Ці будуць змяненні ў маршрутах гарадскіх аўтобусаў?
Прямая линия

Ці будуць змяненні ў маршрутах гарадскіх аўтобусаў?

рафикНапярэдадні суботніка дыялог з жыхарамі Лунінеччыны з тэлефона рэдакцыі вёў старшыня раённага Савета дэпутатаў Віктар РАФАЛОВІЧ. Невыпадкова і большасць пытанняў датычыла праблем навядзення парадку на зямлі. Зрэшты, гаворка ішла не толькі аб гэтым.

Добры дзень, Віктар Анатольевіч. Зараз ідзе месячнік па навядзенню парадку на зямлі. Але многія гаспадары не чакалі яго і пастараліся прывесці свае сядзібы і падворкі ў належны выгляд. Шкада толькі, што некаторыя лічаць нормальным выкінуць смецце за фортку і зрабіць выгляд, як быццам так і трэба. У Кажан-Гарадку такога смецця у меліярацыйных каналах нямала. Там можна бачыць стары асфальт, металічную апору ад ліхтара і нават непатрэбныя вароты. А колькі смецця ў лесапаркавых зонах! Ці будуць камісіі, створаныя у сельвыканкамах, звяртаць увагу на такія абуральныя факты?

—    Як запэўніў старшыня сельвыканкама Дзям’ян Бірыла, такія выпадкі не застануцца па-за ўвагай камісіі, у складзе якой прадстаўнікі ўлады, аховы здароўя, адукацыі, РАНС, аддзела ўнутраных спраў, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, старасты населеных пунктаў. Нядаўна такая камісія пабывала на вуліцы Набярэжная ў вашай вёсцы і ўпэўнілася, што факты, пра якія кажаце, насамрэч пацвердзіліся. Гаспадарам сядзіб (а іх не так і шмат на названай вуліцы) выдадзены прадпісанні ў тэрмін да 30 красавіка ліквідаваць непарадак.

Тэлефаную з Вічына. Вось у газеце увесь час друкуюць папярэджанні аб пакаранні тых, хто будзе выпальваць сухую расліннасць. Але куды з ёй дзявацца? Летась не паспела прыбраць засохшыя кветкі на клумбах, сухія галінкі дрэў. Сабрала іх сёлета, паліць не рызыкую. Тым часам, у трактар, які ходзіць па вёсцы, такія “адходы жыццядзейнасці’’ не бяруць. I што рабіць?

—    Распараджэннем старшыні райвыканкама ад 3 красавіка 2015 года ў сувязі са стабілізацыяй пажаранебяспечнай сітуацыі ў прыродных экасістэмах і ўлічваючы тое, што зараз перыядычна праходзяць дажджы, знята забарона на наведванне лясоў і поймы ракі Прыпяць. Адначасова дазволена выпальваць сухую расліннасць, разводзіць кастры на прысядзібных участках і ў межах населеных пунктаў. Трэба толькі захоўваць меры перасцярогі. Паліць касцёр можна на адлегласці не менш як 10 метраў ад будынкаў, 20 — ад лясных насаджэнняў, 30 — ад сцірт сена і саломы. Пры гэтым важна пастаянна кантраляваць працэс гарэння, маючы пры сабе сродкі пажаратушэння — ёмістасць з вадой, лапату, вогнетушыцель і г.д.

—    А што і праoда тых, хто паліў леташнюю траву, удавалася ўстанавіць і пакараць?

—    Уявіце сабе, што так. Работнікамі РАНС разам з прадстаўнікамі органаў унутраных спраў, прыродаахоўных, сельскагаспадарчых, лесагаспадарчых і іншых арганізацый за час пажаранебяспечнага перыяду праведзена 567 рэйдаў. За парушэнні правілаў пажарнай бяспекі да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута 49 грамадзян. Штрафы перабольшылі 20 мільёнаў рублёў.

Ганна Аляшкевіч, Лунінец. (Аналагічныя пытанні былі зададзены і ў ходзе «прамой тэлефоннай лініі» з членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Таццянай Удавенка — Т.В.). Віктар Анатольевіч, ці не дапаможаце нам вырашыць некалькі праблем, звязаных з рухам гарадскога транспарту? Наспела неабходнасць працягнуць маршрут руху гарадскога аутобуса не толькі да прыпынку “6 кіламетр”, дзе размешчаны гарадскія могілкі, але і далей — на 7-мы кіламетр, абсталяваўшы там прыпынак.

— Камісійна вывучылі гарадскую маршрутную сетку і разгледзелі варыянты змянення руху аўтобусаў. Члены камісіі, якую ўзначаліў намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір Кавалевіч (а ў складзе былі прадстаўнікі аўтапарка №10, дэпутаты райсавета, памочнікі дэпутата Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь), праехалі па мяркуемых маршрутах, каб на практыцы пераканацца ў мэтазгоднасці патрабуемых вамі змяненняў. Упэўніліся, што пакуль мяняць маршрут руху гарадскога аўтобуса №3 “Вакзал — 6-ты кіламетр” няварта па прычыне невялікай адлегласці ад цэнтральнага ўваходу на могілкі і новага, абсталяванага некалькі год таму. Адлегласць гэтая — 200 метраў. Да таго ж, пакуль на 7-ым кіламетры адсутнічае спецыяльная пасадачная пляцоўка, як гэтага патрабуюць правілы. Разам з тым, у перспектыве па меры павелічэння плошчы могілак у бок в. Ракітна, прадаўжэнне маршруту не выключана. Адпаведна будзе абсталявана і пасадачная пляцоўка. Вядома ж, не за 200 метраў, а крыху далей.

—    А хіба нельга зрабіць прыпынак аўтобуса каля новай царквы?

—    Можна. І гэта абавязкова будзе зроблена, як толькі завершацца ўсе рамонтныя работы на вуліцы Машэрава, дзе размешчаны храм. Хутчэй за ўсё, тады будзе ісці гаворка аб стварэнні новага гарадскога маршруту. Пакуль жа ламаць усталяваны графік руху аўтобусаў №№1, 2 і 5 проста немагчыма. Яны прыстасаваны да зручнасцей жыхароў пасёлка Сельгастэхніка, работнікаў малочнага завода, наведвальнікаў цэнтральнай раённай бальніцы, навучэнцаў гімназіі, каледжа і СШ №3 г. Лунінца. Так што, пакуль прыхаджанам давядзецца карыстацца прыпынкам на вуліцы Чапаева, адкуль да царквы вядзе асфальтаваная дарога.

—    Нязручнасці адчуваюць і тыя, хто дабіраецца да новай раённай бальніцы, дзе таксама даўно трэба абсталяваць аўтобусны прыпынак.

—    Там усе праблемы ў неадпаведнасці перакрыжавання вуліц Віленская і Багдановіча для руху гарадскога аўтобуса. Што там можна зрабіць, зараз вывучае камісія па бяспецы руху пры райвыканкаме. Давайце пачакаем яе вывадаў.

Ірына Смірнова, Мінск. Не так даўно была ў гасцях у Лунінцы. Горад вельмі спадабаўся — чысты, утульны, прыгожы. Але ёсць праблема, якую хачу падказаць камунальнай службе. Я з цяжкасцю знайшла дом №19 па вуліцы Чырвоная. Пасля гэтага звярнула ўвагу, што і на іншых дамах нумарацыя, мякка кажучы, кульгае.

—    Дзякуй, Ірына, за падказку. Камунальная служба прыступіла да абнаўлення нумарацыі на шматпавярхоўках горада. Што датычыць дома №19 па вуліцы Чырвоная, то гэта прыватная забудова. Нумар там ёсць, але з вуліцы яго заўважыць цяжка. Звернем увагу гаспадароў, якія павінны клапаціцца пра стан уласных дамоў, на гэтую невялікую недарэчнасць.

З гэтым пытаннем мы ужо звярталіся неаднойчы. На жаль, пытанне пакуль застаецца нявырашаным. А гаворка ідзе пра трэнажорную залу, якая у свой час была абсталявана у СШ №2 г. Лунінца. Яе ахвотна наведвалі старшакласнікі і не толькі. Аднак больш як год таму трэнажоры чамусьці дэманціравалі, хаця невялікая зала была пад гэтыя мэты прыстасавана згодна з усімі патрабаваннямі. Нават памост для аматараў “пацягаць” штангу быў. Новага памяшкання так і не знайшлі, і трэнажоры, набытыя, дарэчы, за бюджэтныя сродкі, цяпер іржавеюць у падсобцы.

—    Памяшканне пад трэнажорную залу ўжо знайшлі. За час летніх канікулаў тут будзе зроблены рамонт, і з 1 верасня 2015 года зала будзе функцыянаваць.

Падрыхтавала Таццяна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть