Пад увагай – гандаль і камунальная служба
Прямая линия

Пад увагай – гандаль і камунальная служба

огиевичДзве гадзіны доўжыўся дыялог старшыні райвыканкама Васіля Міхайлавіча АГІЕВІЧА з чытачамі “Лунінецкіх навін”. За гэты час у рэдакцыю змаглі патэлефанаваць амаль два дзясяткі жыхароў раёна.
Уладзімір Грудзько, Красная Воля. Ці будуць падводзіць у нашу вёску прыродны газ?
– Усе падрыхтоўчыя работы, маю на ўвазе праектна-каштарысную дакументацыю, выкананы. ПКД адобрана, прайшла дзяржаўную экспертызу. Работы будуць весціся ў межах Дзяржаўнай праграмы ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыль-скай АЭС. Як толькі адкрыецца фінансаванне, пачнецца пракладка магістральнага газаправода. Спадзяемся, што адбудзецца гэта ў 2015 годзе. У планах – га-зіфікацыя не толькі Краснай Волі, але і Лахаўкі.
– Яшчэ пытанне. Чаму ў нашай вёсцы згортваюць правадное радыёвяшчанне?
– Гэта – дзяржаўная палітыка. У свой час правадное радыё было адной з асноўных крыніц давядзення да насельніцтва сацыяльна значымай інфармацыі. Але інфармацыйныя тэхналогіі развіваюцца шпаркімі тэмпамі. І цяпер краіна паступова пераходзіць на эфірнае вяшчанне. У нашым раёне нала-джана эфірная трансляцыя праграмы “Першы нацыянальны канал беларускага радыё”, прыём якой даступны круглыя суткі на частаце 105,9 МГц практычна для ўсяго насельніцтва. У межах гэтай праграмы ёсць магчымасць ажыццяўляць трансляцыю перадач раённага радыё і тэрміновыя апавяшчэнні структур Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Для таго, каб слухаць эфірнае радыё, трэба набыць УКХ- ці FM-прыёмнікі, якія ёсць у гандлёвай сетцы. РУП “Белтэлекам” прапаноўвае іх пакупнікам на выгадных умовах у растэрміноўку.
Ніна Кіпцэвіч, Вялікія Чучавічы. Чаму ў наш вясковы магазін не завозяць лунінецкую смятану ў пакетах па 200 грамаў? Ёсць па 400 грамаў, але мне столькі не трэба…
– Справа ў тым, што ААТ “Лунінецкі малочны завод” пакуль і сапраўды не выпускае смятану, расфасаваную ў пакеты па 200 грамаў. Але тут зараз рыхтуюцца да выпуску гэтага запатрабаванага прадукту ў полістырольных стаканчыках. Так што патрэбная вам фасоўка з мясцовай маркай “Малочная кропелька” паявіцца ў продажы. Пакуль жа можна набыць смятану ў фасоўцы па 200 грамаў іншых вытворцаў, таго ж “Савушкіна прадукта”. Яна ёсць на паліцах Вялікачучавіцкага магазіна №32 “Харчтавары”.
– А чаму ў наш магазін не прывозяць жытнёвы хлеб? Я люблю “Барадзінскі”, але яго амаль ніколі не бывае. Як рэдка бывае і льняное масла. Праблемай стала купіць мяса. За ўсім хіба наездзішся ў Лунінец?
– Не магу з вамі згадзіц-ца. Як стала вядома, у магазін в. Вялікія Чучавічы жытнёвы хлеб “Кулікоўскі” (“Барадзінскі”) завозяць рэгулярна па панядзелках, серадах і пятніцах з улікам пакупніцкага попыту. Прычым, пераходны астатак амаль заўсёды складае 2-3 буханкі. Акрамя гэтага, з лунінецкага хлебазавода штодня завозіцца каля 130 буханак хлеба з мукі жытнёвай сеянай і 1 гатунку. Хлебазавод штодня ажыццяўляе там выязны гандаль, прапаноўваючы шырокі асартымент хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў. Па жаданню пакупнікоў прадавец аўталаўкі прымае заяўкі на прывоз на наступны дзень любога з тавараў, якія выпускаюцца на хлебазаводзе. Што датычыць ільнянога масла, то яно ў продажы ў вашым вясковым магазіне ёсць – расфасавана ў бутэлькі ёмістасцю па 0,25 і 0,5 літра. Пытайцеся ў прадаўцоў. Невялікія перабоі з мясам і сапраўды назіраліся колькі часу таму, але зараз сітуацыя нармалізуецца. Як стала вядома, у продажы ёсць мяса катлетнае, фарш, супавыя наборы, паўфабрыкат для шашлыкоў і іншыя вырабы вытворчасці ААТ “Пінскі мясакамбінат”, філіялаў “НВК “Палессе” і “Грамадскае харчаванне” райспажыўтаварыства. Акрамя гэтага, у халадзільных вітрынах магазіна заўсёды ёсць мяса бройлераў і паўфабрыкаты з мяса птушкі. Папаўненне таварнага асартыменту ажыццяўляецца на падставе заявак пакупнікоў. Так працуюць Вялікачуча-віцкія магазіны №31 па вуліцы Савецкая, №32 і №37 – па вуліцы Леніна. Дастаткова разнастайны асартымент тавараў, у тым ліку і харчовых, прапаноўваюць прыватныя гандляры.
Мікалай Адамавіч, Красная Воля. Ці будзе добраўпарадкавана наша вуліца Зялёная?
– Уся справа ў тым, Мікалай Адамавіч, што планаваць у Краснай Волі добраўпарадкаванне вуліц не можам да таго часу, пакуль тут не будзе падведзены прыродны газ. Работы гэтыя пры ўмове адкрыцця фінансавання пачнуцца ў 2015 годзе.
Таццяна Гаргун, Вялікія Чучавічы. Васіль Міхайлавіч, тэлефаную вам вось з якой нагоды. У нас мнагадзетная сям’я, гадуем чацвёра дзетак. З дапамогай дзяржавы вырашылі будаваць жыллё. Пэўную частку работ падрадная арганізацыя “Лунінецрамбуд” ужо выканала, але ў канцы чэрвеня атрымліваем паведамленне, што нам адмоўлена ў ільготным крэдыце. Для таго, каб адкрылі крэдытную лінію, трэба, маўляў, унесці больш як 76 мільёнаў рублёў уласных сродкаў. Ці правамоцна гэта? Ды і грошай у нас такіх няма…
– Усё, Таццяна Іванаўна, правільна. Справа ў тым, што ў вашым выпадку кошт 1 квадратнага метра жылля складае 13 615 674 рублі. Адзіны ж гранічны нарматыў кошту жылога памяшкання, вызначаны Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь, – 6 100 000 рублёў. Кошт вашага дома – 1 мільярд 118 мільёнаў 800 тысяч рублёў, у той час як ільготны крэдыт з улікам нарматыўнай плошчы на кожнага члена вашай сям’і можна атрымаць у памеры 610 мільёнаў рублёў, што ці не ўдвая менш. 15 працэнтаў ад розніцы паміж дзвюма гэтымі сумамі вы і павінны па закону ўнесці ўласных сродкаў. Сёння дзяржавай узяты правільны курс на ўзвядзенне для мнагадзетных сем’яў бюджэтнага жылля. Выйсце адно – перагледзець вашу праектна-каштарысную дакументацыю з тым, каб удзешавіць дом і ўсё-такі зменшыць агульны яго кошт. Спецыялісты атрымаюць адпаведнае даручэнне.
З Вялікіх Чучавіч вас турбуюць. Усе цягнікі з Гродна ці Брэста прыходзяць ноччу. Пасажырам, якія дабіраюцца да нашай вёскі, даводзіцца пехатой ісці на аўтастанцыю, каб трапіць на аўтобус, які адпраўляецца ў 4.25 раніцы. Ці нельга, каб гэты транспарт заходзіў на чыгуначны вакзал і забіраў пасажыраў?
– Гэтае пытанне ўжо ўзнімалася раней, у сувязі з чым спецыялістамі аўтапарка №10 вывучаўся пасажырапаток. На працягу 10 дзён у студзені мінулага года названы вамі аўтобус курсіраваў з заездам на чыгуначны вакзал. У выніку за гэты час не было перавезена на аўтастанцыю ніводнага пасажыра. Менавіта таму такія новаўвя-дзенні палічылі эканамічна немэтазгоднымі.
Юрый Калянковіч, Лунінец. Васіль Міхайлавіч, я тэлефанаваў вам раней і ставіў пытанне аб тым, каб адрэгуляваць маршрут руху на вуліцах у раёне індывідуальнай забудовы Баханова спецыяльнага транспарту па вывазу цвёрдых камунальных адходаў…
– Памятаю ваша пытанне. Спецыялісты вывучылі яго і прыйшлі да высновы, што сёння распрацаваны аптымальны графік і маршрут руху спецыяльнага транспарту. Мяняць яго няма падстаў.
– Тады яшчэ пытанне. Зараз на новых вуліцах добраўпарадкоўваецца праезная частка і тратуары. Скажыце, а пешаходныя пераходы таксама ў час дажджу будуць у вадзе, як і паўсюдна ў горадзе? Да таго ж, ёсць пытанні па калодзежах ліўневай каналізацыі, якія “прасядаюць” так, што на машынах небяспечна ездзіць, не кажучы пра скутэры і матацыклы.
– Добраўпарадкаванне не закончана. Работы вядзе ДБУ-8 г. Пінска, заказчык – упраўленне капітальнага будаўніцтва райвыканкама. Упэўнены, што ўсё будзе зроблена як след. Што датычыць калодзежаў ліўневай каналізацыі, то некаторыя з іх – у вядзенні “Водаканала”, некаторыя – камунальнай службы. Там, дзе яны становяцца крыніцай небяспекі, з боку адпаведных службаў прымаюцца дзейсныя меры, каб не дапусціць бяды. Так, з пачатку года ў Лунінцы камунальнікамі заменены 3 люкі і адрамантавана 14 прымыканняў дарожнага палатна да калодзежаў. У новым мікрараёне такія кало-дзежы ўстаноўлены толькі на вуліцы Храмавая, на астатніх – сцёк ліўневай вады прадугледжаны за кошт нахілу дарожнага палатна. Тым не менш, спецыялісты атрымаюць даручэнне яшчэ раз звярнуць увагу на стан ліўнёўкі.
– А што гэта за канава каля магазіна “Сасновы бор”?
– Тут яшчэ вядзе работы ДБУ-8. Невялікі кар’ер прадугледжаны праектам і прызначаны для збору дажджавой вады. Пасля таго, як добраўпарадкаванне завершыцца, ён будзе агароджаны турнікетам. Пакуль жа аб ім папярэджваюць знакі пра тое, што на вуліцы вядуцца рамонтныя работы. Яны, вядома ж, нясуць пэўныя нязручнасці жыхарам, але гэта – справа часовая.
– А чаму не зрабілі аўтобусны прыпынак насупраць царквы?
– Ён там не прадугле-джаны праектам.
– Тады яшчэ адна праблема. На вуліцах у Лунінцы месяцамі стаяць вялікагрузныя аўтамабілі, якія перашкаджаюць руху. Іншы раз іх умудраюцца нават на тратуарах ставіць. Чаму дзяржаўтаінспекцыя на гэта не звяртае ўвагі?
– Пасля вашага тэлефанавання асабовы састаў аддзялення Дзяржаўтаінспекцыі РАУС будзе арыентаваны на выяўленне такіх выпадкаў. Пры парушэннях да вадзіцеляў будуць прымяняцца самыя строгія меры ўздзеяння, прадугледжаныя беларускім заканадаўствам.
Аляксандр Малікаў, Лунінец. На пуцеправодзе чатыры люкі (не ведаю, чые яны – электрасетак ці сувязістаў) не закрыты. Гэта – рэальная крыніца небяспекі для людзей.
– 2 ліпеня спецыялістамі ДЭУ-26 усе люкі былі закрыты.
Сяргей, Міжлессе. Васіль Міхайлавіч, чаму так складана купіць тратуарную плітку вытворчасці ААТ “Спецжалезабетон”? Я б узяў яе ў іншых вытворцаў, але ведаю, што “мікабетаўская” па якасці лепшая.
– Прыемна, што вы далі такую высокую ацэнку прадукцыі з маркай мікашэвіцкага прадпрыемства. Хачу вас заспакоіць. У бліжэйшай перспектыве на “Спецжалезабетоне” будзе ўведзена ў строй новая лінія па выпуску тратуарнай пліткі. Будзем спадзявацца, што гэты элемент добраўпарадкавання страціць рысы дэфіцыту.
Падрыхтавала Таццяна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть