Трапіла ў вытворчасць 400 крымінальных спраў
Прямая линияПроисшествия

Трапіла ў вытворчасць 400 крымінальных спраў

МартынковскийДва гады прайшло з таго часу, як падпісаны Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб стварэнні Следчага камітэта. Пра дзейнасць структуры, якая павінна аптымізаваць работу следчых, павысіць аператыўнасць расследавання злачынстваў і пазбавіць сферу папярэдняга расследавання, дасудовай крымінальнай вытворчасці прыкмет валакіты і бюракратызму, вядзем размову з начальнікам раённага аддзела падпалкоўнікам юстыцыі Юрыем МАРТЫНКОЎСКІМ:

Следчы камітэт утварыўся ў выніку адасаблення следчых апаратаў з сістэмы органаў пракуратуры, падраздзяленняў папярэдняга расследавання органаў унутраных спраў, а таксама органаў фінансавых расследаванняў КДК. На сённяшні дзень можна з упэўненасцю сказаць, што ўсе задачы, якія ставіліся пры стварэнні камітэта, паспяхова выконваюцца. Забяспечана аператыўнасць, усебаковае і аб’ектыўнае расследаванне крымінальных спраў, створана годная матэрыяльна-тэхнічная база. Кожны работнік забяспечаны сучаснымі сродкамі крыміналістычных даследаванняў, а таксама аргтэхнікай. Штат раённага аддзела – 22 чалавекі, у іх ліку 17 следчых. Расследуем крымінальныя справы ўсіх катэгорый, за выключэннем падследнасці КДБ, праводзім даследчыя праверкі. У нашай кампетэнцыі тыя, што звязаны са смерцю чалавека, супраць палавой недатыкальнасці, учыненыя службовымі асобамі, якія займаюць адказнае становішча і іншыя.

– Колькі крымінальных спраў трапіла ў вытворчасць сёлета?

– На тэрыторыі Лунінеччыны не назіраецца рост злачыннасці. За 8 месяцаў прынята да вытворчасці 400 крымінальных спраў, больш як 200 у адносінах 260 асоб закончана і накіравана ў пракуратуру для перадачы ў суд. На жаль, сёлета больш зарэгістравана злачынстваў з удзелам непаўналетніх. У адносінах трох падлеткаў, якія дзейнічалі ў групе, завершана вытворчасць крымінальнай справы па 18 фактах. Юнакі мелі дачыненне да ўгону аўтатранспарту, а таксама крадзяжоў з аўтамабіляў асабістых рэчаў іх уладальнікаў на тэрыторыі нашага раёна і суседняй Гомельскай вобласці.


– Крадзяжы па-ранейшаму застаюцца самым распаўсюджаным відам злачыннасці?

Так. Але апошнім часам паявілася новая спакуса ў нячыстых на руку грамадзян. Гэта – маламерныя судны. Сёлета зарэгістравана 6 фактаў крадзяжоў лодак і матораў з іх. Усе выпадкі адбыліся на рацэ Прыпяць непадалёк ад порта ў Мікашэвічах. Пакуль раскрыта толькі адно злачынства. Аднак зараз вядуцца актыўныя следчыя дзеянні, назначаны шэраг экспертыз, у тым ліку па слядах біялагічнага паходжання. Упэўнены, што гэта будзе спрыяць станоўчым вынікам, і ўсе віноўныя адкажуць па закону. Раней да разгляду справы ў судзе пад варту заключалася прыкладна 5 працэнтаў падазраваемых, цяпер гэтая лічба павялічылася ў 2 разы.

– Што можна сказаць пра аператыўнасць?


– Асноўныя намаганні былі сканцэнтраваны на абароне правоў і законных інтарэсаў грамадзян, павышэнні якасці і аператыўнасці дасудовай крымінальнай вытворчасці. Кожная другая справа зараз расследуецца не больш як 1 месяц.


– Біч усіх сур’ёзных структур – звароты грамадзян не па адрасе. Мяркую, што і ў Следчы камітэт ідуць «хадакі», якія скардзяцца, умоўна кажучы, на не ўкручаную ля пад’езда лямпачку.


– Як і іншыя дзяржаўныя органы, мы таксама атрымліваем пэўны працэнт зваротаў не па адрасе, а часам і проста кур’ёзных. Работа з імі адбірае час і не ідзе ў плюс у рамках аптымізацыі дзейнасці следчых. Па-за кампетэнцыяй Следчага камітэта прызнана каля чвэрці зваротаў грамадзян. Павінен канстатаваць: Следчы камітэт разглядае толькі пытанні, звязаныя з учыненымі злачынствамі і дзеяннямі следчых у працэсе збору матэрыялу.


– Трэба думаць, што і меры па прафілактыцы чалавечай даверлівасці таксама яшчэ не прынеслі чаканага выніку. Па-ранейшаму становіцца вядома пра людзей, якія пускаюць ашуканцаў пад выглядам работнікаў сацыяльнай абароны ў дом, або пра людзей, якія нібы здымаюць нагаворы і пазбаўляюць адначасова буйных сум грошай і г.д.

Прафілактычнай рабоце надаем шмат увагі. І ўсё ж, нягледзячы на ўвесь спектр мерапрыемстваў, ажыццяўляемых намі і іншымі праваахоўнымі органамі, грамадзяне павінны больш уважліва ставіцца да захавання сваёй маёмасці. Пры гэтым, кожны чалавек павінен хаця б адзін раз у дзень задаць сабе пытанне і даць на яго адказ: што я зрабіў для абароны сваёй кватэры, дома, офіса?
Што датычыць махлярства, то гэта – распаўсюджанае злачынства. Як ні парадаксальна, але праблема існуе ў нас саміх: у нашым характары, у структуры асобы. Ахвяра сама ў нейкай ступені прыцягвае махляра, валодаючы негатыўнымі ўласцівасцямі характару: прагнасцю, авантурызмам, сквапнасцю.

– Многія ведаюць пра работу следчых з дэтэктыўных серыялаў, якімі перапоўнены тэлеканалы. А ў рэальнасці?


– Параўноўваць «кіношных» следчых з рэальнымі складана. Фільм – гэта перш за ўсё дзеянне, а наша работа больш звязана з замацаваннем доказаў. І менавіта на падставе гэтых дакументаў робіцца вывад аб наяўнасці віны, вырашаецца чыйсці лёс.


– А як жа інтуіцыя?


– Яна можа часам дапамагчы ў расследаванні, але далёка не заўсёды варта разлічваць на яе. Сапраўдным прафесіяналам становіцца толькі той, у каго ёсць жаданне працаваць. А ў нашай прафесіі да гэтага трэба абавязкова дадаць высокую адказнасць, сумленнасць і аб’ектыўнасць.

 

 

Дыялог з чытачом

Напярэдадні прафесійнага свята – дня ўтварэння Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь – у “ЛН” прайшла “прамая лінія”.

Тэлефануе пенсіянерка Надзея Мікалаеўна Цыбульская з Лунінца. Калісьці ў “Лунінецкіх навінах” прачытала пра падзёж жывёлы ў гаспадарках раёна. Работнік пракуратуры расказаў аб праверках. Але ў матэрыяле не было сказана, ці былі прыцягнуты да крымінальнай адказнасці віноўныя. Чаму кіраўнікоў не караюць за халатныя адносіны да сваёй справы?

– Следчы камітэт адказвае за расследаванне крымінальных спраў. Што датычыць падзяжу жывёлы, то такія матэрыялы да нас не паступалі. Упэўнены, што віноўныя панеслі пакаранне, але не крымінальнае. Па пытанню прыцягнення да адказнасці вам могуць растлумачыць у пракуратуры.

– У мяне яшчэ пытанне. Нас выключылі з чаргі на кааператыў, але мы ўнеслі 300 тысяч рублёў. Гэтыя грошы нам ніхто     не збіраецца вяртаць. Ці па закону гэта?

– Складана адназначна адказаць на ваша пытанне. Трэба ведаць прычыну, па якой вас выключылі з кааператыва, што гэта быў за ўзнос. Калі ў вас ёсць час, прыходзьце ў ад-дзел з усімі дакументамі, мы дэталёва вывучым вашу праблему і дадзім адказ.


– Дзякуй. Абавязкова прыйду.

Турбуе Валянціна Іванаўна з Палескага. Скажыце, ці панёс адказнасць віноўны за дарожна-транспартнае здарэнне, што адбылося вясной каля чыгуначнага пераезда ў Палескім? Наколькі ведаю, у аварыі пацярпелі 5 чалавек.

– Следства па гэтай крымінальнай справе ішло 4 месяцы. Справа ў тым, што ўдзельнікі ДТЗ знаходзіліся ў цяжкім стане, і пра следчыя дзеянні весці гутарку не даводзілася. Цяпер жа правялі не менш за 10 розных экспертыз, а таксама следчы эксперымент. Справа накіравана ў пракуратуру, далей – у суд.

Тэлефануе Галіна. Мы, жыхары раёна, аказваем давер нашай міліцыі. І заўсёды спадзяемся, што ў складаныя моманты супрацоўнікі РАУС прыйдуць на дапамогу. Але чаму па нумары “102” іншы раз нельга дазваніцца?

– Гэта пытанне не зусім па адрасе, але накіруем яго ў РАУС.


Адказвае намеснік начальніка, начальнік крымінальнай міліцыі Пётр ДАНІЛОВІЧ:

Праблема сапраўды ёсць. Справа ў тым, што паўгода таму ўзніклі тэхнічныя непаладкі з сувяззю. Дагэтуль працуе толькі адна лінія. Калі яна занята, а ў гэты час яшчэ нехта спрабуе дазваніцца, то не атрымліваецца. Гудкі ідуць, а трубку ніхто не бярэ. Нашы спецыялісты разам з прадстаўнікамі РВЭС перыядычна аднаўляюць сувязь, але праблема час ад часу ўзнікае зноў. Просім прабачэнні за часовыя складанасці.

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть