Прямая линия

Ці напоіць вадой крынічка?

хомичНа пытанні чытачоў “ЛН” адказвае намеснік старшыні райвыканкама Руслан Васільевіч ХОМІЧ.
Людміла Бабаева, Лунінец.Тэлефаную ад імя жыхароў дома №6 па вуліцы Чырвонаармейская. Калі будзе зроблены капітальны рамонт у нашым доме? Ён стары, па сценах пайшлі трэшчыны, ствараецца ўражанне, што жыць тут небяспечна. Акрамя гэтага, патрабуе добраўпарадкавання дваровая тэрыторыя, дзе пасля дажджу стаяць вялікія лужыны…
– Спецыяльная камісія абследавала ваш дом, Людміла Мікалаеўна. Згодна з графікам правя-дзення ў г. Лунінцы капітальнага рамонту жылля, ён уключаны ў план на 2016 год. Трэшчыны, якія ўтварыліся ў кірпічнай кладцы, разбурэннем канструктыўных элементаў будынка не пагражаюць. Пры правядзенні капітальнага рамонту будзе зроблена і добраўпарадкаванне дваровай тэрыторыі. Адначасова трэба ўлічыць, што, згодна з Жыллёвым кодэксам Рэспублікі Беларусь, замена вокнаў, а таксама рамонт кватэр выконваецца за кошт сродкаў уласнікаў жылога памяшкання.
Вольга Альшэўская, Острава. Паблізу нашага населенага пункта ёсць мост праз раку Лань. Даўно наспеў час “падлапіць” не толькі яго, але дарогу, што вядзе да моста…
– Да канца верасня гэтыя работы будуць выкананы рамонтнікамі ДРБУ-101.
Сцяпан Бусько, пенсіянер з в. Бастынь. Чаму ў нашым раёне дагэтуль няма ніводнага магазіна гандлёвай сеткі “Еўраопт”? Мы што горшыя за іншыя раёны Беларусі?
– Не горшыя, Сцяпан Васільевіч, і райвыканкам зацікаўлены ў развіцці гандлю на тэрыторыі Лунінеччыны. З улікам зацверджаных рэгіянальных перспектыўных схем размяшчэння гандлёвай сеткі на перыяд да 2016 года райвыканкамам распрацаваны пералік зямельных участкаў для будаўніцтва аб’ектаў гандлю і грамадскага харчавання.  Гэтую інфармацыю сеткавыя кампаніі могуць без цяжкасці знайсці на сайце аблвыканкама. Акрамя гэтага, штогод з красавіка па снежань праводзяцца аўкцыёны па продажу нерухомай маёмасці і права заключэння дагавораў арэнды зямельных участкаў, праекты якіх таксама разме-шчаны на сайтах абл- і райвыканкама. ААТ “Еўраопт” цікавасці да іх не праяўляе і ні ў адным з аўкцыёнаў дагэтуль не ўдзельнічаў.
– Чаму ў нас самы дарагі хлеб? У Столінскім і Ганцавіцкім раёнах ён каштуе танней.
– Хлеб і булачныя вырабы ў нашым раёне выпякаюць два вытворцы – хлебазавод і філіял “НВК “Палессе” райспажыўтаварыства. Цэны на хлебабулачную прадукцыю, у тым ліку і на жытнёвы хлеб, фарміруюцца з улікам кошту асноўнай сыравіны (мукі) і затрат на выпечку і рэалізацыю. Нарматыўнымі дакументамі (а гэта Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 25.02.2011 г. №72 “Аб некаторых пытаннях рэгулявання цэн (тарыфаў) у Рэспубліцы Беларусь” і рашэнне Брэсцкага аблвыканкама ад 23.09.2011 г. №977 “Аб рэгуляванні цэн (тарыфаў)  на тавары (работы, паслугі) юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, уключаных у Дзяржаўны рэестр суб’ектаў гаспадарання, займаючых дамініруючае становішча на таварных рынках Брэсцкай вобласці”) устаноўлены гранічны нарматыў рэнтабельнасці 25 працэнтаў, які выкарыстоўваецца для вызначэння сумы прыбытку і ўключаецца ў адпускныя цэны на хлеб і хлебабулачныя вырабы. Але ж для ўдзешаўлення прадукцыі вытворцамі выкарыстоўваецца і меншая лічба. Для таго ж хлеба “Мара”, які выпускаецца хлебазаводам, прадугледжана рэнтабельнасць 15 працэнтаў. Гэта неабходна для таго, каб прадпрыемства, атрымліваючы мінімальны даход, мела магчымасць выпускаць дадзеную прадукцыю. Так што, фарміраванне рознічных цэн на хлеб у нас ажыццяўляецца ў строгай адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. Што датычыць параўнання з цэнамі на хлеб у іншых раёнах, то паўплываць на гэта можа рэцэптура таго ці іншага гатунку хлеба або нават вага адной буханкі. Магчыма ў суседніх Ганцавічах і Століне яна не 0,8 ці 0,9 кілаграма, а менш. Адсюль – меншы і кошт.
– Яшчэ адно пытанне. Калі будзе завершаны рамонт вуліцы Савецкая ў Бастыні?
– На жаль, сёлета дарожны фонд быў значна бяднейшы, чым у мінулыя гады, і ўжо зрасходаваны ў поўным аб’ёме. Ямкавы рамонт застаўшайся часткі вуліцы Савецкая пры ўмове наяўнасці сродкаў будзе выкананы ў 2015 годзе.
Раіса Сахвон, Лунін. Чаму нас пазбавілі праваднога радыё?
– Пераход на больш прагрэсіўныя метады вяшчання – палітыка дзяржавы. Згортванне праваднога радыё ажыццяўляецца паэтапна. Гэты працэс закрануў ужо многія населеныя пункты. Там жыхары паклапаціліся пра тое, каб набыць УКХ-прыёмнікі, якія працуюць ад электрычнай сеткі. Яны ёсць на “Белтэлекаме” (прадаюцца нават у растэрміноўку) і ў гандлёвай сетцы. У нагу з часам ідзе і наша раённае радыё. Журналісты раёнкі паклапаціліся пра даступнасць праграм для землякоў, і цяпер перадачы раённага радыё можна слухаць і не толькі па правадной радыёсетцы, але і па эфірным вяшчанні. Раю вам, Раіса Антонаўна, набыць новы прыёмнік.
Кацярына Белашыцкая, Мокрава. Сорак тры гады адпрацавала на дрэваапрацоўчым камбінаце. Сёння гэтага прадпрыемства няма, а таму і пра нас, яго ветэранаў, ніхто не ўспамінае. Хіба гэта справядліва? (Падобнае пытанне прагучала і ад Алены Альшэўскай з гэтай жа вёскі, якая доўгі час працавала ў калгасе “40 год Кастрычніка” – Т.В.).
– Вядома, несправядліва, Кацярына Мацвееўна, нягледзячы на тое, што дзяржава клапоціцца пра пенсіянераў. Так, сельвыканкам штогод праводзіць абследаванне ўмоў, у якіх жывуць сацыяльна неабароненыя катэгорыі грамадзян. Усе, хто мае патрэбу, забяспечваюцца на зіму дровамі па льготнай цане. Пенсіянеры, у якіх матэрыяльны дастатак меншы за сярэдні пражытачны мінімум, могуць звярнуцца за адраснай дапамогай ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. За грамадзянамі, якія не могуць абыходзіцца без пабочнай дапамогі, замацаваны сацыяльныя работнікі. Не пакідаюць без увагі пажылых людзей работнікі аховы здароўя і культуры. З любымі пытаннямі можна звярнуцца ў сельвыканкам. Яго работнікі дадуць патрэбную кансультацыю і заўсёды падкажуць, куды варта ісці з тым ці іншым пытаннем. Упэўнены, што сёлета яны не забудуць павіншаваць паважаных пенсіянераў з в. Мокрава з Днём пажылых людзей.
Іван Нікалаевіч, Любань. Апошнім часам колькасць транспартных сродкаў, якія знаходзяцца ва ўласнасці жыхароў раёна, прыкметна павялічылася. Магчыма, ёсць рацыя адкрыць на Лунінеччыне аддзяленне МРЭА? А то ў Пінску заўсёды велізарныя чэргі, і трэба патраціць дзень, каб зарэгістраваць аўтамабіль ці памяняць вадзіцельскае пасведчанне.
– Разумею вас, Іван Іванавіч, і са свайго боку кіраўніцтва ад-дзялення ДАІ РАУС звярталася з падобнай прапановай ва ўпраўленне ўнутраных спраў аблвыканкама, але атрымала адмову. Цяпер аўтааматары з нашага раёна могуць звяртацца не толькі ў Пінскае МРЭА, але і ў аналагічную структуру ў Століне.
Якаў Дунчык, Лунінец. Па дарозе на Ракітна ёсць крынічка, яна не перасыхае нават у самыя спякотныя дні. Добрая душа зрабіла там лаўку, але на гэтым добраўпарадкаванне закончылася. Доступ да вады дрэнны. Ці нельга гэтую мясцінку крыху акультурыць?
– Раённая інспекцыя аховы прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя атрымае даручэнне вывучыць мэтазгоднасць правядзення гэтых работ. Адначасова возьмем пробы вады для даследавання, пасля чаго прымем канчатковае рашэнне па крынічцы.
– Яшчэ пытанне. Штогод у Лунінцы праводзяцца сельскагаспадарчыя кірмашы. Гандаль сканцэнтраваны ў адным месцы – у ваколіцах вакзала, плошчы імя Леніна і вуліцы Савецкая, пад’езд куды перакрыты. Даводзіцца ледзь не на плячах цягнуць да транспарту мяхі з бульбай, зернем, агароднінай. Ці нельга наладзіць гандаль у такія дні па вуліцы Чырвоная? Гэта было б зручна для людзей.
– Нельга. Чырвоная – цэнтральная вуліца горада, і перакрываць па ёй рух забаронена ў інтарэсах людзей. А раптам здарыцца непрадбачаная сітуацыя, а па вуліцы не зможа праехаць ні машына раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, ні “Хуткая дапамога”? Сістэма наладжвання кірмашоў адпрацавана, і людзі да яе прывыклі. У апошнія гады ў такія дні тут звычайна працуюць валанцёры БРСМ, якія дапамагаюць пажылым людзям данесці набытыя тавары да машын або нават і да кватэр, калі яны знаходзяцца недалёка. Звернем увагу на тое, каб атрад добраахвотных памагатых быў большы.
Ніна Казун, Дрэбск. У нашай вёсцы пракладваюць магістральны газаправод – дзякуй вялікі! Але ж на вуліцы Колбіка – праблема з электрычнасцю. Калі моцны вецер – святла няма і суткі, і двое. Уявіце, што зімой адключацца газавыя катлы? Кажуць, праблема ў старым трансфарматары, а магчыма вінаваты зношаныя апоры лініі электраперадачы. Так ці інакш, дапамажыце ў вырашэнні гэтай праблемы.
– Да канца года запланавана правядзенне рэканструкцыі лініі электраперадачы на вуліцы Колбіка ў Дрэбску. Ужо гатова праектна-каштарысная дакументацыя, і зараз вядуцца таргі па выбару выканаўцы работ. Будзем спадзявацца, што ўсё пройдзе ў вызначаны тэрмін.
Валянціна Муравейка, Вялікія Чучавічы. Дзіўная сітуацыя: правадное радыё адключылі яшчэ ў канцы чэрвеня, а плату за яго вузел электрасувязі спраўна налічвае дагэтуль. Зараз прыйшла квітанцыя за жнівень.
– Паважаная Валянціна Паўлаўна, вам несумненна будзе зроблены пераразлік. Ад імя сувязістаў прыношу прабачэнні.

 



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть