Прямая линия

Ад заробкаў – да кірмашоў –

Бойкатакі дыяпазон пытанняў хваляваў чытачоў “ЛН”, на якія ў мінулую пятніцу падчас “прамой лініі” адказваў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення райсельгасхарчу Сяргей Яўгенавіч БОЙКА.

 Добры дзень. Вас турбуюць з Цны. Дзецям ісці ў школу, а ў СВК “Гарадоцкі” выплату заробкаў затрымліваюць. Калі чакаць грошай? (Такі ж зварот крыху пазней паступіў і ад працаўнікоў СВК “Дварэцкі” – рэд.).

– А што на гэты конт адказвае кіраўнік сельгаскааператыва?

– Непасрэдна да яго не звярталіся. У бухгалтэрыі кажуць, што сёння выплацяць толькі дапамогу на дзяцей і “аліменты”. Зарплату ж выдадуць пасля выхадных.

– Прымем усе меры, каб грошы вы атрымалі сёння. На жаль, падобная сітуацыя існуе не толькі ў “Гарадоцкім”. Напярэдадні 1 верасня праблемы з выплатай зарплат назіраліся ў СВК “Дварэцкі”, “Азярніца”, “Багданаўка” і “Дзятлавіцкі”. (Слова сваё С.Я. Бойка стрымаў: заробкі выплацілі ў той жа дзень – рэд.).

Маё прозвішча Гнедзька. Я пенсіянер з Лунінца. Чаму рыбгасу “Чырвоная зорка” з Жыткавіцкага раёна забаранілі прадаваць рыбу ў нашым горадзе? Насельніцтва задавольвала і яе якасць, і цэны… (Гэта цікавіла яшчэ аднаго лунінчаніна А.А. Аляшкевіча – рэд.).

– Перш чым прадаваць азёрна-рачную рыбу на рынках Лунінеччыны, названы вамі  рыбгас павінен быў звярнуцца за адпаведным дазволам. На жаль, гэтага не было зроблена, таму і атрымалася не вельмі прыгожая сітуацыя. Цяпер заяўка “Чырвонай зоркі” знаходзіцца ў аддзеле эканомікі райвыканкама і як толькі пройдзе працэдуру ўзгаднення, продаж азёрна-рачной рыбы будзе адноўлены. А вось на карпаў дазволу яны не атрымаюць. Спажывецкі рынак у стане запоўніць рыбгас “Лахва”.

Пенсіянер з Лахвы. Гэта праўда, што ў сельгаскааператываў не хапае сродкаў на набыццё паліва, і тэхніка вымушана некаторы час прастойваць нават у гарачыя дні жніва?

– Праблемы з палівам сапраўды ёсць. Трэці год запар выдзяляемыя дзяржавай сумы крэдытаў на яго закупку застаюцца на адным узроўні, а цэны павялічваюцца рэгулярна. Асноўны даход сельгаспрадпрыемстваў – гэта малако, мяса, зерне. Аднак іх рэалізацыя не пакрывае расходы на выдаткі. Адсюль і недахоп уласных грошай.

– Скажыце, калі ласка, чаму так дорага абыходзіцца насельніцтву пакупка сена і саломы ў гаспадарках? Ды і цэны розняцца: у кожным сельгаскааператыве свае.

– У кошт прадукцыі закладваюцца выдаткі. А цэны ўстанаў-ліваюцца на падставе калькуляцыі. Калі лічыце, што гэта вельмі дорага, не купляйце гатовыя цюкі, а паспрабуйце ў наступны сезон тое ж сена нарыхтаваць самастойна.

Непакояць з Лобчы. Сёлета нарасло шмат дробнай бульбы. Добра было б на восень парасятак купіць. А ці варта? З-за афрыканскай чумы ўжо ў многіх вёсках раёна забаронена трымаць свіней. Можа заўтра скажуць і нам пазбавіцца ад іх.

– Што датычыць афрыканскай чумы, то абстаноўка ў краіне спакойная. Новых ачагоў не выяўлена. У мэтах недапушчэння распаўсюджвання хваробы і аховы пагалоўя буйных свінагадоўчых прадпрыемстваў краіны, 12 чэрвеня 2013 года прынята Пастанова Мінсельгасхарчу пад нумарам 30. Згодна з ёю ў радыусе 5 кіламетраў ад месцазнаходжання комплексаў насельніцтву, фермерскім гаспадаркам і прыватным прадпрымальнікам забараняецца ўтрымліваць свіней. У нашым раёне такі размешчаны ў СВК “Дварэцкі”. У “ЛН” загадзя быў апублікаваны пералік вёсак, якія ўваходзяць у названую зону, а жыхары яе папярэджаны. Каб пазбавіцца свіней, людзям быў дадзены час да 29 жніўня. Жывёлін можна было забіваць, прадаваць, аддаваць родзічам з іншых вёсак раёна. На “нетаварнае” пагалоўе – хракі, свінаматкі, парасяты да 30 кілаграмаў – у раённым бюджэце прадугледжана кампенсацыя. Грошы гэтыя ёсць і яны будуць выплачаны іх гаспадарам. Што датычыць Лобчы, то яна ў названую зону не ўваходзіць і прымяняць  там падобныя меры не плануецца.

– На працягу якога часу нельга будзе ў наваколлях Дварца людзям гадаваць свіней?

– Адназначнага адказу на гэтае пытанне пакуль няма. Як толькі паявяцца тлумачэнні ў Ветэрынарных правілах, абавязкова паведамім у друку.

Турбуюць з Ракітна. Куды можна прадаць бульбу, гарбузы ды буракі, што для свіней садзілі?

– Таварную бульбу, як звычайна, будзе закупляць райспажыўтаварыства і НВК “Палессе”, дробную – можна будзе прадаць на крухмальныя заводы ў Парэччы і Бродніцы. А вось буракі ды гарбузы ніхто не закупляе. Вам, магчыма, варта было б купіць іншую жывёліну – цялятка, авечак, коз…

Вольга Канапацкая з Лунінца. Калі ў горадзе пачнуцца сельскагаспадарчыя кірмашы?

– Як і ў ранейшыя гады – у кастрычніку-лістападзе. Менавіта гэты час самы спрыяльны для нарыхтоўкі агародніны на зіму.

 На «прамую лінію» звярнуўся лунінчанін Г.А. Шмат.  Яго пытанне перададзена ў кампетэнтныя органы.

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть