Ці будзе “запраўка” ў луніне?
Прямая линия

Ці будзе “запраўка” ў луніне?

кавалевич1На пытанні чытачоў “ЛН” адказвае намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір КАВАЛЕВІЧ.

Добры дзень, Уладзімір Міхайлавіч. Вас турбуе Алена Ермаковіч з Азярніцы. Скажыце, чаму так складана ў лунінецкай паліклініцы трапіць на прыём да ўрача акушэр-гінеколага? Талонаў ніколі няма. Даводзіцца ехаць у Пінск на платныя кансультацыі. Няхай бы і ў нашай паліклініцы зрабілі платны кабінет, дзе за грошы можна было б здаць неабходныя аналізы ці атрымаць кансультацыю спецыяліста?
– Ахова здароўя нашага раёна дагэтуль адчувае востры недахоп урачоў акушэр-гінеколагаў. На сямі ўчастках працуе адзін такі спецыяліст. Нагрузка, як разумееце, каласальная. Спадзяемся, што становішча ўдасца паправіць за кошт маладых спецыялістаў, якіх чакаем сёлета. Што датычыць арганізацыі платнага кабінета, то пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 01.02.2010 г. №142 зацверджаны пералік платных медыцынскіх паслуг, аказваемых дзяржаўнымі ўстановамі аховы здароўя. Платныя прыёмы ўрачамі-спецыялістамі ім не прадугледжаны.
– Яшчэ адно пытанне да вас. Калі ўрэшце будзе заасфальтавана гравійная дарога паміж Бродніцай і Азярніцай?
– Пакуль выканаць гэтыя насамрэч вельмі дорагакаштуючыя работы не ўяўляецца магчымым па прычыне адсутнасці фінансавых сродкаў. Але гэта не значыць, што пра дарогу забылі. Стараннямі рабочых ДРБУ-101 тут пастаянна праводзіцца грэйдзіраванне, рамонтнае прафіліраванне і ўборка палос адводу.

Тэлефаную ад імя жыхароў вуліцы Ровенская ў Лунінцы. Скажыце, калі ласка, ці нельга злучыць вуліцу Ціхую і завулак Ровенскі і адкрыць іх для праезду? Ровенская і да гэтага была дастаткова ажыўленай, а з адкрыццём аўтазаправачнай станцыі рух будзе яшчэ больш інтэнсіўным.
– Па вашай заяве спецыялісты выехалі на месца і высветлілі, што для злучэння вуліцы Ціхая і завулка Ровенскі трэба “прайсці” праз тэрыторыю прыватнага домаўладання, на што дазволу няма.

Ірына Дрозд, Бастынь. Па нашай вуліцы Лясная машыны ездзяць на возера Белае. Пакрыццё гравійнае, стаіць знак, які абмяжоўвае хуткасць руху, але на яго ніхто не звяртае ўвагі. Пыл стаіць такі, што проста немагчыма ні жыць, ні дыхаць. Няўжо супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі не могуць больш пільна паглядзець на тое, як захоўваюць Правілы дарожнага руху вадзіцелі, якія ездзяць па гэтай вуліцы?
– Толькі за апошнія пятніцу, суботу і нядзелю супрацоўнікамі ДАІ скла-дзены 96 пратаколаў на парушальнікаў Правілаў дарожнага руху. Прыкладна трэцяя частка – ліхачы. Перыядычна дзяржаўтаінспектары дзяжураць і на названай вуліцы ў в. Бастынь. У гэты час спрацоўвае вадзіцельская салідарнасць, і машыны рухаюцца з патрабуемай хуткасцю, але варта толькі машыне з маячкамі пакінуць дарогу, як знаходзяцца тыя, хто рызыкуе парушыць хуткасны рэжым. Магу запэўніць, што барацьба з парушальнікамі будзе працягвацца,і ў першую чаргу – на найбольш ажыўленых вуліцах і дарогах.

Уладзімір Міхайлавіч, калі адкрыецца аўтазаправачная станцыя ў Лунінцы на Чырвонаармейскай? І ці не плануецца ўзвядзенне аналагічнага аб’екта паблізу Луніна? Ён там быў бы вельмі дарэчы…
– Аўтазаправачная станцыя павінна пачаць работу да канца жніўня гэтага года. Што датычыць узвядзення такога аб’екта паблізу Луніна, то райвыканкам таксама зацікаўлены ў гэтым. Але пакуль ніводзін з патэнцыяльных інвестараў не выказаў жадання ўдзельнічаць у будаўніцтве АЗС.
– А калі ўвойдзе ў строй міні-ТЭЦ?
– Камісія па прыёмцы гэтага аб’екта будзе працаваць у канцы жніўня 2014 года. Будзем спадзявацца, што прэтэнзій у спецыялістаў не паявіцца, і міні-ТЭЦ да пачатку сёлетняга ацяпляльнага сезона будзе ўведзена ў строй.

Тэлефаную з Дварца. Ведаеце, у вёсцы зараз жыць няпроста. Падкажыце, як можна палепшыць свой дабрабыт і фінансавае становішча сваёй сям’і? Я мару займацца ўласным бізнесам? Жаданне ёсць, але не ведаю, з чаго пачаць.
– Сёння тэма павышэння фінансавай адукаванасці з’яўляецца надзвычай актуальнай. Дасведчаныя людзі ў большай ступені абаронены ад рызыкаў і непрадбачаных сітуацый. Яны больш адказна ставяцца да кіравання асабістымі фінансамі, здольны павышаць узровень дабрабыту за кошт размеркавання наяўных грашовых рэсурсаў і планавання будучых выдаткаў. Не менш важна тое, што яны могуць станоўча ўплываць на нацыянальную і сусветную эканоміку.
– У большасці сем’яў дагэтуль не складаюць доўгатэрміновыя фінансавыя планы і рэдка маюць зберажэнні, не карыстаюцца паслугамі банкаў. Тым не менш браць пазыкі ў многіх стала звычкай. Як дапамагчы такім людзям?
– У 2014 годзе Рэспубліканскі мікрафінансавы цэнтр пачаў рэалізацыю праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Паляпшэнне доступу да фінансавых рэсурсаў сельскага насельніцтва Беларусі». У гэту праграму трапіў і наш раён. Накіраваны праект на пашырэнне доступу сельскага насельніцтва да заемных грашовых сродкаў, павышэнне фінансавай адукаванасці і развіццё прадпрымальніцкіх навыкаў. Праект палепшыць інвестыцыйныя магчымасці ў сельскіх раёнах, умацуе ролю мікрапрадпрыемстваў у вытворчых ланцужках, паскорыць эканамічны рост праз падтрымку прыватных прадпрыемстваў і прадпрымаль-ніцтва, а таксама ўнясе ўклад у павелічэнне даходаў вяскоўцаў.
– Але ж, каб навучыць усяму гэтаму патрэбны адукаваныя людзі, здольныя ў даступнай форме правесці навучанне. Ці ёсць у нас такія?
– У цэнтры ў сталіцы існуюць свае лектары-трэнеры. Цяпер ёсць такі чалавек і ў нас. Спецыяльны курс прайшла намеснік дырэктара сельскагаспадарчага каледжа Ніна Баброўнік. Яна цяпер гатова падзяліцца ведамі і навыкамі планавання сямейнага бюджэту і ажыццяўлення прадпрымальніцкай ініцыятывы з усімі, каму гэта цікава.
– Як можна запісацца да яе на курсы?
– Семінарскія заняткі будуць праводзіцца для ўсіх, каго цікавіць гэта, хто здольны памяняць сваё жыццё ў лепшы бок. Першы семінар і трэнінг па асновах фінансавай адукаванасці насельніцтва “Плануй сваё будучае” будуць праводзіцца з 11 па13 жніўня на базе сельскагаспадарчага каледжа па адрасе: г. Лунінец, вул. Чапаева, 56. Пачатак у 10 гадзін. У далейшым заняткі плануецца праводзіць па меры фарміравання груп. Запісацца, а таксама даведацца больш падрабязна аб праекце можна па нумары: 8-044-708-36-70.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть