Прямая линия

Каб не выйшаў агонь з-пад улады

ОрешкевичЛетась на Лунінеччыне зарэгістравана 76 пажараў, што на 5 больш, чым у папярэднім годзе. Матэрыяльны ўрон перавысіў 2 мільярды рублёў. З наступленнем пажаранебяспечнага перыяду рэдакцыя вырашыла правесці “Прамую лінію” з начальнікам раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Мікалаем АРАШКЕВІЧАМ.

Добры дзень, Мікалай Уладзіміравіч. Тэлефаную з Міжлесся. Даведаліся з раёнкі пра жудаснае здарэнне ў Вульцы 1. Скажыце, ужо вядомы падрабязнасці трагедыі?
– Справай займаецца раённы аддзел Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь. Падрабязнай інфармацыі ў нас няма, але ўжо сёння можна сказаць, што папярэдняя прычына бяды да крыўднага банальная. Чалавек жыў адзін, апошнім часам скардзіўся на боль у нагах, што перашкаджала хадзіць. Нягледзячы на гэта, сам даглядаў сядзібу, стараючыся падтрымліваць яе ў парадку. Напярэдадні суседзі засталі яго за звычайным заняткам – калоў дровы. Калі заўважылі, што пачаў выпальваць на ўчастку траву, нават папярэдзілі, маўляў, глядзі, нас не спалі. Гаспадар адказаў, што ўсё пад кантролем. Ні ён, ні хто іншы не мог падумаць, што ў месцы, дзе была дастаткова высокая трава агонь пад парывам ветру ўспыхне з неймавернай сілай. А паколькі чалавек знаходзіўся паблізу, то ён проста не паспеў выратавацца. Полымя перакінулася на адзенне. Калі падбег сусед, то было ўжо позна: пацярпелы атрымаў апёкі 93 працэнтаў цела, што несумяшчальна з жыццём… Дарэчы, з пачатку года, гэта ўжо другі трагічны выпадак у вобласці. Падобны здарыўся на Ганцаў-шчыне. Там падчас выпальвання мінулагодняй травы загінула 84-гадовая жанчына. Яшчэ раз звяртаю ўвагу вас і ўсіх іншых жыхароў раёна на забарону выпальвання сухой расліннасці. На гэты конт ёсць спецыяльнае распараджэнне старшыні райвыканкама. Неаднаразова супрацоўнікі РАНС выязджалі ў працоўныя калектывы, праводзілі сустрэчы з людзьмі, тлумачачы, наколькі небяспечна разводзіць кастры на сядзібах. Але, нягледзячы на гэта, за апошні час пажарным давялося больш як 30 разоў выязджаць на тушэнне менавіта такіх узгаранняў. Між тым, за парушэнні падобнага кшталту прадугледжана нежартоўная адказнасць – штраф у памеры ад 10 да 40 базавых велічынь. І ў 7 выпадках віна прыватных гаспадароў у выпальванні травы, што стала прычынай пажараў, была даказана, за што і давялося панесці дадатковыя выдаткі. Людзям варта памятаць, што інфармацыя аб выпальванні травы і хмызоў на ўчастках на пульт цэнтра аператыўнага інфармавання паступае пастаянна і з розных крыніц: дым ад суседзяў, праязджаючых міма людзей і супрацоўнікаў РАНС не схаваеш. Трэба і пра гэта памятаць.
А што датычыць вашага Міжлесся, то варта сказаць, што гэты населены пункт у зоне нашай асаблівай увагі. Справа ў тым, што ўсе прафілактычныя мерапрыемствы, гутаркі і сустрэчы з людзьмі, падворны абход праводзім у рабочы час. Нярэдка застаць гаспадароў домаўладанняў у Міжлессі не ўдавалася. Спадзяюся, усё, пра што расказаў вышэй, дойдзе да іх свядомасці.

З Лунінца тэлефаную. Ці не здаецца вам, што ўсе пакаранні і пратаколы на кіраўнікоў, якія складае ваша служба, не даюць жаданага выніку?
– Калі ў вас ёсць дакладныя факты, што пасля нашых праверак зрухаў няма, то назавіце канкрэтны адрас. У мяне ж крыху іншая інфармацыя. Сёлета на працягу першага квартала ва ўстановах, арганізацыях, на прадпрыемствах праведзена 25 праверак па захаванню супрацьпажарнага заканадаўства. Было знойдзена нямала парушэнняў. Усе кіраўнікі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці. Зусім нядаўна пракантралявалі, як выконваюцца нашы прадпісанні. У 15 калектывах парушэнняў не было выяўлена наогул. Спадзяюся, што ў бліжэйшы час будзе папраўлена сітуацыя і ў застаўшыхся.
– А якія парушэнні найбольш характэрныя?
– Для арганізацый ёсць цэлы пералік патрабаванняў, якія павінны няўхільна выконвацца. Усе іх кантралюем. Што датычыць домаўладанняў, то да нядаўняга часу найбольш частым парушэннем была ўстаноўка “жучкоў” у электралічыльніках. Цяпер на такое злоўжыванне рызыкуюць ісці адзінкі. З 900 леташніх пратаколаў, складзеных на жыхароў, такіх наўрад ці набярэцца дзясяткі два. У асноўным ёсць прэтэнзіі да абсталявання печаў і іншых абагравальных прыстасаванняў. Думаю, што на такое становішча спраў у значнай ступені паўплывала плённае ўзаемадзеянне самых розных структур. Справа ў тым, што цяпер пры кожным сельвыканкаме створаны так званыя наглядныя камісіі, у склад якіх уваходзяць прадстаўнікі ўлады на месцах, РАНС, міліцыі, энерганагляду, адукацыі, аховы здароўя, Белдзяржстраху. У кожнай вёсцы праблемныя домаўладанні вядомы кожнаму. У першую чаргу наведваем іх, гэта мабілізуе, прымушае задумвацца аб наступствах грэбавання агульнапрынятымі правіламі супрацьпажарнай бяспекі.
– А чаму тады летась у агні загінулі 11 чалавек, што амаль удвая больш, чым у 2012 годзе?
– Прычын тут шмат. Але вы павінны ведаць, што з гэтых 11-ці – 9 курылі ў ложку ў стане алкагольнага ап’янення. Як на такіх паўплываць? Кожнаму ж чалавеку розум і асцярожнасць не ўставіш. Пакуль прадстаўнікі групы рызыкі самі не зразумеюць, наколькі небяспечнымі могуць быць заганныя звычкі, змяніць што-небудзь вельмі цяжка. Менавіта такі падыход практыкуем і ў ацэнцы работы сельвыканкамаў. Лахвенскі лічыцца адным з лепшых, а там летась у агні загінулі пяцёра. Як высветлілася, усе яны былі ў полі зроку адпаведных службаў, іх часта наведвалі, папярэ-джвалі, кантралявалі, але засцерагчы ад бяды так і не змаглі. Кожны з такіх грамадзян сам выбірае свой лёс.

Раскажыце, якія высновы зроблены пасля мінулагодняй трагедыі, калі ў агні загінулі двое дзетак?
– Аналіз прычын пажараў, якія адбыліся па віне дзяцей, паказвае, што яны часта выкліканы адсутнасцю навыкаў асцярожнага абыходжання з агнём, недастатковым кантролем над іх паводзінамі з боку дарослых, а ў шэрагу выпадкаў – няўменнем бацькоў правільна арганізаваць гульні дзетвары. Кожнаму зразумела, што пакідаць у доме малалетніх адных нельга: у выпадку пажару яны проста не здолеюць самастойна выбрацца з памяшкання. Нярэдка, ратуючыся ад агню, яны забіваюцца пад ложкі, сталы, хаваюцца ў шафах. Так здарылася і ў Вічыне 18 сакавіка 2013 года, калі на пажары ў прыватным доме загінулі малышы трох і чатырох год. Бацькі пайшлі на работу і пакінулі малых дома адных, закрыўшы іх звонку. Яны проста не думалі, што дзеці прачнуцца раней, чым прыйдуць дарослыя. І, натуральна, ніхто не мог і падумаць, што яны захочуць пагуляць з запалкамі… Калі маці вярнулася дадому і ўбачыла, што дом гарыць, то яна разам з аднавяскоўцам, які аказаўся паблізу, яшчэ паспела вынесці з палаючай хаты малых, але выратаваць іх так і не ўдалося. Зусім нядаўна адбыўся яшчэ адзін выпадак, які узрушыў усю краіну. 14 студзеня 2014 года ў в. Беражное ў суседнім Столінскім раёне дома без нагляду засталіся шасці-, пяці- і трохгадовы малышы. Маці пайшла ў магазін і таксама закрыла дзяцей звонку. Калі вярнулася, дом гарэў. Жанчына вынесла малых з полымя, але іх таксама не ўдалося ўратаваць. Сям’я гэтая была вядома, як сацыяльна небяспечная, маці любіла выпіць, але і яна не думала, што заганная звычка можа прывесці да такой бяды. І вось пра што яшчэ хацеў бы нагадаць. Нам, дарослым, заўсёды трэба паказваць дзецям прыклад перасцярогі пры карыстанні агнём. Вось як вы паступаеце з патушанай запалкай? Правільна, кідаеце ў попельніцу ці вядро для смецця. І робіце гэтую працэдуру тысячу разоў. Але ў 1001-шы раз, калі каварная іскра, прытаіўшыся на запалцы, трапіць на “спрыяльную глебу” – паперу, тка-ніну ці проста гаручы прадмет, – успыхне пажар. Таму ніколі не раскідвайце запалкі, увогуле не пакідайце іх у даступных месцах, не падавайце дзецям дрэнны прыклад. Гледзячы на вас, малыя засвояць прынцып правільнага і асцярожнага карыстання агнём і будуць у далейшым старацца яго пры-трымлівацца.

Набліжаюцца выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў. Увага да выбарчых участкаў з боку вашай службы будзе такой жа, як і да выбараў больш высокага рангу?
– Безумоўна. Супрацоўнікамі РАНС праведзена праверка ўсіх 55 выбарчых участкаў, уручаны рэкамендацыі па супрацьпажарных мерапрыемствах. Са старшынямі камісій праведзены інструктаж па абавязковаму выкананню пунктаў прадпісання, дзе прадугледжаны ўсе магчымыя сітуацыі. Датычаць яны як бытавых момантаў, так і рабочых – маю на ўвазе абсталяванне кабін для галасавання, асвятленне, наяўнасць сродкаў пажаратушэння і іншае. З пачаткам датэрміновага галасавання і непасрэдна ў дзень выбараў 23 сакавіка на ўчастках будзе наладжана пастаяннае дзяжурства супрацоўнікаў РАНС.
Са свайго боку хачу за-прасіць жыхароў Лунінеччыны ў гэты дзень ці напярэдадні абавязкова прыйсці на выбарчыя ўчасткі, выканаць свой грама-дзянскі абавязак, прагаласаваць за ўпэўненае і спакойнае заўтра нашай малой радзімы.
Падрыхтавала Таццяна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть