Пра дапамогу — літарай закона
Прямая линия

Пра дапамогу — літарай закона

семянчэнкаНа пытанні чытачоў “ЛН” адказвае начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Ірына СЕМЯНЧЭНКА.
Вольга Калянковіч, Любань. Добры дзень, Ірына Міхайлаўна. Хачу даведацца, на якой падставе мне адмовілі ў назначэнні сацыяльнай дапамогі па догляду? Мне ўжо 80 год і, думаю, маю на гэта права.
– Для назначэння дапамогі па догляду недастаткова дасягнуць 80-гадовага ўзросту. Згодна з Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 6 верасня 2006 года, неабходна медыцынскае заключэнне ў тым, што чалавек мае патрэбу ў пастаянным пабочным доглядзе. Выдае яго ўрачэбна-кансультацыйная камісія раённай паліклінікі. Такога заключэння ў вас няма, а значыць, падставы для таго, каб назначыць дапамогу па догляду, таксама няма.
Валерый Гоман, інвалід І групы, Лунінец. Чаму мне не даюць работніка па догляду?
– Валерый Севасцьянавіч, калі вы маеце на ўвазе дапамогу па догляду за інвалідамі І групы, то яго вызначае Палажэнне аб парадку назначэння і выплаты дапамогі па догляду за інвалідам І групы або асобай, якая дасягнула 80-гадовага ўзросту. Пад тэрмінам “пастаянны догляд” тут маецца на ўвазе дапамога іншых асоб для ажыццяўлення самых розных надзённых патрэб чалавека (асабістая гігіена, апрананне, прыём ежы і іншае), неабходнасць у якіх узнікае часцей за адзін раз у суткі. З усім гэтым вы, дзякуй Богу, пакуль спраўляецеся самі. Што датычыць перыядычнай дапамогі – дастаўкі лякарстваў, прадуктаў харчавання, дроў, вады, – то гэта не з’яўляецца падставай для ўстанаўлення факта неабходнасці пастаяннага догляду. Менавіта таму камісіяй па назначэнню пенсій і было прынята рашэнне адмовіць у назначэнні дапамогі па догляду за вамі. З усім вышэй пералічаным упаўне справіцца сацыяльны работнік. Каб аформіць яго, звярніцеся ў тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання. Або давайце лепш зробім так: у бліжэйшы час мы камісійна выедзем да вас і абмяркуем усе пытанні.
Як стала вядома, камісія ўпраўлення пабывала на даму ў В.С. Гомана. Ад дапамогі сацыяльнага работніка заяўляльнік адмовіўся.
Валянціна Свібовіч, Міжлессе. Скажыце, калі ласка, ці не плануецца павелічэнне пенсій у сувязі з павелічэннем памеру пражытачнага мінімуму? Больш як 33 гады адпрацавала я ў школьнай бібліятэцы, атрымліваю вельмі малую пенсію…
– Паважаная Валянціна Якаўлеўна, да 2009 года вы атрымлівалі пенсію па ІІІ групе інваліднасці. У лютым 2009 года вам споўнілася 55, і вы перайшлі на пенсію па ўзросту. Як вядома, адным з параметраў, які ўплывае на яе памер, з’яўляецца стаж, а другім – індывідуальны каэфіцыент заробку. Ваш стаж складае 33 гады 7 месяцаў 5 дзён, каэфіцыент – 0,51679. Сукупнасць гэтых значэнняў і вызначае памер пенсіі. Чым большы быў заробак, з якога ўплачваліся страхавыя ўзносы і чым даўжэй яны ўплачваліся, тым большы памер пенсіі. Заробкі ў вас былі невысокімі, значыць, і каэфіцыент ніжэйшы за сярэдні, што і паўплывала на памер пенсіі.
У адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь “Аб пенсійным забеспячэнні”, пенсія па ўзросту назначаецца ў памеры 55 працэнтаў сярэднямесячнага заробку, але не ніжэй мінімальнага памеру пенсіі па ўзросту. Сярэднямесячны заробак у вас з улікам індывідуальнага каэфіцыента складае 2077295 рублёў. Пяцьдзесят пяць працэнтаў ад гэтай сумы – 1142512 рублёў, што ніжэй за мінімальны памер пенсіі па ўзросту, які ў студзені 2014 года складае 1206653 рублі.
Паколькі стаж вашай работы – 33 гады, то ў адпаведнасці з Законам за кожны поўны год звыш 20 год у жанчын пенсія павялічваецца на 1 працэнт заробку, у вашым выпадку гэта – 13 працэнтаў, або 270048 рублёў. Значыць у студзені 2014 года ваша пенсія складзе 1476700 рублёў. Паколькі памер вашай пенсіі звязаны з мінімальным памерам пенсіі па ўзросту, якія з 1 лютага гэтага года ў сувязі са змяненнем бюджэту пражытачнага мінімуму будуць пералічаны, то, адпаведна, будзе зроблены і пераразлік вашай пенсіі.
Ведаю, што зараз змяніўся парадак назначэння дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі. Скажыце, калі ласка, у выпадку, калі адзін з бацькоў выплачвае аліменты, то ці патрэбна звесткі пра іх уключаць у сукупны даход? Заўважце, што бацька з сям’ёй не жыве і агульнай гаспадаркі не вядзе. І як быць у выпадку, калі адзін з бацькоў не выплачвае аліменты ў добраахвотным парадку?
– Трэба ведаць, што дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога назначаецца грамадзянам, у якіх сярэднедушавы даход па аб’ектыўных прычынах ніжэйшы за бюджэт пражытачнага мінімуму. Аналагічны падыход захоўваецца і пры назначэнні забеспячэння прадуктамі харчавання дзяцей першых двух год жыцця. Законам прадугледжана, што ў склад сукупнага даходу сям’і ўключаюцца атрымліваемыя аліменты. Іншымі словамі, бацькі, на ўтрыманні якіх знаходзяцца дзеці, да звароту за дапамогай павінны пастарацца забяспечыць матэрыяльны дабрабыт сям’і – заключыць Пагадненне аб дзецях або звярнуцца ў суд з іскам аб вышукванні аліментаў на ўтрыманне дзяцей.
У выпадку, калі заяўляльнікам прадстаўлена даведка ад судовага выканаўцы, што асоба, якая абавязана выплачваць аліменты, не працуе, знахо-дзіцца за межамі Рэспублікі Беларусь або інфармацыя аб яго месцы работы адсутнічае, у сукупны даход сям’і ўключаюцца так званыя ўмоўныя аліменты ў памеры 50 працэнтаў бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва ў цэнах верасня года, які папярэднічае году звароту за дзяржаўнай падтрымкай. На дваіх дзяцей бярэцца 75 працэнтаў БПМ, на траіх і больш – 100 працэнтаў.
Калі ж аліменты выплачваюцца ў добраахвотным парадку на падставе Шлюбнага дагавору, Пагаднення аб дзецях, Пагаднення аб утрыманні сваіх непаўналетніх ці маючых патрэбу ў дапамозе непрацаздольных паўналетніх дзяцей, то ў сярэднедушавым даходзе сям’і яны ўлічваюцца ў памеры, указаным у названых дакументах.
Звяртаем увагу на тое, што назначэнне адраснай дапамогі – адміністратыўная працэдура. Гэта значыць, што грамадзянін павінен самастойна прадставіць звесткі аб даходах кожнага члена сям’і. Адпаведна заяўляльнік павінен прадставіць і звесткі аб даходах з боку другога з бацькоў для вызначэння памеру аліментаў на дзяцей, або дакументы, якія пацвяр-джаюць памер атрымліваемага на ўтрыманне дзяцей. У супраціўным выпадку дакументы не будуць прыняты або будзе вынесена рашэнне аб адмове правядзення адміністратыўнай працэдуры.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть