Прямая линия

Чым жыве вёска?

На пытанні чытачоў “ЛН” адказвае намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванню Сяргей БОЙКА.

Мікалай Крывулец, Сітніцкі Двор. Добры дзень, Сяргей Яўгенавіч! Чаму нашу вёску свядома вядуць у заняпад? Школу закрылі, амбулаторыю ліквідавалі, клуб разабралі… Друз і рэшткі фундамента, праўда, пакінулі. Навокал беспарадак. Мноства кінутых недагледжаных дамоў, каля многіх – трухлявая старая агароджа. Старшыня Сінкевіцкага сельвыканкама абсалютна не бачыць нашых праблем. І як нам жыць?
– Давайце, Мікалай Сямёнавіч, аб усім па парадку. Сёння ў Сітніцкім Двары 85 дамоў, у 25-ці – ніхто не жыве. Як паведаміла старшыня сельвыканкама Галіна Стахаевіч, за парадкам у 15 дамах наглядаюць спадчыннікі. Яны бываюць тут сезонна, садзяць агароды, словам, не даюць дамам пайсці ў нябыт. Каля дзясятка дамоў і сапраўды сёння ўяўляюць сабой не дужа прывабнае відовішча. Але і ў іх ёсць гаспадары. Мясцовая ўлада перыядычна выдае ім прадпісанні, але аператыўна паўздзейнічаць атрымліваецца не заўсёды. Гэта аднак не значыць, што праблема застанецца без увагі. Ёсць досыць рычагоў (у тым ліку і адміністрацыйных), каб заклікаць да парадку неахайных уладальнікаў, і мы будзем іх прымяняць. Разам з тым, старшыня сельвыканкама атрымала даручэнне больш пільна ставіцца да запытаў жыхароў вёсак сельсавета, у тым ліку і да жыхароў Сітніцкага Двара.
Наконт медыцынскага абслугоўвання. У вёсцы была не амбулаторыя, а фельчарска-акушэрскі пункт. Як растлумачыў галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы Ігар Невар, сёння ахова здароўя, як і іншыя галіны, стаіць на парозе аптымізацыі медыцынскага абслугоўвання. Па ўсіх нарматывах, улічваючы колькасць жыхароў населенага пункта, ФАП тут утрымліваць нямэтазгодна, як дарэчы, у некаторых іншых малых населеных пунктах. Аднак без медыцынскага абслугоў-вання жыхары вёскі не застаюцца. Да іх паслуг – амбулаторыя ў Сінкевічах, медыцынскія ўстановы ў гэтай вёсцы, а таксама ў Мікашэ-вічах і Лунінцы. У неадкладных выпадках заўсёды можна выклікаць “Хуткую дапамогу”. Разумею, што пажылым людзям патрэбна ўвага медыкаў значна часцей і не заўсёды ў экстранных выпадках, таму зараз разглядаецца пытанне аб магчымасці наладзіць прыезд сюды ўрача агульнай практыкі хаця б адзін раз у тыдзень. Праблема ў тым, каб падабраць належнае памяшканне, дзе можна было б ладзіць прыём. Словам, будзем думаць.
Не пакідаюць без увагі жыхароў Сітніцкага Двара культработнікі. Клуба там і сапраўды няма (дарэчы, парадак на месцы, дзе ён быў, ужо наведзены), але перыядычна тут бывае аўтаклуб. Прыязджаюць самадзейныя артысты, ладзяць сустрэчы з жыхарамі. Летась тут правялі пяць канцэртаў. Чарговая сустрэча культработнікаў адбудзецца 22 мая ў 11 гадзін. У ходзе яе будзе прапанаваны канцэрт “Родныя напевы”. Наведвае вёску і “бібліятэка на колах”, паслугамі якой карыстаюцца 22 жыхары. Сёлета аўтобус з кнігамі тройчы пабываў у вашым населеным пункце. Разумею, што кожны новы дзень нясе з сабою новыя праблемы, але катэгарычна казаць, што Сітніцкі Двор застаецца без увагі, усё-такі няварта.

Тэлефаную ад імя многіх жыхароў раёна. Дзе ў нас можна купіць нармальнае насенне бульбы?
– На Палескай станцыі. Рэалізоўваюць насенную бульбу і ў СВК “Гарадоцкі”, але толькі на Палескай станцыі ёсць эліта і суперэліта.
– А на сортаўчастку ў Кажан-Гарадку?
– Участак працуе ў напрамку вывядзення гатункаў, іх апрабацыі ва ўмовах нашага рэгіёна. У іх у большай ступені навукова-практычная работа і гандляваць бульбай ім забаронена.

Марыя Гусціновіч, Кажан-Гарадок. У мяне два пытанні да ўлад. Чаму на нашу вуліцу Чабатарка адмаўляюцца пракласці водаправод?
– У праект Дзяржаўнай праграмы “Чыстая вада”, разлічанай на 2011-2015 гады, уносіліся прапановы па будаўніцтву водаправоднай сеткі ў аграгарадку Кажан-Гарадок. Вялікі аб’ём работ ужо выкананы, але з-за адсутнасці бюджэтнага фінансавання планы на гэты год давялося пера-гледзець. Пры фарміраванні праграмы на 2015 год будуць унесены прапановы па пракладцы водаправодных сетак у названым населеным пункце, у тым ліку і па вуліцы Чабатарка.
– А цяпер скажыце, на якой падставе мне выдзяляюць пад бульбу штогод 20 сотак, замест належных 24-ох? Чаму няма льготы па аплаце за іх? І чаму зямлю даюць такую, што саджаць бульбу на ёй немагчыма, бо яна неапрацаваная як трэба?
– З зямлёй, Марыя Емяльянаўна, у Кажан-Гарадку заўсёды былі праблемы, але там стараліся і стараюцца праблемы вырашаць так, каб як можна менш было пакрыўджаных. Не думаю, што дужа пакрыўдзілі і вас. Згодна з Калектыўным дагаворам, прынятым 1 сакавіка 2013 года на агульным сходзе СВК “Гарадоцкі”, прадугле-джана выдзяляць надзелы ў палях севазвароту на платнай аснове (цэны вызначаюцца рашэннем праўлення), а для інвалідаў і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, якія з’яўляюцца членамі кааператыва, – бясплатна. Не пакінулі без увагі малалетніх вязняў фашызму, да якіх адносіцеся і вы. Ім соткі прадугледжаны за 50 працэнтаў кошту. Што датычыць велічыні надзелаў, то даюць іх плошчай ад 16 да 20 сотак. І толькі тыя пенсіянеры, якія прымаюць удзел у сельгасработах (не менш як 24 выхады ў год), могуць разлічваць на 24 соткі. Так што вам, Марыя Емяльянаўна, і так далі надзел па максімуму. Згодны з вамі, што могуць быць прэтэнзіі да якасці апрацоўкі поля. Але ж гаспадарка робіць, так бы мовіць, першасную апрацоўку, уносіць неабходныя ўгнаенні. Выконваць яшчэ большы аб’ём работ у кааператыва ні сродкаў, ні паліва, ні магчымасці няма. Ды і калі гэта рабіць, то соткі абыдуцца людзям яшчэ даражэй.

У раённай газеце ўжо былі звесткі пра тое, што на Лунінеччыне нарабілі бяды замаразкі. Атрымліваецца, як ні старайся, аддачы не будзе? Летась затапіла, сёлета вымаразіла…
– Мінулы год і сапраўды быў дастаткова складаным, калі вясной дадавалі турбот падтопленыя плошчы. Але не менш складаны і сёлетні. Пасля амаль летняга цяпла наступіла пахаладанне, калі слупок тэрмометра апускаўся адзін дзень да мінус 13,5 і два дні – да мінус 11,5. Пасевы аказаліся пашкоджанымі на плошчы ў 11200 гектараў. Пацярпелі 974 гектары азімых: пшаніцы, 4279 – жыта, 2305 – трыцікале, 3100 – рапсу. На 170 гектарах пшаніца і на 200 гектарах рапс загінулі поўнасцю. Не пашкадаваў мароз і яравыя культуры. Пашко-джаныя пасевы падтрымалі азотнымі ўгнаеннямі, загі-нуўшыя – перасеялі. Бу-дзем спадзявацца, што ўра-джай удасца захаваць.
– Але ж ці заўсёды агрэхі ў сельскай гаспадарцы варта спісваць на прыроду?
– Вядома ж, не. Краевугольны камень – чалавечы фактар. У аграрнай галіне, зрэшты, як і ў іншых, усё залежыць ад строгага захавання ўсіх тэхналагічных працэсаў. Будзь то ў раслінаводстве ці ў жывёлагадоўлі. Здаецца, і сочым, і кантралюем, але памылкі здараюцца. Тут усё залежыць ад чалавека, ад яго адказнасці, стараннасці. Менавіта таму на пасяўную заўсёды ў гаспадарках стараюцца ставіць найбольш вопытных механізатараў.
– Яшчэ пытанне. Ці ўдалося стабілізаваць становішча з вытворчасцю малака?
– Так. Зараз раён па малаку плюсуе. Да ўзроўню мінулага года маем 109 працэнтаў. У асобных гаспадарках, напрыклад, у філіяле “Лобчанскае” ААТ “Лунінецкі малочны завод”, гэты паказчык складае 126 працэнтаў. А вось сярэднясутачныя прывагі жывёлы застаюцца нізкімі. Асабліва цягнуць уніз “Новае Палессе”, “Дварэцкі”, “Азярніца” і некаторыя іншыя гаспадаркі. Працуем у гэтым накірунку.

Сяргей Яўгенавіч, калі нарэшце ў Ракітна дазволяць трымаць на падворках парасят?
– Пакуль забарона, выкліканая пагрозай афрыканскай чумы свіней, у пяцікіламетровай зоне застаецца. Як толькі будуць змяненні, адразу паведамім у сродках масавай інфармацыі.
Падрыхтавала Таццяна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть