Прямая линия

Колькі і за што плацім?

прямая линия

Аднаўляючы практыку правядзення “Прамых ліній” у рэдакцыі “ЛН”, сумняваліся, ці будзе яна такой жа запатрабаванай, як колькі часу таму, бо сёння ў жыхароў раёна ёсць рэальная магчымасць атрымаць адказы і кансультацыі на пытанні ў ходзе аналагічных дыялогаў з прадстаўнікамі ўлады, якія практычна кожную суботу выходзяць на сувязь па тэлефоне райвыканкама 3-13-70. Аднак апасенні аказаліся дарэмнымі. На працягу гадзіны, а менавіта столькі доўжылася “Прамая лінія” з дырэктарам КУШВП ЖКГ “Лунінецкая ЖКГ”, тэлефон не замаўкаў ні на хвіліну. Дазваніцца змаглі 11 грамадзян, якія ў агульнай складанасці задалі Георгію Шпакоўскаму больш як два дзясяткі пытанняў. Сёння публікуем на іх адказы.

Людміла Радзюк, Лунінец. Добры дзень, Георгій Георгіевіч. Скажыце, ці будзе сёлета ў нашым доме па вуліцы Чапаева,50 капітальны рамонт?

– Вымушаны вас расчараваць, Людміла Аляксандраўна. У спіс аб’ектаў жылога фонду, дзе да 2020 года будзе зроблены капітальны рамонт, ваш дом не трапіў. Уся справа ў тым, што на балансе ЖКГ ёсць дамы, дзе нясучыя канструкцыі, інжынерныя сеткі намнога горшыя, чым у вашым. Менавіта таму  аддалі перавагу ім.

– Але ж і ў нас нямала праблем. Адна з іх – адсутнасць цэнтральнай каналізацыі. Магчыма, хоць гэтае пытанне можна ў бліжэйшы час вырашыць?

– Летась спецыялісты жыллёва-камунальнай гаспадаркі разам з работнікамі “Водаканала” правялі абследаванне ўсіх вонкавых сістэм каналізацыі. Тэхнічная магчымасць падключэння да цэнтральнай сцёкавай трубы ў вашым раёне ёсць. Аднак, як кажуць у народзе, аўчынка не вартая выдзелкі: сцёкаў з вашага дома не так і многа, а фінансавыя затраты на тое, каб накіраваць іх у цэнтральную трубу, велізарныя. Разам з тым, лішніх грошай у бюджэце няма, таму і пытанне гэтае разглядацца ў бліжэйшы час не будзе.

– Яшчэ адна праблема. Калі мянялі цеплатрасу, то каля нашага дома камунальнікі ўзарвалі асфальт, а вось пра тое, каб вярнуць усё ў першапачатковы выгляд, забыліся. Хіба гэта правільна?

– Няправільна. Да 20 мая 2016 года ўсе работы па аднаўленню асфальтаванага пакрыцця каля вашага дома будуць выкананы. Прабачце, што па нашай віне давялося цярпець нязручнасці.

– Калі можна, то яшчэ пытанне. У  кватэры №9, дзе пражываю, ёсць балкон. Але з часам ён стаў уяўляць пэўную небяспеку. Ці не маглі б спецыялісты даць заключэнне: магчыма, на яго ўжо ўвогуле няварта выходзіць?

– Балконы ў вашым доме кансольнага тыпу. Большасць з іх знаходзяцца ў здавальняючым стане і не выклікаюць трывогі. Тым не менш, у бліжэйшы час спецыялісты ЖКГ пабываюць па названым адрасе і правядуць дадатковае абследаванне. Пра вынікі яго жыльцы дома абавязкова будуць ведаць.

Таццяна Ігнатаўна, Лунінец. Мой сын жыве на вуліцы Касцюшкі, там зараз сапраўднае балота. Не лепшая сітуацыя і на вуліцы Ламаносава, дзе жыву я. Ці не плануецца асфальтаванне названых вуліц?

– У бліжэйшы час не плануецца. Аднак, як толькі дазволіць надвор’е, абавязкова выканаем работы па грэйдзіраванню і пры неабходнасці – падсыпцы вуліц Касцюшкі і Ламаносава.

Вольга Іванцова, в. Дварэц. Пытанне, магчыма, не зусім звычайнае, але хвалюе яно, паверце, не толькі мяне. Скажыце, ці можна купіць сабе месца на могілках у Лунінцы? І калі так, то да каго трэба звяртацца?

– Месцы на могілках ні ў Лунінцы, ні ў якім іншым населеным пункце нашага раёна не прадаюцца. Згодна з Законам Рэспублікі Беларусь “Аб пахаванні”, можна бясплатна забраніраваць месца для блізкіх родзічаў – мужа, жонкі, бацькоў, дзяцей – калі ўжо ёсць магілы родных. У іншых выпадках у броні вам будзе адмоўлена. Для таго, каб атрымаць бронь, трэба звяртацца ў магазін рытуальных паслуг, які знаходзіцца па адрасе: г. Лунінец, вул. Савецкая, 37. Працуе ён з 8.00 да 20.00 без выхадных.

Марыя Цяльпук, Лунінец. Чаму ў нашым доме па вуліцы Акружная,11 за ацяпленне трохпакаёвай кватэры за студзень давялося заплаціць больш як 300 000 рублёў, а ў суседнім доме па вуліцы Сялянская, 6а – 160 000?

– На вашым доме ўстаноўлены групавы лічыльнік цеплавой энергіі. Аплата налічваецца згодна з яго паказаннямі. Сумнявацца ў яго спраўнасці і дакладнасці не даводзіцца. Прыбор прайшоў паверку ў міжацяпляльны сезон у 2014 годзе. Інтэрвал паміж паверкамі – 2 гады, таму наступная будзе зроблена сёлета. Акрамя таго, на доме ўстаноўлена аўтаматычная сістэма рэгулявання цеплавой энергіі, якая таксама знаходзіцца ў спраўным стане і нараканняў на работу не мае. Кантроль сістэмы праводзіцца двойчы на месяц слесарамі КІПіА камунгаса. Зняцце паказанняў прыбора ўліку цяпла робіць кантралёр ЖКГ не радзей як 4 разы на месяц. Усе дадзеныя заносяцца ў спецыяльны журнал. Разам з тым, нельга параўноўваць кошт ацяплення і падагрэву вады ў розных дамах. Перш-наперш, усё залежыць ад колькасці паверхаў і кватэр. Менавіта для фактычнага ўліку спажытага цяпла і ўстанаўліваюцца групавыя прыборы. Больш таго, разыходжанні ў паказаннях у розных дамах будуць заўсёды, бо жылыя памяшканні маюць неаднолькавае месцазнаходжанне, год пабудовы, матэрыял, з якога зроблены сцены. Нават тыя ж панэлі старой і новай серый вельмі адрозніваюцца па якасных асаблівасцях і здольнасцях утрымліваць цяпло. Вось і атрымліваецца малюнак, пра які вы расказалі. Я таксама жыву ў шматкватэрным доме і не па чутках ведаю гэтую праблему.

– Але чаму кошт за прыбіранне пляцоўкі ў пад’ездзе ўвязаны з плошчай кватэр? Лічу, што гэта несправядліва.

– У Жыллёвым кодэксе Рэспублікі Беларусь пазначана, што дапаможныя памяшканні – пад’езды, лесвіцы, ліфты, дах і г.д. – гэта агульная ўласнасць жыльцоў. Доля кожнага ўласніка вызначаецца згодна з плошчай займаемай кватэры. Зыходзячы з гэтага, размяркоўваюцца і затраты на ўтрыманне названай маёмасці – прапарцыянальна долі ў праве агульнай ўласнасці. Расходы арганізацый па санітарнаму ўтрыманню дапаможных памяшканняў у жылых дамах кампенсуюцца штомесяц спажыўцамі адпаведна належачых ці займаемых імі жылых або нежылых памяшканняў.

Валянцін Шумскі, Мікашэвічы. Наша лазня пабудавана ў 1953 годзе, сёння яе стан пакідае жадаць лепшага. Парылкі няма. А кошт аднаго памывачнага месца павялічылі ў 3 разы, і сёння квіток у лазню каштуе 60 000 рублёў. Дык калі плаціць такія грошы, то трэба ведаць за што. У мікашэвіцкай лазні неабходна навесці парадак! А то ж для нас, старых людзей, яна – як другая бальніца: памыцца – памыемся і дома, а вось папарыцца…

– Улічым вашы пажаданні, Валянцін Рыгоравіч. Кіраўнік камунальнай службы ў Мікашэвічах атрымае адпаведныя даручэнні.  У прыватнасці, у рабочы стан будзе прыведзена вентыляцыйная сістэма, наведзены парадак у лазневых памяшканнях. Што да кошту, то лазня ў Мікашэвічах мае ўмяшчальнасць да 20 чалавек і адносіцца да другога разраду, для якіх Камісіяй па цэнаўтварэнню пры аблвыканкаме прадугледжаны тарыф 60 000 рублёў з наведвальніка. У тым жа суседнім Жыткавіцкім раёне гэтае задавальненне яшчэ больш дарагое.

– Ведаю гэта! У мінулыя выхадныя мы збіраліся пакідаць лазню, як сюды прыехала група мужчын з Жыткавіч. Аказваецца, там, каб памыцца  ў лазні, трэба выкласці больш як 130 000 рублёў. (На “Прамую лінію” паступіла яшчэ адно тэлефанаванне з падобным пытаннем. На гэты раз – ад  жыхара Лунінца, які прапанаваў у мэтах удзешаўлення наведвання лазні адключыць парылку. Аднак такі падыход наўрад ці можна лічыць прымальным: многія наведваюць лазню якраз для таго, каб атрымаць асалоду і карысць ад лёгкай пары).

– Яшчэ адно пытанне. 40 год мы карысталіся ліфтам, і ніякіх праблем па аплаце не ўзнікала. А зараз чамусьці ўвязалі плату за яго з плошчай кватэры. Прычым тут плошча? Магчыма, правільней браць
у разлік колькасць людзей, якія будуць ім карыстацца?

– Ужо задавалі сёння падобнае пытанне. Ліфт – такая ж ваша ўласнасць, як і іншыя месцы агульнага карыстання. Чым большая ў вас кватэра, тым большая, умоўна кажучы, доля ў месцах агульнага карыстання. Адпаведна і плата за іх будзе большая. Усё згодна з законам. Сёння адбылося раздзяленне платы за карыстанне ліфтам. Асобна давядзецца плаціць за тэхнічнае абслугоўванне і асобна – вяртаць расходы за электраэнергію. Улічваючы тое, што ліфт заўсёды павінен знаходзіцца ў спраўным стане незалежна ад таго, жыве ў той ці іншай кватэры хто-небудзь ці не, плата за карыстанне ім будзе брацца суразмерна займаемай плошчы, у тым ліку і пустуючых кватэр. А вось плата за электраэнергію, затрачаную на работу ліфта, будзе налічвацца, зыходзячы з колькасці зарэгістраваных грамадзян.

Людміла Якубовіч, Лунінец. Георгій Георгіевіч, тэлефаную ў спадзяванні на дапамогу. Жыву ў шматкватэрным доме па вуліцы Чырвоная, 45а, кватэра 14. Штораз, калі ідзе дождж, залівае лоджыю. Ужо сцяна кватэры стала макрэць. Работнікі вашай службы аператыўна адгукаюцца на нашы заяўкі і спрабуюць выправіць становішча, але пакуль не атрымліваецца. Можа, прычына ў ліўнёўцы?

– Спецыялісты абследуюць дах лоджыі ў вашай кватэры, Людміла Мікалаеўна. Прычына будзе ўстаноўлена. Мяркую, што ўхіліць яе здолеем да сярэдзіны сакавіка гэтага года.

Галіна Сучкевіч, в. Любачын. Хачу выказаць падзяку майстру жыллёва-камунальнай гаспадаркі Васілю Гоману, які працуе ў нас на ўчастку. Вельмі чулы чалавек, выдатны спецыяліст. З яго прыходам у нас паменшала праблем.

– Дзякуй і вам за добрыя словы, Галіна Цімафееўна, нячаста мы чуем іх у свой адрас. Абавязкова знойдзем магчымасць, каб заахвоціць Васіля Андрэевіча Гомана.

– А зараз пытанне. Сёлетняй зімой вельмі падаражала ацяпленне. Нават пасля таго, як павялічылі тарыфы, у розныя месяцы яно адрозніваецца. Магчыма, тут нейкая памылка?

– Памылкі няма. Ацяпленне ў студзені падаражала не толькі ў вас, а ў цэлым па жылому фонду. Звязана гэта, перш за ўсё, з тэмпературай вонкавага паветра. У снежні сярэднямесячная тэмпература складала плюс 1,8 градуса пры тарыфе 100 тысяч 88 рублёў за гігакалорыю. У студзені сярэднямесячная тэмпература склала мінус 5,7 градуса пры ўстаноўленым тарыфе 133 тысячы 417 рублёў за гігакалорыю. Вось і лічыце.

Іван Драніч, Лунінец. На якой падставе мне налічваюць плату за ацяпленне лоджыі? У жылую плошчу яна не ўваходзіць, і батарэй там няма…

– Плату за ацяпленне лоджыі з вас ніхто не бярэ. Згодна з тэхнічным пашпартам, агульная плошча вашай кватэры складае 83,5 квадратнага метра, жылых памяшканняў – 80,6.  Плаціце вы толькі за ацяпленне жылой плошчы.

– А ці праўда, што цяпер падтрыманне санітарнага і тэхнічнага стану прыдамавых тэрыторый шматкватэрных дамоў будзе ажыццяўляцца толькі за кошт жыхароў?

– Згодна з рэкамендацыямі Міністэрства ЖКГ Рэспублікі Беларусь “Аб прыцягненні сродкаў на добраўпарадкаванне”, абсталяванне дадатковых парковачных месцаў на прыдамавых тэрыторыях, дзіцячых, спартыўных, гульнявых і гаспадарчых пляцовак, азеляненне, пракладка пешаходных дарожак, тратуараў, асфальтаванне пад’ездаў і праездаў да жылой забудовы бу-дзе рабіцца з далявым удзелам у фінансаванні гэтых работ саміх жыхароў дома. Члены жыллёва-будаўнічых кааператываў без аніякіх прэтэнзій заўсёды фінансуюць такія выдаткі, а чаму іншыя павінны карыстацца прывілеямі? Лічу гэта нармальным.

– Георгій Георгіевіч, доўгі час я быў старшым па пад’езду, але зараз па стану здароўя хачу, каб мяне вызвалілі ад гэтай грамадскай пасады.

– Шчыры дзякуй вам, Іван Нічыпаравіч, за старанную работу, за неабыякавасць і імкненне ва ўзорным парадку падтрымліваць пад’езд, за які адказвалі. Ваша работа – прыклад для іншых.  Спадзяемся, што ваш вопыт і навыкі яшчэ спатрэбяцца пераемніку, якога выберуць на агульным сходзе жыхароў дома.

Рыгор Брадніцкі, в. Вялікія Чучавічы. 38 год жыву ў васьмікватэрным доме. У нас ніколі ніхто не прыбіраў пляцоўкі ў пад’ездах, усё рабілі самі. За што плаціць?

– Калі жыхары дома самастойна прыбіраюць месцы агульнага карыстання, плата за гэтую паслугу не налічваецца.

– Цяпер наконт асвятлення. За студзень месяц я за агульную лямпачку ў пад’ездзе заплаціў больш, бо, бачыце, кватэра ў мяне большая. Як гэта разумець?

– За студзень 2016 года аплата за асвятленне дапаможных памяшканняў і месцаў агульнага карыстання ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №535 ад 31.12.2015 г., налічваецца адпаведна агульнай плошчы жылых памяшканняў. Расход электраэнергіі па лічыльніку за студзень 2016 года склаў 79 кілават/гадзін, плошча вашага дома – 555,7 метра квадратнага, тарыф – 1188 рублёў за кілават/гадзіну, адпаведна расход на 1 квадратны метр склаў 168,9 рубля. Гэтую лічбу памножце на плошчу вашай кватэры, атрымаеце суму, якую трэба ўнесці за асвятленне месцаў агульнага карыстання. Вы павінны ведаць, што пры налічэнні платы за расходы электраэнергіі бярэцца пад увагу не тое, колькі чалавек жыве ў кватэры, а колькі затрачана электрычнасці на асвятленне месцаў агульнага карыстання, дапаможных памяшканняў і работу абсталявання, устаноўленага ў падвале дома, тых жа металічных дзвярэй з дамафонам і г.д. Уся гэтая маёмасць належыць жыхарам на правах агульнай далявой уласнасці, а доля залежыць ад памераў кватэр. Лагічна, што і разлік платы за асвятленне месцаў агульнага карыстання напрамую звязаны з  доляй у праве ўласнасці, гэта значыць, з памерам кватэры.

Надзея Цыбульская, Лунінец. Цікава, а колькі працэнтаў за камунальныя паслугі зараз вяртаюць жыхары?

– Вяртанне насельніцтвам затрат на прадастаўленне камунальных паслуг за студзень 2016 года склала ў сярэднім 45 працэнтаў. У тым ліку, за тэхнічнае абслугоўванне – 54,9 працэнта, вываз камунальных адходаў – 100 працэнтаў, карыстанне ліфтамі – 85,8 працэнта, цеплавую энергію – 22,7 працэнта.

– Ці можна адмовіцца ад таго, каб вашы работнікі прыбіралі пад’езд? І што для гэтага трэба зрабіць?

– Можна, і тады плата за гэтую паслугу налічвацца не будзе. Перш-наперш, вам трэба правесці агульны сход, на якім аднагалосна, пад-крэсліваю – аднагалосна, прыняць рашэнне аб самастойным прыбіранні пад’езда. У камунальную службу неабходна прадаставіць пратакол, дзе адлюстраваны адмова ўсіх жыхароў дома ад прадастаўлення названай паслугі і ўстаноўлены графік і перыядычнасць самастойнай уборкі.

– Ці можна адзінокай жанчыне з двума дзецьмі, якая не атрымлівае аліментаў і мае заработную плату ў 2 мільёны рублёў, разлічваць на дапамогу дзяржавы пры аплаце камунальных паслуг?

– Згодна з распараджэннем прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Андрэя Кабякова №29р “Аб арганізацыі налічэння безнаяўных жыллёвых субсідый”, з 1 мая 2016 года для пэўнай катэгорыі грамадзян будуць налічвацца субсідыі. Распараджэнне накіравана на абарону гараджан, якія з сукупнага сямейнага даходу аплачваюць 20 і болей працэнтаў за паслугі ЖКГ. Для вяскоўцаў гэтая лічба складае 15 працэнтаў. Жыллёвыя субсідыі будуць прадастаўляцца на аплату гарачага і халоднага водазабеспячэння (нарматыў – 140 літраў на чалавека ў суткі), водаадвядзенне, каналізацыю, газа- і электразабеспячэнне (пры нарматыве 150 кілават/гадзін на жылое памяшканне), тэхнічнае абслугоўванне ліфта, вываз і абясшкоджванне цвёрдых камунальных адходаў. Створана рабочая міжведамасная група для выпрацоўкі прапаноў па налічэнню названых дапамог.

 

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть