральная ў в. Рэдзігерава. Тэмпература адпавядае санітарным патрабаванням і сацыяльным стандартам, пра што сведчыць акт.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть