Ад амбулаторыі — да школы мастацтваў
Прямая линия

Ад амбулаторыі — да школы мастацтваў

верес1ВдовенкоНа пытанні жыхароў раёна адказваюць член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Таццяна УДАВЕНКА і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Hацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Валянціна ВЕРАС.

Аляксей Шыйч, Лунінец. Мая дачка атрымлівае ветэрынарную спецыяльнасць у Пінскім сельскагаспадарчым каледжы. Папярэдне быў заключаны дагавор з СВК “Дварэцкі», згодна з якім гаспадарка абавязалася штомесяц выплачваць матэрыяльнае заахвочванне з тым, каб дачка пасля заканчэння ўстановы прыехала на працу ў Дварэц. Але, пачынаючы з лютага гэтага года, ніводнага рубля даплаты навучэнка каледжа не атрымала. Ці мяркуюць у гаспадарцы пагасіць запазычанасць? У супраціўным выпадку, які сэнс ехаць туды на работу?

Т.Д. Удавенка. СВК “Дварэцкі”, як і многія іншыя сельскагаспадарчыя арганізацыі раёна, адчувае востры недахоп спецыялістаў зоаветэрынарнай галіны. Менавіта таму ў свой час вырашылі заключыць дагаворы з выпускнікамі школ, якія мелі намер атрымаць запатрабаваныя спецыяльнасці ў сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных установах краіны. Згода з гэтымі дагаворамі, юнакам і дзяўчатам, а такіх, акрамя вашай дачкі, яшчэ 4 чалавекі, гаспадарка абавязалася штомесяц даплачваць да стыпендыі тым, хто вучыцца ў ССНУ — па 3 базавыя, а тым, хто з’яўляецца студэнтам ВНУ, — па 5 базавых велічынь. Аднак у пачатку года “Дварэцкі” апынуўся ў асабліва складаным фінансавым становішчы, з цяжкасцю выдавалі заробкі працаўнікам, таму ўсе іншыя выплаты былі прыпынены. Не так даўно на чале сельгаскааператыва стаў новы кіраўнік Віталь Карчэўскі. Вядома, спадзявацца, што гаспадарка ў адно імгненне стане прыбытковай, не даводзіцца. Тым не менш, прынята рашэнне вышукаць сродкі і пагасіць запазычанасць вашай дачцэ і іншым студэнтам. Ужо састаўлена ведамасць, згодна з якой і будуць праводзіцца выплаты. Звяртайцеся ў сельгаскааператыў.

Марыя Папова.Тэлефаную з Луніна. Неаднаразова звярталася ў розныя інстанцыі з тым, каб вырашыць шматгадовую спрэчку з суседзямі, узаконіць межы ўчастка і ўзведзеныя на ім пабудовы. I ўсё безвынікова.

Т.Д. Удавенка. Пры вырабе праваўстанаўліваючых дакументаў Лунінецкім філіялам “Брэсцкае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельнаму кадастру” па вашай заяве рашэннем сельвыканкама №338 прадастаўлена 0,25 гектара ў раней устаноўленых межах. У студзені 2015 года спецыяльная камісія зноў выязджала на месца і склала акт абследавання зямельных участкаў па вашым адрасе: вул. Лугавая,11 і суседнім — Лугавая,9а. Было вырашана зацвердзіць межы зямельных участкаў у памерах, указаных у праваўстанаўліваючых дакументах. Падстаў для таго, каб іх мяняць, няма. Вы атрымалі рашэнне Лунінскага сельвыканкама №45 ад 12.02.2015 “Аб прадастаўленні зямельнага ўчастка для абслугоўвання жыло-га дома”. Адначасова вам растлумачылі, што ў двухмесячны тэрмін трэба звярнуцца ў “Брэсцкае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельнаму кадастру”, і што ваша землеўпарадкавальная справа знаходзіцца ў Лунінецкім філіяле. Толькі пасля рэгістрацыі зямельнага ўчастка вы зможаце звярнуцца ў сельвыканкам з заявай прыняць у эксплуатацыю самавольныя гаспадарчыя пабудовы.

Тэлефаную ад імя пажылых жыхароў вёскі Лахва, якія пакутуюць ад адсутнасці тут амбулаторыі. Для таго, каб трапіць на прыём да ўрача, нам трэба дабірацца ў Любань. А колькі разоў было так, што, прыехаўшы туды, нам казалі: урач на выкліку ў Барсукова, прыязджайце заўтра… Калі, нарэшце, у нашай вёсцы будзе адкрыта нармальная ўрачэбная амбулаторыя з неабходным штатам работнікаў?

В.І. Верас. Адкрыццё ў Лахве амбулаторыі ўрача агульнай практыкі плануецца на базе былога дзіцячага сада пасля яго капітальнага рамонту. Ужо заключаны дагавор з “Лунінецкай архітэктурай” на атрыманне так званай дазваляльнай дакументацыі, пасля чаго пройдзе тэндар па вызначэнню заказчыка. Будаўнічыя работы запланаваны на 2016 год. Вядома ж, пры ўмове наяўнасці фінансавых сродкаў. Пакуль жа кваліфікаваная медыцынская дапамога насельніцтву Лахвенскага ўрачэбнага ўчастка аказваецца ў двух адрамантаваных кабінетах мясцовай сярэдняй яслі-сад-школы і на базе фельчарска-акушэрскага пункта, размешчанага ў Любані. Менавіта тут працуюць урачы агульнай практыкі Таццяна Бойка і Таццяна Долгая. Пацыентаў прымаюць яны па графіку: адна выязджае на замацаваныя ФАПы, другая — вядзе прыём у Любані. Інфармацыя аб графіку іх работы ёсць на кожным ФАПе. Акрамя таго, для паляпшэння медыцынскай дапамогі жыхарам Лахвы двойчы ў год наладжваецца выезд сюды тэрапеўта, неўролага, анколага і эндакрынолага з раённай паліклінікі. Першы такі выезд быў сёлета ў лютым, наступны — запланаваны на кастрычнік. З мэтай ранняга выяўлення рака шчытападобнай і малочнай залоз у верасні ў Лахве было праведзена абследаванне 45 чалавек. У лістападзе 2015 года, згодна з графікам, сюды плануецца выезд перасоўнага рэнтгеналагічнага комплексу “Скрынэкспрэс”.

Звяртаемся да вас ад імя выбаршчыкаў-жыхароў раёна з просьбай пасадзейнічаць у адкрыцці ў Лунінцы магазіна буйной гандлёвай сеткі накшталт “Еўраопта», як гэта ёсць у іншых цывілізаваных гарадах. У нас жа дагэтуль — толькі магазіны райспажыўтаварыства.

В.І. Верас. Наколькі ведаю, зараз у аблвыканкаме разглядаецца прапанова для СП “Санта Імпэкс Брэст”. Мяркуецца выдзеліць зямельны ўчастак у Лунінцы плошчай 1 гектар па вуліцы Баханова. У многіх на слыху “Санта” — як буйны вытворца прадуктаў з рыбы, таму растлумачу, што будзе гэта буйны гандлёвы цэнтр з шырокім асартыментам як харчовых, так і прамысловых тавараў. Магазіны гэтай гандлёвай сеткі ёсць ужо ў многіх гарадах вобласці. Зусім нядаўна — да свята “Дажынак” — СП “Санта Імпэкс Брэст” адкрыла сваю кропку ў горадзе Іванава. Больш таго, для развіцця гандлю на тэрыторыі раёна штогод з красавіка па снежань праводзяцца аўкцыёны па продажу нерухомай маёмасці і права заключэння дагавораў на арэнду зямельных участкаў. Удзельнічаюць у іх нямногія, а ААТ “Еўраопт” наогул ні разу не выказаў цікавасці да правядзення такіх аўкцыёнаў.

Турбуюць вас з Багданаўкі. Вельмі занепакоены прыняццем так званага закона аб дармаедстве. Мы б і рады працаваць, але работы ў нашай вёсцы, асабліва для жанчын, няма. Няўжо давядзецца плаціць яшчэ і гэты падатак? Тым больш, што ў кожнага з вяскоўцаў — вялікія агароды. Хіба работа на прысядзібным участку не бярэцца ў разлік?

В.І. Верас. І сапраўды, у адпаведнасці з ч.3 арт.101 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, устаноўлена, што грамадзянін Рэспублікі Беларусь у выпадку няўдзелу ў фінансаванні дзяржаўных расходаў ці ўдзелу ў такім фінансаванні менш як 183 каляндарныя дні прызнаецца плацельшчыкам збору на фінансаванне дзяржаўных расходаў. Разам з тым, такі збор не закране тых, хто зарэгістраваны ў сельскім населеным пункце і вядзе асабістую падсобную гаспадарку. Прычым для гэтай мэты прадастаўлены зямельны ўчастак, што пацвярджаецца мясцовым выканаўчым органам. Так што, большасці жыхароў Багданаўкі хвалявацца няварта, а вось аматарам “доўгага рубля”, якія перыядычна выязджаюць на заробкі за мяжу, што не перашкаджае ім і іх сем’ям карыстацца ўсімі дзяржаўнымі выгодамі ў медыцыне, адукацыі і іншых сферах, варта задумацца.

Ларыса Савіцкая, Сінкевічы. Валянціна Ігнатаўна, звяртаюся да вас ад імя аднавяскоўцаў. Аграгарадок у нас прыгожы, ёсць усё для таго, каб жыць годна: магазіны з добрым асартыментам тавараў, утульная школа, выдатная бальніца… I ўсё ж назаляе адна праблема. Ці нельга ў Сінкевічах, як гэта зроблена ў некаторых іншых населеных пунктах, адкрыць філіял дзіцячай школы мастацтваў? Дзеткі ў нас таленавітыя, любяць музыку, а вось удасканальваць свае здольнасці ім няма дзе.

В.І. Верас. Ну, не стала б гаварыць так катэгарычна. У вас і насамрэч слынны населены пункт. Ведаю тамтэйшую школу і тое, што рыхтуе яна не толькі добрых спартсменаў, але і тых, хто пасля заканчэння з поспехам паступае ў прэстыжныя ВНУ, у тым ліку і мастацкага накірунку. Да таго ж, у мясцовым Доме культуры ёсць нямала аб’яднанняў, наведваючы якія, дзеці змогуць не толькі з карысцю правесці вольны час, але і развіць свае здольнасці. Двойчы ў тыдзень — па серадах і чацвяргах — аматараў вакальных спеваў збірае аднайменны гурток. Разам з тым, як мама і ўжо бабуля, разумею вашы памкненні. Ды толькі для таго, каб адкрыць у Сінкевічах філіял Мікашэвіцкай дзіцячай музычнай школы мастацтваў, неабходна наяўнасць не менш як 30-ці жадаючых там займацца. Пакуль жа ў Мікашэвіцкай ДМШМ вучацца толькі 4 дзіцяці з вашага аграгарадка. Магчыма, варта на будучы год разгледзець перспектыву выезду выкладчыкаў з Мікашэвіч у Сінкевічы? Але і для гэтага трэба пэўная колькасць выхаванцаў. Было б нядрэнна, каб перад пачаткам наступнага навучальнага года бацькі дзетак, якія маюць жаданне вучыцца музыцы, напісалі адпаведныя заявы. Пакінуць іх можна ў дырэктара Сінкевіцкай СШ.

Скажыце, дзе будзеце галасаваць: у Лунінцы ці ў Мінску?

— Чаму ў Мінску? Была і застаюся жыхаркай Лунінеччыны, таму буду галасаваць на выбарчым участку ў гарадской СШ №3. Калі не знайду час завітаць сюды датэрмінова, то абавязкова прыйду 11 кастрычніка. Заклікаю зрабіць гэта ўсіх сваіх землякоў. Выбары Прэзідэнта краіны — адказная палітычная кампанія і заставацца да яе ўбаку недаравальна. У пэўным сэнсе яна — экзамен на грамадзянскую сталасць, на вернасць ідэалам нашай незалежнай Айчыны.

Т.Д. Удавенка. Згодна са словамі Валянціны Ігнатаўны. Больш таго, я ўжо наведала участак для галасавання ў памяшканні Дома быту і свой грамадзянскі абавязак выканала. Па роду работы часта даводзіцца мець стасункі з замежнікамі. Вось і нядаўна вялі перамовы з прадстаўнікамі адной з гандлёвых фірм Украіны. Яны па-добраму зайздросцяць ладу і спакою, якія пануюць у нашай краіне. Нам абавязкова трэба гэта зберагчы. Краіне не патрэбны рэвалюцыі. Я — за ўпэўненае заўтра, за паступальны рух на шляху развіцця, за незалежнасць. За гэта і галасую.

Падрыхтавала Таццяна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть