Прамая лінія «ЛН»: адказвае начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Ірына СЕМЯНЧЭНКА
Прямая линия

Прамая лінія «ЛН»: адказвае начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Ірына СЕМЯНЧЭНКА

Добры дзень, Ірына Міхайлаўна. Завуць мяне Юрый Іванавіч. Я не працую, атрымліваю пенсію па інваліднасці 3-яй групы. Пенсія невысокая. Асабліва адчуваецца гэта зімой, калі прыкметна павялічваюцца камунальныя плацяжы. Ці магу разлічваць на матэрыяльную дапамогу з боку дзяржавы, і як часта яе дазволена выплачваць?

– Матэрыяльная дапамога па нашай лініі аказваецца малазабяспечаным, непрацуючым пенсіянерам, якія дасягнулі права на пенсію па ўзросту на агульных падставах; непрацуючым інвалідам, якія стаяць на ўліку ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне; сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў. Разлічваць на яе можна адзін раз у год. Адначасова вы можаце прэтэндаваць на атрыманне штомесяц дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі. Праўда, для гэтага ёсць пэўныя ўмовы – абавязковае працаўладкаванне ці рэгістрацыя ў якасці беспрацоўнага на працягу не менш як 6 месяцаў, якія папярэднічаюць даце звароту. Пры захаванні гэтых умоў і наяўнасці цяжкай жыццёвай сітуацыі можаце атрымаць і адзінаразовую дапамогу. Наяўнасць цяжкай жыццёвай сітуацыі пацвярджаецца дакументальна ці ўстанаўліваецца камісійна на падставе абследавання вашага матэрыяльна-бытавога стану. З пашпартам ці іншым дакументам, які засведчвае асобу, пасведчаннем інваліда, працоўнай кніжкай, калі яна ёсць, і даведкай аб даходах за апошнія 12 месяцаў звярніцеся ў райвыканкам, кабінет 108, у рабочы час. Можаце папярэдне патэлефанаваць 2-13-00.
– Але ж чуў, што ёсць яшчэ Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Магчыма, там могуць таксама дапамагчы?
– Матэрыяльная дапамога з Фонда адзін раз у год аказваецца на такіх жа ўмовах у выпадку прычынення шкоды здароўю ці маёмасці ў выпадку стыхійнага бедства, крадзяжу ці ўзнікнення сітуацый, якія аб’ектыўна парушаюць нармальную жыццядзейнасць чалавека. Алгарытм дзеянняў аднолькавы.
Наталля Кацуба, Лунінец. Маёй суседцы 88 год. Яна мае патрэбу ў пастаянным доглядзе і вельмі хоча, каб ажыццяўляла яго ўнучка. Ці магчыма гэта?
– Калі ваша суседка па заключэнню ўрачэбна-кансультацыйнай камісіі мае патрэбу ў пастаянным пабочным доглядзе, а ўнучка знаходзіцца ў працаздольным узросце, але нідзе не працуе, не займаецца прадпрымаль-ніцкай дзейнасцю, не атрымлівае пенсій, дапамог па беспрацоўю, штомесячных страхавых выплат, не вучыцца на дзённым аддзяленні ў навучальных установах, не стаіць на ўліку ў нарколага і псіхіятра, то ёй упаўне можна прызначыць дапамогу па догляду за бабуляй.
Ганна С. Як мнагадзетная мама атрымліваю датэрміновую пенсію па ўзросту і працягваю працаваць. Сёлета дасягну агульнапрынятага пенсійнага ўзросту. Ці будзе мне залічаны новы стаж работы і пераразлічана ў сувязі з гэтым пенсія?
– Калі б вы не атрымлівалі ўвесь гэты час пенсію, то, вядома ж, вам яе налічылі б па-новаму з улікам канчатковага стажу, а так падстаў для пераразліку няма.
Турбую вас вось з якой нагоды. Пэўны час працаваў на “Палессеэлектрамашы”, звольніўся, забраў працоўную кніжку. З часам адкрыў уласную справу. Як цяпер зрабіць запіс у працоўную кніжку пра тое, што з’яўляюся індывідуальным прадпрымальнікам?
– Па прычыне таго, што індывідуальны прадпрымальнік пры ажыццяўленні сваёй дзейнасці не знаходзіцца ў працоўных адносінах з наймальнікам і не з’яўляецца работнікам, дзеянне нормаў Працоўнага кодэкса на яго не распаўсюджваецца. Гэта самастойная дзейнасць юрыдычных і фізічных асоб на свой страх і рызыку, накіраваная на сістэматычнае атрыманне прыбытку. Таму пры афармленні працоўнай пенсіі для вылічэння стажу, які дае на яе права, бяруцца дадзеныя аб сумах уплачаных страхавых узносаў з пенсійнага фонду. Вам трэба гэта ўзяць пад увагу і рэгулярна рабіць адлічэнні. У гэтым выпадку ніякіх праблем быць не павінна.

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть