Прямая линия

«Ну, падумаеш, укол…»

прививкаДа пачатку прагназуемай эпідэміі грыпу засталося некалькі месяцаў. Час рыхтавацца да супрацьстаяння хваробе і перамогі над ёй. Гэтаму была прысвечана “прамая лінія” з загадчыцай аддзела эпідэміялогіі РЦГіЭ Галінай Мікалаеўнай КАНАПАЦКАЙ і загадчыцай тэрапеўтычнага аддзялення раённай паліклінікі Ірынай Уладзіміраўнай ІГОЛКА.

Ірына Грыневіч, Лунінец. Скажыце, калі ласка, калі чакаецца эпідэмія? Калі лепш пачынаць прафілактыку. І, калі можна – аб’ектыўна аб плюсах і мінусах вакцыны ад грыпу і прафілактычных прэпаратаў.

– Як заўсёды, эпідэмія чакаецца са снежня па люты. Калі гаварыць пра вакцынацыю, яе трэба праводзіць з верасня па снежань. Чым раней, тым лепш, каб пік імунітэту прыйшоўся як раз на эпідэмію. Што датычыць плюсаў і мінусаў, то, па-першае, спецыфічная прафілактыка – вакцынацыя – накіравана супраць вызначанай групы вірусаў. Вакцыну ствараюць пад прагназуемую эпідэмію. Неспецыфічная прафілактыка, напрыклад, таблеткі, можа аказацца перад якім-небудзь вірусам бяссільнай. Па-другое, вакцына – гэта ўкалоўся і забыў. А таблеткі неабходна прымаць падчас усёй эпідэміі, пастаянна, не забываючы, што не заўсёды добра для арганізма. Нават хатнія гаспадыні рызыкуюць тым, што нехта з сям’і ці гасцей “занясе вірус” з вуліцы.

– А ці можна будзе зрабіць прышчэпку падчас эпідэміі?

– Лепш загадзя. Але нават падчас эпідэміі можна гэта зрабіць, паколькі сезон, як правіла, працягваецца некалькі месяцаў. Імунітэт пры выкарыстанні вакцын ствараецца, пачынаючы з другога дня, а абарона антыцел у крыві – прыкладна праз тыдзень. Таму адразу пасля прышчэпкі, зробленай у эпідсезон, неабходна будзе выкарыстоўваць неспецыфічныя метады абароны: аксалінавую мазь, рэмантадзін, адаптагены – элеутэракок, жэньшэнь, народныя сродкі – цыбулю, часнок. І менш бывайце ў месцах скаплення людзей.

– Таксама хацела б даведацца, якія бываюць вакцыны? Чым яны адрозніваюцца? Якія найбольш эфектыўныя?

– Існуюць жывыя і інакцівіраваныя вакцыны. Калі памятаеце, раней у нос капалі жывую грыпозную вакцыну. Пасля яе многія “хварэлі”, смаркаліся на працягу тыдня. Спліт-вакцыны, якія належаць да інакцівіраваных, маюць поўны набор антыгена віруса і ў высокай ступені абараняюць ад захворвання. Да таго ж яны маюць мінімальныя пабочныя рэакцыі, пакольку вірус ужо “мёртвы” і яго структура знішчана. Да такіх адносіцца і кітайскі “Флюваксін”, які добра зарэкамендаваў сябе ў Беларусі як высокаэфектыўны і бяспечны прэпарат.

Сяргей Цяльпук, Лунінец. Я ніколі не рабіў прышчэпкі – баюся ўскладненняў пасля іх. Можа лепш перахварэць?

– Адназначна лепш зрабіць прышчэпку. Сучасныя добрыя вакцыны практычна не даюць ніякіх ускладненняў. У прыватнасці, той жа “Флюваксін”, якім мы карыстаемся некалькі год. Ён лічыцца адным з лепшых на рынку, не ўтрымлівае віруса, а толькі яго часціцы, таму вызваць захворванне грыпам не можа. Калі гаварыць аб ускладненнях, то фактычна гэта могуць быць мясцовыя рэакцыі, напрыклад пачырваненні. Зрэдку на некалькі дзён павышаецца тэмпература. Гэтыя пабочныя эфекты не патрабуюць лячэння, а праходзяць самі. Па статыстыцы агульныя ўскладненні пасля прышчэпак зафіксаваны толькі ў 2 працэнтаў пацыентаў.

– А наколькі эфектыўна вакцына абараняе ад грыпу?

– “Флюваксін” абараняе да 95 працэнтаў прышчэпленых. А калі нават чалавек і хварэе, то лёгка, без ускладненняў. А, як вядома, менавіта імі і небяспечны грып. Штогод у рэспубліцы фіксуюцца выпадкі смерці. Але не ад віруса, а ад паслягрыпозных ускладненняў. Часцей за ўсё ад іх пакутуюць дзеткі, старыя, хворыя з імунадэфіцытамі ці з групы рызыкі – тыя, хто мае хранічныя захворванні лёгкіх, сэрца, нырак, цукровы дыябет… Калі ёсць магчымасць не рызыкаваць, то навошта падвяргаць сябе небяспецы?

Андрэй Яраховіч, Вулька 2. У мінулым годзе зрабіў прышчэпку, а праз некалькі дзён усё роўна захварэў…

– Здараецца, што вакцынацыя супадае з інкубацыйным перыядам хваробы. Гэта значыць, што чалавек заразіўся, але не ведае аб гэтым. Нават урачэбны агляд нічога не паказвае. Урач дае дазвол, а праз дзень-другі развіваецца грып, паколькі імунітэт не паспеў стварыцца. Ці, напрыклад, сёння зроблена прышчэпка, а заўтра чалавек “падхапіў” вірус. Менавіта таму рэкамендуем на працягу 7-10 дзён выкарыстоўваць прафілактычныя сродкі. І рабіць прышчэпку загадзя. Так, каб пік напружанасці імунітэту, які пры выкарыстанні добрай вакцыны, такой як “Флюваксін”, прыйшоўся на разгар эпідэміі.

Ірына Сцепанюк, Мікашэвічы. У мяне “букет” хранічных захворванняў, якія развіліся з узростам.
Ад гастрыту да стэнакардыі. Ці можна мне рабіць прышчэпку
ад грыпу?

– Якраз людзі з “букетам” хвароб, як вы кажаце, увахо-дзяць у групу рызыкі. Так вам нават неабходна рабіць прышчэпку. Абсалютных супрацьпаказанняў толькі два: алергія на курыны бялок, паколькі вакцына вырошчваецца на курыных эмбрыёнах, і цяжкія алергічныя рэакцыі на вакцынацыю. З асцярожнасцю падыходзім да асоб, якія маюць гіперадчувальнасць да антыбіётыкаў. Пры вострых захворваннях і хранічных у стадыі абвастрэння прышчэпку рэкамендуецца рабіць праз ты-дзень пасля выздараўлення. У любым выпадку перад вакцынацыяй усіх абавязкова аглядае ўрач. Менавіта ён дае канчатковае заключэнне.

Кацярына Фёдарава, Лунінец. Я планую цяжарнасць. За колькі месяцаў можна рабіць прышчэпку ад грыпу?

– Калі вы яшчэ не цяжарная, зрабіце цяпер, калі ж у становішчы – лепш у другім ці трэцім трыместры, паколькі ў першым часта назіраюцца ўскладненні. Аднак, у кожным канкрэтным выпадку вырашаць павінен урач-гінеколаг і тэрапеўт, у якіх жанчына стаіць на ўліку.

Таксама зазначу, што пажадана рабіць прышчэпкі жанчынам, якія кормяць грудзьмі, і дзеткам ва ўзросце ад 6 месяцаў. Кастрычнік і лістапад – самы лепшы час для гэтага.

Ігар Калюціч, Палескі. Ці абароніць мяне прышчэпка ад іншых прастудных захворванняў?

– Не. Яна разлічана толькі на абарону ад грыпу. Аднак, па дадзеных даследаванняў, людзі, якія зрабілі прышчэпку, у 1,5-2 разы менш хварэюць іншымі вострымі рэспіраторнымі захворваннямі.

Валянціна Канапацкая, Дзятлавічы. Як вы лічыце, ці неабходна набываць аднаразовыя медыцынскія маскі, як мы рабілі гэта ў папярэднія годы?

– Маска неабходна тады, калі пачынаецца эпідэмія грыпу. Яе патрэбна выкарыстоў-ваць, калі даводзіцца кантактаваць з хворымі людзьмі – ездзіць у грамадскім транспарце, наведваць паліклініку, аптэку, іншыя грамадскія месцы. Хадзіць жа па вуліцы ў ёй не мае сэнсу, паколькі на свежым паветры заразіцца вірусам грыпу практычна немагчыма.

– Можа гэта пытанне крыху дзіўнае, але навошта падчас эпідэміі мыць рукі?

– Існуюць правілы элементарнай асабістай гігіены, і рукі неабходна мыць заўсёды, а не толькі падчас эпідэміі. Каб пазбегнуць магчымага заражэння часцей праветрывайце памяшканні, больш гуляйце на свежым паветры, ужывайце вітамі-ны, добра ешце і спіце, а яшчэ пажадана пазбягаць пераахалоджванняў.

Галіна Туркевіч, Лунінец. Шмат гавораць пра тое, што рэкамендуецца ахапіць прышчэпкамі 40 працэнтаў працуючых у калектыве.

– Гэта сапраўды так. Пры гэтым дасягаюцца дзве мэты – індывідуальная абарона чалавека і фарміраванне калектыўнага імунітэту сярод працуючых, што зніжае верагоднасць захворвання. Чым больш тых, хто зрабіў прышчэпку, тым ніжэй верагоднасць заносу і распаўсюджвання віруса сярод працуючых у калектыве. Вельмі прыемна, што цяпер усё больш кіраўнікоў прадпрыемстваў клапоцяцца пра вакцынацыю супрацоўнікаў. Таксама для зручнасці ў раёне дзейнічаюць выязныя брыгады, якія робяць прышчэпкі ва ўстановах, арганізацыях і навучальных установах. Прышчэпачны кабінет у раённай паліклініцы працуе з панядзелка па пятніцу з 8.00 да 20.00, у суботу – з 8.00 да 16.00.

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть