Прямая линия

Лепшыя ў свеце – нашы дзеці

РаковичНа пытанні чытачоў “ЛН” адказвае начальнік раённага аддзела адукацыі Іван Міхайлавіч РАКОВІЧ.

Добры дзень, Іван Міхайлавіч! Скажыце, ці задаволены ўдзелам у алімпіядным руху нашых школьнікаў і яго вынікамі?

– Безумоўна, так. Сёлета вучнямі школ, ліцэя і гімназіі імя У. Нядзведскага заваявана 23 Дыпломы на абласным і 3 – на рэспубліканскім этапах прадметных алімпіяд. Гэта – другі вынік у вобласці. Мы здолелі ўтрымаць лідарства. Ганарымся дзесяцікласніцай ліцэя Крысцінай Неўдах, якая атрымала “золата” на Міжнароднай алімпіядзе экалагічных праектаў у Баку і такую ж узнагароду – у Джакарце (Інданезія). Актыўна ўдзельнічалі школьнікі ў раённых прадметных алімпіядах.

– У такім выпадку чаму перамогі на раённым узроўні нашых юных спартсменаў не ідуць у залік у школах? Як нам тлумачыць такі падыход дзецям?

– Згодна з “Крытэрыямі і паказчыкамі дзейнасці ўстаноў адукацыі”, зацверджанымі Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь, пры ацэнцы якасці работы настаўнікаў улічваецца колькасць удзельнікаў абласнога, рэспубліканскага  і міжнароднага этапаў алімпіяд, а таксама інтэлектуальных, спартыўных і творчых конкурсаў і турніраў (Дыпломы І, ІІ і ІІІ ступеняў). Што датычыць фізічнай культуры, то яна і сапраўды не адносіцца, калі так можна сказаць, да прадметаў, а трапіла ў раздзел фізкультурна-аздараўленчай работы. Аднак штогод лепшыя спартсмены запрашаюцца да ўдзелу ў “Парадзе зорак”, пераможцам абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў, а таксама трэнерам, якія іх падрыхтавалі, выплачваюцца грашовыя прэміі. Педагогі, якія маюць станоўчыя вынікі, штогод адзначаюцца Граматамі аддзела адукацыі на жнівеньскай нарадзе і да Дня настаўніка.

 Скажыце, калі ласка, ці могуць мяне выгнаць са школы толькі за тое, што на заняткі прыйшоў у джынсах?

– Стаўленне да таго, у якім выглядзе вучні павінны прыходзіць на заняткі, на ўзроўні адной асобна ўзятай школы рэгулюецца пэўнымі нарматыўнымі дакументамі, узгодненымі з папячыцельскім саветам, бацькоўскім камітэтам і іншымі органамі самакіравання ўстановы адукацыі. Таму, калі такое рашэнне прынята, усе павінны разумець, што гэта – закон школьнага жыцця, якому трэба падпарадкоўвацца. Іншая справа, што ў гэтыя нормы заўсёды можна ўносіць змяненні, карэкціраваць іх. З прапановамі вучні ці бацькі могуць звярнуцца ў органы, пазначаныя вышэй.

 Скажыце, дзе сёлета ўлетку можна аздаравіць дзетвару?

– Перш за ўсё, у 35-ці аздараўленчых летніках, якія працуюць на базе 32 устаноў адукацыі, а таксама фізічнай культуры і спорту. Тут змогуць адпачыць 1110 дзяцей. З 8 чэрвеня адкрыўся спартыўна-аздараўленчы лагер “Спадарожнік” на возеры Белае. Тут будзе нала-джана 4 змены па 19 дзён кожная. Варта сказаць, што сёлета аздараўленчая кампанія пройдзе ў новым фармаце. Асноўны нарматыўны дакумент, якога будзем прытрымлівацца, – Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь №662 ад 2 чэрвеня 2004 года “Аб некаторых пытаннях аздараўлення дзяцей” і пастанова Саўміна №43 ад 18 студзеня 2013 года, якой у першую ўнесены прынцыповыя змяненні. Цяпер у летніках з дзённым і кругласутачным знаходжаннем дзетвары змогуць адпачываць хлопчыкі і дзяўчынкі ва ўзросце ад 6 да 15 год, а дзеці-інваліды і з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця – ва ўзросце ад 6 да 18 год. Акрамя гэтага, у раёне створаны 4 дзённыя лагеры працы і адпачынку – на базе СШ №№ 1 і 2 г. Лунінца, а таксама Дзятлавіцкай і Язвінскай СШ. 60 дзяцей будуць забяспечаны работай у арганізацыях, якія ажыццяўляюць сваю дзейнасць у сферы адукацыі, будаўніцтве, ахове навакольнага асяроддзя, сельскай гаспадарцы, аказанні паслуг. Каля 2 тысяч дзяцей змогуць выехаць на адпачынак і аздараўленне за кошт рэспубліканскага бюджэту ў ДРАЦ “Колас”, “Світанак” і “Чабарок”. На працягу ліпеня-жніўня будзе наладжана работа рознаўзроставых экалагічных атрадаў на бязвыплатнай аснове.

– Ці рэальна накіраваць дзіця на адпачынак за мяжу?

– У нас захаваліся стасункі з Германіяй, Ірландыяй, Велікабрытаніяй і некаторымі іншымі краінамі. Штогод там аздараўліваюцца каля 400 нашых хлопчыкаў і дзяўчынак. Туды выязджаюць дзеці ва ўзросце ад 7 да 14 год. Прыкладна 150 чалавек – у складзе арга-нізаваных груп і 250 – па прыватных запрашэннях. Камплектаванне груп адбываецца ва ўстановах адукацыі з улікам магчымасцей прымаючага боку і ў адпаведнасці з уставам арганізацыі ці фонду. Перавагай карыстаюцца тыя, хто пацярпеў ад наступстваў катастрофы на ЧАЭС, дзеці-інваліды, сіроты, а таксама з мнагадзетных і малазабяспечаных няпоўных сем’яў.

– І яшчэ адно пытанне. У майго сына – хранічны бранхіт. Як накіраваць яго ў Салігорскія шахты на спелеалячэнне?

– Сёлета мы ўпершыню атрымалі пуцёўкі ў санаторый “Зялёны Бор” у Салігорскіх шахтах. Заезд – з 16 чэрвеня па 7 ліпеня. Кандыдатаў на лячэнне вызначала дзіцячая кансультацыя. Група ўжо сфарміравана, але мы спадзяемся, што да канца года пуцёўкі туды яшчэ будуць. Звярніцеся з заявай і медыцынскай даведкай аб неабходнасці лячэння па месцы вучобы дзіцяці.

 Добры дзень, Іван Міхайлавіч! Шмат размоў сёння наконт аптымізацыі сеткі ўстаноў адукацыі. Ці праўда, што зноў у раёне будуць закрыты некаторыя школы? Які лёс Запросскай школы? І яшчэ. Ці не плануецца рэарганізаваць Сітніцкую СШ у яслі-сад-школу?

– Варта сказаць, што аптымізацыя гэта не нейкая самамэта, якая праследуе закрыццё школ. Перш за ўсё, гэта рэарганізацыя, якая абавязкова ўлічвае дэмаграфічную сітуацыю ў тым ці іншым населеным пункце, асаблівасці развіцця рэгіёна, а таксама стварэнне роўных умоў для атрымання адукацыі, як у гарадской, так і ў сельскай мясцовасці. Зараз востра стаіць пытанне аб звя-дзенні да мінімума ў вясковых школах колькасці класаў з малой напаўняльнасцю – да 5 вучняў. У  такіх умовах не заўсёды можна забяспечыць адукацыйны працэс высокапрафесіянальнымі кадрамі. Не сакрэт, што ў некаторых школах адзін і той жа настаўнік вядзе некалькі прадметаў, а ў кабінетах фізікі, хіміі і некаторых іншых адсутнічае патрэбнае лабараторнае абсталяванне. Набываць жа яго для такіх маленькіх устаноў адукацыі эканамічна нямэтазгодна. Таму з 2009 года на Луні-неччыне былі закрыты Запроская і Перуноўская БШ і сямейны дзіцячы сад, Язвінская гульнявая пляцоўка, Галыборская і Цнянская БШ. Сёлета плануем закрыць Чэрабасаў-скую базавую і Люшчанскую яслі-сад-базавую школы. У Сітніцкай СШ адкрываць групы ясляў-сада проста няма сэнсу. Больш таго, школа будзе рэарганізавана ў базавую. А вось у Лобчы СШ набудзе статус вучэбна-педагагічнага комплекса школа-сад. Што датычыць Запроскай школы, то будынак яе прададзены, мае новага гаспадара. На балансе аддзела адукацыі з закрытых раней зараз знаходзіцца толькі былая Галыборская БШ.

– А які лёс настаўнікаў у школах, што вымушаны закрыць?

– Усе, хто хацеў працаваць, не засталіся без работы. Станоўча вырашаем і ўсе пытанні, звязаныя з перакваліфікацыяй і павышэннем прафесіянальнага ўзроўню. Я разумею, што для педагога, які шмат год адпрацаваў у той ці іншай школе, яе закрыццё – стрэс. Але гэта – патрабаванне часу. Ды і людзей сам-насам з праблемамі не пакінем, дапаможам.

– Яшчэ пытанне. Ці праўда, што цяпер аддзел па фізічнай культуры, спорту і турызме будзе ў складзе аддзела адукацыі? У сувязі з гэтым ці застануцца на сваіх пасадах дырэктары і завучы спартыўных аб’ектаў?

–  Так, з 1 ліпеня 2013 года названы вамі аддзел увойдзе ў склад аддзела адукацыі. Рашэнняў наконт кадравых перастановак пакуль не плануецца, а вось пэўныя карэктывы ў работу будуць унесены.

 Тэлефаную ад імя бацькоў дзяцей, што вучацца ў гарадскіх школах. Скажыце, ці вернуць сюды профільнае навучанне? І якія крытэрыі набора дзяцей у 10-ыя класы? Кажуць, што будуць браць толькі тых, у каго бал пасведчання за 9 класаў не ніжэй, чым “сямёрка”…

– Ніякіх кардынальных нова-ўвядзенняў не будзе. Вядома, мы зацікаўлены, каб у 10 клас прыйшлі матываваныя школьнікі, якія цікавяцца вучобай і жыццём школы, маюць намер паступаць у ВНУ. Таму, калі ішла гаворка аб фарміраванні 10-ых класаў, былі рэкамендацыі, пра якія вы сказалі. Але гэта – толькі рэкамендацыі. Ні адна школа не мае права ўстанаўліваць парогавыя балы ці адмовіць дзіцяці ў адукацыі. Разам з тым, сёлета бу-дзем імкнуцца да таго, каб у кожным 10-ым класе гарадскіх школ было не менш як 25 вучняў. Што датычыць профіляў, то ў населеных пунктах, дзе ёсць ліцэі ці гімназіі, адкрываць іх не плануецца. Нямэтазгодна ладзіць іх і ў малакамплектных установах адукацыі. Магчыма, паявяцца профільныя класы ў вясковых школах з напаўняльнасцю класаў не менш як 25 чалавек.

– Іван Міхайлавіч, а ці не плануецца ў лунінецкіх школах прымяніць вопыт СШ №2 г. Мікашэвічы па арганізацыі прававых класаў?

– Магчыма. Пытанне трэба вывучаць.

 З Мікашэвіч турбуюць вас. Нашым школам па 25-40 год. Ці будзе там капітальны рамонт?

– Аддзелам адукацыі штогод праводзіцца бягучы і капітальны рамонт у падведамасных установах, у тым ліку і ў Мікашэвічах. Так, летась СШ №1 выдзелена больш як 254 мільёны рублёў на рамонт харчблока, СШ №2 – больш як 150 мільёнаў рублёў на рамонт даху. Сёлета ў гэтай школе плануем замяніць аконныя блокі  і давесці да ладу харчблок, на што будзе выдаткавана прыкладна 1 мільярд 600 мільёнаў рублёў. Так што, увагі з нашага боку Мікашэвіцкаму рэгіёну ўдзяляецца дастаткова.

– Ці не пагражае школьным сталоўкам “ліцэйскі сіндром”?

– Тэрмін які знайшлі… Мы трымаем на пастаянным кантролі санітарны стан і абсталяванне харчблокаў. У канцы мінулага года для паляпшэння якасці прыгатавання страў набылі 297 адзінак тэхналагічнага абсталявання на суму 808 мільёнаў рублёў. У трох установах адукацыі – лунінецкай СШ №2 і мікашэвіцкай №1, а таксама ў ліцэі – харчблокі адрамантаваны. Сёлета гэтыя работы будуць выкананы ў СШ №2 г. Мікашэвічы і №3 – г. Лунінца, завершаны – у САЛ “Спадарожнік”. Сітуацыя, што здарылася летась у ліцэі, не павінна паўтарыцца.

 Добры дзень, Іван Міхайлавіч! Жыву на плошчы імя Леніна ў Лунінцы і вельмі хацела б дзіця адправіць у бліжэйшы сад. Гэта магчыма?

– Магчыма. Тым больш, што ў сувязі з аптымізацыяй вучэбна-вытворчых камбінатаў плануецца цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі перавесці ў будынак ВВК. На вызваленых плошчах дзіцячага сада № 1, які знаходзіцца ў цэнтры горада, будуць адкрыты 2 дадатковыя групы. Звяртайцеся ў аддзел адукацыі па адрасе: г. Лунінец, вул. Гагарына,12, каб. 12. Тэлефон 2-18-63. Камплектаванне груп адбываецца штогод да пачатку навучальнага года.

– А якія дакументы нам будуць патрэбны?

– Пашпарт законнага прадстаўніка дзіцяці, копія пасведчання аб нараджэнні малыша, медыцынскае заключэнне ўрачэбна-кансультацыйнай камісіі аб наяўнасці медыцынскіх паказанняў для прыёму ў санаторную групу (у выпадку, калі дзіця часта хварэе), заключэнне дзяржаўнага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі (калі патрэбна спецыяльная ці інтэграваная група). Звяртаю ўвагу на тое, што накіраванне ў дзіцячы сад выдаецца толькі бацькам, апекунам  ці ўсынавіцелям пры прад’яўленні вышэй пазначаных дакументаў. Перавага аддаецца дзеткам, якім споўнілася 3 гады. Астатнія могуць атрымаць накіраванне толькі пры наяўнасці свабодных месцаў. Усе іншыя нюансы вам растлумачаць спецыялісты раа.

– Скажыце, а ў Мікашэвічах праблем з месцамі ў дзіцячых дашкольных установах няма?

– У Мікашэвічах праблем з гэтым няма.

 Хачу пачуць ад вас адказ на вось якое пытанне. Чаму ў СШ №3 г. Лунінца вымагаюць грошы на рамонт школы? Дайшло да таго, што настаўніца падняла дзіця пры ўсім класе і пачала саромець за тое, што своечасова не аддалі патрабуемую суму. Але ж сем’і бываюць розныя, ёсць і няпоўныя, дзе лічаць кожную капейку.

– Здаваць грошы на рамонт школы бацькі могуць толькі ў добраахвотным парадку, і ніхто не мае права ад іх гэта патрабаваць. Разам з тым, большасць татаў і матуль жадаюць, каб іх дзіця расло усебакова развітым, эрудыраваным і выхаваным, навучалася ва ўтульным класе, імкнучыся да прыгажосці ў жыцці і ўзаемаадносінах з навакольнымі. Дзяржава для рэалізацыі гэтай высакароднай мэты ўкладвае велізарныя сродкі, і грошы, якія іншы раз ахвяруюць бацькі, – кропля ў моры. Практычна ва ўсіх установах адукацыі створаны папячыцельскія саветы, членамі якіх з’яўляюцца бацькі вучняў. Іх задача – прыцягваць і правільна размяркоўваць дадатковыя сродкі. Ёсць яшчэ бацькоўскія камітэты, якія вырашаюць, колькі і на якія мэты трэба гэтых сродкаў. Відавочна, што ў СШ №3 ціск на вучняў і іх бацькоў, калі ён ёсць насамрэч, – вынік няправільна пабудаванай работы папячыцельскага савета і бацькоўскага камітэта. Думаю, гэты хіб будзе выпраўлены. І яшчэ. І бацькам, і дзецям варта ведаць, што ахвяруемыя сумы абязлічаны. Грошы паступаюць на разліковы рахунак школы ў “АСБ “Беларусбанк” і “чорных спісаў” ніхто не вядзе. Значыць, усе дзеткі ў школах – у роўных умовах і дакладна ведаць, хто здаў грошы, а хто не, немагчыма. Вядома, калі дзіця само не пакажа квітанцыю аб уплаце, патрабаваць якую таксама ніхто права не дае.

 Шэсць год майму сыну споўніцца 15 верасня. Ці возьмуць яго ў першы клас?

– У 1 клас бяруць дзетак, якім на 1 верасня адпаведнага навучальнага года споўнілася 6 і больш год. Па жаданню аднаго з бацькоў ці законных прадстаўнікоў у 1 клас могуць узяць дзіця, якому 6 год спаўняецца ў перыяд з 1 па 30 верасня. Для гэтага трэба з заявай звярнуцца ў адміністрацыю школы. Прымаюць такія заявы з 2 ліпеня па 28 жніўня. Акрамя заявы на імя дырэктара школы, патрэбна бу-дзе пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці, копія гэтага дакумента, пашпарт з прапіскай ці від на жыхарства законнага прадстаўніка будучага школьніка і медыцынская даведка. Па папярэдніх звестках, сёлета першакласнікамі ў Лунінцы стануць 885 хлопчыкаў і дзяўчынак (16 класаў), у Мікашэвічах – 168 (8 класаў). У кожным з класаў будзе не менш як 25 вучняў. Хацеў бы звярнуць увагу на тое, што дзеці з іншых мікрараёнаў могуць быць залічаны ў 1 клас школы мікрараёна, дзе не пражываюць, толькі пры наяўнасці свабодных вучнёўскіх месцаў.

Теги
Показать больше

Похожие статьи

2 комментария Комментариев

  1. и ситуация, как школе №3 тоже не редкость, только размеры пожертвований разные. Надо все-таки дифферинцировать взносы, доходы в семьях и в самом деле разные.

  2. интересно было бы дождаться правовых классов лунинце, но по-моему здесь это никому не нужно, лишняя обуза.

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть