Прямая линия

Галоўны крытэрый – справядлівасць

карлюкНа пытанні чытачоў “ЛН” адказвае пракурор раёна Аляксандр КАРЛЮК. ( Добры дзень, Аляксандр Паўлавіч! Не буду называць сваё імя, бо ведаю, што падобныя пытанні цікавяць многіх жанчын. Сёння вельмі распаўсюджаны так званыя “грамадзянскія шлюбы”. Вось і я ў свой час “спакусілася” на гэта. Пэўны час без рэгістрацыі жылі з маладым чалавекам. Неўзабаве нарадзілася дзіця. Пасля гэтага нашы адносіны сталі пагаршацца, бо мне давялося дзяліць увагу і клопат паміж малой і яе татам. Апошняга гэта не задавольвала. Прыкладна праз паўгода пасля нараджэння малышкі ён пакінуў сям’ю і зараз абсалютна не цікавіцца намі. Крыўдна, што і дзіцяці ніякай дапамогі не аказвае, не саромеецца нават шматлікім нашым агульным знаёмым паўтараць, што гэта, быццам бы, не яго дзіця… Скажыце, ці можна ўстанавіць бацькоўства, нягледзячы на тое, што мы не рэгістравалі шлюб? Што для гэтага трэба? – Заканадаўствам прадугле-джаны дзве падставы для рэгістрацыі ўстанаўлення бацькоўства – сумесная заява бацькоў (так званае добраахвотнае ўстанаўленне бацькоўства) і рашэнне суда. У першым выпадку дастаткова бацькам звярнуцца з адпаведнай заявай у органы, якія рэгіструюць акты грамадзянскага стану. У судовым парадку бацькоўства можа быць устаноўлена па заяве аднаго з бацькоў ці апекуна (папячыцеля) або нават самога дзіцяці пры ўмове дасягнення ім паўналецця. Гэтая катэгорыя спраў разглядаецца судом у парадку іскавой вытворчасці. Для ажыццяўлення адміністрацыйнай працэдуры па рэгістрацыі ўстанаўлення бацькоўства грамадзяне павінны прадставіць сумесную заяву ці рашэнне суда, пашпарты ці іншыя дакументы, якія засведчваюць асобу. У выпадку, калі рэгістрацыя была зроблена раней, а зараз патрэбна толькі змяніць запіс у графе аб бацькоўстве, трэба прынесці пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці для таго, каб замяніць яго на новае. Выдаецца яно бяс-платна, дзяржаўная пошліна не бярэцца. У вашым выпадку, паколькі бацька не жадае ў добраахвотным парадку прызнаць дзіця, трэба звярнуцца з іскам аб устанаўленні бацькоўства і спагнанні аліментаў у суд па месцы жыхарства. Вы правільна заўважылі, што сёння падобныя пытанні не рэдкасць. Шкада, што многія з маладых людзей неабдумана кідаюцца ў дарослае жыццё, імкнуцца стаць самастойнымі, пачынаючы гэтую самастойнасць з сужыцельства. І абсалютна не задумваюцца аб наступствах такога не заўсёды апраўданага кроку і, самае галоўнае, не бяруць пад увагу тое, як усё адаб’ецца на лёсе дзяцей. А думаць пра гэта трэба, каб не апынуцца ў сітуацыі, падобнай вашай. ( Марыя Пятроўна, Лунінец. Часта сустракаем на старонках раённай газеты артыкулы за вашым подпісам і інтэрв’ю. Але чаму ў іх ніколі не называюцца сапраўдныя прозвішчы тых, хто ўчыніў злачынства? Лічу гэта няправільным. Людзі павінны ведаць канкрэтныя імёны тых, хто рызыкнуў пераступіць закон, як ведаць і тое, якое пакаранне панёс той ці іншы парушальнік. У супраціўным выпадку мы ніколі не выкаранім з нашага жыцця гэтае зло. – Згодны з вамі, Марыя Пятроўна, але часткова. Трэба ведаць, што работа пракуратуры накіравана не толькі на актыўнае асвятленне нагляднай дзейнасці, прафілактыку правапарушэнняў і злачынстваў, барацьбу з карупцыяй, кантроль за выкананнем заканадаўства і законнасць прававых актаў, але і элементарную абарону правоў грамадзян. Колькі ёсць выпадкаў, калі чалавек, умоўна кажучы, аступіўся і гатовы панесці пакаранне, каб потым ніколі не паўтарыць таго, што здарылася. Ці варта яго (а разам і яго сям’ю, дзяцей) у такім выпадку караць яшчэ і грамад-скай пагардай? Больш таго, інфармацыя, звязаная з матэрыяламі крымінальных спраў, можа быць раскрыта ў адпаведнасці з патрабаваннямі Крымінальна-працэсуальнага кодэкса, закона “Аб сродках масавай інфармацыі”, іншымі нарматыўна-прававымі актамі Рэспублікі Беларусь і толькі пасля таго, як судом усіх інстанцый справа разгледжана і вынесены канчатковы вердыкт. Але і ў гэтым выпадку не можам не ўлічваць прынцып захавання правоў і свабод аднаго асобна ўзятага чалавека, гарантаваны вышэй пазначанымі заканадаўчымі актамі і Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь. Разам з тым, калі ўчыненае злачынства нясе з сабою небяспеку для грамадства, мае абцяжарваючыя абставіны ў выгля-дзе рэцыдыву, звязана з карупцыяй, то прозвішчы злачынцаў, чыя віна даказана, не ўтойваем. Так будзем дзейнічаць і надалей. ( Добры дзень, Аляксандр Паўлавіч. Растлумачце, калі ласка, у які тэрмін мне павінны выдаць працоўную кніжку і зрабіць канчатковы разлік? Заява на звальненне падпісана, абхадны ліст гатовы… – Перш за ўсё, наймальнік абавязаны азнаёміць вас пад роспіс з загадам аб звальненні. Працоўная кніжка выдаецца работніку ў дзень звальнення (апошні дзень работы). Пры затрымцы выдачы працоўнай кніжкі па віне наймальніка работніку выплачваецца сярэдні заробак за ўвесь час вымушанага прагула, і дата звальнення пра гэтым мяняецца на дату выдачы працоўнай кніжкі. Згодна з арт.77 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, пры звальненні работніка ўсе выплаты, якія яму належаць, робяцца ў дзень звальнення. Калі работнік у дзень звальнення не працаваў, то адпаведныя выплаты павінны быць зроблены не пазней наступнага дня пасля прад’яўлення ім патрабавання аб разліку. У выпадку спрэчак аб памерах гэтых выплат наймальнік павінен у пазначаны вышэй тэрмін выплаціць суму, якая не аспрэчваецца. У выпадку нявыплаты па віне наймальніка ў тэрмін, устаноўлены арт.77 ПК, належачых пры звальненні сум работнік мае права вышукаць з наймальніка сярэдні заробак за кожны дзень пратэрміноўкі. ( Людміла, Лунінец. Магчыма, маё пытанне некаму падасца несур’ёзным, але, паверце, мяне яно хвалюе. У горадзе нярэдка можна бачыць бадзячых сабак, якія зграямі бегаюць па вуліцах, палохаючы людзей, асабліва дзетвару. Сусед мой пастаянна выгульвае сваю аўчарку без намордніка і лічыць гэта ўпаўне нармальным. А паколькі спецыяльных пляцовак для выгулу дамашніх жывёлін няма, то для гэтага яны выбралі месца на газоне за домам. Ці нельга ўрэшце такіх як ён прызваць да парадку? Што пра гэта гаворыць закон? І як ён працуе ва ўмовах нашага раёна? – Усё, пра што вы пытаецеся, рэгламентуюць Правілы ўтрымання дамашніх сабак, катоў, а таксама адлову бадзячых жывёлін у населеных пунктах Рэспублікі Беларусь. Зацверджаны яны Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь №834 ад 4 чэрвеня 2001 года. Згодна з імі, уладальнікі дамашніх жывёлін абавязаны строга захоўваць санітарныя, ветэрынарныя нормы і правілы іх утрымання, клапаціцца пра бяспеку іншых людзей, не дапускаць забруджвання пітомцамі агульнадаступных месцаў, своечасова рабіць прышчэпкі, рэгістраваць у жыллёва-камунальнай службе ці сельвыканкамах, уплачваць зборы, а на прагулку тых жа сабак выводзіць на кароткім павадку і ў намордніку і г.д. Звяртаю ўвагу ўладальнікаў патэнцыяльна небяспечных парод сабак на тое, што рэгістрацыя іх пітомцаў праводзіцца толькі пры наяўнасці ў гаспадароў даведкі аб праходжанні адпаведнага навучання. Непаўналетнім грамадзянам забаронена самастойна выгульваць амерыканскіх пітбультэр’ераў, бультэр’ераў, ратвейлераў, нямецкіх, каўказскіх, румынскіх, сярэднеазіяцкіх аўчарак і некаторыя іншыя патэнцыяльна небяспечныя пароды сабак (іх пералік устаноўлены Пастановай Мінсельгасхарчу Рэспублікі Беларусь №40 ад 12.12.2001 г.). За парушэнне правілаў утрымання дамашніх і драпежных жывёлін, у тым ліку прывод іх у магазіны, на прадпрыемствы грамадскага харчавання, бытавога абслугоўвання, у школы, дзіцячыя сады, грамадскія будынкі, паркі, скверы, рынкі, стадыёны, выгульванне на прыдамавых тэрыторыях прадугледжана адміністрацыйная адказнасць ад папярэджання да штрафу ў памеры ад 10 да 30 базавых велічынь ці адміністрацыйнага арышту. Так, летась адміністрацыйнай камісіяй райвыканкама за парушэнне правілаў утрымання дамашніх жывёлін да адказнасці былі прыцягнуты 7 грамадзян, Мікашэвіцкага гарвыканкама – 2. Калі ж дамашнімі пітомцамі нанесены ўрон здароўю ці маёмасці іншых людзей, справы разглядае суд. Летась такіх было 14. Пракуратурай раёна сёлета папярэджаны 5 грамадзян-уладальнікаў патэнцыяльна небяспечных парод сабак аб недапушчальнасці правілаў іх утрымання. Так што, як бачыце, закон працуе. Іншая справа, што нашы паводзіны (а разам і паводзіны нашых выхаванцаў у выглядзе “братоў меншых”) залежаць ад уласнай выхаванасці і павагі да іншых людзей. ( Тэлефаную з Мікашэвіч. Сёння на ўсіх узроўнях дастаткова актыўна абмяркоўваюцца справы, звязаныя з карупцыяй. Ведаю, што такія ёсць і ў нашым раёне. Чаму пра іх маўчым? – Такія справы не замоўчваюцца. Неаднаразова пісала пра іх і раённая газета. Вялікая ўвага ўдзяляецца захаванню антыкарупцыйнага заканадаўства нашай пракуратурай, асабліва пры правядзенні планавых праверак. Так, летась былі праведзены праверкі ў аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, арганізацыях ЖКГ, КУП “Лунінецкае раённае УКБ”, Мікашэвіцкім гарвыканкаме, ДУ “Лунінецкі РЦГіЭ”, шэрагу прадпрыемстваў раёна. Аналіз сведчыць пра тое, што далёка не заўсёды кіраўнікі ў поўнай меры вырашаюць пастаўленыя перад імі задачы па супрацьдзеянню карупцыі, як гэта прадугледжана арт.27 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб барацьбе з карупцыяй”. Вынікам гэтага з’яўляецца ўчыненне падначаленымі ці самімі кіраўнікамі карупцыйных правапарушэнняў. Летась пракуратурай раёна было вынесена 6 прадстаўленняў кіраўнікам дзяржаўных органаў і арганізацый аб ухіленні выяўленых парушэнняў антыкарупцыйнага заканадаўства, 4 асобы на пасадах атрымалі папярэджанні, 7 – прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці, 2 – да матэрыяльнай. Ужо сёлета з пачатку года вынесена 2 прадстаўленні, 3 кіраўнікі прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці – адзін наогул вызвалены ад займаемай пасады, яшчэ адзін – папярэ-джаны. Узбуджаны крымінальныя справы ў дачыненні да работнікаў КУП “Лунінецкае раённае УКБ”, Лунінецкай і Мікашэ-віцкай жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Зараз ідзе папярэдняе расследаванне па крымінальнай справе, узбуджанай супраць былога дырэктара КУШВП ЖКГ “Лунінецкая ЖКГ” Вакульчыка В.М. , які падазраецца ва ўчыненні карупцыйнага злачынства. У заключэнне скажу, што найбольшую ўдзельную вагу сярод падобных злачынстваў складаюць хабарніцтва і крадзеж шляхам злоўжывання службовым становішчам. ( Мікалай Давыдчык, Дрэбск. У мяне зямельная спрэчка з суседзямі. Замест 54 сотак прысядзібнага ўчастка ў нас з нядаўняга часу чамусьці пачалі фігурыраваць 30. Звярнуўся ў райвыканкам, адкуль атрымаў адказ, што варта задавольвацца тым, што ёсць. Зямельная служба ўвогуле адмовілася ўнікаць у спрэчнае пытанне. Значыць, цяпер сусед зможа самастойна вызначаць межы свайго ўчастка, абсалютна не ўлічваючы нашы інтарэсы? – Праверкай устаноўлена, што вамі 3 чэрвеня 2013 года ў Гарадоцкі сельвыканкам была пададзена заява аб прадастаўленні ў пажыццёвае спадчыннае валоданне зямельнага ўчастка плошчай 0,25 гектара для абслугоў-вання жылога дома па вуліцы Колбіка, 27 і для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі – яшчэ 0,10 гектара. Згодна з рашэннем сельвыканкама №143 ад 13.06.2013 г. участкі былі прадастаўлены. У плане межаў зямельнага ўчастка ёсць ваш подпіс, які засведчвае згоду з устаноўленымі памерамі надзела. Пазней участак быў вамі зарэгістраваны ў арганізацыі па дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомасці. Ваша зямельная спрэчка з суседам, згодна з заканадаўствам, была разгледжана Гарадоцкім сельвыканкамам. Парушэнняў не знойдзена, што і засведчана ў рашэнні сельвыканкама №249 ад 26.11.2013 г. У выпадку нязгоды з рашэннем, вы на працягу месяца з дня атрымання копіі ўправе абскардзіць яго ў абласны выканаўчы камітэт ці праз суд. ( Тэлефаную з Чучавіч. Раней я звярталася ў рэдакцыю з просьбай дапамагчы ў маёй бядзе (прозвішча, імя і імя па бацьку, а таксама дакладны адрас заяўляльніцы ёсць у рэдакцыі – Т.В.). Сама гадую дваіх дзяцей, дзяўчынка – інвалід. Ёй патрэбна дорагакаштуючае лячэнне. А муж нідзе не працуе, аліменты на дзяцей не плаціць, і няма ніякай магчымасці паўплываць на яго. У рэдакцыі сказалі, што мой зварот накіравалі ў пракуратуру. Скажыце, ці займаліся вы маёй справай? – Мы атрымалі ваш зварот з рэдакцыі “Лунінецкіх навін”. У ходзе разгляду былі вывучаны матэрыялы крымінальнай справы, узбуджанай у дачыненні да вашага мужа па факту ўхілення ад уплаты аліментаў на ўтрыманне дваіх непаўналетніх дзяцей. Устаноўлена, што раённым аддзелам Следчага камітэта справа была спынена. Аднак вывучэнне матэрыялаў паказала, што зроблена гэта незаконна, праверка праведзена не поўнасцю. Таму 26 сакавіка 2014 года пракуратурай было прынята рашэнне аб адмене пастановы раённага аддзела Следчага камітэта аб спыненні крымінальнага праследавання і папярэдняга расследавання ў адносінах да вашага мужа. Зараз расследаванне адноўлена. Пасля таго, як завершыцца, будзе дадзена юрыдычная ацэнка дзеянням вашага мужа на наяўнасць прыкмет злачынства, прадугледжанага арт. 174 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, пра што паведамім дадаткова. Падрыхтавала Таццяна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть