Прямая линия

Чым турбуе снежань?

прямая линияНа пытанні чытачоў “ЛН” адказвае намеснік старшыні райвыканкама Руслан ХОМІЧ.

— Добры дзень, Руслан Васільевіч! Вас турбуюць бацькі дзяцей, якія вучацца ў Ракітненскай БШ. Яшчэ сапраўдных халадоў на вуліцыі не было, а ў некаторых класах нашай школы тэмпература не паднімаецца вышэй за 10 градусаў. Пра якую навуку можна гаварыць у такіх умовах?

—        Мы праверым гэтыя звесткі, і калі інфармацыя пацвердзіцца, неадкладна яе выправім. Так ці інакш, работа тамтэйшай кацельні будзе ўзята пад кантроль.

Як паведаміў дырэктар КУШВП ЖКГ “Лунінецкая ЖКГ” Г.Г. Шпакоўскі, у Ракітненскую БШ тэрмінова былі накіраваны спецыялісты з жыллёва-камунальнай гаспадаркі, якія абследавалі кацельню і сам будынак школы. На аб’ектах знялі паказанні прыбораў уліку цеплавой энергіі. Аналіз расшыфроўкі дадзеных адаптэра паказаў, што парушэння графікаў тэмпературнага рэжыму з боку работнікаў кацельні не ўстаноўлена. На момант абследавання (18.12.2014 — Т.В.) пры тэмпературы вонкавага паветра плюс 1 градус тэмпература ў класах на першым паверсе складала плюс 19 градусаў, што адпавядае санітарным патрабаванням і сацыяльным стандартам. Тэмпература цепланосьбіта на падачы была 56 градусаў, на звароце — 49, што таксама з’яўляецца нормай. Прэтэнзій да тэмпературнага рэжыму ў кіраўніцтва школы не зафіксавана, што пацвярджаецца адпаведным актам.

— Георгій Шмат, Лунінец. Чаму ў час першага галалёду камунальнікі не спрацавалі як след, і некаторыя вуліцы і тратуары засталіся не пасыпанымі пясчана-солевай сумессю?

—        Галалёд стаў сёлета першым сур’ ёзным экзаменам для работнікаў камунальнай службы. Вядома, дзе-нідзе былі праблемы, але ў цэлым выпрабаванне вытрымалі. Згодна з папярэдне зацверджаным планам, першачаргова выйшлі на цэнтральныя вуліцы горада, дзе найбольшы паток людзей і машын, у тым ліку, маршрутных аўтобусаў. Працаваць спецыяльная тэхніка і людзі пачалі з 6 гадзін раніцы. Магчыма, у асобных месцах можна было заўважыць неапрацаваныя ўчасткі тратуараў, што тлумачыцца звычайным чалавечым фактарам: адзін работнік разумее адказнасць і сумленна ставіцца да сваіх абавязкаў, іншы не спяшаецца, чакае загаду. Але кожны такі выпадак не застаўся без увагі кіраўніцтва камунальнай службы і, трэба меркаваць, адпаведныя вывады будуць зроблены з тым, каб у будучым агрэхаў было як мага менш. Зіма ж яшчэ наперадзе. Дарэчы, яе камунальнікі гатовы сустрэць ва ўсеўзбраенні: ёсць неабходная тэхніка і людзі. Тым больш, што да Навагодніх святаў сіноптыкі абяцаюць паніжэнне тэмпературы да мінусавых паказчыкаў.

— Раіса Заруцкая, Мікашэвічы. Калі будзе выкананы рамонт даху на нашым доме па вуліцы Маладзёжная, 7б? Нейкі кропкавы рамонт як быццам бы зрабілі, але паляпшэння няма. У прыватнасці, у нашай кватэры №20 сыра і вільготна.

— Кропкавы рамонт даху на вашым доме і сапраўды быў выкананы ў лістападзе гэтага года. Пасля яго завяршэння вялікіх дажджоў, каб можна было праверыць яго эфектыўнасць, не было. Будзем спадзявацца, што з выпадзеннем ападкаў нараканняў не ўзнікне. Што да вашай кватэры, то размешчана яна не на верхнім, а на трэцім паверсе, і напрамую стан даху на клімат  у жылых пакоях не ўплывае. Было пра­ведзена абследаванне кватэры і зроб­лены вывад, што прычына ў дрэнным стане міжпанельных швоў. З мэтай выпраўлення сітуацыі выкананы іх рамонт. Спецыялісты перакананы, што гэта павінна дапамагчы палепшыць умовы вашага пражывання.

— Скажыце, ці ёсць у Правілах дарожнага руху пункт, які забараняе выкарыстанне веласіпеда ў якасці транспартнага сродку з 1 снежня па 1 сакавіка? Мяне спынілі работнікі Дзяржаўтаінспекцыі і выпісалі штраф. Дык чым прапануеце дабірацца на работу з вуліцы Ламаносава на супрацьлеглую ўскраіну горада да аўтапарка №10?

—        Такога пункта ў Правілах няма, але гэтым дакументам дзеля вашай жа бяспекі забаронена рухацца па дарозе ва ўмовах снегападу ці галалёдзіцы. Вас, хутчэй за ўсё, спынілі ў час першай лістападаўскай галалёдзіцы, якая, дарэ­чы, нямала праблем прынесла аўтааматарам, пешаходам і, вядома ж, супрацоўнікам Дзяржаўтаінспекцыі, якія сочаць за парадкам і бяспекай на дарогах. Карыстаючыся выпадкам, растлумачу, што ў адпаведнасці з главой 20 Правілаў дарожнага руху, ездзіць на веласіпедах прадпісана па веласіпеднай дарожцы. Калі яе няма — па абочыне, тратуару ці пешаходнай дарожцы, не ствараючы перашкод для бяспекі пешаходаў. Пры адсутнасці названых элементаў дарогі ці немагчымасці руху па іх дапускаецца язда на веласіпедзе па праезнай частцы ў адзін рад і не далей як 1 метр ад абочыны. Пры руху па дарозе ў цёмны час сутак ці пры недастатковай бачнасці на веласіпедзе павінны быць уключаны: спераду — фара (ліхтар), выпраменьваючая белае святло, ззаду — ліхтар, выпраменьваючы чырвонае святло. Калі вы будзеце прытрымлівацца гэтых патрабаванняў, ніводзін дзяржаўтаінспектар не будзе мець да вас прэтэнзій.

— Марына Альшэўская, Ракітна. Ці будзе газіфікавана наша вёска?

—        На жаль, вымушаны вас расчараваць: у бліжэйшы час газіфікацыя вёскі не прадугледжана. У лепшым выпадку гэта адбудзецца ў 2022 годзе. Справа ў тым, што Ракітна не ўваходзіць у пералік населеных пунктаў, якія пацярпелі ад наступстваў ад катастрофы на ЧАЭС і не з’яўляецца аграгарадком. Менавіта гэтыя вёскі з’яўляюцца першачарговымі ў планах газіфікацыі.

— Яшчэ пытанне. Калі будзе наладжана нармальнае асвятленне вуліцы Мацкевіча? Яна носіць імя загінуўшага ў Афганістане воіна, жыве тут нямала маладых сем’яў, дзеткі ходзяць у школу, але вечарам вуліца пагружаецца ў цемру. Хіба гэта правільна?

Вядома, няправільна. Павінен паведаміць вам, Марына Міхайлаўна, што ў свой час на вуліцы Мацкевіча ў Ракітна была праведзена частковая заме­на паветранай лініі электраперадачы на кабельную. У сувязі з гэтым часова адключылі ліхтары каля дамоў №№ 260, 235а. Да канца снежня асвятленне тут будзе адноўлена. Дадаткова ўстановім ліхтар на перакрыжаванні вуліц Мацкевіча і Маладзёжная. Таксама паведамляем, што перакрыжаванне асвятлялася і раней, але лямпачкі ўвесь час разбівалі хуліганы, пасля чаго ліхтар быў дэманціраваны. Участак ад дома №224 да перакрыжавання з вуліцай Партызанская будзе асвятляцца пасля рэканструкцыі лініі электраперадачы.

— Чаму ў Кажан-Гарадку вада ў цэнтральным водаправодзе, пракладзеным па вуліцах Цнянская і Праход, іржава-жоўтага колеру і мае непрыемны пах?

—        Як паведамілі з КУШВП ВКГ “Водаканал”, часовае пагаршэнне якасці пітной веды на названых вуліцах звязана з яе застоем у трубе па прычыне малога разбору абанентамі. З мэтай выпраўлення сітуацыі выканана прамыўка водаправодных сетак на вуліцах Цнянская і Праход. Пасля гэтага быў зроблены аналіз вады і высветлена, што яна адпавядае ўсім патрабаванням па арганалептычных і мікрабіялагічных паказчыках. Адначасова праводзіцца ра­бота з насельніцтвам па падключэнню новых абанентаў на ўчастку існуючага водаправода з мэтай павелічэння разбору вады і паляпшэння яе якасці.

— Добры дзень, Руслан Васільевіч! Вас турбуе жыхарка лунінецкага ЖБК №10 Алена Бірыла. Мы з мужам скасавалі шлюб, наспела неабходнасць падзяліць асабістыя рахункі на аплату камунальных выгод. Разам не жывем з 2012 года, але нам чамусьці зрабілі падзел са жніўня 2013-га.

—        Справа ў тым, што раздзяленне асабістых рахункаў робіцца пасля выдзялення долі ў праве ўласнасці на займаемае жылое памяшканне па заяве еднаго з уласнікаў. У вашым выпадку заява паступіла ад А.Д. Бірыла 1 жніўня 2013 года. З гэтай даты і былі падзелены рахункі.

—  Яшчэ адно пытанне. У кааператыве працуюць дворнік і прыбіральшчык месцаў агульнага карыстання. Яны атрымліваюць зарплату ў камунальнай службе, але нас чамусьці прымушаюць ім яшчэ даплачваць. Хіба гэта справядліва?

—        Рашэнне аб унясенні дедатковых штомесячных узносаў на аплату рабо­ты дворніка і прыбіральшчыка пад’ездаў прынята на агульным сходзе вашага жыллёва-будаўнічага кааператыва, пра што сведчыць пратакол ад 25.12.2012 г. Да выключнай кампетэнцыі агульнага сходу членаў ЖБК адносіцца і разгляд самых розных скаргаў. Менавіта туды вы і можаце звярнуцца ў выпадку незадаволенасці дзеяннямі старшыні кааператыва ці іншых асоб, якія адказваюць за нар­мальнае жыццядзеянне вашага дома.

— Чаму аўтапарк №10 своечасова не публікуе на старонках “Лунінецкіх навін» змяненні раскладу руху гарадскіх аўтобусаў? Перш за ўсё, маю на ўвазе маршрут №6?

— У аўтапарку запэўнілі, што свое­часова ўносяць змяненні ў раскладзе руху аўтобусаў на шыльдах, якія ёсць на кожным прыпыначным пункце. Тым не менш, запатрабуем ад іх, каб новы расклад быў надрукаваны на старонках раёнкі.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть