Прямая линия

Дом для «хуткай дапамогі»

рафикНа пытанні чытачоў “ЛН” адказвае намеснік старшыні райвыканкама Віктар РАФАЛОВІЧ.

Добры дзень, Віктар Анатольевіч! Звяртаюся да вас з пытаннем, якое ў Лунінцы абмяркоўваюць апошнім часам. Ці праўда, што на другім паверсе будынка камбіната бытавога абслугоўвання неўзабаве размесціцца дзіцячая паліклініка?
– Коратка адкажу так. Сёння і сапраўды ўсе мы адчуваем, наколькі цесна ў гарадской паліклініцы. Прапаноўваюцца розныя варыянты з тым, каб хоць крыху яе разгрузіць. Абмяркоўваем іх усе. Пакуль канчатковага рашэння няма. Што датычыць дзіцячага паліклінічнага аддзялення, то патрабаванні, у тым ліку і санітарныя, да гэтай структуры дастаткова жорсткія. У першую чаргу такая паліклініка павінна мець асобны ўваход, тут не можа быць патокаў дарослых хворых, ёсць іншыя важныя патрабаванні. Менавіта таму мы задумаліся, каб вывесці дзіцячую кансультацыю ў асобны будынак.
– Некалі ж у горадзе так і было…
– Правільна, таму і разглядалі самыя розныя варыянты – будынкі старой бальніцы, чыгуначная паліклініка на Залессі і г.д. Урэшце, улічыўшы, што людзі прывыклі да размяшчэння медыцынскіх устаноў у цэнтры горада, сюды зручна дабірацца, побач знаходзіцца гарадская паліклініка з дыягнастычным абсталяваннем і вузкімі спецыялістамі, папярэдне спыніліся на будынку КБА. Але, на жаль, сёлета перавесці сюды дзіцячую кансультацыю не атрымаецца, бо для гэтага трэба будзе зрабіць капітальны рамонт з заменай усіх інжынерных сетак. Памяшканні павінны быць асабліва ўтульнымі, каб дзеткі не баяліся ісці да ўрача, каб можна было адцягнуць іх увагу ў гульнявых пакоях і іншае. Справа патрабуе немалых сродкаў, знайсці якія сёлета праблематычна. Трэба давесці да ладу новае інфекцыйнае аддзяленне цэнтральнай раённай бальніцы, завяршыць рэканструкцыю памяшкання для службы “хуткай дапамогі” і г.д.
– А куды ж пойдзе КБА?
– КБА застанецца ў сваім будынку, толькі на першым паверсе з асобным уваходам з іншага боку. Разумеем, што гэтая служба таксама вельмі патрэбна людзям, таму ніхто закрываць яе і скарачаць работнікаў не збіраецца. Але, паўтараю, усё гэта справа хоць і недалёкай, але перспектывы.

Алена, Лунінец. Лунінеччына рыхтуецца да выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў. Як яны будуць праходзіць у раёне?
– На ўсіх выбарчых участках пачалося датэрміновае галасаванне. Спісы выбаршчыкаў правераны, удакладнены. Хто жадае, можа падыходзіць, уносіць змяненні, калі памяняўся, скажам, адрас пражывання або падчас удакладнення грамадзянін быў у ад’ездзе. На ўчастках наладжана дзяжурства, адкрыты яны з 10.00 да 14.00 і з 16.00 да 19.00. У органаў выканаўчай улады, якія па Канстытуцыі абавязаны арганізоўваць галасаванне, дастаткова сіл і паўнамоцтваў для таго, каб яно ў нас прайшло спакойна, без эксцэсаў і правакацый, якога б то ні было сілавога ціску на выбаршчыкаў. На ўсіх участках будуць забяспечаны належныя ўмовы, каб тыя, хто сюды прыйдзе, маглі ўзважана абдумаць адказны крок. Больш таго, пастараемся, каб гэты дзень стаў сапраўдным святам для кожнага з жыхароў. Калі ласка, прыходзьце, галасуйце за свайго кандыдата. Выбіраем дэпутатаў абласнога, раённага, сельскіх і ў Мікашэвічах – гарадскога Саветаў дэпутатаў. Хочаце – галасуйце датэрмінова, хочаце – у дзень выбараў 23 сакавіка. Але прыйсці на выбары, лічу, трэба абавязкова.
– А вы самі балатуецеся на якім-небудзь участку?
– З’яўляюся кандыдатам у дэпутаты раённага Савета дэпутатаў па Багданаўцы і спадзяюся, што жыхары гэтай вёскі мяне падтрымаюць.
– Дзякуй, удачы вам!

Нядаўна ў Лунінцы закрылі басейн. Калі ён пачне працаваць?
– Зараз у басейне праводзяцца рамонтныя работы. Па інфармацыі будаўнікоў, завершаны яны будуць да 12 красавіка. Будзем спадзявацца, што з 15 красавіка басейн адновіць сваю работу.

Добры дзень, Віктар Анатольевіч! Завуць мяне Алена Віктараўна, жыву на Залессі. Часта хаджу міма будынкаў старой бальніцы і бачу, што там поўным ходам ідуць рамонтныя работы. Якія службы будуць абжываць гэтыя памяшканні?
– Першы аб’ект, які быў уве-дзены ў строй на новай бальні-цы, была станцыя “хуткай дапамогі”. Але час ідзе, мяняюцца патрабаванні, і сёння станцыя ім ужо не адпавядае. Менавіта таму было вырашана перавесці яе ў былое радзільнае аддзяленне. Рамонтныя работы там будуць завершаны літаральна праз ты-дзень, і мы адкрыем новую станцыю “хуткай дапамогі”. Там створаны выдатныя ўмовы і для фельчараў, і для дыспетчараў, і для вадзіцеляў. Звонку гэта пакуль не дужа заўважыш, але ўнутры, паверце, усё на вышэйшым узроўні. З карысцю будуць задзейнічаны і іншыя будынкі. Памяшканні былога хірургічнага аддзялення перададзены на баланс раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь, там неўзабаве пачнецца рамонт. Будынак, дзе раней размяшчалася тэрапеўтычнае і дзіцячае аддзяленні, павінна заняць сучаснае інфекцыйнае аддзяленне. Праектна-каштарысная дакументацыя на капітальны рамонт зараз праходзіць экс-пертызу. Так што, усе памяшканні старой бальніцы на вуліцы Смаленская яшчэ паслужаць людзям. У іх знайшлі нават месца для медвыцвярэзніка. Зараз ён размяшчаецца ў падвале, і ў кантралюючых службаў ёсць да гэтага нямала прэтэнзій. З пераводам выцвярэзніка на Смаленскую мы іх пастараемся выключыць.

Святлана Майсак, Вічын. У маёй мамы Любові Пятроўны 2-ая група інваліднасці па агульнаму захворванню. Скажыце, як можна для яе атрымаць пуцёўку ў санаторый і што для гэтага трэба?
– Перш за ўсё, трэба наведаць прадстаўніцтва па аздараўленню па адрасе: горад Лунінец, вуліца Савецкая, 20 (другі паверх пачатковай школы). З сабой трэба мець медыцынскую даведку аб стане здароўя, пасведчанне інваліда, працоўную кніжку, пашпарт. Згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №542 ад 28.08.2006 г. “Аб санаторна-курортным лячэнні і аздараўленні насельніцтва”, інвалідам І і ІІ груп санаторныя пуцёўкі вы-дзяляюцца ў першую чаргу адзін раз у два гады бясплатна. У асноўным гэта пуцёўкі ў беларускія здраўніцы – санаторыі “Беразіна”, “Ясельда”, “Белая Вежа”, “Буг”, “Алеся”, “Парэчча” і іншыя. Можаце патэлефанаваць 2-20-32, і спецыялісты вам дадуць падрабязную інфармацыю аб наяўнасці пуцёвак і перспектыве іх атрымання для вашай мамы. Але ў чаргу трэба стаць абавязкова, не зацягвайце з гэтым. Год толькі пачынаецца і, магчыма ўдасца вашу маму накіраваць у санаторый ужо сёлета.
– Дзякуй вам!
– І вам – здароўя і ўсяго найлепшага.
(Працяг будзе).
Падрыхтавала Таццяна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть