Паходы ў лес — пад забаронай
Прямая линия

Паходы ў лес — пад забаронай

орешкевичНа пытанні чытачоў “ЛН» адказвае начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Мікалай АРАШКЕВІЧ.

Мой сусед — адзінокі старажыл, тым не менш з гаспадарчымі клопатамі спраўляецца самастойна. На жаль, здараліся выпадкі, калі забываўся пра пакінутую на пліце ежу… Дзякуй Богу, усё абыходзілася добра. Пажарны апавяшчальнік у доме ўстаноўлены, але баімся, што можа не пачуць сігналу — чалавек пакутуе на слых.

—    На Лунінеччыне дзейнічае “План правядзення супрацьпажарных работ у домаўладаннях сацыяльна неабароненых катэгорый насельніцтва на 2015 год”. На яго фінансаванне ў раённым бюджэце прадугледжана 46,5 мільёна рублёў. У адпаведнасці з дакументам, сёлета неабходна правесці рамонты: пячнога ацяплення — па трох адрасах, дзе жывуць адзінокія грамадзяне і ветэраны вайны (наладжаны работы дзвюх печаў); электраправодкі — у адным доме (таксама прыведзена ў спраўны стан); устанавіць 146 аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў (функцыянуюць ужо 120). Існуюць так званыя АПА з вывадам сігналу на фасады будынкаў з дапамогай гукавых прыстасаванняў: з сямі неабходных устаноўлены пяць. Звяртайцеся, дапаможам!

На выхадных ездзілі да сваякоў на хутар. Па дарозе бачылі, як у лесе гараць трава і галлё. Чаму агонь ніхто не тушыць?

—    А вы паведамілі аб здарэнні ў нашу службу?

—    Не.

—    Вось самі адказалі на пытанне. На будучае, калі ўбачыце ўзгаранне сухой расліннасці на невялікай плошчы, паспрабуйце патушыць агонь самастойна. Пры гэтым выкарыстоўвайце вязанку дубцоў (у выглядзе веніка). Самы просты і эфектыўны спосаб — збіваць полымя па краю пажару. Калі вашы дзеянні поспехам не закончыліся, ці пажар ахапіў значную тэрыторыю, неадкладна паведаміце ў дзяжурную службу па тэлефонах: 101, 112.

Нагадаю ўсім, што забараняецца курыць і карыстацца адкрытым агнём у пажаранебяспечных месцах; разводзіць вогнішчы, спальваць сухую траву і смецце паблізу будынкаў, лясных масіваў і тарфянікаў. Памятайце, што за выпальванне расліннасці існуе сур’ёзнае пакаранне. Не дазваляйце дзецям гуляць з запалкамі. Недаравальна пакідаць малышоў без нагляду.

Неўзабаве адзначым юбілейную гадавіну школьнага выпуску. Плануем выехаць на пікнік. Ці праўда, што зараз гэтага рабіць нельга?

— Так. У сувязі з пагаршэннем пажаранебяспечнай абстаноўкі на тэрыторыі Лунінеччыны райвыканкам прыняў рашэнне №805 ад 11.06.2015 г. аб забароне наведвання лясоў і ўезду ў іх аўтатранспарту. Раю паездку адкласці.

Насупраць нашага дома ёсць участак з нежылым домам, дзе прыглядваюць за парадкам родзічы былых гаспадароў. Сёлета давялося часта сварыцца з імі — вясной ці не штодня спальвалі леташнюю траву…

—    У нашай краіне такія дзеянні забаронены законам — артыкул 15.57 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных парушэннях прадугледжвае адказнасць за спальванне сухой расліннасці, траў на корані, іржышчаў і пажніўных рэшткаў на палях або за непрыняцце мер па ліквідацыі палаў — накладанне штрафу ад 10 да 40 базавых велічынь. Парушальнікі будуць адказваць і за распальванне вогнішчаў у забароненых месцах —  у артыкуле 15.58 зама-цавана папярэджванне ці грашовае пакаранне да 12 базавых велічынь.

Летась на вачах патануў блізкі чалавек. Усё здарылася за хвіліны —  многія сведкі разгубіліся, не ведаючы, што рабіць. Ад імгненнай трагедыі і самі, як кажуць, упалі ў ступар…

—    Адпачынак каля вады —  самы прыемны і карысны, таму часта купальшчыкаў не спыняюць ні пахаладанне, ні адсутнасць спецыяльна абсталяваных для гэтых мэт месцаў, ні забараняючыя знакі. Больш таго, у ваду лезуць людзі ў стане алкагольнага ап’янення. Вось такія паводзіны, на жаль, прыводзяць да беззваротных наступстваў. Летась на вадаёмах Беларусі патанулі 625 чалавек, у тым ліку 36 дзяцей. З пачатку года па гэтай прычыне не стала 73 грамадзян, з іх 5 непаўналетніх.

Калі на вашых вачах тоне чалавек, не марнуйце часу: плывіце самі ці клікайце на дапамогу. Дастаўшы яго з вады, палажыце сабе на сагнутае калена тварам уніз, пры гэтым галава павінна вісець ніжэй за грудную клетку. Куском тканіны выдаліце ваду з цінай з рота і носа. Палажыце пацярпелага на спіну, праверце пульс і дыханне. Пры неабходнасці пачынайце рабіць штучнае дыханне і непрамы масаж сэрца.

 Хутка ў сына дзень нараджэння. Плануем купіць падарунак — дыхальную трубку, маску і ласты. Няхай займаецца падводным спортам…

— Гэта добра. Такі від адпачынку апошнім часам набывае вялікую папулярнасць. Зрэшты, як і падводнае паляванне, фатаграфаванне і г.д. Але напачатку настойліва рэкамендую правесці абавязковы інструктаж. Самастойна асвойваць такую тэхніку забараняецца, таму што пры працяглым знаходжанні пад вадой, не маючы магчымасці папоўніць запас кіслароду ў арганізме, чалавек можа страціць прытомнасць. Нельга гэта рабіць пры моцнай хвалі: толькі ўздоўж берага і абавязкова пад пастаянным назіраннем, каб можна было своечасова прыйсці на дапамогу. Нагадайце сыну і іншыя правілы паводзін на вадаёмах:

  • прымаць водныя працэдуры лепш раніцай ці вечарам, калі тэмпература вады будзе не менш як 17-19 градусаў вышэй нуля (у больш халоднай знаходзіцца небяспечна);
  • нельга заплываць далёка (можна не разлічыць уласныя сілы), а таксама купацца і ныраць у незнаёмых месцах;
  • калі раптам падхапіла цячэнне, трэба плыць уніз па ім, паступова пад невялікім вуглом, набліжаючыся да берага;
  • трапіўшы ў вір, набраць як мага больш паветра ў лёгкія, пагрузіцца ў ваду і, зрабіўшы моцны рывок убок, усплываць;
  • у вадаёмах з вялікай колькасцю водарасцяў плыць у самай паверхні вады, не закранаючы расліны, не робячы рэзкіх рухаў (калі ўсё ж рукі ці ногі заблыталіся ў сцяблінах, спыніцца, прыняць палажэнне “паплаўка” і асцярожна ад іх вызваліцца);
  • забараняецца адпачываць на надзіманых матрацах, аўтамабільных камерах (ветрам ці цячэннем іх можа аднесці далёка ад берага, а хваляй — захліснуць, тады з іх выйдзе паветра, і яны страцяць плывучасць);
  • не дапускаць грубых свавольстваў (не паднырваць, хапаць за ногі, “тапіць”, падаваць ілжывыя сігналы аб дапамозе, спаборнічаць “на спрэчку” і г.д.);
  • не заплываць за абмежавальныя знакі, якія абазначаюць акваторыю з правераным дном, вызначанай глыбінёй, гарантаванай адсутнасцю віраў;
  • не падплываць да блізка праходзячых суднаў, лодак і катэраў.

Ведаю з публікацый “ЛН”, што вы выступаеце на шматлікіх мерапрыемствах з дакладамі аб пажарнай сітуацыі ў раёне. Наколькі напружанай яна застаецца сёння?

— Па стану на 15 чэрвеня на тэрыторыі Лунінеччыны зарэгістравана 30 пажараў (пароўну — у гарадах і сельскай мясцовасці). Гэта — на 9 менш, чым за аналагічны перыяд летась. Агнём знішчаны 3 збудаванні (у 2014-ым — 4), 5 адзінак тэхнікі (0), 1 тона грубых кармоў (6). Прамы ўрон склаў 1 мільярд 660 мільёнаў рублёў. Рост пажараў у параўнанні з мінулагоднім назіраецца ў населеных пунктах Мікашэвіцкага гарвыканкама (у два разы: 10 — супраць 5 леташніх) і Бастынскага сельвыканкама (на 66,7 працэнта: 5 — 3 у 2014-ым).

З пачатку года ад пажараў і ўздзеяння яго небяспечных фактараў загінулі 4 чалавекі. Асноўная прычына — неасцярожнае абыходжанне з агнём. На трагедыі паўплываў і састарэлы ўзрост людзей (звыш 90 год). Адзін зямляк атрымаў апёкі. Пацярпелі таксама аб’екты арганізацый. Так, 22 красавіка з-за парушэння правілаў эксплуатацыі электраабсталявання адбыўся пажар у магазіне тавараў паўсядзённага попыту ў вёсцы Града.

Увогуле, усе ўзгаранні абумоўлены праславутым чалавечым фактарам, калі людзі элементарна ігнаруюць правілы пажарнай бяспекі і працоўнай дысцыпліны. Кіраўнікі прадпрыемстваў, устаноў, на жаль, фармальна адносяцца да сістэмы навучання сваіх работнікаў, правядзення спецыяльных інструктажаў.

—    Верагодна, у службе нагляду і прафілактыкі за гэтым пільна сочаць?

—    Так. Сёлета яны правялі 52 планавыя праверкі суб’ектаў гаспадарання, па выніках якіх прадпісана 345 супрацьпажарных мерапрыемстваў. За выяўленыя парушэнні да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу прыцягнуты 23 кіраўнікі і 47 іншых асоб на пасадзе. Агульная сума спагнанняў склала 66 мільёнаў рублёў. Усё гэта сведчыць аб недастатковай увазе пытанням аховы працы, захавання пажарнай бяспекі, невыканання патрабаванняў Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №1 ад 11.03.2004 г. “Аб мерах па замацаванню грамадскай бяспекі і дысцыпліны”.

У чэрвені завяршылі планавую праверку ААТ “Лунінецлес”. Шмат недахопаў выяўлена на Люшчанскім лесапункце і Мікашэвіцкім леспрамгасе. Генеральны дырэктар і шэраг яго падначаленых прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці. Разам з тым, у нас ёсць прадпрыемствы, якія ажыццяўляюць мерапрыемствы па выкананню правілаў пажарнай бяспекі ў поўным аб’ёме. Гэта ААТ “Спецжалезабетон”, СПМК-17, ДЛГУ “Лунінецкі лясгас”, “Аўтапарк №10 г. Лунінца”, лакаматыўнае дэпо.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть