На Лунінеччыне за кветкі не караюць
Прямая линия

На Лунінеччыне за кветкі не караюць

рыбакНа пытанні чытачоў “ЛН” адказвае начальнік раённага аддзела ўнутраных спраў Уладзімір РЫБАК.

Уладзімір Уладзіміравіч, добры дзень! З Мікашэвіч турбуюць. Скажыце, ці вывучаў хто грамадскую думку наконт работы нашага мясцовага аддзялення міліцыі?

—    У вас ёсць прэтэнзіі да работы нашых калег?

—    Па-мойму той факт, што ў Мікашэвічах расце злачыннасць, не змяншаецца колькасць крымінальных спраў, звязаных з ужываннем наркотыкаў і псіхатропаў, павінен насцярожваць усіх. Ці магчыма, лічбы і факты сведчаць пра іншае?

—    Наконт лічбаў вы не памыляецеся, хаця сёлета адзначаны невялікі рост злачыннасці не толькі ў Мікашэвіцкім рэгіёне, але і па раёне ў цэлым. Аднак гэта, згадзіцеся, сведчыць пра больш актыўную і прынцыповую работу праваахоўнікаў. Што датычыць грамадскай думкі наконт работы міліцыі, то сёлета ў маі яна і насамрэч вывучалася супрацоўнікамі маніторынгу штаба МУС Рэспублікі Беларусь. Рэспандэнтамі былі, у тым ліку, і жыхары Мікашэвіч. Нягледзячы на тое, што ацэньвалася дзейнасць раённай міліцыі ў цэлым, шэраг заўваг і прапаноў былі пра работу менавіта Мікашэвіцкага аддзялення. Скардзіліся людзі, перш за ўсё, на якасць разгляду зваротаў грамадзян. Не абышлі ўвагай факты продажу спіртных напіткаў і цыгарэт падлеткам, а таксама знаходжанне апошніх на вуліцы без суправаджэння бацькоў пасля 23 гадзін. Хвалюе жыхароў горада і праблема алкагалізму, у прыватнасці, выпадкі кіравання транспарту асобнымі горавадзіцелямі ў стане алкагольнага ап’янення, парушэнне хуткасных рэжымаў, што стварае рэальную пагрозу для людзей на вуліцах і дарогах. Дарэчы, нямала прэтэнзій ёсць і да таго, як вядуць сябе на праезнай частцы веласіпедысты і пешаходы. Усё гэта, безумоўна, будзе ўлічана пры правядзенні разнастайных прафілактычных мерапрыемстваў і планаванні работы мясцовага аддзялення РАУС увогуле.

—    Вы сказалі, што сталічнымі спецыялістамі вывучалася работа ўсяго аддзела ўнутраных спраў. Ці нельга больш падрабязна даведацца пра яе вынікі?

—    Яны дастаткова грунтоўныя і аб’ёмныя. Давайце дамовімся, што раскажам пра іх у бліжэйшых нумарах “ЛН”, а зараз дадзім магчымасць патэлефанаваць на “Прамую лінію” іншым. Згодны?

—    Так. Дзякуй вам.У ходзе мінулых дыялогаў з жыхарамі раёна вам ужо задавалі пытанне пра абсталяванне найбольш людных месцаў райцэнтра відэаназіраннем. Зрухі ў гэтай справе ёсць?

—    Зараз ужо выраблена праектна-каштарысная дакументацыя на абсталяванне перакрыжавання вуліц Савецкая і Піянерская ў Лунінцы дзвюма паваротнымі відэакамерамі з вывадам у аператыўна-дзяжурную службу РАУС. Мантаж абсталявання запланаваны на 3-ці квартал 2015 года.

—    Атрымлваецца, што летні перыяд, калі ў горадзе шмат моладзі, якая нярэдка выбірае месцам адпачынку менавіта плошчу Леніна, што знаходзіцца паблізу і трапляе ў радыус відэаназірання, зноў выпадае?

—    Гэта не так. У летні перыяд парадак у горадзе будуць ахоўваць узмоцненыя экіпажы патрульна-паставой і дарожна-патрульнай службаў. А што датычыць тэрмінаў манціравання відэаназірання, то вы павінны зразумець, што справа гэтая дастаткова дорагакаштуючая і дзякуй, што на яе ўсё-такі стараюцца знайсці грошы ў раённым бюджэце.

Тэлефаную вам з набалелай праблемай. Я — чалавек пажылы, практычна ўвесь час знаходжуся дома. Але ні ўдзень, ні позна вечарам няма спакою. Не дае жыцця сусед, які ўключае гучную музыку, а іншы раз апоўначы пачынае стукаць па батарэях ацяплення. Ад гэтага церпяць  іншыя жыхары нашага пад’езда. Няўжо няма ўправы на такіх парушальнікаў спакою?

—    Пра такія факты трэба заўсёды паведамляць у аператыўна-дзяжурную службу РАУС. Нарад адрэагуе адразу, і адпаведныя меры будуць прыняты. Падобныя паведамленні рэгіструюцца дастаткова часта. Амаль заўсёды ўдаецца ўціхамірыць парушальнікаў грамадскага спакою.

—    Паведамлялі мы ў міліцыю, але ён нават дзверы не адчыняе праваахоўнікам, калі тыя прыязджаюць. Ці можна асабіста прыйсці да вас на прыём і  больш падрабязна пра ўсё расказаць?

—    Калі ласка. Прыёмныя дні: кожны панядзелак — з 8.00 да 14.00, кожная серада — з 14.00 да 20.00.

Скажыце, хто вызначае маршруты руху экіпажаў патрульна-паставой і дарожна-патрульнай службаў? Чаму яны ў асноўным трымаюць пад увагай толькі цэнтральныя вуліцы і амаль не бываюць у нас на Залессі?

—    Колькасць нарадаў ППС і ДПС і маршруты іх руху вызначаны Адзінай дыслакацыяй сіл і сродкаў, якія задзейнічаны на ахове грамадскага парадку ў горадзе. Пры гэтым улічана мноства фактараў, якія істотна ўплываюць на распрацоўку названага дакумента. Гэта наяўнасць месцаў адпачынку (кафэ, рэстараны, бары), найбольш ажыўленыя месцы, накшталт плошчаў, стадыёна, вакзала, “пятачкі”, дзе па вечарах любіць адпачываць моладзь. Вось і атрымліваецца, што экіпажы і насамрэч працуюць больш у цэнтры. Астатнюю частку горада “перакрываем” іншымі нарадамі. У тым ліку — Дэпартамента “Ахова”, Дзяржаўтаінспекцыі, мабільнымі групамі. Яны атрымаюць даручэнне больш пільную ўвагу звярнуць на мікрараён Залессе.

Мы заўсёды ганарыліся тым, што нашы гарады не толькі прыгожыя і ўтульныя, але і бяспечныя. Тут не страшна пагуляць вечарам па цяністых завулках, але апошнім часам даводзілася чуць, што пачасціліся выпадкі вулічнага хуліганства. Ці так гэта на самай справе?

—    З пачатку года ў раёне зарэгістравана 19 выпадкаў злоснага хуліганства, што, на жаль, больш, чым летась. Гэта, у пэўнай ступені, звязана з прынцыповым падыходам да кваліфікацыі хуліганскіх учынкаў і ў далейшым — больш строгага пакарання, каб не было спакусы іншым. Так будзем дзейнічаць і надалей. Не думаю, што варта нагнятаць чуткі і гаварыць пра хуліганскую небяспеку на нашых вуліцах. Міліцыя заўсёды на варце спакою нашых жыхароў.

Уладзімір Уладзіміравіч, у мяне на агародзе расце дэкаратыўны мак. Ён, хоць і подобны на расліну, якую забаронена вырошчваць, але ўсё ж істотна адрозніваецца. Між тым, суседка настойліва рэкамендуе пазбавіцца ад кветак, якія могуць увесці ў зман.

—    Праваахоўнікі заўсёды беспамылкова адрозняць дэкаратыўны мак ад сапраўднага, які шукаюць аматары наркатычнага зелля. Таму за вырошчванне кветак, а менавіта імі з’яўляецца дэкаратыўная расліна, ніхто вас караць не будзе. А вось за культывіраванне опійнага маку і канапель пагражае нежартоўны штраф — да 20 базавых велічынь.

Адрасавалі начальніку РАУС У.У. Рыбаку запыт, які ў рэдакцыю па пошце даслаў жыхар Лунінца У.Р. Вабішчэвіч. Яго цікавяць вынікі крымінальнай справы, узбуджанай у адносінах да былога дырэктара КУШВП ЖКГ “Лунінецкая ЖКГВ.М. Вакульчыка.

—    Думаю, ні я, ні прадстаўнікі раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь даваць каментарыі пакуль права не маюць. Справа зна-ходзіцца ў вядзенні УСК па Брэсцкай вобласці.

Падрыхтавала Таццяна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть