Пад увагай – праблемы камунальныя
Прямая линия

Пад увагай – праблемы камунальныя

tN9YM0SAWVUНа пытанні чытачоў «ЛН” адказвае намеснік старшні
райвыканкама Аляксандр ЦЯЛЬПУК.

Таццяна Лахвіч, Мікашэвічы. Добры дзень, Аляксандр
Якаўлевіч! Жыву ў доме №17 а па вуліцы Маладзёжная. У нашай кватэры №29 дрэннае
ацяпленне. Адзін пакой наогул для жылля не выкарыстоўваем, бо тэмпература там
ніжэй за ўсякія санітарныя нормы, вуглы сырыя, на столі – цвіль. За што плацім
грошы?

— Як высветлілі, прычына такога становішча не ў дрэнным
ацяпленні, а ў парушэнні герметычнасці міжпанельных швоў і месцаў злучэння са
столлю. Менавіта тут утвараюцца цёмныя плямы і цвіль. Як толькі ўстановіцца
спрыяльнае надвор’е, недахопы будуць ухілены. Мяркую, што ўсе работы па рамонту
міжпанельных швоў будуць завершаны да 15 мая 2013 года. Што датычыць
тэмпературы ў спальным пакоі, то паколькі яна і сапраўды не адпавядала
санітарным нормам, камунальнай службай вам будзе зроблены пераразлік.

Алена Рудзько, Сінкевічы. Адна гадую дваіх дзетак.
Старэйшы сын – інвалід ІІ групы. У 2010 годзе з выкарыстаннем льготнага крэдыта
здолелі купіць дом. Але ён у такім стане, што тэрмінова патрэбен рамонт. Грошай
у нас для гэтага няма. Звярнулася з просьбай аформіць ссуду на рэканструкцыю,
але мне адмовілі. І як мне цяпер быць?

— Думаю, адчайвацца няварта. Шкада, вядома, што купілі
дом у такім стане…

— Мяне тады ў сельвыканкаме запэўнілі, што калі не
згаджуся, то наогул нічога не атрымаю…

— Тым не менш, для правядзення капітальнага рамонту і
рэканструкцыі дома вы, згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад
07.02.2006 г. №75, можаце атрымаць льготны крэдыт. Выдаецца ён на 10 год пад 3
працэнты гадавых. Для ўключэння ў спісы на атрыманне крэдыту звярніцеся ў
аддзел жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама. Тэлефон для даведак
2-12-87.

Святлана Пашкевіч, Лунінец. Жыву на пятым паверсе дома
№119 па вуліцы Чырвоная. На даху – залежы снегу. Як толькі пачалася адліга, у
нас са столі палілася вада. Няўжо нельга нармальна адрамантаваць дах, каб людзі
не пакутавалі? Мы ж зрабілі дорагакаштуючы рамонт, а цяпер усё прыйшло ў
непрыгоднасць…

— Камунальнікі атрымаюць даручэнне тэрмінова прыбраць
снег, абследаваць дах і выканаць неабходны рамонт.

Як паведаміў дырэктар КУШВП ЖКГ «Лунінецкая ЖКГ” Васіль
Вакульчык, рамонт рулоннага даху над названай кватэрай выкананы.

Юрый Канапацкі, Дзятлавічы. У канцы мінулага года на
Зарэчнай і бліжэйляжачых вуліцах сфарміравалі кааператыў індывідуальных
забудоўшчыкаў для падвядзення прыроднага газу ў нашы дамы. Увайшлі ў яго 110
чалавек. Зараз падалі дакументы ў райвыканкам на рэгістрацыю. Ці трапім мы ў
планы газіфікацыі на гэты год і ці можна будзе для гэтай мэты скарыстацца
льготным крэдытам?

— У планы газіфікацыі на гэты год вы не трапляеце, бо
кааператыў яшчэ толькі займаецца падрыхтоўкай праектна-каштарыснай дакументацыі.
Адпаведна сёлета не маеце права і на афармленне крэдыта для выканання работ,
звязаных з падвядзеннем газаправода. Дакладна гаварыць пра тэрмін газіфікацыі
вашай вуліцы можна будзе толькі пасля таго, як падрыхтуеце ўсю неабходную
дакументацыю.

— А ці не плануецца вадаправод на нашай вуліцы?

— Згодна з Дзяржаўнай праграмай «Чыстая вада” будаўніцтва
вадаправоднай сеткі ў аграгарадку Дзятлавічы запланавана на 2015 год. Пры
праектаванні «Вадаканалам” будзе разгледжана пытанне пракладкі водаправода па вуліцы
Зарэчная.

Вакульчык Галіна, Мікашэвічы. Акрэсліце, калі ласка,
перспектывы газіфікацыі мкрараёна №6 у нашым горадзе.

— Кааператыў індывідуальных забудоўшчыкаў, створаны на
вуліцах Бярозавая, Вішнёвая, Малінавая, Прыазёрная, Рабінавая, Сірэневая (мікрараён
№6) і кааператыў на вуліцах Цэнтральная, Міра, Сасновая, Нядзведскага і завулку
Цэнтральным (Мікрараён №10) уключаны ў пералік аб’ектаў газіфікацыі. Работы тут
пачнуцца сёлета.

Вольга Каховіч, Вулька 1. Добры дзень, Аляксандр
Якаўлевіч!

— Добры дзень, Вольга Сідараўна!

— Дзякуй, што памятаеце. Вельмі спадзяюся, што здолееце
дапамагчы. Справа ў тым, што ўчастак вуліцы Школьная ад Кастрычніцкай да
Маладзёжнай вельмі разбіты. Менавіта па гэтай дарозе ездзяць вялікагрузныя
машыны ў кар’ер за пяском. Ці нельга аптымізаваць іх маршрут для зручнасці
жыхароў (бо летам – пыл, а вясной і восенню – гразь), а саму дарогу трошкі
падрамантаваць?

— Старшыня сельвыканкама Аляксандр Якавец паведаміў, што
зараз маршрут машын, што возяць з кар’ера пясок, зменены. Адначасова выкананы
ямкавы рамонт вуліцы Школьная.

Кацярына Свібовіч, Мікашэвічы. Жывём за чыгункай
непадалёк ад Пангаласаўскага канала. Нашы сядзібы пастаянна церпяць ад паводкі.
На агародах нельга сабраць ураджай, у дамах – сырасць, сцены і фундаменты трэскаюцца.
Скажыце, няўжо нельга канал прывесці ў парадак, каб ён не быў пастаннай
крыніцай нашых бедаў? І ўвогуле, што будзе зроблена для жыхароў нашага
мікрараёна, каб абараніць ад паводкі ? (З такім жа пытаннем звярталіся жыхары
мікашэвіцкай вуліцы Усходняя – Т.В.).

— Сёлета гэтыя праблемы ўжо разглядаліся на пасяджэнні
камісіі па надзвычайных сітуацыях. Праведзена абследаванне канала з выездам на
месца. Па выніках гэтага абследавання вырашана зрабіць ачыстку русла ў раёне
чыгуначнага і аўтамабільнага мастоў. Зараз рабочыя «Мікашэвіцкай ЖКГ”
прыступілі да адсыпкі вуліц 10-га мікрараёна, што дазволіць павысіць узровень
абароны сядзіб ад веснавой паводкі. Разам адзначу, што мерапрыемствы па абароне
горада Мікашэвічы і меліярацыйнага аб’екта «Ельна” распрацаваны і ўжо ўключаны
ў Дзяржаўную праграму «Інжынерныя водагаспадарчыя мерапрыемствы па абароне
населеных пунктаў і сельскагаспадарчых земляў ад паводкі ў найбольш
паводканебяспечных раёнах Палесся на 2011-2015 г.г.”. Рэалізаваць іх мяркуецца
ў 2014-2015 гадах.

Сяргей Міхайлавіч, Лунінец. На нашай вуліцы Кутузава
побач з дамамі знаходзіцца гаражны масіў. Вуліца разбіта машынамі. Калі будуць
яе грэйдыраваць і падсыпаць?

— Вы ж разумееце, што зараз выканаць гэтыя работы
нерэальна. Усё будзе зроблена, як толькі наступіць цяпло.

— Тады яшчэ пытанне. Пры расчыстцы вуліцы ад снегу
грэйдэр робіць толькі адну каляіну. Нават машыны раз’ехацца не могуць. Няўжо
нельга ўзяць трохі шырэй, каб не было небяспекі ні транспарту, ні людзям?

— Прымаем вашы заўвагі. Работніку, якія быў заняты на
расчыстцы вуліцы Кутузава, будзе зроблена заўвага. Пры паўтарэнні падобнага да
яго будуць прыменены меры дысцыплінарнага ўздзеяння.

Марыя Пуляк, Вічын. Жыву па вуліцы Цэнтральная,23. У
канцы снежня мінулага года ад снегу абрынуўся дах хлява. Паколькі ўсе пабудовы
застрахаваны, патэлефанавала ў Дзяржстрах. Адтуль прыехалі работнікі, усё
абследавалі. Праз некаторы час завіталі яшчэ дзве дзяўчыны з гэтай арганізацыі
і прапанавалі падпісаць нейкія паперы. Паколькі я чалавек не дужа адукаваны, то
не сумнявалася, што ўсё гэта з-за маёй бяды і падпісала. Праз некаторы час
прыходзіць ліст, што хлеў мой стары, страхоўцы не падлягае, а таму і выплат
ніякіх я не атрымаю. Але за што тады бралі з мяне грошы? Патэлефанавала
дырэктару страхавой арганізацыі. А ён мне і кажа, маўляў, летам была камісія,
вашу пабудову прызналі трухлявай, і вы з гэтым згадзіліся, нават адпаведныя
паперы падпісалі. Але я па стану здароўя з дома нікуды не выходжу, ніякай
камісіі летам не памятаю, а памятаю толькі гэтых дзяўчат, якія падсунулі мне
незразумелыя паперы. Дзе цяпер шукаць справядлівасці?

— Паважаная Марыя Андрэеўна, кіраўніцтва Белдзяржстраха
па Лунінецкім раёне пераконвае, што хлеў ваш мае 80-працэнтны знос, а таму не
застрахаваны, бо на страхаванне прамаюцца будынкі з фізічным зносам не менш як
70 працэнтаў. Менавіта па гэтай прычыне вам адмаўляюць у выплаце кампенсацыі.
Устанавіць ісціну цяпер можа толькі суд, куды і раю звярнуцца.

Мікалай Грушэўскі, Дзятлавічы. Каля майго дома ўтварылі
дарогу, якая стварае нам пэўныя нязручнасці. Ці нельга яе закрыць?

— Мікалай Герасімавіч, вы ж ужо звярталіся да нас з гэтым
пытаннем. Тлумачу яшчэ раз, што закрыць рух па вуліцы Зарэчная нельга, бо яна
служыць пешаходнай і транспартнай сувяззю з вуліцамі Лясная і Усходняя.

Добры дзень, Аляксандр Якаўлевіч. Турбуе вас адна са
шматлікіх пажылых жыхарак Лунінца. Хачу акрэсліць праблему нездавальняючай
ачысткі ад снегу аўтобусных прыпынкаў. Самі прыпынкі быццам і чысцяцца, але я,
да прыкладу, каля аддзялення «Беларусбанка” ў аўтобус без дапамогі старонніх
людзей трапіць не змагла. Каб стаць на прыступку, даводзіцца пераадольваць
гурбы снегу, які тэхніка проста зграбае да абочыны.

— Прымаю вашу заўвагу. Зробім папярэджанне камунальнікам,
каб больш уважліва ставіліся да такіх дробязей, які ствараюць людзям рэальныя
цяжкасці. Што да аўтобуснага прыпынку каля ЦБУ №119 ААТ «АСБ «Беларусбанк”, то
зараз ён ачышчаны ўзорна. Такімі ж будуць у се астатнія прыпынкі.

— Дзякуй.

Мікалай Віднікевіч, Язвінкі. У нашай вёсцы паявіліся
праблемы з вывазам смецця. Раней стаялі кантэйнеры, і людзі без цяжкасці
выносілі туды цвёрдыя бытавыя адыходы. Потым кантэйнеры прыбралі, а па вёсцы
адзін раз у тыдзень пачаў ездзіць транспарт для збору смецця. Але гэтага яўна
недастаткова! Ці нельга перагледзець графік і накіраваць у Язвінкі машыну ці
трактар хаця б два разы ў тыдзень?

— Перш-наперш, скажу, што кантэйнеры для збору смецця –
учарашні дзень. Будзем паступова ад гэтага адыходзіць. Што датычыць павелічэння
колькасці рэйсаў у Язвінкі «смеццевозак”, то пакуль зрабіць гэта праблематычна:
спецыяльнага транспарту не хапае. Тым не менш, праблема застаецца на кантролі.
Сітуацыя мяняецца, не выключана, што да лепшага. Таму пры магчымасці вернемся
да разгляду гэтага пытання.

Падрыхтавала Таццяна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть