Прямая линия

Амаль 30 тэлефанаванняў

прямая линияпаступіла на “Прамую лінію” з кіраўніцтвам раёна. Сёння на пытанні чытачоў “ЛН” адказваюць старшыня райвыканкама Васіль Міхайлавіч АГІЕВІЧ і намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Якаўлевіч ЦЯЛЬПУК.

Марыя Раковіч, Красная Воля. Добры дзень, Васіль Міхайлавіч! Турбую вас ад імя аднавяскоўцаў і вось з якой нагоды. Некалі ў Краснай Волі была сталовая, потым яе закрылі і размясцілі ў гэтым памяшканні магазін. З часам зрабілі аб’яднаную гандлёвую кропку па продажу тавараў паўсядзённага попыту, а памяшканне былога магазіна і сталовай засталося пуставаць. Ці нельга на гэтых плошчах адкрыць нарыхтоўчы пункт?

– І што там прымаць?

– Ну, хоць бы тую ж шклотару…

– Ведаеце, паважаная Марыя Паўлаўна, адкрываць у Краснай Волі пункт па прыёму шклотары эканамічна нямэтазгодна. Гэтую функцыю выконвае магазін №88 тавараў паўсядзённага попыту. Парожнія бутэлькі прадаўцы бяруць штодня з 10 да 12 гадзін. Тары дастаткова, праблем абсалютна няма.

Ніна Казун, Дрэбск. Скажыце, калі ласка, калі ў нашай вёсцы ў дамах з’явіцца прыродны газ? Кааператыў індывідуальных забудоўшчыкаў ужо стварылі, нават узнос першы ўнеслі, але дакладна тэрмін пачатку і завяршэння работ не ведаем.

– Зараз, Ніна Сямёнаўна, праводзяцца падрыхтоўчыя работы да электроннага аўкцыёна па выбару падраднай арганізацыі на выраб праектна-каштарыснай дакументацыі на газіфікацыю жылых дамоў у Дрэбску. Спадзяемся, што гэты дакумент будзе гатовы да канца года і тады ў наступным ёсць шанц пачаць работы па газіфікацыі вёскі.

Вольга Калянковіч, Любань. Васіль Міхайлавіч, хачу, каб на ўнука праз сацыяльную службу афіцыйна аформілі права мяне даглядаць. Дзеці жывуць далёка, а мне ўжо 81 год, і я проста не магу абысціся без пабочнай дапамогі…

– Аднаго хацення, Вольга Андрэеўна, мала. Як растлумачылі ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, ваш унук будзе мець права на дапамогу па догляду за чалавекам, які дасягнуў 80-гадовага ўзросту, толькі ў тым выпадку, калі ёсць медыцынскае заключэнне ў тым, што вы маеце патрэбу ў пастаянным доглядзе. Выдаецца такое заключэнне бальніцай, паліклінікай, амбулаторыяй і іншымі медыцынскімі ўстановамі. Да таго ж, ваш унук не павінен нідзе працаваць, займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю, атрымліваць пенсію ці дапамогу па беспрацоўю і страхавыя выплаты па прычыне няшчаснага выпадку на вытворчасці ці прафесіянальнага захворвання, не павінен вучыцца на дзённым аддзяленні ў той ці іншай навучальнай установе. Калі ўсе гэтыя патрабаванні захаваны, унуку варта звярнуцца па адрасе г. Лунінец, вул. Чырвоная,1, каб. 111 у рабочы час з пашпартам і працоўнай кніжкай і напісаць заяву ўстаноўленай формы.

Леанід Шульга, Лунінец. Чаму на шклопрыёмных пунктах у райцэнтры не бяруць бутэлькі лікёра-гарэлачнага завода “Крышталь”?

– Інфармацыя ў вас не зусім дакладная, бутэлькі бяруць, але звычайна ў тых аб’ёмах, у якіх гэтая прадукцыя рэалізавана спажыўцу. Як расказалі ў райспажыўтаварыстве, здараецца, прадукцыю названага вытворцы магазіны не атрымліваюць па паўгода. Справа яшчэ і ў тым, што сам завод прымае назад толькі простыя “крышталеўскія” бутэлькі без ніякіх іншых выяў і надпісаў. Іх, дарэчы, за першае паўгоддзе 2013 года прынялі 15 390 скрынак, у той час, як прадалі толькі 10 710. Гэта значыць, лунінецкія гандляры-кааператары ў любым выпадку ідуць насустрач чалавеку.

Павел Арэхва, Велута. Часта езджу цягніком да Бастыні і бачу, як людзі ад прыпыначнага пункта ідуць па праезнай частцы, што вельмі небяспечна. Ці нельга тут абсталяваць пешаходную дарожку?

– На жаль, Павел Сцяпанавіч, сродкаў на гэтыя мэты сёлета не запланавалі, улічым праблему ў будучым. Паглядзім, што і як можна зрабіць, каб не падвяргаць людзей небяспецы.

Леанід Цераш, Лунінец. Аляксандр Якаўлевіч, патрэбна ваша дапамога. Камунальнікі ўспамінаюць пра нашу праблему толькі пасля таго, як на яе звяртаеце ўвагу вы.

– Маеце на ўвазе скошванне травы на суседнім участку? Усё будзе зроблена ў бліжэйшы час.

– Яшчэ адно пытанне. Апошнім часам трывожыць павышэнне ўзроўню вады ў меліярацыйным канале, які знаходзіцца паблізу.

– Няварта трывожыцца. Узровень гэты далёкі да крытычнага і знаходзіцца пад кантролем адпаведных службаў.

Мікалай Ермаковіч, Азярніца. Ці будзе заасфальтавана дарога да Бродніцы? Я нават згодны ўнесці ў добрую справу свой уклад і ахвяраваць на яе 1 мільён рублёў.

– Дзякуй вам за такую добрую прапанову, але каб пакласці асфальт ад Азярніцы да Бродніцы не тое што мільён, не адзін мільярд рублёў патрэбен. Пакуль такіх грошай няма, таму выкананне  работ у бліжэйшы час не плануецца.

– Калі будзе адрамантаваны пашкоджаны ветрам дах на вясковым магазіне? Ды і пляцоўку каля гандлёвай кропкі нядрэнна было б заасфальтаваць.

– Работы па рамонту даху будуць выкананы ў жніўні 2013 года. Што датычыць пляцоўкі каля магазіна, то зараз яна ў здавальняючым стане – перапрафілявана і падсыпана. Асфальтаваць яе з-за недахопу сродкаў не плануецца.

Аляксей Аляшкевіч, Лунінец. Не першы раз тэлефаную на “Прамую лінію” і звяртаю вашу, Аляксандр Якаўлевіч, увагу на бяспеку перакрыжавання каля дома №260 па вуліцы Гагарына. Там дагэтуль не адрамантавана асвятленне!

– Асвятленне на названым участку адноўлена. Нагадваю вам, Аляксей Аляксеевіч, што ўсе заяўкі па рабоце службы ЖКГ можна падаваць не толькі на “Прамую лінію” але і праз аварыйна-дыспетчарскую службу па тэлефоне 115.

Наталля Ошкіна, Лунінец. Скажыце, калі ласка, ці можна выкарыстаць чэкі “Жыллё” на аплату замены вокнаў у доме?

– Нельга. Толькі на ўзвя-дзенне ці пакупку жылля. А яшчэ можаце для гэтай жа мэты падарыць іх дзецям ці ўнукам.

Валянціна Перапёлкіна, Лунін. Наш участак у палях севазвароту аказаўся затопленым. Пацярпеў ад вады і ўчастак каля дома. Ці належыць нам кампенсацыя?

– Варта звярнуцца ў Лунінскі сельвыканкам з заявай, каб з вас часткова прапарцыянальна падтопленаму ўчастку знялі падатак на зямлю. Памер участка вызначыць спецыяльна створаная камісія.

Міхаіл Бярозка, Лунінец. Будую дом у раёне Баханова. Чамусьці дагэтуль не можам падключыцца да сетак водазабяспячэння.

– Справа ў тым, што гэты аб’ект яшчэ не здадзены ў эксплуатацыю. Як толькі работы будуць завершаны, і аб’ект пяройдзе ў вядзенне КУП ВКГ “Водаканал”, можна будзе атрымаць тэхнічныя ўмовы на падключэнне. Думаю, што адбудзецца гэта не раней верасня 2013 года, а падключыцца, хутчэй за ўсё, можна будзе толькі ў 2014 годзе.

Ганна Харавец, Лунінец. Жывем на вуліцы Неўскага. Паблізу знаходзіцца меліярацыйны канал. Зараз ён у такім стане, што вада топіць нашы агароды. Ці нельга яго пачысціць і паглыбіць?

– Крыўдна, Ганна Іванаўна, што ў такі стан канал прыводзяць самі людзі, выкідваюць смецце, высаджваюць на беразе дрэвы, а гэта ўскладняе правядзенне работ па ачыстцы. Менавіта ў сувязі з вялікім аб’ёмам работ па выдаленню гэтых дрэў, ачыстка рэчышча канала запланавана на кастрычнік 2013 года.

Тэлефаную вам ад імя жыхароў вуліц Якуба Коласа і Горкага. На завулку Горкага галіны дрэў з прысядзібных участкаў перашкаджаюць нармальна ісці і вымушаюць людзей выходзіць на праезную частку, што небяспечна. Ці нельга дрэвы прывесці ў належны выгляд, абрэзаўшы галіны?

– Усе гэтыя дрэвы растуць на прыватных падворках і абразаць іх гаспадары павінны самастойна. Калі ж яны не будуць прытрымлівацца агульна- прынятых нормаў і правіл, то не выключана, што да іх будуць прыменены меры адміні-страцыйнага ўздзеяння. Адначасова заўважу, што калі гаспадар сам не мае магчымасці выканаць абрэзку дрэў, гэтыя работы за асобную плату можна даручыць камунальнай службе. Варта толькі звярнуцца туды з адпаведнай заявай.

Працяг будзе…

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть