Пытанні чытачоў: хуткасць на Віленскай, азеляненне райцэнтра і справа асабістая (Лунінецкі раён)
Новости районаОбществоЛісты ў "ЛН"Прямая линия

Пытанні чытачоў: хуткасць на Віленскай, азеляненне райцэнтра і справа асабістая (Лунінецкі раён)

У сацыяльных сетках «Лунінецкіх навін» землякі ўзнімаюць хвалюючыя пытанні. Не пакідаючы іх без увагі, даем тлумачэнні .

Ці абмяжуюць хуткасць на Віленскай?

Падзяляем заклапочанасць гараджаніна, які расказаў, што вуліца Віленская ў райцэнтры вузкая, мае пешаходную дарожку толькі па адзін бок. Пачаўся новы навучальны год. Ідучы ў школу, дзеткі могуць незнарок штурхнуць адзін аднаго на праезную частку. А знака, які абмяжоўваў бы хуткасць руху транспарту, няма. Ці нельга яго ўстанавіць?

Мы выехалі на месца і пераканаліся, што ўзгаданая вуліца  пачынаецца ад перакрыжавання з Чапаева. Знак абмежавання хуткасці руху транспарту ў 50 кіламетраў у гадзіну ўстаноўлены толькі да павароту на цэнтральную раённую бальніцу. Далей у бок СШ №3 знакі адсутнічаюць. Быў падрыхтаваны афіцыйны запыт у камісію па бяспецы дарожнага руху, якую ўзначальвае намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Чарненка. У тэлефоннай размове Сяргей Вячаслававіч зазначыў, што пытанне будзе дэталёва вывучана і разгледжана на пасяджэнні.

Азеляненне райцэнтра

Жанчына прапанавала, каб горад быў зялёным, трэба больш саджаць дрэў – летам у спякоту вельмі актуальна.

Вядома, не паспрачаешся, што цянёк сапраўды падорыць прахалоду ў гарачы час. Але ж трэба разумець: пасадзіць дрэва і схавацца пад яго кронай – справа далёка не аднаго дня. Азеляненню ў нашым Лунінцы заўсёды ўдзяляюць шмат увагі. Прычым, стараюцца не толькі камунальнікі, але і працоўныя калектывы прад-прыемстваў і арганізацый, дзякуючы якім прыгожа і ўтульна выглядаюць тэрыторыі адміністрацыйных будынкаў. Як расказала в.а. начальніка ўчастка добраўпарадкавання Лунінецкай ЖКГ Святлана Мальцава, сёлета іх работнікі пасадзілі 120 тысяч кветак, 400 кустарнікаў і 300 дрэў. Размяшчалі іх на цэнтральных вуліцах, у скверах, вакол кальца. А які выдатны куточак стварылі насупраць дзіцячай школы мастацтваў! Зноў жа пакуль тут зроблена далёка не ўсё: яшчэ пасадзяць туі, дабавяць лавачак і ўрнаў, пасеюць газон, установяць ліхтары і іншыя малыя архітэктурныя формы. Навучыцца б усім цаніць тое, што маем, не псаваць маёмасць, не вырываць кветкі… Павысім узровень культуры, будзем жыць у дагледжаных, камфортных умовах не толькі ў дамах і кватэрах, але і за іх межамі.

Справа – асабістая, а характар – грамадскі

Прыкладна так можна вызначыць і другое пытанне жанчыны, якое датычыць колькасці грамадскіх туалетаў у Лунінцы. Варта зазначыць, што сёлета гэту праблему ўжо ўзнімалі на старонках “ЛН” (№44 за 15.06). Намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Чарненка падкрэсліў, што мясцовыя ўлады пра яе ведаюць, сітуацыю вывучаюць, і ў перспектыве, па меншай меры, яшчэ адзін грамадскі туалет абавязкова паявіцца ў райцэнтры. Неабходна не проста вызначыцца з месцам яго размяшчэння, але і паклапаціцца пра санітарны парадак і адпаведныя ўмовы. Працэс не хуткі, але ўпаўне ажыццявімы.

Наталля Паўлюкевіч



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть