Прямая линия

Дабром адзначым новы год

Чарговы дыялог старшыні райвыканкама Васіля АГІЕВІЧА з жыхарамі раёна праходзіў напярэдадні Навагодніх святаў. І хоць віншаванняў было таксама шмат, людзі спаўна выкарысталі магчымасць з дапамогай кіраўніка вырашыць
свае праблемы. Да кожнай ставіўся Васіль Міхайлавіч, як заўсёды, уважліва.

Кацярына Лукашэвіч, Лахва. Добры дзень, Васіль Міхайлавіч! Тэлефаную вам ад імя жыхароў нашай вёскі з надзеяй даведацца пра тое, калі ўрэшце ў Лахве пачнецца ўзвядзенне амбулаторыі? Ці ёсць такія планы на 2014 год?
– Вы ж, Кацярына Антонаўна, разумееце, што за год амбулаторыю ў Лахве мы не пабудуем. Але скажу вам дакладна, што ў плане работы ўстановы аховы здароўя “Лунінецкая цэнтральная раённая бальніца” амбулаторыя значыцца. Больш таго, на выхадзе – праектна-каштарысная дакументацыя на ўзвядзенне гэтага без перабольшання патрэбнага для жыхароў вёскі аб’екта. Як толькі яна будзе завершана, пачнецца будаўніцтва.
– А дакладна тэрмін можна назваць?
– Зараз я вам гэтага не скажу, бо ёсць яшчэ адна слушная ўмова – фінансаванне. Як толькі яно будзе адкрыта, без прамаруджвання пачнем работы. Вы адразу гэта заўважыце.
– Яшчэ адно пытанне. Ці будзе Лахва газіфікавана?
– Газаправод на Лахаўку, якая разам з Краснай Воляй значыцца ў праграме газіфікацыі населеных пунктаў, што пацярпелі ад наступстваў катастрофы на ЧАЭС, будзе ісці праз Лахву і Любань. А значыць, у жыхароў гэтых вёсак, стварыўшы кааператывы індывідуальных забудоўшчыкаў, з’явіцца магчымасць падключыць свае дамы да выгоды.
Тэлефаную вам ад імя жыхароў невялікага пасёлка Боркі. Дапамажыце, Васіль Міхайлавіч, падсыпаць дарогу да магазіна ў Азярніцы, а то яна ўся ў ямінах. Жывуць у пасёлку пераважна пенсіянеры, і ім проста немагчыма па такому бездарожжу хадзіць. Ды і на машыне не заўсёды праедзеш. Звярталіся да старасты, але ён не змог вырашыць гэту праблему.
– Пастараемся вам дапамагчы. Надвор’е пакуль спрыяе, яміны ў бліжэйшы час падсыплем.
Добры дзень, Васіль Міхайлавіч! Мяне завуць Валянціна Грудзько. Напярэдадні святаў хачу павіншаваць вас з Новым годам і Ражством, пажадаць здароўя, поспехаў у справах, разумення і падтрымкі з боку тых, з кім працуеце. І вось у мяне такое пытанне да вас: ці ўспомніце самы незвычайны Новы год у вашым жыцці?
– Дзякуй, Валянціна Іванаўна, нават не чакаў такога пытання. Ведаеце, кожны Новы год – асаблівы і кожны пакідае ў жыцці свой след. Іншая справа, што апошнім часам гады гэтыя ляцяць так імкліва, што не паспяваеш заўважаць: здаецца, зусім нядаўна сустракалі 2013-ты, а ўжо 2014-ты – на парозе. Можа, трошкі шкада, што іншы раз за работай не хапае часу на святы, але ж гэта – жыццё. А што да незвычайнасці… Кожны Новы год і Нараджэнне Хрыстова сустракаем у сямейным крузе. Гэта даўняя і, лічу, правільная традыцыя. Вось і сёлета чакаем у госці дзяцей з сем’ямі. Сустрэча з імі робіць святы яшчэ больш цёплымі, жаданымі і, вядома ж, незвычайнымі.
– Дзякуй за адказ і са святам вас яшчэ раз!
– І вас віншую! Дабра і здароўя вам!
Васіль Міхайлавіч, віншуем вас з надыходзячымі святамі! Здароўя вам, поспехаў працоўных, дабрабыту. Гэта з Чучавіч вас турбуюць. Даведаліся мы, што заработную плату нам збіраюцца выплаціць 31 снежня ў другой палове дня. А Новы год як сустракаць?
– Дзякуй вам шчыры за віншаванне, і вас – сардэчна віншую. Што да заработнай платы, то атрымаеце вы яе 30 снежня. Не хвалюйцеся, будзе магчымасць сустрэць Новы год.
– Дзякуй вам вялікі!
З Бродніцы вас турбуюць. Чакаем мы ў нашай вёсцы прыродны газ. Нам сказалі ствараць кааператывы, але чаму не зробяць газіфікацыю за дзяржаўны кошт?
– Бродніца не ўваходзіць у пералік населеных пунктаў, дзе газіфікацыя робіцца за кошт дзяржавы. Але гэта не значыць, што вам не будзе, вобразна кажучы, падстаўлена плячо. Вы, верагодна, ведаеце, што 70 працэнтаў выдаткаў дзяржава ўсё роўна бярэ на сябе, і за гэта трэба быць удзячным. Гэта значная падтрымка. Астатнія сродкі – за патэнцыяльнымі карыстальнікамі выгодай.
– Але ж ці не выйдзе так, што грошы ўнясем, а газ не атрымаем?
– Вы ж будзеце мець справу з сур’ёзнай дзяржаўнай установай – раённым упраўленнем газавай гаспадаркі – і менавіта з ёй будзеце ўзгадняць усе свае дзеянні. Няварта хвалявацца.
Добры дзень, Васіль Міхайлавіч?
– Так.
– Шчыра віншуем вас з Новым годам!
Желаем света и добра,
Друзей хороших и тепла,
Жить долго, весело и смело,
Чтоб никогда не надоело
Смеяться, верить и любить,
А главное – всегда здоровым быть!
– Дзякуй вам за такое шчырае віншаванне. Карыстаючыся выпадкам, хачу вас, а таксама ўсіх жыхароў Лунінеччыны павіншаваць з гэтымі любімымі і па-сапраўднаму народнымі святамі – Новым годам і надыходзячым Нараджэннем Хрыстовым. Шчыра жадаю вам цеплыні і ўзаемаразумення, дабрабыту, упэўненасці, шчаслівых і радасных сустрэч, міру і спакою ў надыходзячым 2014-ым.
У нашых з вамі сілах адзначыць яго плённымі і адметнымі справамі на дабрабыт дзяржавы і кожнага з жыхароў роднай Лунінеччыны.

 

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть